З 19 па 20 чэрвеня на базе Дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» прайшоў семінар «Інавацыйныя тэхналогіі – інавацыйным установам адукацыі: актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання». Ён быў арыентаваны на педагогаў, якія зацікаўлены ў выкарыстанні тэхналогій ацэньвання, стымулюючых ацэначную самастойнасць навучэнцаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія робяць крокі па стварэнні збалансаванай сістэмы кантролю і ацэнкі вучэбных дасягненняў у сваіх адукацыйных установах. У семінары прынялі ўдзел 30 педагогаў устаноў адукацыі рэспублікі.
Асноўнай мэтай семінара было авалоданне эфектыўнымі спосабамі ацэначнай дзейнасці вучняў на аснове адукацыйнай стратэгіі «Актыўная ацэнка».
Варта адзначыць, тэрмін актыўная адзнака (Formative Assessment) звязаны з канкрэтным спосабам ацэнкі паспяховасці вучняў (http://aacenka.by). Актыўная ацэнка ахоплівае значна большы спектр дзеянняў і метадаў, якія непасрэдна звязаны з навучаннем, а галоўнае – дапамагае настаўніку змяніць уяўленне аб сваёй і вучнёўскай ролі ў працэсе фарміравання уменняў і навыкаў. Актыўная ацэнка арыентавана не столькі на вызначэнне ўзроўню засваення навучэнцамі адзінага для ўсіх зместу адукацыі, колькі на вызначэнне глыбіні і аб’ёму іх індывідуальных ведаў, гатоўнасці іх выкарыстання, авалодання адмысловымі і універсальнымі спосабамі дзейнасці, выяўлення ступені і характару асабістых намаганняў навучэнцаў.
Семінар прайшоў дзякуючы метадычнай падтрымцы адукацыйнага цэнтра CEO (Centrum Edukacji Obywatelskiej) / Akademija SUS з Польшчы (http://www.ceo.org.pl/pl/akademia). Гэта найбольш паспяхова дзеючая ў сферы адукацыі ўсяпольская няўрадавая арганізацыя. Сярод праграм CEO варта назваць такія, як «Школа, якая вучыцца», дзе настаўнікі набываюць новыя, запатрабаваныя кампетэнцыі; «Актыўная ацэнка», «Школа класа 2.0», стымулюючая школы да павышэння якасці функцыянавання; «Сляды мінулага» – праграма, якая тычыцца мясцовай гісторыі; «Шануй мне, сябар» – старэйшыя школьнікі чытаюць малодшым; «Школьная фільматэка» – праграма, якая дае навучэнцам магчымасць пазнаёміцца з мовай кінематографа; праграма «Маладыя прадпрымальнікі», якая пашырае эканамічныя веды.
У працэсе працы на семінары былі разгледжаны ключавыя кампетэнцыі і іх сувязь з мэтамі сучаснай адукацыі. Прафесар кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» П.Н. Савасцёнак у сваей лекцыі разгледзеў складнікі кампетэнцый, вылучыўшы кагнітыўны, апэрацыйна-тэхналагічны і асобасны аспекты. Паколькі глабалізацыя ставіць перад усім светам новыя выклікі, кожнаму чалавеку патрабуецца шырокае кола кампетэнцый, каб гнутка адаптавацца да хутка змяняючагася і узаемазалежнага света. Адукацыя павінна адыгрываць вядучую ролю ў забеспячэнні авалодання ключавымі кампетэнцыямі, што адпавядае адукацыйным мэтам на сучасным этапе.
Для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу і стымулявання вучняў да ацэначнай дзейнасці, неабходна стварэнне асаблівага развіваючага адукацыйнага асяроддзя ў класе. Метадыст цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» Заламай А.А. акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў семінара на атмасферу ў класе, якая садзейнічае навучанню і ацэначнай дзейнасці. У працэсе актыўнай працы ўдзельнікі вылучылі складнікі спрыяльнага асяроддзя з пункту гледжання настаўніка, вучня, бацькоў, адміністрацыі школы і членаў мясцовай супольнасці. Слухачы прыйшлі да высновы: для стварэння атмасферы, якая спрыяе ацэначнай дзейнасці, неабходна падтрымліваць і ўмацоўваць пачуццё ўласнай годнасці вучняў, павышаць іх матывацыю да навучання, ствараць умовы для ўсведамлення вучнем працэсу навучання, прымаць на сябе адказнасць за сваё навучанне.
Любая дзейнасць мае патрэбу ў ацэнцы. Для навучэнцаў асноўнай дзейнасцю з’яўляецца навучанне. Менавіта таму ацэньванне – адзін з найважнейшых кампанентаў практычна любой мадэлі навучання. Метадыст вышэйшай катэгорыі цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» Радзевіч А.У. прадставіла механізм ацэньвання для пастаяннага паляпшэння навучальнага працэсу. Асаблівы акцэнт быў зроблены на метадах ацэньвання, іх класіфікацыі і стратэгіях прымянення на розных уроках. Абапіраючыся на Інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Аб арганізацыі работы агульнаадукацыйных устаноў па ажыццяўленню кантролю і ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці», былі вылучаны складнікі якаснай і колькаснай ацэнкі, механізм ацэнкі адукацыйнага працэсу, а таксама стварэнне ўмоў для натуральнага працэсу кантролю і ацэнкі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Сёння ў Расіі, шэрагу заходніх краін і, перш за ўсё, у Велікабрытаніі, Чэхіі і Польшчы адбываецца змена парадыгмы ацэньвання – ад пераважна падсумоўваючага ацэньвання да мадэлі так званага «ацэньвання для навучання». Н.І. Запрудскі, дацэнт кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» прадставіў актыўную ацэнку як новую стратэгію навучання. Аналіз існуючай кантрольна-ацэначнай дзейнасці ў школе кажа аб тым, што адзіным кантралёрам і ацэншчыкам на ўроку часцяком з’яўляецца настаўнік. Выкарыстанне стратэгіі актыўнай ацэнкі дазваляе падзяліць адказнасць за навучанне паміж настаўнікам, вучнямі і бацькамі і ўключыць іх у актыўную ацэначную дзейнасць для паляпшэння якасці адукацыйнага працэсу. Галоўным ядром актыўнай ацэнкі Мікалай Іванавіч лічыць зваротную сувязь, якая дазваляе вылучыць станоўчыя моманты ў працы кожнага вучня, вызначыць тое, што вучню трэба палепшыць, прадаставіць інфармацыю, як вучань можа палепшыць сваю працу і падказаць вучню, у якім кірунку трэба рухацца далей.
Нягледзячы на тое, што метадычны інструментарый стратэгіі актыўнай ацэнкі прыйшоў да нас з Польшчы, адным з заснавальнікаў дадзенага падыходу ў адукацыі можна лічыць нашага земляка Л.С. Выгоцкага, – падкрэсліла Т.П. Мацкевіч, намеснік старшыні «Таварыства беларускай школы». У 1970-я гады тэорыі Выгоцкага сталі выклікаць цікавасць у амерыканскіх псіхолагаў. У наступнае дзесяцігоддзе ўсе асноўныя працы Выгоцкага былі перакладзеныя і леглі, разам з працамі Піажэ, у аснову сучаснай адукацыйнай псіхалогіі ЗША. З імем савецкага псіхолага звязана ўзнікненне сацыяльнага канструктывізму. Тамара Пятроўна падчас сваёй прэзентацыі падкрэсліла, што стратэгія актыўнай ацэнкі стала ўкараняцца ў прафесійную дзейнасць беларускіх педагогаў з 2009 года (у Чэхіі з 2010). Гэтая стратэгія прыцягвае настаўнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі тым, што дазваляе звязаць ацэнку з індывідуальным прырашчэннем адукацыйных вынікаў (ведаў, уменняў, кампетэнтнасці і г.д.) навучэнца і стварыць умовы, у якіх вучань атрымлівае вопыт планавання і рэалізацыі працэсу ўласнага навучання.
Інтэрактыўныя метады навучання і практычныя заданні далі магчымасць слухачам семінара перайсці ад пасіўнага спажывання інфармацыі да актыўнага ўдзелу ў працэсе пазнання. Падчас выніковай рэфлексіі ўдзельнікі адзначылі добрую арганізацыю, змястоўную практыка-арыентаваную накіраванасць семінара, а таксама жаданне ўдзельнічаць у наступных семінарах, якія запланаваў «Цэнтр прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі» ДУА Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» сумесна з «Таварыствам беларускай школы» на наступны навучальны год.
А.У. Радзевіч, метадыст вышэйшай катэгорыі
цэнтра прафесійнага развіцця
і інавацыйнай адукацыі
ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі»
Па выніках семінара
27.06.2012