Аліна Ваўранюк: Я беларуска па жыцці

Нядаўна адбыўся традыцыйны фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Сёлета ён зазначыўся тым, што на сцэну разам з рок-музыкамі выйшлі дзеці. 25 вучняў пачатковай школы, дзякуючы ініцыятыве сваёй настаўніцы Аліны Ваўранюк, не толькі падпявалі ўсім беларускім рок-зоркам, але  проста “ўзарвалі” свята. І старыя хіты, і новыя песні, і купалаўскія радкі ў іх выкананні публіка прымала з непаўторнымі авацыямі. Настаўніку.info удалося пагутарыць з настаўніцай беларускай мовы Пачатковай школы №4 Алінай Ваўранюк, якая вучыць і гуртуе беларускіх дзяцей на Беласточчыне.

Nastaunik.info: Аліна, ці лёгка прывіць дзецям любоў да роднай мовы, роднага слова ў іншамоўным асяроддзі?

Аліна Ваўранюк: Калі я люблю сваю родную мову і яна займае шмат месца ў маім сэрцы і жыцці, дык усякія цяжкасці можна пераадолець. Ды і беларусаў на Беласточчыне жыве шмат. Мы стараемся захаваць свае традыцыі, мову.


Аліна Ваўранюк - аўтарка падручніка па беларускай мове для пачаткоўцаў

N.: Якія спосабы Вы знаходзіце, каб Вашыя гадаванцы адчулі прыгажосць і палюбілі роднае слова?

А.В.: Я заўсёды ведала, што ўрокі беларускай мовы – гэта не ўсё. Ставім п’есы з маімі вучнямі ў беларускім тэатральным гуртку. Летам езджу з імі на тыднёвыя летнікі. Мы заснавалі грамадскую арганізацыю “АБ-БА” (Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову) і ладзім экскурсіі, музычныя заняткі, арганізуем сустрэчы, канцэрты, выдаем дыскі з песнямі, кніжкі, падручнікі, дапаможнікі, даем майстар-класы настаўнікам і шмат чаго яшчэ. Уваходзьце на наш сайт і чытайце!

N.: Вядома, што Вашыя вучні проста “ўзарвалі” сёлетні фестываль беларускай песні Басовішча. Яны выступілі разам з сапраўднымі зоркамі Беларусі – Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам і іншымі, спявалі песні, якія сталі хітамі не толькі ў Беларусі. Раскажыце, як гэта адбывалася і як да гэтага ставіліся дзеці.

А.В.: Я вяла з дзяцьмі заняткі па суботах, расказвала пра фестываль “Басовішча”, гісторыю беларускай рок-музыкі. Мне не было цяжка, я ж ведаю сваіх вучняў, кожны год езджу на Басовішча. Пахвалюся, што я была пры абмяркоўванні ідэі Басовішча з Басяй Пякарскай (тады яшчэ Кучынскай) і Міколаю Ваўранюком (тады яшчэ ён не быў маім мужам), мы ездзілі ў Менск запрашаць музыкаў на першае Басовішча. Гэта былі незабыўныя хвіліны, першая сустрэча з Сержуком Воюшам, Алесем Камоцкім, Сяргеем Краўчанкам з Уліса. Была суарганізатаркай першага фэсту, а цяпер мае былыя вучні і ўласныя дзеці яго арганізуюць. Ці можа быць цяжка распавядаць пра тое, што любіш, беларускую музыку, дзецям? Абсалютна не! Песні, якія праспявалі дзеці , ведае хіба кожны.

N.: Што можаце параіць сваім калегам – выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў Беларусі, якія таксама вымушаны выхоўваюць дзяцей у чужамоўным асяродку?

А.В.: Па-мойму, самае важнае - дзеці адчуваюць фальш. Яны бачаць, што я не настаўніца роднай мовы толькі на ўроках, я беларуска па жыцці. Выхавалі мы з мужам дзяцей-беларусаў, гавару з імі на сваёй роднай мове, мае вучні, бывала, былі здзіўлены, што я ведаю таксама польскую мову. Я жыву ў Польшчы, гавару па-беларуску з нашым беластоцкім акцэнтам, але гэта мая родная мова.

І я сама,  і дзеці перапоўнены шчасцем, бо дзецям вельмі падабаецца працаваць і рэпетаваць з найлепшымі музыкамі, размаўляць па-беларуску, вучыцца ў іх, займацца сур’ёзнай дарослай справай. А я назіраю, што атрымліваецца -  дзеці вельмі непрадказальныя, як і музыкі.

N.: Мы зразумелі Ваш сакрэт –  паказваць асабісты прыклад і дазволіць дзецям быць стваральнікамі сваёй культуры. Вашыя вучні будуць памятаць, як яны сталі зоркамі фестывалю, мець гэты факт у біяграфіі. Яны адчулі, што беларусамі быць класна! І ім ужо не трэба вучыць астраномію, каб зразумець, што сапраўдныя зоркі свецяць сваім святлом, а больш дробная матэрыя – толькі адлюстроўвае чужое.

А.В.: Дакладна так. У нас яшчэ будзе запіс усяго канцэрту. Паўторым яго на Wschodzie Kultury у Беластоку 29 жніўня. Выступіць Стары Ольса, а потым мы - 25 АБ-БА АРКЕСТР з салістамі, як на БАСовішчы: Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Аляксандрам Памідоравым, Юркам Асеннікам і Хрыстафорам Сяськевічам

Запрашаем!

Трэба, каб было больш пляцовак, дзе дзеці-беларусы маглі б паказаць свае таленты. Зацытую Ігара Варашкевіча, лідара “Крамы”: "Гэта як быў адзіны беларускамоўны рок-фестываль, так ім і застаўся. Больш няма. Прычым, калі раней былі больш дробныя фэсты кшталту "Року па вакацыях", то зараз нічога няма. А тыя вялікія оўпэн-эйры, што ёсць, запрашаюць расійскіх зорак. Уселякае тут было, як і ў розных гісторыях бываюць плюсы і мінусы. Але ўсё ж такі гэта добрая справа. І нам дастаткова сумна было не ездзіць сюды 4 гады".

N.: Дзякуй за размову, і за Басовішча, якое жыве 25 год,  таксама дзякуй!