Эстонія выбудавала адну з наймацнейшых сістэмаў адукацыі ў свеце. Гэтая маленькая краіна паказала найлепшыя паказчыкі развіцця сярэдняй адукацыі сярод усіх караінаў посткамуністычнага блоку і, паводле даследаванняў PISA, уваходзіць ў пяцёрку найлепшых краін Еўропы паводле ўсіх трох параметраў, а ўзроўнем ведаў прыродазнаўчых прадметаў эстонскія школьнікі саступаюць толькі фінскім.
Якім чынам Эстонія здолела дасягнуць такіх вынікаў? Якія крокі рабіла міністэрства адукацыі краіны, каб эстонская адукацыя стала адной з самых эфектыўных і запатрабаваных у свеце?
Знаёмтву з эстонскай адукацыяй будзе прысвечаны шэраг артыкулаў Наталлі Ільініч, якія была ў складзе беларускай дэлегацыі падчас адукацыйнага візіту ў Талін і Тарту.
ЭСТОНСКАЯ АДУКАЦЫЯ ВАЧЫМА БЕЛАРУСКАГА НАСТАЎНІКА
У жніўні 10 беларусам моцна пашанцавала – мы трапілі ў склад каманды, якая наведала Эстонію з навучальным візітам «Інфармацыйна- камунікацыйныя тэхналогіі для адукацыйнага сектара Беларусі». Прадстаўнікі дзяржаўных навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый і беларускага навучальнага бізнесу правялі разам 6 дзён, наведваючы розныя адукацыйныя ўстановы Эстоніі, спрабуючы зразумець асаблівасці адукацыі гэтай краіны.
Я школьная настаўніца, зараз рэдактар настаўніцкага метадычнага сайта aacenka.by, які займаецца папулярызацыяй у Беларусі методыкі Актыўная Ацэнка (Formative Assessment), таму ў Эстоніі мяне найперш цікавілі такія пытанні, як прычыны поспеху эстонскай школы ў апошнія гады, арганізацыя навучання і павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, ступень распаўсюджанасці ў Эстоніі Актыўнай Ацэнкі, шляхі і формы распаўсюду. Адказы на гэтыя пытанні я і шукала найперш.
Беларускую дэлегацыю сустракаюць у Міністэрстве адукацыі і навукі Эстоніі
Добрае надвор’е, выдатная арганізацыя візіту, цікавыя знаёмствы, прыгожыя старадаўнія гарады Талін і Тарту, якія мы наведалі, – усё разам спрыяла таму, што гэтыя дні сталі светлым і незабыўным уражаннем майго жыцця.
Акадэмія э-кіравання
Івар Тало, сябра праўлення Акадэміі злектроннага кіравання, расказаў нам пра сённяшні стан сваёй краіны. Нагадаў, што ў Эстоніі жыве 1,363 млн. чалавек, тэрыторыя займае каля 45 тыс. кв. км, што з 2004 г. Эстонія з’яўляецца чальцом NАТO і ЕС, а з 2011 г. перайшла на еўра. Ён лічыць, што вяртанне ў еўрапейскую цывілізацыю аблегчыла ім тое, што Эстонія мела вопыт сваёй дзяржаўнасці ў 1918 – 1940 гг., што людзі помнілі гэту сваю дзяржаву і заўсёды ўспрымалі савецкую акупацыю як гістарычную несправядлівасць.
Грамадзянства пасля 1991 г. атрымалі ўсе, чые продкі жылі тут да 1940 г. Сёння ў Эстоніі жывуць каля 106 тыс. чалавек, якія не вызначыліся з грамадзянствам. Каб стаць грамадзянамі, ім трэба скласці хадайніцтва і здаць экзамен па эстонскай мове. Неграмадзяне маюць такія ж правы, як і грамадзяне, акрамя толькі аднаго права – яны не могуць прымаць удзел у выбарах у парламент. У выбарах у мясцовыя органы ўлады яны могуць удзельнічаць, калі пражылі ў Эстоніі 5 год, няма ніякай дыскрымінацыі для іх і ў бізнесе.
Паводле нацыянальнага складу ў краіне жывуць: эстонцы – 69%, рускія – 26, украінцы – 2, беларусы – каля 1%. Рэлігія пануючая – лютэранства.
Эстонія – парламенцкая рэспубліка, у парламенце зараз 4 партыі. Краіна дзеліцца на 15 акругаў, 194 воласці, 33 гарадскія самакіраванні, прычым мясцовае самакіраванне мае значныя паўнамоцтвы і правы. Нацыянальнае свята – 24 лютага – дзень Незалежнасці (1918 г.). Сярэдні заробак у краіне – 850 еўра, афіцыйнае беспрацоўе – 10%.
Талін – старажытны і сучасны
Зараз прэзідэнтам абраны Тоомас Хендрык Ільвес – эстонец, які вырас у ЗША, а ў гады аднаўлення незалежнасці вярнуўся на Радзіму і стаў адным з тых, хто прыдумаў і стварыў электронную Эстонію.
Эстонія атрымала наўпростыя замежныя інвестыцыі найперш ад Швецыі, Фінляндыі, Нідэрландаў, Даніі, а вялікая суседка Расія паводле гэтага паказчыку толькі на 5-м месцы. Сама ж Эстонія інвеставала ў Латвію, Літву, Расію, Кіпр. Зусім не праглядаецца на гэтых дыяграмах Беларусь, ды і ў магазінах ці на вуліцах ніякіх беларускіх тавараў мы не бачылі. Відаць, эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі ды Эстоніі не вельмі інтэнсіўнае. Пасля выхаду з СССР шляхі нашых краін значна разышліся: Эстонія свядома і рашуча адмовілася ад танных расійскіх энергарэсурсаў і накіравалася ў Еўропу.
Э-Эстонія (электронная Эстонія)
Эстонцы ганарацца сваімі дасягненнямі ў ІКТ, а падставы для гонару ёсць. Агульнавядомым з’яўляецца факт, што менавіта эстонцы прыдумалі скайп. Але ёсць шмат іншых фактаў, якія менш вядомы, але гавораць пра многае. Сёння 76% насельніцтва – актыўныя карыстальнікі інтэрнэту, 64% сем’яў маюць дома падключаны да інтэрнэту камп’ютар, акрамя звычайных інтэрнет-пунктаў, па краіне размешчана больш за 1000 зонаў бяздротавага бясплатнага доступу да інтэрнэту (WiFi).
З 2000 г. у Эстоніі працуе (першы ў свеце!) беспапяровы ўрад, а з 2005 г. у краіне не патрэбны даведкі. Для людзей замест пашпартоў уведзены ідэнтыфікацыйныя карткі (ID-карткі), а цяпер ужо і мабільны тэлефон са спецыяльным злементам «MOBIL ID», з дапамогай якіх можна дэклараваць даходы, плаціць падаткі (94% падаткаплатнікаў ужо скарысталіся гэтай магчымасцю), жыллёва-камунальныя паслугі, набываць білеты, дасылаць лічбавы подпіс, можна нават зарэгістраваць прадпрыемства (у лістападзе 2011 г. быў зроблены сусветны рэкорд рэгістрацыі новага прадпрыемства за 18 хвілінаў).
Цікава, што ўсе інфармацыйныя рэгістры краіны (паліцыя, школа, прадпрымальніцтва, падаткі, натарыус, медыцына ды інш.) звязаны паміж сабой праз спецыяльна створанае электроннае асяроддзе, перакрыжаванне X-тее, таму карыстацца лічбавай інфармацыяй вельмі зручна. З дапамогай сваёй ID-карткі, не выходзячы з дому, можна накіраваць запыт у любы орган, любую установу – і ты абавязкова атрымаеш адказ. Гэта сапраўднае «адно акно». Нават прагаласаваць на выбарах можна праз інтэрнет – з любога пункту Зямлі, а потым яшчэ і праверыць, за каго залічаны твой голас. Выкарыстанне ІКТ эканоміць час ды іншыя рэсурсы людзей, робіць інфармацыю празрыстай, даступнай, знішчае магчымасці карупцыі.
Мы і самі на ўласным досведзе змаглі пераканацца, што ўсюды, дзе мы былі – у гатэлях, кафэ, школах, на вакзале, аэрапорце – мы маглі карыстацца якасным бяздротавым інтэрнетам WiFi.
Як жа Эстонія змагла дасягнуць такіх выдатных поспехаў у ІКТ? Усюды нам расказвалі пра «Скок тыгра».
«Скок тыгра»
Праграму інфарматызацыі Эстоніі «Скок тыгра» прыдумалі ў 1996 годзе два эстонцы – цяперашні прэзідэнт краіны Тоомас Хендрык Ільвес (тады ён быў амбасадарам ЗША ў Эстоніі, вырас жа ў штаце Нью-Джэрсі) і цяперашні міністр адукацыі Яак Авіксоо. Яны хацелі дапамагчы сваёй маленькай небагатай краіне заняць годнае месца ў сучасным інфармацыйным свеце, а яе жыхарам дапамагчы разарваць «зачараванае кола беднасці». Сацыёлагі сцвярджаюць, што 90% людзей заканчваюць сваё жыццё на тым жа ўзроўні, на якім прыйшлі на гэты свет, бо не могуць разарваць «зачараванае кола беднасці». Але разарваць гэта кола можна, хаця і не проста, – даўшы адукацыю дзецям з гэтых сем’яў.
«Скок тыгра» напачатку прадугледжваў абсталяванне школ сучаснымі камп’ютарамі і інтэрнэтам, навучанне настаўнікаў, навучанне вучняў карыстанню камп’ютарамі. Кожны настаўнік мог атрымаць камп’ютар – не бясплатна, а ў лізінг, карыстацца ім і сплачваць за яго прыблізна па 20$ у месяц. Гэта геніяльна простая праграма была выканана ў Эстоніі за 3 гады, з дзяржаўнага бюджэту было выдаткавана 15 млн $. Чаму пачалі менавіта са школы? Івар Тало лічыць, што гэта было правільна – пачаць ІКТ са школы, бо «школа – гэта самая масавая з’ява, кожная сям’я звязаная са школай, кожная сям’я атрымала выгаду ад гэтай справы».
Настаўнікам прапаноўваліся конкурсы, каб яны маглі зарабіць, праявіць свае таленты, ініцыятыву.
Наступныя крокі «тыгра» – праект па бясплатным навучанні 100 тысяч жыхароў камп’ютарным навыкам у аб’ёме 8 гадзін. За 2 гады 10% дарослага насельніцтва сталі актыўнымі карыстальнікамі ІКТ. Потым гэты крок паўтарылі ўжо з ID-карткамі. Дзякуючы гэтаму сёння 90% дарослага насельніцтва (з 15 год) атрымалі ID-карткі і актыўна карыстаюцца імі ў паўсядзённым жыцці. Гэта самы высокі паказчык у свеце. Трэба заўважыць, што апошнія крокі рабіліся без удзелу дзяржавы, справу ўзялі ў свае рукі банкі, бізнес, грамадскія арганізацыі.
Працяг будзе