«Глыбоцкая змова»

Дакументальны фільм Валерыя Мазынскага (2013, Беларусь).

Па вызваленні Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў у краі паступова адраджаецца нармальнае жыццё. Аднак з пэўнымі «асаблівасцямі»: аднавіліся савецкія парадкі, зноў разгарнуліся рэпрэсіі, пачалася татальная русіфікацыя, асабліва ў сістэме адукацыі. У адказ на гэта ўзнікае падпольная моладзевая арганізацыя – Саюз беларускіх патрыётаў. «Калі немцы нам не забаранялі вучыцца і ведаць сваю гісторыю, культуру, то чаму цяпер мы не можам гэтага рабіць?» – згадвае адна з гераінь фільму. Сябры арганізацыі, маладыя настаўнікі, змагаліся з ператварэннем Беларусі ў расійскую правінцыю, імкнуліся выхаваць нацыянальна свядомых дзяцей, хай і ў савецкіх школах. У 1947 годзе савецкія спецслужбы разграмілі Саюз, арыштаваўшы большасць яго сябраў. Траіх актывістаў чакаў смяротны вырак, аднак яго замянілі на 25 гадоў зняволення. На розныя тэрміны, ад 8 да 20 гадоў, асудзілі яшчэ чатыры дзясяткі маладзёнаў.

Рэжысёр кінастужкі Валерый Мазынскі гаворыць, што пра гісторыю стварэння і паразы «Саюзу беларускіх патрыётаў» ён даведаўся ў 1990-я гады. Сёння гэтая тэма, на думку творцы, актуальная і надзённая. «Мне здаецца, што сёння яна самая важная для Беларусі. Гэта – школа. Гэта – настаўнік. Не бацькі, а менавіта настаўнік. І гэтая гісторыя пра тое, як за тры гады свядомыя настаўнікі, былыя выпускнікі Віленскай гімназіі, здолелі ўкласці сваім навучэнцам столькі ды такога, што тыя нават сёння, адыходзячы ў лепшы свет, згадваюць сваіх настаўнікаў самымі лепшымі словамі, да гэтага часу яны засталіся патрыётамі сваёй радзімы».