Інавацыі ў агульнай і сярэдняй адукацыі: змены і тэндэнцыі

Мікалай Запрудскі

Калегі, я тут пачуў, хто ёсць хто, і бачу, што далёка не ўсе вы прадстаўляеце агульную і сярэднюю адукацыю. Але  ў вас ёсць дзеці і ўнукі, яны ходзяць у школу і, напэўна, ж вам цікава, што там ідзе на самой справе. Я хачу гаварыць цяпер пра альтэрнатывы – але не тыя альтэрнатывы, якія, напрыклад, прадстаўляе ліцэй Якуба Коласа ці ствараюць Быстрыкі ў Навагрудку. Гэтыя ініцыятывы не інстытуцыялізаваныя ў нас у Беларусі. Я буду гаварыць пра альтэрнатывы, якія ёсць у нетрах існуючай дзяржаўнай сістэмы адукацыі.

Увогуле, інавацыі, нейкія змены, адбываюцца тады, калі адчуваецца праблема, згодны? Калі гладка, калі ўсё ўсіх задавольвае, навошта нешта змяняць? Калі ж мы бачым супярэчнасці, калі, напрыклад,  вучні не маюць матывацыі для навучання, калі існуюць канфлікты паміж настаўнікамі і вучнямі, паміж школай і бацькамі – тады, натуральна, узнікае жаданне нешта змяняць. І вось цікава прасачыць інавацыі праз прызму руху, які адбываецца дзякуючы Інструкцыі аб парадку ажыццяўлення  эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы адукацыі. У адпаведнасці гэтай інструкцыяй, на працягу трох месяцаў прыблізна (у студзені, лютым і сакавіку) школы, якія жадаюць патрапіць у загад міністра аб інавацыйнай дзейнасці, мець дазвол на яе, ствараюць іновацыйныя праекты. Навошта яны гэта робяць?

Сапраўды, ёсць частка школ, частка кіраўнікоў, якія бачаць, што патрэбны змены. А для таго, каб іх ажыццяўляць,  патрэбна нешта іншае ўводзіць у школы. Гэтае іншае не заўседы ляжыць у рэчышчы нарматываў, традыцый. Таму школам, каб не нажыць непрыемнасцяў, пажадана мець «дах». Вось такі для іх добры «дах» – патрапіць у загад міністра аб інавацыйнай дзейнасці. Паміж школамі існуе спаборніцтва ў раёнах. Калі ў школы ёсць нейкі інавацыйны праект, за гэта – дадатковыя балы. Калі пераможцы алімпіяд – таксама дадатковыя балы. Ну і адсюль вынікае большая прэмія дырэктару школы, калі гэтых балаў больш. Таксама ёсць невялікая даплата ўдзельнікам  інавацыйнага праекта: адміністрацыі школы – дваццаць працэнтаў, настаўнікам – пятнаццаць працэнтаў да стаўкі.

Вось на гэтым этапе (у красавіку) ідзе экспертыза інавацыйных праектаў, я – адзін з экспертаў. Ёсць вельмі моцныя рэчы, якія школы спрабуюць увесці, калі астатнім гэта немагчыма будзе  рабіць.

Прывядзем некалькі прыкладаў альтэрнатыў у адукацыі.

1. Аб дыферэнцыяцыі навучання. Напрыклад: да нядаўняга часу толькі ў гімназіях і ліцэях былі так званыя кірункі, ці профілі, па старому. Гэта: хіміка-біялагічны, фізіка-матэматычны, гуманітарны і грамадазнаўчы – чатыры профілі. Апошнім часам гэта распаўсюдзілі і на сярэднія школы. Але што цікава атрымліваецца: калі ў школе няма паралельных класаў – як з адным класам зрабіць профіль? Яны яго не могуць адкрыць,  тады выкарыстоўваюць факультатывы, якія, як паказала практыка, малаэфектыўныя. Калі ў школе два класы паралельныя, то часта робяць фізіка-матэматычны і філалагічны профілі. У філалагічны запішацца 35 вучняў, бо лягчэй вучыцца, а ў фізіка-матэматычны – 14. Што зробіць адміністрацыя? Дацісне, каб больш-менш аднолькава было ў класах. Дзе ж тут улічваюцца запыты вучняў? Варыянт профільнага навучання па ўсіх чатырох кірунках спрацоўвае, напрыклад, у Ліцэі БДУ. Калі ў загадзя абвешчаныя профілі набіраюцца дзеці з усёй Беларусі. Да таго ж, Ліцэй БДУ з 1 верасня ўводзіць інавацыю: упершыню яны набяруць хіміка-матэматычны клас. Сапраўды, ёсць ВНУ (напрыклад, Тэхналагічны ўніверсітэт), дзе здаюць хімію і матэматыку. І навучэнцы Ліцэя БДУ цяпер будць мець магчымасць паглыблена вывучаць патрэбныя ім прадметы. Астатнім гэта не дазволена.

І вось якраз у адказ на гэтую сітуацыю яшчэ два годы таму шэраг школ заявілі інавацыйны праект па мультыпрофільным навучанні. Яго сутнасць у тым, што дзеці ўжо на выхадзе з дзявятага класа выбіраюць для вывучэння на павышаным узроўні тыя прадметы, якія ім патрэбныя ў далейшым для паступлення ў ВНУ. Тры прадметы (напрыклад: беларускую мову, хімію і матэматыку). Або ўсе прадметы на базавым узроўні – і дапрафесійную падрыхтоўку на базе, напрыклад, УПК, які раней быў, ці на базе прафесійнага ліцэя, каледжа. І вось тут, сапраўдны выбар, вучань сам выбірае – адсюль яго адказнасць, і гэта зусім іншая пазіцыя! І так, дарэчы, працуе свет. Я быў не так даўно ў Літве – у іх так старэйшая школа працуе.  Сення ў дзевяці школах нашай краіны розных рэгіёнаў рэалізуецца адпаведны інавацыйны праект.

А. Рубінаў у 2008 годзе ў «Советской Белоруссии» распавядаў, што нам профільнае навучанне не патрэбна. ЦТ ж паказала, што якраз з таго часу пачалі зніжацца веды і прадметныя ўменні абітурыентаў. Апошнім часам, калі міністр С. Маскевіч пачаў ездзіць па Беларусі, яму дырэктары школ казалі: вярніце профільнае навучанне, ці лепш – мультыпрофільнае. Цяпер, глядзіш, у «Настаўніцкай газеце»  з’яўляюцца словазлучэнні «профільнае навучанне» і «мультыпрофільнае навучанне». Значыць, можна сказаць, што цяпер новая  практыка будзе пашырацца.

2. Новае ў ацэначнай дзейнасці. Шмат школ і настаўнікаў маюць цяжкасці з арганізацыяй кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Калі ў вучняў пытаюцца, навошта вы ходзіце ў школу, тыя гавораць – па адзнакі. Гэта вельмі вялікая праблема. Многія з вас, напэўна, ведаюць працу Джона Хэці з Аўстраліі, які на падставе вялікіх даследаванняў вызначыў фактары, што дадатна ўплываюць на якасць адукацыі. Аказалася, адзін з мацнейшых фактараў – па-новаму арганізаваная ацэначная дзейнасць настаўніка і вучня (так званая «актыўная ацэнка»). Дзякуючы Таварыству беларускай школы і супрацоўнікам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, ужо пяць гадоў у нас пашыраецца практыка актыўнай ацэнкі. Вось ужо другі год адпаведная інавацыя трапіла  ў загад мінсітра, як інавацыйны праект (ён рэалізуецца ў 10 школах і гімназіях,  адзін з кансультантаў гэтага праекта – А. Радзевіч). Гэта таксама вельмі дадатная тэндэнцыя. Прычым, тут ідуць паралельна два працэсы: і дзяржаўныя структуры (АПА) гэтым займаюцца, і Таварыства беларускай школы: праведзены шматлікія семінары,  ужо двойчы прайшлі дыстанцыйныя курсы. Некаторыя адзельнікі дыстанцыйнага навучання адзначалі: «Калі б не актыўная ацэнка, то я б сышла са школы!»

3. Пра ўкараненне электронных сродкаў навучання. Калі ў вучняў пытаемся: як, дзеці, можна істотна павысіць якасць вашай адукацыі, каб у вас былі лепшыя вынікі і адзнакі? Дзеці кажуць: няма праблем – добры смартфон і добры інтэрнэт, усё! Бо ў інтэрнэце ёсць рашэнні і адказы на ўсе кантрольныя работы. Справа ў тым, што да гэтага часу некаторыя настаўнікі (і гэта зразумела) забараняюць карыстацца такой тэхнікай наогул. Хаця фіны, напрыклад, дазваляюць карыстацца ўсім, што ты пажадаеш.  Але ёсць іншыя тэндэнцыі: з’явіліся інавацыйныя праекты, звязаныя з выкарыстаннем сэрвісаў web 2.0 у адукацыйным працэсе. І гэта сапраўды альтэрнатыўная адукацыя. Калі гэта трапляе ў загад міністра, то ў школ адчыняюцца  новыя магчымасці. Дарэчы, я ў гэты годзе буду праводзіць свае тыднёвыя аўтарскія курсы па гэтай тэме, пра выкарыстанне розных «гаджэтаў» у адукацыйным працэсе. І гэта будзе з 23 чэрвеня. Прыязджайце да мяне – трэба будзе жыць, праўда, ў палатках. Гэтую тэндэнцыю, напрыклад, дэманструе А. Сядзяка. На яго ўроках выкарыстоўваецца найноўшая тэхніка: лічбавыя лабараторыі, дакумент-камеры, смартфоны, усё самае сучаснае. Дзеці збягаюць да гэтага чалавека на фізіку з «бальнічнага». Вось Аляксандр Генадзевіч не так даўно здаў экзамен на катэгорыю настаўніка-метадыста. Гэта найвышэйшая катэгорыя, такіх настаўнікаў, можа, паўсотні на ўсю Беларусь. Мы Вас, Аляксандр,  шчыра віншуем!

4. Пра ўстойлівае развіццё. Усе ведаюць, што ўстойлівае развіцце будзе тады, калі сучаснікі не будуць жыць за кошт будучых пакаленняў. Да гэтага імкнуцца многія інавацыйныя ўстановы адукацыі: Створана партнёрская сетка школ устойлівага развіцця. Многія школы  ўдзельнічаюць у праекте «Устойлівае развіцце на мясцовым узроўні», становяцца «Зяленымі школамі», «SPARE-школамі». Гэтыя праекты ажыццяўляюцца пры падтрымцы партнераў з Нарвегіі і Германіі. 

5. Яшчэ з’явіліся цікавыя праекты па метапрадметнай адукацыі. Справа ў тым, што дзеці ў школе вывучаюць розныя прадметы, кожны настаўнік выкладае свой падмет. І ў дзяцей столькі карцін свету, колькі прадметаў. Напрыклад, у дзяцей розныя электроны: хімік трактуе электрон па-свойму, фізік – па-свойму. І дзецям мы пакідаем самае складанае: гэтыя разрозненыя звесткі, якія яны атрымліваюць з розных прадметаў, скласці ў пазл – а калі яно не стыкуецца!? Не ўсім дзецям гэта ўдаецца. Таму часта мы бачым людзей, у якіх няма сістэмнага мыслення і ўвогуле разумення свету, як ён будуецца, як функцыянуе. І цяпер вельмі натуральна, што з’явіліся інавацыйныя праекты  пра метапрадметную адукацыю. Дзеці атрымліваюць сістэмныя веды, калі разглядаюць такія метапрадметныя адзінкі ведаў, як знак, як сістэма, калі яны разумеюць, што такое закон. Не перыядычны закон ці закон Ома, а ўвогуле – што азначае слова «закон», што азначае слова «знак», напрыклад.

Так што, калегі, я хацеў сказаць, што, сапраўды, і ў межах дзяржаўнай адукацыі ёсць такія рухі, інавацыйныя праекты, якія ўводзяць новыя элементы ў існуючую сістэму. Працэс нялегкі, бо ен звязаны, па-першае,  з пэўнымі абмежаваннямі, што накладваюць традыцыі, існуючая заканадаўчая і нарматыўная база; па-другое, з псіхалагічнымі, прафесійнымі і ўзроставымі стэрэатыпамі. Але, нягледзячы на абмежаванні, на існаванне супярэчнасцей і праблем ў адукацыі, унутры гэтай дастаткова інертнай  сістэмы ёсць дадатныя тэндэнцыі, якія прывядуць, урэшце рэшт, да таго, што крытычная маса працы педагогаў і ўпраўленцаў, адпаведна новай сітуацыі ў грамадстве і ў эканоміцы, узрасце да такой ступені, калі працэс будзе ўжо незваротны.

Выступ на круглым стале «Наша адукацыя» (Мінск, 12.04.2014)