Сярэдняя адукацыя ў Расіі адна з самых горшых у свеце і працягвае імкліва пагаршацца. Такую выснову робяць расійскія эксперты на падставе тэставання вучняў паводле міжнароднага стандарту PISA (Programme for International Student Assessment). Так, у 2000 годзе паводле вынікаў даследавання РІSA Расія была на 27 месцы, у 2003 – на 32-м, у 2006 – на 37, а ў 2009 – апусцілася на 41 месца. Прагнозы толькі што завершанага даследавання 2012 года не даюць падставаў для аптымізму.
Са словаў эксперта, расійскія школьнікі ў сярэднім дэманструюць веды другога ўзроўню, гэта значыць – самыя базавыя (першы ўзровень – самы нізкі, шосты – самы высокі). Тым часам навучэнцы шматлікіх іншых краін-удзельніц стабільна паказваюць трэці ці чацвёрты ўзровень. Прычыны адставання расійскіх вучняў вядомыя. Яны палягаюць у тым, што расійская адукацыя да гэтага часу заснавана на перадачы гатовых ведаў, у той час як на Захадзе вучань вучыцца атрымліваць іх самастойна, у ходзе эксперыменту або гульні. Таксама спецыялісты адзначаюць, што расійскім школьнікам задаюць больш хатніх заданняў, праводзяць шмат кантрольных работ, г. зн. у вучняў практычна няма права на памылку. Пры гэтым псіхолагі дыягназуюць «навучанне бездапаможнасці», калі ў дзяцей губляецца здольнасць думаць і творча ставіцца да вучобы.
Ва Украіне і ў Беларусі эксперты адзначаюць недастатковае фінансаванне адукацыі, састарэлыя кадры, разам з якімі кансервуюцца і педагагічныя тэхналогіі.
Паводле сайта http://www.eduhelp.info/
P.S. Даследаванні PISA ў Беларусі не праводзіліся, аднак састарэлыя падыходы, неадпаведнасць крытэрыяў ацэнкі якасці адукацыі міжнародным стандартам, ізаляванасць Беларусі ад еўрапейскай адукацыйнай прасторы, абмежаванне прафесійнай свабоды настаўніка і арыентацыя на Расію не дае падставаў сумнявацца, што беларуская сярэдняя адукацыя знаходзіцца на вельмі нізкім ўзроўні.