Віншуем Алеся Лозку з юбілеем!

07.12.2012

Найлепшыя зычэнні Алесю Лозку у дзень яго 60-годдзя! Радасці і здароўя, удзячных вучняў і творчага плёну!

Лозка Алесь (Аляксандр Юр’евіч) нарадзіўся 7 снежня 1952 г. (у пашпарце 10 студзеня 1953 г.) у в. Прыбалавічы Лельчыцкага раёна. Скончыў гістарычна-філалагічны ф-т ГДУ (1975 г.). У час вучобы сумяшчаў працу літаратурнага супрацоўніка ў шматтыражцы «Гомельскі ўніверсітэт», быў старшынём універсітэцкага літаб’яднання.

З 1975 года на педагагічнай працы ў родным раёне: намеснік дырэктара, дырэктар, настаўнік. Затым была вучоба ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) Акадэміі навук (1984 – 1987 гг.). Абараніў дысертацыю па праблемах каляндарнай і абрадавай паэзіі Усходняга Палесся. Кандыдат філалагічных навук, фалькларыст. Праца ў ІМЭФ, Скарынаўскім цэнтры, Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей, з першага дня заснавання (у 1992 г.) Беларускага навукова-метадычнага цэнтра гульні і цацкі Міністэрства адукацыі – яго дырэктар. Разам з калегамі апошняга стварыў музей гульні і цацкі. Выкладаў у БДУ, а з сакавіка 1999 г. – дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Адзін з заснавальнікаў і лідэраў беларускага скаўцкага руху, руху за родную школу: Гарадскі бацькоўскі камітэт Мінска (з 1988 г.), першы беларускамоўны летнік «Грунвальд» (з 1990 г.), Аб’яднанне беларускіх скаўтаў (з 1992 г.), Таварыства беларускай школы (з 1996 г.). Быў сябрам літаб’яднання «Тутэйшыя». З’яўляецца старшынём Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «ТБШ», рэдактар часопіса «Летапіс ТБШ». Ініцыятар стварэння праграм па раённым краязнаўстве для школ, аўтар-складальнік розных навучальных праграм для адукацыйных устаноў па народнай культуры.

Аўтар кнігі «Беларускі народны каляндар» (1993, 2002) – першага сістэматызаванага выдання па народным летазлічэнні. Аўтар і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўству, этнапедагогіцы («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства» для 1 – 11 кл., у 4-ох зборніках, 1992 – 1994); канцэпцыі развіцця беларускай гульні і цацкі. Збіральнік фальклору, яго даследчык, аўтар і складальнік самага вялікага выдання па народнай гульні («Гульні, забавы, ігрышчы», 1996, 2000, 2002, серыя БНТ). Суаўтар дапаможніка для ВНУ «Беларусазнаўства» (нав. рэд П. Брыгадзін; 1997, 1998). Аўтар-складальнік дапаможнікаў для адукацыйных устаноў «Восеньскія святы» (1995), «Зімовыя святы» (1999, у суаўт.), «Веснавыя святы» (2000, у суаўт.), «Летнія святы» (2001), «Матэматычны фальклор» (2002). Ініцыятар і аўтар стварэння серыі дапаможнікаў «Беларуская фалькларыстыка: каляндар і каляндарна-абрадавая паэзія» (2009, у суаўт.), «Беларуская фалькларыстыка: традыцыйны тэатр» (2009), «Беларуская фалькларыстыка: народныя гульні» (2012, у сааўт.), «Беларуская фалькларыстыка: народная педагогіка і дзіцячы фальклор» (яшчэ не выдадзены).

Стваральнік гульнёвых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і. Быў намеснікам старшыні міжведамаснай Рэспубліканскай камісіі па цацках, навуковым кіраўніком эксперыментальнай Рэспубліканскай пляцоўкі па стварэнні новай мадэлі дашкольнай установы «Этнасад». Распрацоўшчык методыкі батлейкавага тэатра («Беларуская батлейка. Каляндарныя і абрадавыя гульні», 1997; «Тэатр лялек», у суаўт., 1998; «Тэатралізаваныя школьныя святы», разам з І. Кірчуком, 2004 і інш.). Аўтар-складальнік навучальных праграм для сярэдняй школы і ВНУ.

Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусветнага і беларускага скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997). Аўтар сцэнара (у суаўт.) дакументальнага кінафільма «Восень на Палессі» («Беларусьфільм», 1994).

Аўтар манаграфій «Беларускі каляндар у славянскім і еўрапейскім свеце» (2002), «Феномен Новага года ў беларускім фальклоры» (2004). У іх даследаваў рэшткі язычніцтва ў народнай культуры, выявіў і абгрунтаваў наяўнасць адлюстравання каляндарных стыляў у беларускім фальклоры, якімі карысталіся еўрапейскія народы, сляды задыяка ў народным календары, сістэму дахрысціянскага летазлічэння і інш.

Мае 300 навуковых і навукова-папулярных публікацый, што змешчаны ў розных часопісах, зборніках, энцыклапедыях, у тым ліку замежных.

Пісаў вершы, якія друкаваліся ў часопісах і калектыўных зборніках (Крыніцы: Анталогія лірыкі. Вершы выпускнікоў ГДУ імя Ф. Скарыны. – Гомель, 1998; Натхненне: вершы паэтаў Лельчыцкага краю. – Мазыр, 1999).

Літ.: Трусава А. «Ішла лялька па таку…» // Культура. – 1996. – 24 студз. Бяляцкі А. Гульні, забавы, ігрышчы // ЛіМ. – 1997. – 29 жн. Дрозд З. Гульня – клопат акадэмічны // Мастацтва. – 1998. – №5. – С. 74 – 75. Хорсун С. Тут, на Беларусі, Белы Бог жыве // Бярозка. – 1998. – № 9. – С. 26 – 27. Ляўковіч А. «Над вяртэпам звязда ясна» // Звязда. – 1995. – 12 студз. Ліцьвінка В. Залаты час Алеся Лозкі // Голас Радзімы. – 2003. – 5 чэрв. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 9. – Мінск: БелЭн, 1999. Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. Т.2. – Мінск: БелЭн, 2006. Хто ёсць хто ў Беларусі. – Вільня, 2007. Энциклопедия «Кто есть Кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ» – Мінск: Энциклопедикс, 2007. Штэйнер І.І. Alma mater uniyersitatis. – Гомель: ГДУ, 2010.