Псіхолагі сцвярджаюць, што дзіцячы садок для дзяцей з’яўляецца своеасаблівай казармай.
Тут усё па раскладзе і пад кантролем як з боку работнікаў, так і бацькоў: сняданак, туалет, заняткі, сон, нават час для гульняў па раскладзе.
І ўсё гэта – дзеля таго, каб засцерагчы дзіця ад розных непрыемных сітуацый.
Стаўшы школьнікам, дзіця ўжо можа само выбіраць, калі яму рыхтаваць урокі, калі есці і гуляць, і з часам бацькоўскі кантроль слабее. Але на змену ахоўнаму кантролю прыходзіць так званы сацыяльны кантроль, які з кожным годам для вучняў беларускіх устаноў адукацыі становіцца больш адчувальным.
Па логіцы, стаўшы студэнтам, малады чалавек павінен самастойна вызначаць свае жаданні і пазіцыі. Але ў сучаснай сістэме адукацыі ўсё аказваецца інакш: вядома, ніякага ахоўнага кантролю ўжо няма і блізка, на змену яму прыходзіць кантроль меркаванняў і жаданняў чалавека, наўпрост звязаны з працэсам навучання.
Больш за тое, сучасная сістэма адукацыі вызначае кантроль як важнейшы працэс атрымання вышэйшай адукацыі. Аказваецца, кантроль спрыяе фармаванню уменняў і навыкаў рацыянальна арганізоўваць працоўную дзейнасць, самастойна авалодваць ведамі.
Праверка на добранадзейнасць
Добранадзейнасць абітурыентаў правяраецца на этапе абавязковага тэставання на прафпрыдатнасць для многіх спецыяльнасцяў: журналістыка, права, міжнародныя адносіны і інш. Пры гэтым важным з’яўляецца не ўзровень ведаў будучага студэнта, а менавіта яго «надзейнасць». У гісторыі вышэйшай школы вядомыя выпадкі, калі абітурыенты з высокімі паказчыкамі паспяховасці не праходзілі такое тэставанне, што аўтаматычна выключала магчымасць іх удзелу ва ўступнай кампаніі і адмяняла права на барацьбу за запаветны студэнцкі білет.
У свой час сумоўе праходзіў адлічаны студэнт журфака БДУ Франак Вячорка. Паколькі яго адмаўляліся аднаўляць на вучобу, адлічаны па палітычных матывах студэнт паспрабаваў паступіць паўторна ў ВНУ. Аднак камісія палічыла яго прафесійна непрыдатным. Камічнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што да гэтага Вячорка адвучыўся на журфаку два гады, па спецыяльнасці «Асновы журналістыкі» старшыня профільнай камісіі Аляксандр Градзюшка ставіў яму 10 балаў.
З увядзеннем профільнага тэставання многія журналісты ў якасці эксперыменту праходзілі сумоўе, каб праверыць, як сістэма будзе працаваць на абітурыентах.
Журналіст Настасся Занько спрабавала прайсці сумоўе ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна загадзя абрала стратэгію апазіцыйна настроенага абітурыента. Камісія адмовіла ёй у атэстацыі. Адзін з самых эмацыйных членаў камісіі тады заўважыў: «Калі мы будзем браць у Акадэмію кіравання апазіцыянераў, то настаўніцкія інстытуты будуць прымаць на вучобу педафілаў!».
Для тых жа, хто паспяхова пераадолеў усе этапы кантролю прафесіяналізму і ведаў, пачынаецца студэнцкая жыццё.
Студэнцкае жыццё: усё пад кантролем!
Асноўная функцыя сучасных беларускіх навучальных устаноў – зрабіць з студэнта высакакласнага спецыяліста, але пад татальным кантролем пазанавучальнай дзейнасці: адсочванне інтэрнэт-актыўнасці, асабліва на “неблаганадзейны" сайтах, забарона на ўдзел у апазыцыйных мітынгах, сходах, сяброўства ў апазіцыйных партыях, рухах і арганізацыях, кантроль за выездам за мяжу.
Залікоўка Таццяны Хомы, адлічанай з факультэта міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсітэта за грамадскую актыўнасць
Добранадзейнасць студэнта – гарантыя пераводу на наступны курс, паніжэння аплаты за навучанне, выплаты падвышанай стыпендыі, удалага размеркавання. Падкантрольным стала не толькі жыццё ўнутры універсітэта, але і за яго межамі.
Ва ўніверсітэтах з’явіліся аддзелы, якія кантралююць перамяшчэнне студэнтаў за мяжу і сумяшчэнне вучобу з удзелам у адукацыйных праграмах, семінарах, якія арганізуюцца па-за межамі краіны. Каб выехаць за мяжу ў час, студэнт абавязаны атрымаць дазвол за подпісам рэктара. Для атрымання такога дазволу ўніверсітэту неабходна прадставіць ліст-запрашэнне замежнай арганізацыі з выразным апісаннем мэтаў навучання, часу, матывацыі. Існуюць спісы добранадзейных і нядобранадзейных замежных арганізацый.
“Вам жа лепш!”
Чыноўнікі ад адукацыі лічаць, што такі кантроль дае больш магчымасцяў для развіцця асобы вучня, фарміравання яго пазнавальных здольнасцяў, дазваляе сістэматызаваць веды, рабіць высновы, што эфектыўна садзейнічае развіццю навучэнцаў.
Аднак узнікае пытанне: чаму ў выніку ў Беларусі так шмат прыкладаў адлічэнняў студэнтаў, якія маюць высокія паказчыкі па паспяховасці, у якіх праблемы пачаліся з-за іх актыўнай грамадзянскай і палітычнай пазіцый, чаму сёння няма салідарнасці сярод студэнцкіх мас, чаму студэнты актыўна не спрыяюць зменам у сістэме адукацыі?
Існуе тэорыя, што немагчыма атрымліваць новыя веды і засвойваць іх, калі ўвесь час знаходзішся ў зоне камфорту, звычкі. Магчыма, сістэма кантролю, якая існую ў сферы адукацыі настолькі прывучыла студэнтаў не высоўвацца, не падымаць галаву, што ў многіх нават думак не ўзнікае, што тое, што адбываецца ў адукацыі, складана назваць адукацыяй і суаднесці з тымі стандартамі і паказчыкамі якасці, якія прапануюцца абітурыентам у ВНУ Беларусі.
Прыкладам таму з’яўляюцца апошнія скандальныя звальненні выкладчыкаў з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Ніякай рэакцыі з боку студэнтаў не было заўважана, а яны ж з’яўляюцца ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу!
Па словах звольненага выкладчыка Ігара Кузьмініча, праявы якіх-небудзь рэакцый наогул не маюць сэнсу. Адмена ільгот, адлічэнні па палітычных матывах, прымусовае размеркаванне, неабгрунтаваная і неадпаведная плата за атрыманне вышэйшай адукацыі, выкарыстанне працы студэнтаў на суботніках, навязванне ідэалогіі, у якую ніхто не верыць, – усё гэта сведчыць пра дэградацыю сістэмы адукацыі, пра татальны кантроль і абмежаванні акадэмічных свабодаў.
Не ўсё так безнадзейна
Аднак час ад часу студэнты праяўляюць ініцыятыву, адстойваючы свае правы. Да прыкладу, пасля палітычна матываванага адлічэння студэнта журфака Франака Вячоркі, яго калегі збіралі подпісы да адміністрацыі ВНУ з патрабаваннем аднавіць студэнта. На факультэце расклейвалі налепкі, раздавалі ўлёткі пра тое, што Вячорка быў лепшым студэнтам на журфаку, што ён быў адлічаны незаконна.
Хваля незадаволенасці з нагоды высокай кошту праезду прывяла да таго, што на год па ўсёй краіне студэнтам і навучэнцам каледжаў было дазволена бясплатна карыстацца грамадскім гарадскім транспартам. Характэрна, што да гэтага задаволіць патрабаванні студэнтаў вярнуць 50%-ы ільготны праезд чыноўнікі адмаўляліся, спасылаючыся на цяжкую эканамічную сітуацыю ў краіне. Аднак масавы ўдзел студэнтаў на маўклівых акцыях пратэстаў раптам змяніў пазіцыю ўлады. Нягледзячы на крызіс, ільготы на праезд складалі ўжо не 50%, а 100%.
Актыўнасць студэнтаў, іх супраціў кантролю залежыць ад таго, наколькі яны змогуць аб’яднацца. Нешматлікія моладзевыя і студэнцкія арганізацыі не маюць сёння масавага ўплыву. Аднак папулярнасць інтэрнэту і сацыяльных сетак дазваляе хутка і адносна бяспечна абменьвацца інфармацыяй, аб’ядноўвацца ў тэматычныя групы, пазнаваць альтэрнатыўны пункт гледжання.
Акрамя таго, моладзь усё больш актыўна ўдзельнічае ў міжнародных праграмах, бывае на адпачынку за мяжой, а таму можа параўнаць узровень жыцця і свабоды. Студэнты, якія маюць актыўную палітычную і грамадзянскую пазіцыю, ведаюць, што ў выпадку іх адлічэнне яны могуць разлічваць на падтрымку адукацыйнай праграмы Каліноўскага і працягнуць адукацыю за мяжой. А гэта значыць, што, нягледзячы на магутную працу ідэалагічнай машыны, моладзь сёння здольная самастойна рабіць высновы і фармаваць сваё жыццё.
Вольга Навасад, t-styl.info
Ці могуць студэнты супрацьстаяць кантролю ўніверсітэтаў?
02.05.2013