Аляксандр Сядзяка
Тэндэнцыя зніжэння колькасці беларускамоўных школ за апошнія дваццать год прывяла да ганебных 15% вучняў, якія навучаюцца па-беларуску. Гэта не проста нізкі працэнт, гэта крытычная лічба для выжывання нацыі праз якіх яшчэ дзесяць гадоў. Зніжэнне колькасці беларускамоўных вучняў сама сабой ёсць пагрозай нацыянальнай бяспекі, як мы гэта назіраем ва Украіне, дзе ўкраінскі народ і рускамоўнае насельніцтва па-рознаму ставяцца да расійскай агрэсіі. Што ж адбывалася б у нас пры падобных абставінах, калі ўвесь народ ператворыцца ў «рускамоўнае насельніцтва»? Дружным галасаваннем яно здасць краіну Расіі.
Перадача дзіцяці нацыянальных каштоўнасцей і традыцый, абудженне ў яго душы любові да роднай зямлі, фарміраванне грамадзяніна і нацыянальнай свядомасці ў асноўным адбываецца ў школе, бо менавіта ў школьныя гады заканчваецца працэс стварэння асобы. Тое, што сістэма адукацыі перажывае крызіс, і не толькі ў навучанні, але і ў выхаванні грамадзяніна-патрыёта, абсалютна відавочна. Гэта пацвярджае актыўная кампанія загону вучняў і моладзі ў бутафорскія моладзевыя арганізацыі «піянераў» і БРСМ, накшталт савецкага камсамолу. Толькі моладзь яны не вабяць і існуюць ў школах пераважна фармальна. І прычына тут адна. Ні піянерыя, ні БРСМ не прапанавалі моладзі ўсведаміць паняцце «Радзіма», і ўласцівае кожнаму маладому чалавеку імкненне служыць на яе карысць тут жа сгасае ад iлжы і фальшы, што чула адрознівае маладая душа. Нават устаноўчыя дакументы гэтых арганізацый створаны толькі на рускай мове. Яны не ў стане вярнуць моладзі Радзіму і сканаюць, як у свой час БПСМ, у якога толькі назва і была беларускай. Такім чынам, беларускамоўнай адукацыі наканавалі лёс папялушкі, звузілі да вясковай базавай школы, дзе без сучасных методык і тэхналогій і без усялякай перспектывы быць запатрабаванай дзяржавай, яна яшчэ будзе ліпець з дзясятак гадоў, пакуль не памрэ разам з нацыяй, а можа з самой беларускай незалежнай дзяржавай.
• Выцісканне беларускай мовы з ВНУ і сфер дзяржаўнага і грамадскага ўжытку.
• Адсутнасць сучасных інавацыйных метадычных распрацовак на беларускай мове.
• Перагляд і вынішчэнне нацыянальна-гістарычнага зместу адукацыі.
• Стварэнне ў Беларусі пераважна рускамоўнай інфармацыйнай прасторы.
Вось толькі няпоўны пералік фактараў, якія спрычыніліся да вынішчэння нацыянальнай школы і нацыянальнай свядомасці.
Выкладаючы фізіку ў рускамоўнай мінскай школе, з уласных назіранняў заўважаю: калі яшчэ якіх пяць год таму, даючы вучням тэксты кантрольнай ці самастойнай работы на беларускай мове, я сустракаў з іх боку зацікаўленасць і спачуванне, нават у інтанацыях пытанняў перакласці той ці іншы тэрмін, то зараз часта прыходзіцца сутыкацца амаль з варожым стаўленнем да беларускай мовы. Гэта вельмі трывожная дынаміка. Новае пакаленне беларусаў можа стаць сапраўды пятай калонай, якой нішто беларускае не дорага, не толькі мова, але і краіна. Сітуацыя ўскладняецца тым, што маладыя настаўнікі, якія зараз прыходзяць у школу, не толькі дэнацыяналізаваныя, але і проста слабыя спецыялісты і часта нецікавыя асобы. Агульна вядома, што апошнія гады педагагічныя ВНУ не маюць конкурсу і залічваюць вельмі слабых абітурыентаў.
У гэтых варунках рэзка ўзрастае выхаваўчая роля грамадзянскай пазіцыі самога настаўніка. Калі настаўнік карыстаецца павагай вучняў і мае сярод іх аўтарытэт, то яны заўсёды прыслухоўваюцца да яго жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, такі настаўнік сваім прыкладам значна ўплывае на фарміраванне грамадзянскіх і нацыянальных каштоўнасцяў вучняў. Гэта могуць быць і гутаркі на вольныя тэмы ў пазаўрочны час, і выкарыстанне магчымасцей выкладаемага прадмета. І хаця якраз у фізікі гэтыя магчымасці больш абмежаваныя і згадаць на ўроках славутых фізікаў-беларусаў мінуўшчыны, акрамя Казіміра Семяновіча і Наркевіча-Ёдкі, больш і няма каго, сама мова нясе ў сабе каласальны выхаваўчы патэнцыял. Выкарыстанне пісьмовых тэстаў на беларускай мове паступова выклікае цікаўнасць школьнікаў не толькі да яе, але і ўвогуле да беларушчыны. Удзельнічаючы ў вучнёўскіх даследваннях па фізіцы мае вучні ўжо рыхтуюць даклады на навукова-практычныя канферэнцыі па фізіцы і выступаюць на беларускай мове. Прычым, калі ўпершыню некалькі год назад гэта былі адзінаццацікласнікі, то сёлета і на раённай, і на гарадскіх НПК з дакладамі па фізіцы на беларускай мове ўжо выступалі васьмікласнікі. З імпэтам і хваляваннем. Гэта найбольш матываваныя дзеці, якія выдатна навучаюцца і па іншых прадметах і якія, з цягам часу, зробяцца часткай эліты грамадства. І калі гісторыя ізноў дасць народу шанец адрадзіць нацыю, то гэтыя людзі і будуць лакаматывам новай хвалі беларусізацыі. Іх трэба цярпліва гадаваць нават і ў сеняшніх неспрыяльных варунках. А іх час, я шчыра ў гэта веру, прыйдзе. Таму ТБШ трэба шукаць такіх педагогаў, папулярызаваць іх досвед, паказваць ім самім, як іх многа і якую святую працу для Радзімы яны робяць. І будзе жыць Беларусь.