Парадоксы гуманітарнага кампанента беларускай адукацыі і іх пераадоленне

Яўген Бяласін

германіст, Брэст

1. Атавістычны заходнерусізм?

Да праблемы месца беларускай мовы ў адукацыйнай парадыгме.

1.1. Паверхневае і глыбіннае

Вучні Бярозаўскай сярэдняй школы №3 распрацавалі канцэпцыю «Неабеларусізацыя». Яна мае на ўвазе ўвядзенне беларускай мовы ў садках і школах шляхам стварэння музычных класаў, дзе вывучаецца беларуская народная і новачасная рок-музыка, гурткоў дзеля вывучэння беларускай мовы праз прагляд мультфільмаў, літаратурную працу. Вучні прапануюць стварыць завядзёнку штодня хай сабе і коратка, хай на мяшанай, але гаварыць на беларускай мове. Пра гэта паведаміла 25 сакавіка 2014 г. газета «Маяк».

З другога боку, назіраем такую цікавую з’яву, як сацыяльныя білборды з прамоцыяй беларускай мовы. «Маё першае слова «ПОСПЕХ» – Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?» – і варыяцыі: «каханне», «сябар». Або серыя «Смак беларускай мовы», дзе вялікімі літарамі падаюцца з расейскім перакладам і асаджаюцца ў памяці адметныя слоўкі «кавун», «суніцы» і на іх падобныя.

Нібыта і нізы хочуць, і ніхто ім рот не затыкае, і вярхі спрыяюць (бо кожны білборд каштуе каля ста долараў, у пераліку).

Але возьмем больш глыбінныя з’явы. Да прыкладу, месца беларусаведы ў вышэйшай школе.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Купалы кафедра беларускай мовы дагружаная яшчэ і замежнымі... (!). Яна так і называецца: «кафедра беларускай і замежных моў». Зацемім: гэта з’ява сістэмнага парадку. Нефілолагам паведамляюцца пэўныя веды беларускай лексікі па іхніх дыпломных прадметах і дзеля гэтага яшчэ трымаюць невялікі штат настаўнікаў. Асноўнай мовай выкладання захрасла расейская мова.

Яшчэ больш парадаксальны стан склаўся на філалагічных або звязаных з мовазнаўствам спецыяльнасцях. Адбылася пэўная рэсаветызацыя зместу, духу навучання. Яго варта фіксаваць нават шырэй, чым простае адступленне да стану «голага пацуковага хваста», калі вобразна гаварыць пра тыповы беларускі савецкі філфак з яго навучаннем рускай і беларускай мовам і спадарожным азнаямленнем з некаторымі іншымі мовамі. Так, у Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна паралельна з вяртаннем яму гэтага імя (была дзесьці гадавая паўза, калі Пушкіна прыхавалі і падумвалі надаць імя кагосьці слыннага з мясцовых – Ігнатоўскага або Калесніка) пачалі ўсыхаць адчыненыя аддзяленні і наборы паланістыкі і ўкраіністыкі. Прычыну адміністрацыя падавала такую: «немагчымасць знайсці пасля заканчэння працу праз адміранне польскіх класаў і неіснаванне ўкраінскіх школаў ці класаў». Цяпер польскія класы напярэдадні закрыцця, затое ва ўніверсітэце імя Пушкіна адчынілі яшчэ і рускі Цэнтр імя Пушкіна, які працуе ў цесным кантакце з Генеральным консульствам РФ у Брэсце.

Дазволю сабе паралель з рынкам. Японцы ўжо шмат гадоў рэалізуюць рынкавую мадэль, у якой рэклама як галоўны рухавік продажаў ставіць мэтай не продаж наяўных тавараў, а стварэнне попыту на новыя тавары, якія толькі вось сыходзяць з канструктарскага стала.

Цяпер правяду сістэмную паралель з беларускай дзяржавай. У аграрным сектары, пры дэклараваным роўным падыходзе да абедзвюх формаў уласнасці, мы былі сведкамі, калі фермерам у 1990-я – 2000-я гады далі горшыя землі, не падмацавалі крэдытамі на тэхніку, а потым чыноўнікі ўлучна з галоўным разводзілі перад народам рукамі: «Не получилось!»

Тое самае сістэмна адбываецца ў адукацыі. Замест каб аксіяматычна вывучаць мову і культуру суседніх краін, усталёўваць, пры наяўнасці ахвотных, на парытэтнай аснове (г.зн. пры ўмове спрыяння беларускім школам дыяспары ў суседзяў) польскія і ўкраінскія школы, чыноўнікі не толькі не дбаюць пра гэта, але і давяршаюць выкарчоўку ўласна беларускіх школ, цынічна разводзячы рукамі: «Не получается! Так родители захотели!».

Таму, парадаксальным чынам, нават філолагі толкам не ведаюць беларускую мову.

Так, журналісты, якіх ужо чацвёрты год навучаюць у Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна і якія потым у сваёй большасці маюць адпрацоўваць па размеркаванні ў беларускамоўных яшчэ збольшага раённых газетах, сваю філфакаўскую газету выпускаюць без аніводнага артыкула на беларускай мове.

1.2. Тыпалагічнае

Звузім фокус пагляду.

Пункт «а». Замежная мова як дыпломная спецыяльнасць у свой час была адасобленая ў гэтым універсітэце на адмысловы факультэт. Калі на філфаку яна была б поруч з беларускай мовай і дапамагала б філолагам наблізіцца да еўрапейскай мадэлі (дзве новачасныя і дзве класічныя замежныя мовы), дык на асобным факультэце англійская і нямецкая мовы вывучаюцца выключна ва ўвязцы з расейскай мовай.

Пункт «б». Курс тыпалогіі роднай і замежнай (англійскай, нямецкай моваў) мае на ўвазе параўнанне замежных моваў з расейскаю моваю. Такі самы стан і ў Лінгвістычным універсітэце ў Мінску.

Такім чынам, з аднаго боку, заахвочваюць з білбордаў: «скажы – «поспех», «кавун». Нават дазваляюць падыскутаваць дзецям, што зрабіць, каб застацца беларусамі. А з другога, у ключавых, вузлавых месцах шлях беларускай мове жорстка перакрываецца. «Ваш родной язык русский!»

Да такога не апусціліся нават немцы пры акупацыі 70 гадоў таму. Наадварот, дазволілі адчыніць больш за тысячу беларускіх школаў. Хай сабе і са сваімі мэтамі, але на этнацыд гэта менш падобна, чым сітуацыя ў адукацыйнай сферы, якую маем.

1.3.  Беларуская мова як сродак навучання... замежным мовам

Асобна адзначу прадуктыўнасць пераносу дзвюхмоўнай сітуацыі на методыку навучання замежным мовам. Беларусы здольныя да замежных моваў, як і кожны народ, які жыве ў шматмоўнай стыхіі. Стыхійна мы ў гэтым сэнсе ўжо еўрапейцы, але афармленню гэтага статус-кво нешта моцна замінае, і ці не заходнерусізм гэта ў асяродку чыноўнікаў адукацыі.

У чалавека, які вольна валодае дзвюма і больш мовамі, няма псіхалагічнага парогу пераходу з адной мовы на другую. Пераход з адной мовы на іншую стварае прэцэдэнт навучання па аналогіі, універсальнага для ўсіх сфераў жыцця. Няўцям, чаму беларуская мова не ўжываецца пры вывучэнні замежных моваў няхай сабе нават мінімальна – як мова, на якую ажыццяўляецца пераклад. Хоць псіхалагічна настаўнікаў зразумець можна, бо тут кожны крок выстаўляе ўзроўневыя патрабаванні найперш да іх, але ці можна адкінуць патрабаванні статусныя? Што ж гэта за філолагі такія, якія за больш чым два ўжо дзесяцігоддзі існавання незалежнай Беларусі не навучыліся мове тытульнай нацыі?

2. Засілле матэматычных схемаў у філалогіі – гэта неадэкватнасць

Яны шкодныя і як манапольны сродак, і як змест навучання філалогіі.

2.1. Падставы да вобразнасці

Сістэмна гэта можна патлумачыць рознатыпнасцю поля мовы і поля дакладных навук. Апошнія цалкам паддаюцца кампутарызацыі, а мова не. Хоць спробы робяцца ўсё больш інтэнсіўныя, ды яны марныя. Кампутар не здольны саўладаць з полем мадальнасці мовы, асабліва на ўзроўні суб’екту.

Гуманітарны кампанент адукацыі павінен развівацца адэкватнымі яму сродкамі крэатыўнасці, гульні. Заўважу: гэта не адмаўляе ўжывання матэматызаваных метадаў (табліцаў). Чэмпіён свету ў запамінанні Дамінік О’Браян (Dominic O’Brien) запамінае паслядоўнасць картаў у калодзе менш за хвіліну дзякуючы фабулізацыі: «Дама лэдзі Дай наведала караля Віктора Эмануіла, потым праз калідор з Кансьержкай прыйшла да мяне» («віновая дама» + «чырвовы кароль» + «крыжовая шасцёрка» + «званковы туз») і г. д. Фабульнасць і гульнёвасць уласцівыя чалавечаму мысленню. Нашыя праграмы і падручнікі неадэкватныя гэтаму стану рэчаў.

Мною распрацаваная «Граматыка нямецкай мовы ў вобразах». Яна дазваляе на грунце 25 выяваў інтэнсіўна паўтарыць школьны курс нямецкай граматыкі і ўшчытную наблізіцца да грунтоўнага вывучэння тэарэтычнай граматыкі.

2.2. Прыклад вобразнай граматыкі

Дзеясловы нямецкай мовы большасць граматыкаў дзеляць на моцныя, слабыя і няправільныя. Некаторыя граматысты ўлучаюць няправільныя дзеясловы ў моцныя. Але ніводзін не тлумачыць, у чым іх моц і ў чым слабасць. Спытайце і вы ў любога шкаляра – адказу не атрымаеце. Бо яго не ведаюць ані настаўнікі, ані настаўнікі настаўнікаў.

Між тым назоў тэрміна, бадай што, вынікае з пэўнага антропамарфізму, удала прыкмечанага «хросным першабацькам» граматычнай тэрміналогіі. Моцныя дзеясловы (starke Verben) у сінтэтычным прошлым часе (Imperfekt) і ў сэнсавай частцы дзеяслова (у дзеепрыметніку прошлага часу, Partizip II) аналітычнага прошлага часу (Рerfekt, як і Plusquamperfekt) мяняюць галосны асновы, прычым гэтая змена мае рысы ўнікальнасці. Па-другое, яны не дадаюць канчаткаў у 1-й і 3-й асобах адзіночнага ліку Imperfekt. У адрозненне ад іх, слабыя дзеясловы (schwache Verben) паводле аднастайнага сумнага ўзору далучаюць суфікс –te як маркер Imperfekt і суфікс -t як маркер Partizip II. Такім чынам, дзеясловы паводзяць сябе як людзі: у моцных ёсць свая характэрнасць, слабыя ўсе аднолькавыя, шэрыя, падбітыя пад адзін шаблон, – адзіныя ў сваёй бесхарактарнасці.

Больш за тое, апазіцыйная дыстрыбуцыя «моцны – слабы» мае месца яшчэ ў двух раздзелах канвенцыйнай марфалогіі (слабое / моцнае скланенне назоўнікаў і прыметнікаў), і матывацыя тэрміналагічнай намінацыі застаецца нязменнай. «Слабы» прыметнік паўтарае аднолькавы канчатак –еn ва ўсіх ускосных склонах, а ў множным ліку ва ўсіх склонах: des großen Tages, dem großen Tag, den großen Tag; die großen Tage, der großen Tage, den großen Tagen, die großen Tage. Функцыю паказу склона і ліку бяруць на сябе артыкль і назоўнік. «Моцным» прыметнік становіцца «няхочучы», «не са сваёй волі», – таму што больш няма каму выконваць гэтую функцыю. Тады канчаткі артыкля дублюе прыметнік – з выняткам роднага склону назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду, дзе гэты склон абазначаецца склонавым канчаткам назоўніка: guter Tag, guten Tages, gutem Tag, guten Tag; gute Tage, guter Tage, guten Tagen, gute Tage.

Відавочна, што цяпер матэматызаваныя табліцы па адпаведных тэмах нашмат латвей запомніць.

Зацемім, што граматычныя тэрміны ў сілу аламарфізму моваў найчасцей не прыватыўныя і не новыя, – прыйшлі да нас яшчэ ад першаграматыкаў у выглядзе калькаваных перакладаў. Гэта дадаткова зацямняе разуменне сэнсу вобразнасці. У распрацаваным мною падручніку з карысцю для справы пададзеная этымалогія некаторых граматычных тэрмінаў.

2.3. Вобразнасць: пазіцыянаванне ў тэорыі; практыка ўжывання

Імпліцытныя чалавечаму мысленню псіхалагізм і вобразнасць, відаць, адэкватныя імплікацыям самой мовы. Сказаўшы інакш, такі план выражэння ёсць у любой прыватнай мовы. У граматыцы любой прыватнай мовы ёсць «слабыя месцы», якія дазваляюць зрабіць яе вывучэнне больш адэкватным асаблівасцям чалавечай псіхікі. Прыкладам, тэрмін «вінавальны склон». Тут закладзеныя дзве магчымасці падаць тэрмін як карцінку або/і фабулу. Першая частка акрэслівае часы Старажытнага Рыму і постаць Цыцэрона, які, аказваецца, быў не толькі прамоўцам, але і выступаў у судах у якасці пракурора. І вось ён ужо стаіць пасярод залы з нацэленым на звінавачанага пальцам: «Accuso!» («Абвінавачваю!»). Гаворачы пра тэрмін «склон», варта прывесці назовы граматычных катэгорыяў у аўтараў першых беларускіх граматык, найперш у Браніслава Тарашкевіча.

Заўважу, што трэба размяжоўваць базавыя мадэлі вобразнай граматыкі і поле больш павярхоўна матываванай крэатыўнасці і гульні. Першае, у сістэмным выглядзе, падаецца цалкам занядбаным. Паўсюль выводзяцца матэматызаваныя табліцы, якія дасягаюць сістэмнага максімуму ў тоўстых тыпалогіях моваў. Зробленую аўтарам спробу вылучыць вобразны складнік граматыкі можна ў нейкім выглядзе адсачыць ў падручніках стылістыкі або папулярных выданнях, якія маюць на ўвазе дагляд мовы. Вельмі характэрная тут праца нямецкага абаронцы правільнасці мовы Бастыяна Зыка, які мае на радзіме шумны поспех: як калумніст сродка масавай інфармацыі «Spiegel Online» ён выдаў граматычны бэстсэлер «Давальны склон як смерць роднаму», правёў самы масавы тэлеўрок граматыкі нямецкай мовы і выдаў працяг першай кнігі – гэта калі назваць наўскідку тры самыя значныя дасягненні. Але гэта, на мой погляд, усё яшчэ ў вялікай меры ўнікальныя практыкі.

А вось гульнёва-крэатыўныя методыкі досыць распаўсюджаныя ў замежнай лінгвістыцы. Асабліва натуральна яны спалучаюцца з камунікатыўнай методыкай вывучэння замежных моваў. Варта назваць «Жывую граматыку» (Brighter Grammar) Экерслі і Маколей, – граматыку англійскай мовы з мноствам графічных ілюстрацыяў-анімацыяў, перавыдадзеную ў Маскве.

Мяркую, што настаў час і нам выкладаць філалогію больш адэкватна яе забытаму зместу.

Выкарыстаная літаратура

1. Bastian Sick: Der Dativ ist dem Genitiv sein Tod. Ein Wegweiser durch den Irrgarten der deutschen Sprache. Köln : Kiepenheuer & Witsch, und Hamburg : SPIEGEL ONLINE GmbH, 5. Aufl. 2004.

2. Brighter Grammar. An English Grammar with Exercises / C.E. Eckersley ; M.Macaulay : учебное пособие. - Москва : Международные отношения, 1992.

3. «Маяк» : Массово-политическая газета Березовского района. http://www.maiak.by/news/education/razmaulyac-pa-belarusku-modna.html