Cустрэча ўдзельнікаў дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы

18.03.2013

16 сакавіка 2013 г. адбылася чаканая агульная сустрэча ўсіх удзельнікаў дыстанцыйнага навучання – студэнтаў, ментараў, арганізатараў. У госці да нас завіталі трэнеры-калегі з Польшчы: гісторык Ёана Соцька з Варшавы і матэматык Ганна Монка з Беластоку. Цяжкім выпрабаваннем для ўсіх удзельнікаў і арганізатараў стаў моцны снегапад, што абрынуўся 15–16 сакавіка на Беларусь. Шмат хто з калегаў проста не змог выехаць са сваіх гарадоў і мястэчак – аўтатранспарт ў гэтыя дні быў паралізаваны. Больш пашанцавала тым, хто меў магчымасць выбрацца ў дарогу чыгункай, гэты від транспарту аказаўся больш устойлівы перад стыхіяй.


Знаёмства з трэнеркамі

Сустрэча пачалася з вітання-знаёмства. Многія з нас упершыню ўбачыліся і пазнаёміліся наяве, дасюль мелі зносіны толькі віртуальныя. Потым госці з Польшчы далі беларускім калегам майстар-класы па методыцы АА на практыцы. Спадарыня Ганна правяла ўрок па матэматыцы (“Аперацыі з мноствамі”), а Ёана па гісторыі (“Вялікі геаграфічныя адкрыцці”), беларускія ж настаўнікі на гадзіну ператварыліся ў вучняў. Пасля гэтага ўрокі былі грунтоўна абмеркаваныя і прааналізаваныя. Калегі-беларусы вельмі высока ацанілі ўзровень праведзеных майстар-класаў, гаварылі, што менавіта такіх практычных заняткаў нам вельмі не хапае пры асваенні АА на дыстанцыйным курсе.


Майстар-клас па матэматыцы вядзе Ганна Монка


Майстар-клас па гісторыі вядзе Ёана Соцька

Галоўнай жа мэтай канферэнцыі было абмеркаванне праблемаў укаранення методыкі актыўнай ацэнцы ў школе ў працэсе дыстанцыйнага навучання, пошук шляхоў іх развязання. Метадам мазгавога штурму былі вылучаныя восем найбольш вострых, на думку настаўнікаў, праблемаў.


Восем вострых пытанняў

1. Дзе знайсці час для карэкцыі ведаў?
2. Ці варта пісаць пісьмовую зваротную сувязь кожнаму вучню?
3. Як і дзе знаходзіць ключавыя пытанні да ўрокаў?
4. Як знайсці аднадумцаў па АА?
5. Як вырашыць праблему накапляльнасці адзнакаў пры працы па АА?
6. Як працаваць з бацькамі, каб зрабіць іх саюзнікамі?
7. Як абменьвацца вопытам з калегамі пры ўкараненні АА?
8. Як пераканаць вучняў у каштоўнасці найперш ведаў, а не адзнак?


«Як знайсці аднадумцаў па АА?»

Кожная з праблемаў абмяркоўвалася ў групах, калегі прапанавалі і ўласнае разуменне шляхоў іх вырашэння. Матэрыялы канферэнцыі размяшчаем на сайце Актыўная ацэнка.


Удзельнікі сустрэчы

Удзельнікі ДН станоўча ацанілі методыку АА – яны пераканаліся на ўласным вопыце, што гэта сістэма працуе, хаця і патрабуе ад настаўнікаў вялікіх намаганняў, змянення звыклых стэрэатыпаў. Калегі ўпэўненыя, што будучыня нашай школы немагчымая без актыўнай ацэнкі і яны радыя, што сталі першымі ў Беларусі настаўнікамі, каму выпала шчасце вывучаць і ажыццяўляць гэтую справу

Наталля Ільініч
Фота Веры Мацкевіч