Сучаснае нацыянальнае самаўсведамленне: паліткарэктнасць і рэальнае жыццё

15.04.2014

Не хацеў бы безумоўна пагаджацца з тымі, хто сцвярджае, што ў «цывілізаваных» краінах не існуе адзінай дзяржаўнай ідэалогіі. Яна ёсць. У тым ліку і ў адукацыі. Цяпер гэта часцей называюць паліткарэктнасцю, якая коратка фармулюецца ў адстаялых словах-тэрмінах, што фігуруюць нават у загалоўках падручнікаў. Іншая рэч, што дэмакратычная дыдактыка (напр., прынцып мультыперспектыўнасці) дазваляе і прадугледжвае выпрацоўку навыкаў крытычных адносінаў да пэўнай з’явы і яе розных інтэрпрэтацыяў.

Як германіст паводле адукацыі і першы амбасадар Беларусі ў Германіі, а таксама маючы досвед аналізу еўрапейскіх школьных падручнікаў дзякуючы працягламу супрацоўніцтву з Інстытутам імя Георга Экерта (Браўншвейг), прывяду колькі нямецкіх прыкладаў паліткарэктных тэрмінаў:

• канстытуцыйны патрыятызм: у «постнацыянальную» эпоху некарэктна гаварыць пра любоў да Радзімы як такой; прынятая трыяда кшталту: я – гамбуржац, немец, еўрапеец; я – лаяльны да ўлады ў межах Канстытуцыі;

• мультыкультуралізм: у краіне ЕС не павінна быць «вядучай культуры»; усе культуры роўныя; Германія – ужо Einwanderungsland (краіна, дзе грамадзяне з «імігранцкай анкетай» складаюць вялікую частку насельніцтва);

• правы радыкалізм: напрыклад, непрызнанне факта выключнасці халакосту (Singularitaet), уключэнне яго ў адзін шэраг з ахвярамі дыктатураў XX ст.: з класавым і нацыянальным сталінскім тэрорам, генацыдам Пол Пота ў Камбоджы, французаў у Алжыры, галадамору ва Украіне, туркаў супраць армян і да т. п.);

 еўраіслам: іслам ужо належыць да Германіі, мусульмане ўжо некалькі стагоддзяў жывуць і робяць станоўчы ўнёсак у еўрапейскі прагрэс, у тым ліку і ў Германію.

• гамафобія (крытычныя адносіны да асобаў з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.

Прыклады паліткарэктных слоганаў можна доўжыць.

Існуюць і «паліткарэктныя» апазіцыйныя тэрміны-стэрэатыпы, напрыклад:

• «тэрор паліткарэктнасці»: пры ўсёй дэмакратычнасці грамадства дысцыпліна грамадскіх фракцый у кіруючай эліце і апазіцыі можа спарадзіць кампанію нападкаў на іншадумца, прыкладам тая ж «гомафобія» ці правы радыкалізм. Напрыклад, у 2013 г. з’явілася кніга Тыла Зарацына з назвай «Новы тэрор дабрачыннасці» (Der neue Tugendterror) як працяг папярэдняй «Германія адмяняецца» (алармізм супраць мусульманізацыі Германіі). Аўтар – дэпутат Бундэстага ад СДПГ. За першую «непаліткарэктную» кнігу быў выведзены са складу савета дырэктараў «Дойчэ банка».

• мульці-кульці: адмоўная канатацыя для «мультыкултуралізму»;

• Unterwanderung: цяжка перакласці адным словам, апісальна значыць – разбурэнне карэннага этнасу праз масавы наплыў іншакультурных гастарбайтэраў і палітычных уцекачоў;

• польскі сантэхнік: сімвал імігранта-канкурэнта, які адбірае ў немцаў працоўнае месца.

Прыклады можна доўжыць.

Як бачна, у Германіі (і шырэй – у ЕС ) у грамадскай свядомасці – а значыць і ў сям’і, і ў школе – існуюць праблемы неадназначнага ўспрымання з’яваў, што характарызуюць фармаванне сучаснай нацыянальнай ідэнтычнасці.

У гэтым сэнсе варта адзначыць ужо з часоў т. зв. перабудовы пэўную ідэалізацыю нашымі дэмакратычнымі экспертамі працэсу фармавання феномена нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў «постнацыянальных» грамадствах краінаў ЕС.

Беларускія рэаліі

Апускаючы развагі пра нашу дзяржаўную ідэалогію, дзе «еўрапейскаць» ды «інтэграцыя» фактычна маюць на ўвазе паўзучы дрэйф у бок Расіі, затрымаю ўвагу толькі на дзвюх тэндэнцыях, якія маюць месца ў сектары беларускай грамадзянскай супольнасці, што не павінна ігнаравацца настаўнікамі, занятымі ў старэйшых класах выкладаннем гісторыі, літаратуры, мовы і грамадазнаўства.

У дыскусіях з калегамі і ў гутарках з вучнямі варта падкрэсліваць наступнае: праз фактычна сфальшаваныя вынікі перапісаў насельніцтва (фармулёўка пытанняў і тэхналогія правядзення) з лічбавых паказчыкаў выключыліся грамадзяне (маладая і актыўная частка супольнасці, пераважна жыхары гарадоў і мястэчак), якія нарадзіліся ў рускамоўных сем’ях, а ў гады Адраджэння (пачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя) пачалі ідэнтыфікаваць сябе як беларусы. Наспеў час для пазначэння такога феномена побач з тэрмінам «родная мова» уводзіць панятак «мова нацыянальнай ідэнтыфікацыі». Такіх набярэцца не адзін дзясятак тысячаў. Гэта – статыстыка аптымістычнага развіцця.

Прапаную калегам паглядзець выдадзеную ў гэтым годзе ў Германіі Таварыствам нямецкай мовы (Кётэн) брашуру на 200 старонак з назвай «Сапраўдная Радзіма – гэта ўласна мова» (Die wahre Heimat ist eigentlich die Sprache). Тут змешчаны рэфераты па гісторыі і сучасным стане нямецкай мовы. Ёсць сярод іх і гасцявы даклад з Беларусі – даклад Вінцука Вячоркі з назвай «Феномен беларускай мовы: насуперак ці дзякуючы праўнаму статусу», дзе аўтар разважае і пра мову «нацыянальнага самаўсведамлення».

 З улікам таго, што падзеі ва Украіне прымушаюць разглядаць пытанне мовы і мультыкультуралізму не толькі ў парадыгме псіхалінгвістыкі і культурнай антрапалогіі, але і ў сферы рэальнай палітыкі, неабходна ўважліва прыгледзецца да тэндэнцый змены каштоўнасцяў, якая назіраецца і ў нашым беларускім так званым дэмакратычным асяродку. Не абыходзіцца і без уплыву «русского мира». Вось па расійскіх каналах, якія транслююцца ў танных «сацыяльных пакетах» беларускіх ЖЭСаў, чуем: «От того, что будет написано в учебниках, и от того, насколько убедительно и увлекательно это будет написано, зависит отношение целого поколения молодежи к истории своей страны. У нашего Отечества великое прошлое. Ветвь арийского племени спустилась с Карпатских гор, мирно заселила Великую Русскую равнину, Сибирь, самую холодную часть планеты, дошла до Тихого океана, основала Форт Росс, впитала в себя соки богатейших культур Византии, Европы, Азии, разгромила страшнейшего врага человечества – нацизм, проложила дорогу в космос. Россия – не Запад и не Восток. Она – целая цивилизация. Она заканчивается там, где заканчивается русский язык». Гэтыя словы прамовіў дэпутат Дзярждумы РФ Никонов, старшыня Камісіі па адукацыі, унук Молатава, міністра замежных спраў СССР, які падпісваў у 1939 г. сакрэтны пакт з Рыбентропам пра раздзел Польшчы і Прыбалтыкі.

Значная частка беларускамоўных інтэлектуалаў (менавіта так яны сябе пазіцыянуюць), фактычна траўмаваных у сваёй нацыянальнай тоеснасці (або выконваючы чыйсьці сацыяльны заказ?) пачалі адмаўляць «састарэлыя нацыянальна арыентаваныя канцэпцыі» і пераходзіць на «постнацыянальныя і постметафізічныя праеўрапейскія пазіцыі», забываючыся на тое, што нашая нацыя па вядомых прычынах яшчэ недабудаваная. Паводле іх меркавання перспектывы мае толькі «грамадзянская дзяржава» з адзінай лаяльнасцю да ўлады, якая «складаецца спакваля».

Напрыклад, самаразрэкламаваны і папулярны сярод моладзі (нярэдка і беларускамоўнай) гісторык-кампілятар Анатоль Тарас ужо ў другім выданні зборніка «Беларусь превыше всего!» (с. 236), фармулючы сваё бачанне беларускасці, прыводзіць забойную цытату з быццам бы апазіцыйнага «культавага філосафа» В. Акудовіча: «Языково-этнографическая форма национального обустройства Беларуси уже не жизнеспособна и, значит, не пригодна для формирования вполне качественной нации ... Необходимо прекратить невидимую войну двух белорусских национализмов – «языково-этнографического» и «общественно-гражданского». И первым просить о мире должен этнонационализм, и потому, что он побежден, и потому, что это он начал войну, и потому, что ему придется искать у победителя снисхождения и понимания , чтобы найти себе место и сохраниться в той конфигурации белорусского общества, которая исподволь формируется на концепте посполитого национализма...»

Або лектарка-філосаф В. Шпарага сцвярджае: «Понятия вечных ценностей надо поместить в новый контекст... Мы живем в постметафизическую эпоху. Наши гуманитарии страдают метафизикой. Нужно перевернуть оптику взгляда на Бога, нацию, культуру, как таковую...»

Той жа вольны эсэіст В. Акудовіч сцвярджае «Раней чалавек жыў у каардынатах быцця як ва ўніверсальным кантэксце з транцэндэнтнай перспектывай... Цяпер ніхто не жыве выключна дома, на роднай зямлі, на сваёй Радзіме. Што значаць паняткі «радзіма» і «чужына», «далёка» і «блізка», калі я бачыў Лэдзі Дзі перад ейнай смерцю часцей, чым маю родную сястру... Што значаць для мяне словы «радзіма» і «чужына», калі замежныя фонды, якія пра мяне нічога да гэтага не ведалі, даюць мне больш грошай, чым мае бацькі... Бясшумны выбух разарваў чалавека і раскідаў яго па ўсіх кутках свету...».

І далей: «Міне яшчэ колькі часу і пад беларускім нацыяналізмам пачнуць разумець зусім не тое, што разумеюць сёння. У ім мала застанецца ўласна беларушчыны, але затое гэта будзе ўся Беларусь). І ў той Беларусі аб’явіцца процьма беларускіх нацыяналістаў, якім не да галавы будзе ні беларуская мова, ні нацыянальная культура… Так яно станецца. Ужо ж напэўна» – цытата з часопіса «Дзеяслоў», 2003 г. («Суплёт эсэ. Здрада»).

Ён жа ў раздзеле «Паўстанне аўтсайдэраў» у эсэ «Код адсутнасці» піша: «У звычайны спакойны час няўдачнікі моўчкі прымаюць свой лёс. Але ў час крызісу яны выходзяць на гістарычную сцэну. На пачатку беларускага нацыянальнага руху стаялі такім чынам людзі, якія засталіся ў інстытуцыях іншых нацыяў аўтсайдэрамі... У каго была магчымасць у Расійскай імперыі здзейсніць свае амбіцыі і адпаведна гэтым амбіцыям заняць адпаведнае месца сярод эліты, той не вяртаўся... Так, няздзейсьненыя амбіцыі могуць быць названыя ўнутраным чыннікам, які падштурхнуў Кастуся Каліноўскага разыграць «беларускую карту» у польскім паўстанні 1863 года. Перад гэтым яму не ўдалося нават за межамі цэнтраў падняцца да ўзроўню кіраўніка паўстання. Праз такія ж прычыны Янка Купала і Максім Багдановіч пакінулі спробы пісаць адпаведна польскія і рускія вершы ...».

А. Бахарэвіч (пісьменнік): «Чалавеку, якому ўтульна жыць са сваімі дэманамікарысна чытаць Быкава перад сном..... На Быкаве скончылася тая беларуская літаратура. Засталося надзейна закаркаваць яе яе ў бутэльку з муранскага шкла і пусціць па вадзе...».

Прыклады можна доўжыць, дзе нашыя постмадэрністы-мысляры развітваюцца з «беллітам», нацыяй, нашай сярэдневечнай гісторыяй, аб’яўляючы адраджэнне 80 – 90-х гадоў «генацыдам беларускага народу», якому навязалі нацыяналістычныя «сімулякры» – ВКЛ, Статуты, Скарыну, Грунвальдскую бітву, бітву пад Оршай... (Акудовіч). Гэта выдаецца за «еўрапейскае мысленне».

А што ж у Еўропе?

У ЕС сапраўды дасягнута шмат пры напісанні сумесных школьных падручнікаў па гісторыі і грамадазнаўству, што нямала спрыяе збліжэнню нацыянальных ідэнтычнасцяў маладога пакалення. Паглядзіце, напрыклад, вось гэтыя два школьныя падручнікі па гістрыі на французскай і нямецкіх мовах (для 10 – 12 класаў гімназій), дзе абсалютна аднолькавыя тэксты пра еўрапейскую гісторыю пачынаючы з 1945 г. да нашых дзён. Ёсць яшчэ два такія ж падручнікі – ад антычнасці і Венскага кангрэсу. Мы можам пра такое толькі марыць. Ці напішуцца калі-небудзь сумесныя падручнікі гісторыі беларусамі, палякамі, расійцамі, літоўцамі?.. Фантастыка.

Аднак брусельская паліткарэктнасць (асабліва ў прынцыпе т. зв. субсідэрыяльнасці – падзелу функцый паміж цэнтрам і краінамі-чальцамі ЕС) часта ўступае ў супярэчнасць з нацыянальным бачаннем, нават у асяродку элітаў. Так, сённяшні міністр фінанасаў ФРГ Вольфганг Шойбле («жалезны Вольфганг»), колішні старшыня фракцыі ХДС у Бундэстагу, сказаў наступнае на канферэнцыі «Інтэлектуалы і нацыянальнае пытанне»: «Для чалавечага існавання неабходны «слушны баланс» паміж індывідуальнымі магчымасцямі самавыяўлення і неабходнымі грамадскімі здольнасцямі, акрамя таго яшчэ повязямі з сям’ёй, вёскай, горадам, радзімай (Heimat) і Айчынай (Vaterland)... Для мяне застаецца бясспрэчнай – няхай гэта каму і падасца старамодным – ісціна, што суверэнітэт дзяржаваў абапіраецца на ўсё, што мацуе ў сэрцы чалавека пачуццё Айчыны... Ніхто дагэтуль не прыдумаў лепшых рамак, чым нацыянальная дзяржава, у якіх правы грамадзянаў могуць быць сфармуляваныя і гаранатаваныя. Таму трэба перастаць шукаць нешта падазронае ў тым, што чалавек падкрэслівае сваю прыналежнасць да пэўнай нацыі... Пошук іншых эрзац-ідэнтычнасцяў ліе ваду на млын правых радыкалаў, што ловяць пацукоў разладу. Агульнае пачуццё Еўропы пачынаецца якраз там, дзе Еўрасаюз знаходзіць сілу, што закладзена ў асобных дзяржавах».

З часу таго выступу сп. Шойбле прайшло нямала гадоў. На гэтую тэму з пераменным поспехам выказваліся і прыхільнікі, і праціўнікі. Аднак апошні эканамічна-фінансавы крызіс, як напісаў «часопіс для сучаснага Еўрапейскага мыслення» CICERO (5-2012), «разбудзіў побач з прывідамі нялепшых патрыятычных забабонаў і нацыянальных эгаізмаў сапраўды велізарныя магчымасці калектыўных высілкаў асобных дзяржаў, якія рабілі выбар паводле сваіх гістарычных ідэнтычнасцяў». Думаю, нямецкія сацыёлагі яшчэ зробяць аналіз гадоў крызісу: як традыцыйнае нямецкае самаўсведамленне дапамагло Германіі выстаяць і выйсці з эканамічнай пасткі з найменшымі стратамі. Варта падумаць пра гэта і пры ўважлівым аналізе перамогі нямецкіх кансэрватараў (ХДС/ХСС) на апошніх выбарах у Бундэстаг.

Што чакае Германію і Еўропу ў будучыні? Пытанне не рытарычнае. Думаецца, што нашыя, як бы сябры беларушчыны, інтэлектуалы-постмадэрністы засталіся ў часе «паспяховай канвергенцыі» паўвяковай даўніны, калі гаварылася пра непазбежнасць Еўропы з адзінай нацыянальнай ідэнтычнасцю, калі Фукуяма напісаў «Канец гісторыі».

У апошнія месяцы ў Германіі выйшлі даследаванні не толькі левых ліберальных інтэлектуалаў, якія даводзяць: «У нас занадта шмат Еўропы і мала Германіі!» Напрыклад, аўтар шматтамовай серыі «Сучасная гістрыя Германіі» Ганс-Ульрых Велер (Hans-Ulrich Wehler) у тэкстах «Немцы і капіталізм» (манаграфія 2014 г.) і «Патрэба зменаў пераспела» (Die Zeit, сакавік 2014) канстатуе: адзіная Еўропа сталася ўтопіяй, не атрымалася адзінага народу, нацпарламенты вымушаны проста праштампоўваць праекты Брусэля. Няма моўнай супольнасці, няма інтэлектуальнага абмену, кансэнсу няма нават на ўзроўні элітаў. Людзі з працэсу выключаны.

Дамінік Геперт (Dominik Geppert) у манаграфіі «Еўропа, якой няма» (2013) робіць высновы: парушана нямецкая мадэль ЕС. Прыняты новыя непадрыхтаваныя паўднёва-еўрапейскія краіны (Іспанія, Партугалія, Грэцыя ды Бельгія з астранамічным унутраным доўгам) і г. д. Нават маючы выключныя дывідэнты ад Еўразоны, Германія не спраўляецца з бясконцай роляй дабрачынніка (30% унёскаў). Прадстаўнік Германіі ізаляваны ў ЕЦБ.

Думаецца, што ў сувязі з заканчэннем тэрміну ліцэнзіі Баварыі запланаваны выхад двух рэдакцый гітлераўскага «Майн Кампф» у 2015 г. (поўны тэкст і адаптаваны для школьнікаў з каментарамі Інстытута сучаснай нямецкай гісторыі) ды «Чорных сшыткаў» Мартына Хайдэгера (паводле пасмяротнага запавету) будуць для Германіі і Еўропы «годам вялікага чытання» і дыскусій на тэму нацыянальнай ідэнтычнасці.

Што нам рабіць? Канешне працаваць, як мурашкам, як гэта робяць «Мова нанова, Мова ці кава, Арт сядзіба, nastaunik.eu разам з настаўнікамі «ў правінцыі». Добрую справу распачынае Гары Паганяйла, уключаючы моўны працэс ў праваабарончую дзейнасць. Сёння для нас пытанне мовы – пытанне суверэнітэту. «Русский мир» ужо ў нашым доме.

Нашы моўныя правы забяспечваюцца нашымі падаткамі. Пэўна, наспела пара нам, як колішнім брытанскім каланістам у Паўночнай Амерыцы, выкарыстоўваючы лозунг «No taxations without presentation» («Ніякіх падаткаў без прадстаўніцтва ў парламенце»), пачынаць акцыі грамадзянскага фінансавага непадпарадкавання супраць дыскрымінацыі карэннага этнасу па моўнай прыкмеце (не даваць звестак ў падаткавую інспекцыю. не плаціць за праезд у грамадскім транспарце і г. д.). Нават простыя флэшмобы і перформансы тут будуць якраз дарэчы.