Сучаснае нацыянальнае самаўсведамленне: паліткарэктнасць і рэальнае жыццё

 

Пётра Садоўскі

Не хацеў бы безумоўна пагаджацца з тымі, хто сцвярджае, што ў «цывілізаваных» краінах не існуе адзінай дзяржаўнай ідэалогіі. Яна ёсць. У тым ліку і ў адукацыі. Цяпер гэта часцей называюць паліткарэктнасцю, якая коратка фармулюецца ў адстаялых словах-тэрмінах, што фігуруюць нават у загалоўках падручнікаў. Іншая рэч, што дэмакратычная дыдактыка (напр., прынцып мультыперспектыўнасці) дазваляе і прадугледжвае выпрацоўку навыкаў крытычных адносінаў да пэўнай з’явы і яе розных інтэрпрэтацыяў.

Як германіст паводле адукацыі і першы амбасадар Беларусі ў Германіі і маючы досвед аналізу еўрапейскіх школьных падручнікаў дзякуючы працягламу супрацоўніцтву з Інстытутам імя Георга Экерта (Браўншвайг), прывяду колькі нямецкіх прыкладаў паліткарэктных тэрмінаў:

канстытуцыйны патрыятызм (у «постнацыянальную» эпоху некарэктна гаварыць пра любоў да Радзімы як такой; прынятая трыяда кшталту: я – гамбуржац, немец, еўрапеец; я – лаяльны да ўлады ў межах Канстытуцыі);

мультыкультуралізм (у краіне ЕЗ не павінна быць «вядучай культуры»; усе культуры роўныя; Германія – ужо Einwanderungsland [1], краіна, дзе грамадзяне з «імігранцкай акетай» складаюць вялікую частку насельніцтва);

правы радыкалізм (напр., непрызнанне факту выключнасці – Singularität – Галакосту [2]);

еўраіслам (іслам ужо належыць да Германіі, мусульмане ўжо некалькі стагоддзяў жывуць і робяць станоўчы ўнёсак у еўрапейскі прагрэс, у тым ліку і германскі);

гамафобія (крытычныя адносіны да асобаў з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй).

Прыклады паліткарэктных слоганаў можна доўжыць.

Існуюць і «паліткарэктныя» апазіцыйныя тэрміны-стэрэатыпы, напр.:

«тэрор паліткарэктнасці» (пры ўсёй дэмакратычнасці грамадства дысцыпліна грамадскіх фракцый у кіроўнай эліце і апазіцыі можа спарадзіць кампанію нападкаў на іншадумца, прыкладам тая ж «гамафобія» ці правы радыкалізм). Напр., у 2013 г. з’явілася кніга Тыла Зарацына з назвай «Новы тэрор дабрачыннасці» (Der neue Tugendterror) як працяг папярэдняй «Германія адмяняецца» (алярмізм супраць мусульманізацыі Германіі). Аўтар – дэпутат Бундэстага ад СДПГ. За першую «непаліткарэктную» кнігу быў выведзены са складу рады дырэктараў «Дойчэ банка».

мульці-кульці (адмоўная канатацыя для «мультыкультуралізму»);

Unterwanderung (цяжка перакласці адным словам; апісальна значыць: разбурэнне карэннага этнасу праз масавы наплыў іншакультурных гастарбайтэраў і палітычных уцекачоў);

польскі сантэхнік (сімвал імігранта-канкурэнта, які адбірае ў немцаў працоўнае месца).

Прыклады можна доўжыць.

Як бачна, у Германіі (і шырэй – у ЕЗ ) у грамадскай свядомасці – а значыць і ў сям’і, і ў школе – існуюць праблемы неадназначнага ўспрымання з’яваў, што характарызуюць фармаванне сучаснай нацыянальнай ідэнтычнасці.
У гэтым сэнсе варта адзначыць ужо з часоў г. зв. перабудовы пэўную ідэалізацыю нашымі дэмакратычнымі экспертамі працэсу фармавання феномена нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў «постнацыянальных» грамадствах краінаў ЕЗ.

Беларускія рэаліі

Апускаючы развагі пра нашу дзяржаўную ідэалогію, дзе «інтэграцыя» фактычна мае на ўвазе паўзучы дрэйф у бок Расіі, затрымаю ўвагу толькі на дзвюх тэндэнцыях, якія маюць месца ў сектары беларускай грамадзянскай супольнасці. Іх не павінны ігнараваць настаўнікі, што выкладаюць у старэйшых класах літаратуру, мову, гісторыю і грамадазнаўства.

У дыскусіях з калегамі і гутарках з вучнямі варта падкрэсліваць наступнае. З улікам таго, што праз фактычна сфальшаваныя вынікі апошняга перапісу насельніцтва (фармулёўка пытанняў і тэхналогія правядзення) з лічбавых паказнікаў выключыліся грамадзяне (маладая і актыўная частка супольнасці, пераважна жыхары гарадоў і мястэчак), якія, нарадзіўшыся ў рускамоўных сем’ях, у гады Адраджэння (пачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя) пачалі ідэнтыфікаваць сябе як беларусы. Наспеў час для такога феномена побач з тэрмінам «родная мова» уводзіць панятак «мова нацыянальнай ідэнтыфікацыі». Такіх набярэцца не адзін дзясятак тысячаў. Гэта – статыстыка аптымістычнага развіцця.

Прапаную калегам паглядзець выдадзены сёлета ў Германіі Таварыствам нямецкай мовы (Кётэн) альманах на 200 старонак з назвай «Сапраўдная Радзіма – гэта ўласна мова» (Die wahre Heimat ist eigentlich die Sprache). Тут змешчаныя рэфераты па гісторыі і сучасным стане нямецкай мовы. Ёсць сярод іх і гасцявы даклад з Беларусі – Вінцука Вячоркі з назвай «Феномен беларускай мовы: насуперак ці дзякуючы праўнаму статусу», дзе аўтар разважае і пра мову «нацыянальнага самаўсведамлення».

З улікам таго, што падзеі ва Ўкраіне прымушаюць разглядаць пытанне мовы і мультыкультуралізму не толькі ў парадыгме псіхалінгвістыкі і культурнай антрапалогіі, але і ў сферы рэальнай палітыкі, неабходна ўважліва прыгледзецца да тэндэнцый змены каштоўнасцяў, якая назіраецца і ў нашым беларускім так званым дэмакратычным асяродку. Не абыходзіцца без уплыву так званага «русского мира». Вось па расійскіх каналах, якія транслююцца ў танных «сацыяльных пакетах» беларускіх ЖЭСаў, чуем: «От того, что будет написано в учебниках, и от того, насколько убедительно и увлекательно это будет написано, зависит отношение целого поколения молодежи к истории своей страны. У нашего Отечества великое прошлое. Ветвь арийского племени спустилась с Карпатских гор, мирно заселила Великую Русскую равнину, Сибирь, самую холодную часть планеты, дошла до Тихого океана, основала Форт Росс, впитала в себя соки богатейших культур Византии, Европы, Азии, разгромила страшнейшего врага человечества — нацизм, проложила дорогу в космос. Россия – не Запад и не Восток. Она – целая цивилизация. Она заканчивается там, где заканчивается русский язык». Гэтыя словы прамовіў дэпутат Дзярждумы РФ Вячаслаў Ніканаў, старшыня думскай камісіі па адукацыі, унук Молатава – міністра замежных справаў СССР, які падпісваў у 1939 г. сакрэтны пакт з Рыбэнтропам пра падзел Усходняй Еўропы.

Значная частка беларускамоўных інтэлектуалаў (менавіта так яны сябе пазіцыянуюць), фактычна траўмаваных у сваёй нацыянальнай тоеснасці (або выконваючы нечы сацыяльны заказ?) пачалі адмаўляць «састарэлыя нацыянальна арыентаваныя канцэпцыі» і пераходзіць на «постнацыянальныя і постметафізічныя праеўрапейскія пазіцыі», забываючыся на тое, што наша нацыя з вядомых прычынаў яшчэ недабудаваная. Паводле іх меркавання, перспектывы мае толькі «грамадзянская дзяржава» з адзінай лаяльнасцю – да ўлады, якая «складаецца спакваля».

Напрыклад, самаразрэкламаваны і папулярны сярод моладзі (нярэдка і беларускамоўнай) гісторык-кампілятар Анатоль Тарас ужо ў другім выданні зборніка «Беларусь превыше всего!» (с. 236) фармулючы сваё бачанне беларускасці, прыводзіць забойную цытату з як бы апазіцыйнага «культавага філосафа» В. Акудовіча: «Языково-этнографическая форма национального обустройства Беларуси уже не жизнеспособна и, значит, не пригодна для формирования вполне качественной нации ... Необходимо прекратить невидимую войну двух белорусских национализмов – «языково-этнографического» и «общественно-гражданского». И первым просить о мире должен этнонационализм, и потому, что он побежден, и потому, что это он начал войну, и потому, что ему придется искать у победителя снисхождения и понимания , чтобы найти себе место и сохраниться в той конфигурации белорусского общества, которая исподволь формируется на концепте посполитого национализма...»

Або В. Шпарага (філосаф, выкладчыца БДУ, лектарка «Лятучага ўніверсітэта», вядзе для моладзі інтэрнэт-цыкл «Европроект. Мысли вслух») сцвярджае: «Понятия вечных ценностей надо поместить в новый контекст... Мы живем в постметафизическую эпоху. Наши гуманитарии страдают метафизикой. Нужно перевернуть оптику взгляда на Бога, нацию, культуру, как таковую...»

Той жа вольны эсэіст В. Акудовіч, як бы змагар-адраджэнец, сцвярджае: «Раней чалавек жыў у каардынатах быцця як ва ўніверсальным кантэксце з транцэндэнтнай перспектывай... Цяпер ніхто не жыве выключна дома, на роднай зямлі, на сваёй Радзіме. Што значаць паняткі «радзіма» і «чужына», «далёка» і «блізка», калі я бачыў Лэдзі Дзі перад ейнай смерцю часцей, чым маю родную сястру... Што значаць для мяне словы «радзіма» і «чужына», калі замежныя фонды, якія пра мяне нічога да гэтага не ведалі, даюць мне больш грошай, чым мае бацькі... Бясшумны выбух разарваў чалавека і раскідаў яго па ўсіх кутках свету...».

І далей: «Міне яшчэ колькі часу і пад беларускім нацыяналізмам пачнуць разумець зусім не тое, што разумеюць сёння. У ім мала застанецца ўласна беларушчыны, але затое гэта будзе ўся Беларусь. І ў той Беларусі аб’явіцца процьма беларускіх нацыяналістаў, якім не да галавы будзе ні беларуская мова, ні нацыянальная культура… Так яно станецца. Ужо ж напэўна». Цытацыя паводле часопіса «Дзеяслоў», 2003 г. «Суплёт эсэ. Здрада».

Ён жа ў раздзеле «Паўстанне аўтсайдэраў» у эсэ «Код адсутнасці» піша: «У звычайны спакойны час няўдачнікі моўчкі прымаюць свой лёс. Але ў час крызісу яны выходзяць на гістарычную сцэну. На пачатку беларускага нацыянальнага руху стаялі такім чынам людзі, якія засталіся ў інстытуцыях іншых нацыяў аўтсайдэрамі... У каго была магчымасць у Расійскай імперыі здзейсніць свае амбіцыі і адпаведна гэтым амбіцыям заняць адпаведнае месца сярод эліты, той не вяртаўся... Так, няздзейсненыя амбіцыі могуць быць названыя ўнутраным чыннікам, які падштурхнуў Кастуся Каліноўскага разыграць «беларускую карту» у польскім паўстанні 1863 года. Перад гэтым яму не ўдалося нават за межамі цэнтраў падняцца да ўзроўню кіраўніка паўстання. Праз такія ж прычыны Янка Купала і Максім Багдановіч пакінулі спробы пісаць адпаведна польскія і рускія вершы ...».

А. Бахарэвіч (пісьменнік): «Чалавеку, якому ўтульна жыць са сваімі дэманамі, карысна чытаць Быкава перад сном..... На Быкаве скончылася тая беларуская літаратура . Засталося надзейна закаркаваць яе яе ў бутэльку з муранскага шкла і пусціць па вадзе...».

Можна доўжыць прыклады, дзе нашыя постмадэрністы-мысляры развітваюцца з «беллітам», нацыяй, нашай сярэднявечнай гісторыяй, аб’яўляючы адраджэнне 80-х—90-х гадоў «генацыдам беларускага народу», якому навязалі нацыяналістычныя «сімулякры» – ВКЛ, Статуты, Скарыну, Грунвальдскую бітву, бітву пад Оршай... (Акудовіч). Гэта выдаецца за «еўрапейскае мысленне».

А што ж у Еўропе?

У ЕЗ сапраўды дасягнута шмат пры напісанні сумесных школьных падручнікаў па гісторыі і грамадазнаўстве, што нямала спрыяе збліжэнню нацыянальных ідэнтычнасцяў маладога пакалення. Паглядзіце, напрыклад, два школьныя падручнікі гісторыі на французскай і нямецкіх мовах для 10—12 класаў гімназіяў, дзе абсалютна аднолькавыя тэксты пра еўрапейскую гісторыю пачынаючы з 1945 г. да нашых дзён. Ёсць яшчэ два такія ж падручнікі – ад антычнасці і ад Венскага кангрэсу. Мы можам пра такое толькі марыць. Ці напішуцца калі-небудзь сумесныя падручнікі гісторыі беларусамі, палякамі, расійцамі, літоўцамі...? Фантастыка.

Аднак брусэльская паліткарэктнасць (асабліва ў прынцыпе т. зв. субсідыярнасці – падзелу функцыяў паміж цэнтрам і краінамі – членамі ЕЗ) часта ўступае ў супярэчнасць з нацыянальным бачаннем, нават у асяродку элітаў. Так, сённяшні міністр фінанасаў ФРГ Вольфганг Шойбле («жалезны Вольфганг»), колішні старшыня фракцыі ХДС у Бундэстагу, на канферэнцыі «Інтэлектуалы і нацыянальнае пытанне» сказаў наступнае: «Для чалавечага існавання неабходны “слушны баланс” паміж індывідуальнымі магчымасцямі самавыяўлення і неабходнымі грамадскімі здольнасцямі, акрамя таго, яшчэ повязямі з сям’ёй, вёскай, горадам, радзімай (Heimat) і Айчынай (Vaterland) ... Для мяне застаецца бясспрэчнай – няхай гэта каму і падасца старамодным – ісціна, што суверэнітэт дзяржаваў абапіраецца на ўсё, што мацуе ў сэрцы чалавека пачуццё Айчыны... Ніхто дагэтуль не прыдумаў лепшых рамак, чым нацыянальная дзяржава, у якой правы грамадзянаў могуць быць сфармуляваныя і гарантаваныя. Таму трэба перастаць шукаць нешта падазронае ў тым, што чалавек падкрэслівае сваю прыналежнасць да пэўнай нацыі... Пошук іншых эрзац-ідэнтычнасцяў ліе ваду на млын правых радыкалаў, што ловяць пацукоў разладу. Агульнае пачуццё Еўропы пачынаецца якраз там, дзе Еўразвяз знаходзіць сілу, што закладзеная ў асобных дзяржавах.»

З часу таго выступу сп. Шойбле прайшло нямала гадоў. На гэтую тэму з пераменным поспехам выказваліся і прыхільнікі і праціўнікі. Аднак апошні эканамічна-фінансавы крызіс, як напісаў «часопіс для сучаснага еўрапейскага мыслення» CICERO (5, 2012), «разбудзіў побач з прывідамі нялепшых патрыятычных забабонаў і нацыянальных эгаізмаў сапраўды велізарныя магчымасці калектыўных высілкаў асобных дзяржаваў, якія рабілі выбар паводле сваіх гістарычных ідэнтычнасцяў». Думаю, нямецкія сацыёлагі яшчэ зробяць аналіз гадоў крызісу: як традыцыйнае нямецкае самаўсведамленне дапамагло Германіі выстаяць і выйсці з эканамічнай пасткі з найменшымі стратамі. Варта падумаць пра гэта і пры ўважлівым аналізе перамогі нямецкіх кансэрватараў (ХДС/ХСС) на апошніх выбарах у Бундэстаг.

Што чакае Германію і Еўропу ў будучыні? Пытанне зусім не рытарычнае. Думаецца, што нашыя як бы сябры беларушчыны, інтэлектуалы-постмадэрністы засталіся ў часе «паспяховай канвергенцыі» паўвяковай даўніны, калі гаварылася пра непазбежнасць Еўропы з адзінай нацыянальнай ідэнтычнасцю, калі Фукуяма напісаў «Канец гісторыі».

У апошнія месяцы ў Германіі выйшла шмат даследаванняў, аўтары якіх даводзяць: «У нас занадта шмат Еўропы і мала Германіі!». Напрыклад, аўтар шматтамовай серыі «Сучасная гісторыя Германіі» Ганс-Ульрых Вэлер (Hans-Ulrich Wehler) у тэкстах «Немцы і капіталізм» (манаграфія, 2014) і «Патрэба зменаў пераспела» (Die Zeit, сакавік 2014) канстатуе: адзіная Еўропа сталася ўтопіяй, не атрымалася адзінага народу, нацыянальныя парламенты вымушаныя проста праштампоўваць праекты Брусэля. Няма моўнай супольнасці, няма інтэлектуальнага абмену, кансэнсусу няма нават на ўзроўні элітаў. Людзі з працэсу выключаныя.

Дамінік Ґэпэрт (Dominik Geppert) у манаграфіі «Еўропа, якой няма» (2013) робіць высновы: парушана нямецкая мадэль ЕЗ. Прынятыя новыя непадрыхтаваныя паўднёваеўрапейскія краіны (Іспанія, Партугалія, Грэцыя) ды Бельгія з астранамічным унутраным дзяржаўным доўгам і г. д. Нават маючы выключныя дывідэнды ад Еўразоны, Германія не спраўляецца з бясконцай роляй дабрачынцы (30% унёскаў). Прадстаўнік Германіі ізаляваны ў Еўрапейскім цэнтральным банку, бо бясконца змагаецца супраць выпуску калектыўных еўразвязаўскіх пазыкавых бондаў, якія павінны будуць выкупляцца з кішэні немцаў.

Відаць, у сувязі з заканчэннем тэрміну ліцэнзіі Баварыі ў 2015 г. запланаваны выхад дзвюх рэдакцыяў гітлераўскага «Майн Кампфу» (поўны тэкст і адаптаваны для школьнікаў з каментарамі Інстытута сучаснай нямецкай гісторыі) ды «Чорных сшыткаў» Мартына Гайдэґера (паводле запавету) будуць для Германіі і Еўропы «годам вялікага чытання» і дыскусіяў на тэму нацыянальнай ідэнтычнасці.

* * *

Што нам рабіць? Канешне працаваць, як мурашкам, як гэта робіць nastaunik.eu, настаўнікі «ў правінцыі» ці новыя ініцыятывы – Арт Сядзіба, «Мова ціКава», «Мова нанова». Добрую справу распачынае Гары Паганяйла, уключаючы моўны працэс ў праваабарончую дзейнасць. Сёння для нас пытанне мовы – пытанне суверэнітэту. «Русский мир» ужо ў нашым доме.

Нашыя моўныя правы забяспечваюцца нашымі падаткамі. Пэўна, наспела пара нам, як колішнім брытанскім каланістам у Паўночнай Амерыцы, выкарыстоўваючы лозунг «No taxation without representation» («Ніякіх падаткаў без прадстаўніцтва ў парламенце»), пачынаць акцыі грамадзянскага фінансавага непадпарадкавання супраць дыскрымінацыі карэннага этнасу па моўнай прыкмеце (вы парушаеце нашыя моўныя правы – мы не маем перад вамі абавязкаў). Нават простыя флэшмобы і перформансы тут будуць якраз дарэчы.

[1] Даслоўна – краіна іміграцыі (ням.).

[2] Пры такім падыходзе можа імплікавацца ўключэнне ахвяраў Галакосту адзін шэраг з ахвярамі дыктатураў ХХ ст.: з класавым і нацыянальным сталінскім тэрорам, генацыдам Пол Пота ў Камбоджы, французаў у Алжыры, галадамору ва Ўкраіне, туркаў супраць армян і да т. п.