Ігар Карней, www.svaboda.org
Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа разьвітаўся з чарговым выпускам сваіх выхаванцаў. Установу, на пачатку 2000-х зачыненую на загад Міністэрства адукацыі, скончылі яшчэ 17 хлопцаў і дзяўчат.
Гэта ўжо 21-шы выпуск ліцэістаў, пачынаючы ад 1994 году, калі дзяржаўныя дыплёмы атрымалі першыя навучэнцы. Цяпер коласаўскі ліцэй застаецца адзінай навучальнай установай перадунівэрсытэцкага кшталту, дзе навучальны працэс адбываецца цалкам на роднай мове.
Вось ужо больш за 10 гадоў ліцэй, конкурс у які калісьці быў сувымерны з паступленьнем на прэстыжныя ўнівэрсытэцкія факультэты, існуе ў фармаце «партызанскай школы». На пачатку 2000-х уладам прыйшлося не даспадобы, што навучаньне ішло цалкам па-беларуску і без прывязкі да ідэалягічных догмаў, а выкладчыкі ў сваёй працы абапіраліся на ўласныя мэтодыкі.
Нягледзячы на супраціў дзяцей і дарослых, летам 2003 году ўстанову расфармавалі, але калектыў не скарыўся лёсу і вырашыў працягваць дзейнасьць у падпольлі. Адметна, што ўсе гэтыя гады нястачы вучняў няма — нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы навучаньня.
На ўрачыстую вечарыну завіталі настаўнікі і бацькі, грамадзкія дзеячы і былыя ліцэісты, вядомыя музыкі, літаратары, мастакі. Музычныя віншаваньні выпускнікам падрыхтавалі папулярны гурт «Рахіс», маладая сьпявачка Паліна Рэспубліка і джазавы выканаўца Пётра Клюеў. Адкрыў імпрэзу заснавальнік і нязьменны дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас:
Уладзімер Колас
«Сьвет у нас інфармацыйны, інфармацыі вельмі шмат самай разнастайнай, і разабрацца, дзе тут праўда, а дзе няпраўда, бывае надзвычай цяжка, і вы гэта ўжо ведаеце і цудоўна разумееце. І гэтае наша існаваньне складаецца з выбараў, бо мы кожны раз робім выбар, прымаем нейкае рашэньне. Дык вось хай на гэтыя рашэньні вашы ўплывае не прапаганда, не піяр-тэхналёгіі, якія робяць з людзей паслухмяную масу, а хай вамі кіруе багаж тых ведаў, якія вы атрымалі ў ліцэі. Мы тут займаліся сапраўднымі, аб’ектыўнымі фактамі, мы стаялі на пазыцыях праўды, аб’ектыўнасьці, праўдзівасьці, а таксама беларускай нацыянальнай тоеснасьці, культуры, гісторыі. Гэта той падмурак, зь якога можна і трэба будаваць жыцьцё кожнаму нармальнаму грамадзяніну Беларусі».
Насуперак шматлікім перашкодам, адміністрацыі ўдалося захаваць касьцяк пэдагагічнага калектыву. Многія выкладчыкі зьвязаныя зь ліцэем ужо больш за два дзясяткі гадоў. Адзін зь іх — філёляг і перакладчык Лявон Баршчэўскі — адмыслова прыехаў на сьвяткаваньне з Кракава, дзе цяпер мае навуковую практыку.
Лявон Баршчэўскі
Дарэчы, некалькі гадоў таму менавіта ў польскім Гданьску ліцэй быў зарэгістраваны як «міжнародная школа», і цяпер навучэнцы раз-пораз выпраўляюцца ў суседнюю краіну, каб легалізавацца:
«Гэта быў курс, які апынуўся ў „франтавых“ умовах, таму што першым мусіў здаваць іспыты ў Польшчы. На падрыхтоўку было ўсяго 4–5 месяцаў — не было падручнікаў, не было практычна нічога. Але калі наша ліцэістка Надзя Авіжыч на 63 пункты здала польскую мову, то гэта ў літаральным сэнсе быў цуд, бо сярэдні паказьнік па Польшчы складаў 65. Гэта для каго польская родная мова, якія зь дзяцінства гавораць, 9 клясаў адвучыліся ў польскай школе. Матэматыку Міхась Лысюк напісаў на 93 балы, гісторыю Юля Пармон здала на 80 балаў зь лішкам. Гэтыя вынікі былі нашмат лепшыя, чым сярэднія па Польшчы, і гэта ўсяго пасьля чатырох з паловаю месяцаў падрыхтоўкі. Гэтых дасягненьняў іншыя курсы пакуль не перавысілі, хоць ужо мелі падручнікі, мелі больш часу на падрыхтоўку. І гэта сьведчыць пра ваш патэнцыял — ня проста я пахваліў, вы паганарыліся і разышліся. Вы можаце шмат чаго ў жыцьці дасягнуць. Я гэтага вам і жадаю...»
Шмат хто зь ліцэістаў працягне навучаньне ў беларускіх ВНУ, некаторыя ж будуць прадстаўляць Беларусь у замежжы. Геаграфія іхняй прысутнасьці традыцыйна шырокая — ад Польшчы і Армэніі да экзатычнага Сынгапуру.
Варта адзначыць, што выпускнікі ліцэю ад сярэдзіны 1990-х годна рэпрэзэнтуюць сваю краіну пад нацыянальнымі сымбалямі, адвучыўшыся ў эўрапейскіх і амэрыканскіх каледжах і ўнівэрсытэтах. Дзьверы для беларусаў адчынялі ўстановы Вялікай Брытаніі, Італіі, Галяндыі, Нарвэгіі, Польшчы, Босьніі і Герцагавіны, Індыі, ЗША ды іншых краін сьвету.
Адна з тых, каму ўдалося атрымаць міжнародны досьвед, — Ганна Прохарава. Пасьля заканчэньня ў 2008 годзе ліцэю спачатку вучылася на паліталёгіі ў Чэхіі, але лёс павярнуўся так, што перамагло даўняе захапленьне спортам. Цяпер яна — чалец нацыянальнай зборнай Беларусі ў жаночым боксе. Мяркуе, што нічога падобнага ў яе жыцьці б не было, каб не ліцэйскі трамплін:
Ганна Прохарава
«Да 9-й клясы я вучылася толькі на расейскай мове, і калі мне трэба было размаўляць са сваім клясным кіраўніком па-беларуску, я доўга не магла пачаць, для мяне першыя словы былі проста непераадольныя. І трэба сказаць, што першы год навучаньня ў ліцэі — гэта была проста рэвалюцыя ў маёй галаве. Тэма беларускасьці, відаць, назаўсёды пранікла ў маю душу, і пасьля сканчэньня ліцэю яна ідзе поруч са мной, якой бы я справай ні займалася — ці то навучаньне, ці то спорт, што заўгодна, залежна ад таго, якую дарогу чалавек абірае... Ліцэй даў мне магчымасьць навучацца ў Чэхіі. Дзякуючы менавіта ліцэю і дзякуючы Чэхіі я стала прынцыпова іншым чалавекам, хоць кожны з нас нараджаецца са сваім лёсам, са сваімі талентамі, і яго здольнасьці толькі разьвіваюцца. Значыць, было самім лёсам наканавана сюды трапіць і прайсьці такі жыцьцёвы шлях. Таму ліцэй для мяне — нешта грандыёзнае ў маім жыцьці, безь яго я не ўяўляю, як бы склаўся мой шлях».
Сёлета месцы сямнаццаці выпускнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа зоймуць паўтара дзясятка падлеткаў, для якіх навучаньне на роднай мове — прынцыповы складнік шляху ў дарослае жыцьцё. Сымбалічнае пажаданьне дзеля таго, каб знайсьці менавіта сваё месца ў бліжэйшай будучыні, даў выпускнікам гурт «Рахіс» зь песьняй «Эўропа».
Уручэньне атэстатаў
Выпускнікі-2014
Бацькоўска-настаўніцкая «тарсіда»
Гурт «Рахіс»
Сьпявае Пётра Клюеў