ЦТ па фізіцы і матэматыцы: мінус 40 працэнтаў удзельнікаў

01.07.2014

Надзея НІКАЛАЕВА, ЗВЯЗДА

Па меры абвяшчэння вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання колькасць прэтэндэнтаў на званне студэнта скарачаецца імклівымі тэмпамі.

Так, пасля здачы экзамену па беларускай і рускай мовах за ўстаноўленым мінімальным парогам у 10 балаў аказаліся больш як 10,4 тысячы чалавек. Але асноўныя «страты» адбыліся, як і чакалася, пасля здачы абітурыентамі фізікі і матэматыкі. Матэматыку ў гэтым годзе здавалі 62 277 чалавек, менш як 15 балаў па гэтай дысцыпліне набралі каля 25 тысяч юнакоў і дзяўчат. З тэстам па фізіцы «змагаліся» 28 085 чалавек, а не справіліся з ім 11 585 удзельнікаў экзамену, якія не змаглі дацягнуцца да планкі ў 15 балаў.

43 абітурыенты атрымалі нуль балаў за свае веды па фізіцы, а на ЦТ па матэматыцы з нулявым вынікам прыйшлі да фінішу 132 абітурыенты. Такім чынам, колькасць «няўдачнікаў» дасягнула ў гэтым годзе па абодвух прадметах 40 працэнтаў ад агульнай колькасці ўдзельнікаў экзамену.

— Мяркую, што вынікі ЦТ адлюстроўваюць рэальную карціну з ведамі школьнікаў па дакладных навуках. Але ўпершыню матэматыку абітурыенты здалі нават горш, чым фізіку, — падзяліўся сваім меркаваннем з журналістам «Звязды» вядомы рэпетытар Яўген ЛІВЯНТ. — Магчыма, тэсты па матэматыцы былі крыху больш складаныя, чым летась. Ва ўсялякім выпадку 100 балаў змаглі атрымаць усяго 16 удзельнікаў экзамену, а ў папярэднім годзе максімум балаў на ЦТ па матэматыцы набралі аж 146 чалавек. Сёлетнія тэсты па матэматыцы не выходзілі за рамкі праграм уступных іспытаў, але некалькі задач, што былі прапанаваны абітурыентам, я асабіста ў іх не ўключаў бы.

На ЦТ па фізіцы сёлета толькі 18 стабальнікаў, а летась іх было 46 чалавек. У тэстах па фізіцы была задача, якая, на маю думку, не адпавядае праграме ўступных іспытаў. Так, у праграме запісана, што праваднік павінен рухацца ў магнітным полі раўнамерна, а ў тэстах была задача В12, у якой праваднік рухаўся роўнапаскорана.

Але ўсё ж, нягледзячы на пэўныя недахопы тэстаў, я абсалютна згодны з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалаем Фяськовым, які параўноўвае ЦТ з градуснікам: нельга крыўдзіцца на «прыбор», які паказвае рэальную тэмпературу — высвечвае тыя праблемы, што існуюць у школьнай адукацыі. Веды школьнікаў, на жаль, працягваюць пагаршацца. Гэта не галаслоўнае сцвярджэнне, а мой асабісты шматгадовы досвед. Калі да мяне на заняткі прыходзяць будучыя абітурыенты, то я заўсёды тэсцірую іх веды па матэматыцы, каб даведацца, дзе ёсць прабелы ў ведах і над чым нам трэба разам працаваць. І прыходжу да высновы, што за адзін год падрыхтаваць да паступлення школьнікаў ужо праблематычна.

Чаму для многіх вынік ЦТ па фізіцы становіцца шокам? Таму што школьныя адзнакі зусім не даюць рэальнай карціны таго, наколькі той ці іншы школьнік канкурэнтаздольны сярод сваіх равеснікаў. І пакуль у школе будуць практыкавацца цяперашнія падыходы да выкладання фізікі, мяркую, рэпетытары без работы не застануцца дакладна… Дзяцей трэба вучыць не механічнаму рашэнню задач і завучванню формул, а разуменню фізічных працэсаў. Для таго, каб зацікавіць іх, каб завалодаць іх увагай, патрэбна сучаснае абсталяванне і дэманстрацыйныя эксперыменты. А ў нас фізіка стала ў школе выключна тэарэтычным прадметам, які вывучаецца пераважна па падручніку.

Па стане на панядзелак сталі вядомыя таксама вынікі ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання па хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі навейшага часу. Хімію ў гэтым годзе на 100 балаў напісаў 1 абітурыент, а менш чым 15 балаў набралі 972 чалавекі. На біялогіі 3 стабальных работы, а менш як 15 балаў набралі 994 абітурыенты. На гісторыі Беларусі 100 балаў атрымалі 6 чалавек, і 1 988 абітурыентаў набралі менш як 20 балаў. Лепшы вынік на сусветнай гісторыі навейшага часу — 97 балаў. Такім вынікам можа пахваліцца толькі адзін чалавек. А 176 абітурыентаў здалі тэст менш чым на 20 балаў. Нагадаем, што на гуманітарных прадметах ЦТ ніжняя прахадная планка складае менавіта 20 балаў.

Безумоўна, сёння ўсіх хвалюе, наколькі істотная канкурэнцыя будзе на ўваходзе ў ВНУ. Нагадаем, што ў 2013 годзе пасля здачы цэнтралізаванага тэсціравання 36% патэнцыяльных прэтэндэнтаў на студэнцкі білет адсеяліся, не пераадолеўшы мінімальную планку на ЦТ, але гэта ніяк не адбілася на ўкамплектаванні самых прэстыжных у сучаснай моладзі спецыяльнасцяў. Больш за тое, прахадныя балы там істотна выраслі. Але ў іншых ВНУ на пэўных спецыяльнасцях засталіся незапоўненыя бюджэтныя месцы…

Каб сітуацыя не паўтарылася, у Міністэрстве адукацыі вырашылі падстрахавацца: згодна з новым парадкам прыёму ў ВНУ, у тым выпадку, калі ў якой-небудзь вышэйшай навучальнай установе застануцца незапоўненыя бюджэтныя месцы, будзе аб’яўлены дадатковы набор. На вакантныя месцы змогуць прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але маюць на руках патрэбныя сертыфікаты, або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ. Таксама да конкурсу на вакантныя месцы будуць дапушчаны і абітурыенты, якія не набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні ўстаноўленую мінімальную колькасць балаў.

Для тых, хто будзе паступаць на бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору, парог будзе зніжаны на пяць балаў: у сертыфікатах па рускай і беларускай мовах абітурыенты павінны будуць мець не менш як 5 балаў, па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі — 10 балаў і 15 балаў — па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах.