Шахматы: Гульня, якая вучыць вучыцца

19.07.2013

Вадзім Жылко, спецыяльна для Nastaunik.info

Штогод 20 ліпеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень шахмат. І хоць на прасторах былога СССР старажытная гульня, на жаль, шмат у чым страціла папулярнасць, але рэнамэ «гульні для разумных» усё ж захавала. Нават тыя, хто ў шахматы сам не гуляе, «па інэрцыі» ставяцца да іх з пэўнай доляй павагі.



Аўтар гэтых радкоў аддаў гульні на 64 клетках не адно дзесяцігоддзе жыцця – пераважна як аматар, але былі і перыяды, калі шахматы дапамагалі зарабляць на хлеб надзённы: у прыватнасці, у якасці кіраўніка шахматнага гуртка пазашкольнай установы, кіраўніка шахматнага клуба ўстановы культуры і нават некалькі месяцаў у якасці выкладчыка спецкурсу «Шахматы» ў адной з гімназій (дакладней, у прагімназіі, паколькі заняткі вяліся ў чацвёртым класе). Вось аб гэтым аспекце шахмат, іх сувязі са школай, і хацелася б трохі паразважаць. Тым больш, што перыядычна ў прэсе з’яўляюцца паведамленні аб увядзенні шахмат у школьную праграму, праўда, пакуль не ў беларускіх школах. Але вось жа ў Арменіі шахматы зрабілі школьным прадметам, у некаторых расійскіх рэгіёнах таксама ўсё часцей ідзе аб гэтым гаворка…

Між іншым, у краінах Еўрасаюза пару гадоў таму на тэму шахмат ў сістэме адукацыі выказаўся такі аўтарытэтны орган, як Еўрапарламент. У прынятай у снежні 2011 года адмысловай заяве еўрадэпутаты зазначылі: «Улічваючы, што шахматы – гэта гульня, даступная для дзяцей з кожнай сацыяльнай групы, яны могуць спрыяць дасягненню сацыяльнай роўнасці і выкананню такіх палітычных мэтаў, як сацыяльная інтэграцыя, барацьба з дыскрымінацыяй, памяншэнне ўзроўню злачыннасці або нават барацьба з рознымі залежнасцямі; улічваючы, што незалежна ад узросту дзіцяці шахматы могуць палепшыць канцэнтрацыю яго ўвагі, развіць цярплівасць і вытрымку, творчыя здольнасці, інтуіцыю, памяць і здольнасць аналітычнага мыслення і прыняцця рашэнняў; улічваючы, што гульня ў шахматы таксама навучае настойлівасці, матывацыі і спартыўным паводзінам, Еўрапарламент звяртаецца да краінаў-сябраў ЕС з просьбай, каб яны імкнуліся да ўвядзення ў адукацыйныя сістэмы праграмы «Шахматы ў школе» і каб 
было забяспечана яе належнае фінансаванне».

Сваю ролю адыграў тут аўтарытэт славутага экс-чэмпіёна свету Гары Каспарава, які да таго ж вядомы як адзін з лідэраў антыпуцінскай апазіцыі ў Расіі і таму мае сімпатыі на Захадзе. Прынамсі, у інтэрв’ю газеце «Frankfurter Allgemeine Zeitung» Каспараў так адказаў на пытанне, чаму ён стаў яшчэ і педагогам: «Цяпер я думаю пра дзяцей. Выхаванне і сацыяльныя праекты, асабліва ў часы фінансавых абмежаванняў, набываюць дадатковае значэнне. І шахматы павінны стаць часткай гэтага працэсу. Усё больш навучальных устаноў ва ўсім свеце вядуць пошук дадатковых элементаў, здольных пашырыць гарызонты дзяцей, а не толькі павысіць іх поспехі ў асобных прадметах. Многія праведзеныя даследаванні кажуць аб тым, што шахматы могуць стаць добрым дапаможным сродкам. Шахматы паказваюць, як чалавек, знаходзячыся пад ціскам у сітуацыі з многімі невядомымі, выбірае варыянты дзеянняў, знаходзіць рашэнне праблем, і ўсё гэта робіцца ў рамках строгіх правілаў».

Чэмпіён распавёў таксама, што заснаваў разам з аднадумцамі адмысловы фонд: «Мы хочам стварыць цэнтр, які пры дапамозе інтэрнэту, школьных праграм і семінараў для настаўнікаў зробіць шахматы даступнымі ў школе. Яго апорныя пункты мяркуецца стварыць па ўсім свеце. Шахматы дазваляюць наладзіць добрую сувязь паміж традыцыйнымі ўрокамі і навучаннем з выкарыстаннем сеткавых магчымасцяў інтэрнэту».
У якім узросце варта выкладаць шахматы дзецям? На думку Каспарава, «ідэальнымі былі б пачатковыя класы. У гэты перыяд у дзяцей яшчэ ёсць час для падобнага роду заняткаў. Акрамя таго, гэты ўзрост – прыкладна ад пяці да дзевяці гадоў – з’яўляецца ідэальным. Трэба пазнаёміць дзяцей з шахматамі ў той момант, калі яны вывучаюць тое, як чалавек думае. Вучні будуць трэніраваць свае разумовыя здольнасці, паколькі яны, гуляючы ў шахматы – у адрозненне ад камп’ютарных гульняў – вучацца канцэнтрацыі. Шахматы стымулююць інтуіцыю, якая неабходна для таго, каб справіцца з ўсё большымі плынямі інфармацыі». Таксама Каспараў адзначыў таннасць выкладання шахмат, паколькі для гэтага не патрабуюцца нейкія адмысловыя спартыўныя збудаванні.

Падмацаваныя такой аўтарытэтнай думкай, рушым у нашых разважаннях далей.

Не сакрэт, што шахматы ў масавым ўяўленні чамусьці асацыіруюцца найперш з матэматыкай і іншымі дакладнымі навукамі. Але тыя, хто ведае гэтую гульню больш блізка, наўрад ці пагодзяцца з такой адназначнай высновай. У шахматах значную ролю адыгрывае згаданая ў каспараўскім інтэрв’ю інтуіцыя, паколькі пралічыць усе варыянты гульні (тым больш на аматарскім ўзроўні) немагчыма. Увогуле ж спецыялісты вылучаюць у шахматах тры элементы, якія існуюць у адносным адзінстве: спорт (не як фізічную нагрузку, а як дух спаборніцтва), навуку (у спецыфічнай форме, але шахматы адлюстроўваюць працэс чалавечага мыслення) і мастацтва (старажытная гульня мае сваю прыгажосць, прыносіць падрыхтаваным да гэтага людзям эстэтычную асалоду). Інакш кажучы, добры шахматыст – зусім не абавязкова добры матэматык, і наадварот. У той жа час навыкі лагічнага мыслення неабходныя практычна ва ўсіх школьных прадметах…

Дарэчы, славуты ў свой час чэшскі гросмайстар Рыхард Рэці, які ў маладосці паспеў папрацаваць настаўнікам матэматыкі, але потым абраў кар’еру прафесійнага шахматыста, аднойчы заўважыў: «Прычына, па якой я аддаў перавагу шахматам над матэматыкай, можа здацца недасведчанаму дзіўнай, а то і парадаксальнай: у шахматах больш ад жыцця, чым у матэматыцы».

Што праўда, ёсць свае аргументы і ў тых, хто насцярожана ставіцца да ўвядзення шахмат у школьныя праграмы. Расійскі эксперт Л.Бабушкін, у прыватнасці, прыводзіць такія тэзісы «антышахматыстаў»: «Школьныя праграмы і без таго перагружаны, дзеці стомленыя, ім не хапае часу на рухомыя гульні і заняткі спортам… Мала хто сумняваецца, што шахматы карысныя для розуму. Аднак гэтага зусім не дастаткова для абгрунтавання выкладання шахмат як яшчэ адной абавязковай школьнай дысцыпліны. Найперш неабходна пераканацца, што шахматы выхоўваюць у дзецях такія неабходныя для жыцця якасці, якіх традыцыйнае навучанне развіць не можа».

Бабушкін лічыць адной з галоўных хібаў традыцыйнага школьнага навучання, што тое падае дзецям веды ў гатовым, «упакаваным» выглядзе, не дае ўмення выкарыстоўваць іх на практыцы. Між тым, «пачатковец-шахматыст радуецца поўнай свабодзе, якую ён атрымлівае ў гульні: як хачу, так і хаджу. Але вельмі хутка ён пранікаецца павагай да тэорыі, якая абмяжоўвае гэтую свабоду, таму што на вопыце ўласных паражэнняў пераконваецца, што веды, атрыманыя з падручнікаў або на шахматных ўроках у школе, карысныя і патрэбныя, каб перамагаць. І можна спадзявацца, што гэта павага да ведаў паступова распаўсюдзіцца на ўсё іншае, чаму вучаць у школе. Шахматы вучаць вучыцца».

Інакш кажучы, «займаючыся шахматамі, дзіця навучаецца суадносіць разумовыя працэсы з практычнымі дзеяннямі, шукаць у тэорыі адказы на практычныя пытанні. Такі досвед «пераступання межаў» лепш набываць у гульні – у рэальным жыцці гэта часам абыходзіцца занадта дорага».

Дык ці варта імкнуцца да ўвядзення шахмат у якасці школьнага прадмета, хоць бы ў пачатковых класах? Нягледзячы на шмат прыведзеных вышэй добрых словаў аб высокароднай ролі шахматнай гульні, лічу, што да гэтага наша адукацыя пакуль не саспела. Але прысутнічаць у школе шахматы абавязкова могуць і павінны: няхай пакуль у выглядзе гурткоў, секцый, факультатываў… І, канешне ж, вельмі шмат залежыць ад асобы педагога, ад таго, наколькі ён здольны зацікавіць дзяцей, дапамагчы ім засвоіць не такі і просты матэрыял, навучыць пераадольваць цяжкасці засваення. «Кадравая праблема», што ні кажы…

І ўсё ж будзем спадзявацца, што рана ці позна ў адноўленай, цывілізаванай і дэмакратычнай сістэме беларускай адукацыі зоймуць сваё месца і шахматы. Цудоўная гульня, якая існуе ўжо не адно тысячагоддзе…