або Што кожнае лета вабіць настаўнікаў фізікі ў Альхоўку?
Альхоўка — гэта асаблівае месца, якое валодае таямнічым прыцягненнем. Штогод тут збіраюцца настаўнікі з розных рэгіёнаў Беларусі, аб’яднаныя агульнай мэтай, крэатыўным мысленнем, гатовыя вучыцца і дзяліцца з іншымі сваімі знаходкамі. Тут набываеш новых сяброў і з радасцю сустракаешся са старымі.
А належыць ідэя правядзення летніка двум фізікам — настаўніку з Астраўца Анатолю Бацюлеву і прафесару Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалаю Запрудскаму. Яна нарадзілася падчас дэсанту выкладчыкаў фізікі ў Гродзенскі інстытут ўдасканалення настаўнікаў у кастрычніку 1989 года. А ўжо ў чэрвені 1990 года педагогі шукалі месца для будучага летніка.
Пэўную ролю ў выбары менавіта гэтага прыгожага куточка на Астравеччыне адыграў дырэктар мясцовай школы Яўген Чабатароў. Ён шмат гадоў заставаўся актыўным удзельнікам і гасцінным арганізатарам летніка, прадастаўляючы памяшканне школьнай сталовай, інтэрната і камп’ютарнага класа… Яўген Чабатароў і цяпер заўсёды прыходзіць на самыя цікавыя мерапрыемствы летніка. А яго справу працягвае цяперашні дырэктар школы Сяргей Гаўрыловіч.
Заняткі ў «зялёным» класе
Альхоўка размясцілася на беразе ракі Страча, якая бярэ пачатак ад Блакітных азёраў і недалёка ад вёскі ўпадае ў Вілію.
На працягу сямі дзён на беразе рэчкі раскінута шмат палатак. Школьная дошка на бярозах, беларускія песні пад гітару ля вечаровага вогнішча, «зялёны» клас на паляне, юшка, якая булькае ў вёдрах — усё гэта стварае непаўторную чароўнасць летніка. У падрыхтоўцы ўсіх мерапрыемстваў супрацоўнічаюць і тыя, хто прыехаў сюды дваццаць пяты раз, і тыя, хто прыехаў упершыню. Тут усе — на роўных. Кожны сам прымае рашэнне, калі ён будзе дзяжурыць на кухні, якія мерапрыемствы будзе рыхтаваць, у якіх майстар-класах удзельнічаць. Самавызначэнне — адзін з асноватворных прынцыпаў летніка ў Альхоўцы.
З моманту яго заснавання ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў заўсёды знаходзіліся пытанні ўзаемадзеяння вучня і настаўніка, навучання школьнікаў рашэнню фізічных задач, фізічны эксперымент, правядзенне сярод школьнікаў алімпіяд і турніраў. З 1996 года ў змесце кожнага летніка з’яўляюцца праблемныя курсы па актуальных для адукацыі тэмах, а з 2001 года прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Запрудскі чытае аўтарскія курсы.
Леташнія курсы прысвячаліся тэорыі і практыцы абагульнення педагагічнага вопыту. І як вынік, на працягу наступнага навучальнага года 7 удзельнікаў курсаў паспяхова вытрымалі экзамен на кваліфікацыйную катэгорыю настаўнік-метадыст (а гэта, між іншым, найвышэйшы пілатаж у прафесіі), а многія пацвердзілі вышэйшую катэгорыю.
Тэма сёлетніх курсаў «Сучасныя электронныя сродкі навучання ў адукацыйным працэсе школы, гімназіі і ліцэя» выклікала вялікую зацікаўленасць у настаўнікаў.
Кацільён, паласа перашкод і начное арыентаванне
Але вучэбныя заняткі — гэта толькі адзін бок летніка ў Альхоўцы. Ёсць яшчэ і другі — яскравы і захапляльны: гэта розныя спаборніцтвы, конкурсы, канцэрты і іншыя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў вячэрні час. На працягу дваццаці пяці гадоў шляхам генерыравання і апрабацыі ідэй, спроб і памылак, адбору ўдалых знаходак склаліся традыцыі летніка, якія з’яўляюцца асновай тыднёвага свята ў Альхоўцы. Так, урачыстае адкрыццё летніка абавязкова праходзіць у выглядзе кола знаёмстваў, дзе кожны ўдзельнік прадстаўляе сябе іншым: хто ён, што прывяло яго ў летнік, распавядае пра самыя значныя падзеі за апошні год. Чытаюцца пасланні ад удзельнікаў папярэдняга летніка, падымаецца сцяг і гучыць песня.
Заўсёды ўсе з нецярплівасцю чакаюць канцэрт «першагодак» (першагодкамі называюць навічкоў). Традыцыйна весела праходзіць фізіка-спартыўная паласа перашкод, якая складаецца са спартыўных і інтэлектуальных этапаў. Перамагае тая каманда, якая не толькі хутка бегае, але і лепей ведае фізіку, гісторыю і родную мову. Удзельнікі часта трапляюць у незвычайныя сітуацыі…
Найбольш прыгожым вечарам адпачынку ў Альхоўцы звычайна з’яўляецца кацільён, або баль пад соснамі. Запаленыя кандэлябры, упрыгожванне «лясной залы» кветкамі, удзельнікі ў вячэрніх сукенках і фраках — усё гэта стварае атмасферу вытанчанасці і элегантнасці. Кожны выбірае для сабе ролю, імя і рыхтуе адпаведны строй.
Ёсць у альхоўцаў і свой элітарны клуб — «Акадэмія» летніка. Каб стаць правадзейным яго членам, альхоўцу трэба эфектыўна папрацаваць у летніку на працягу 10 гадоў. Урачысты рытуал прысвячэння ў «акадэмікі Альхоўкі» ўпрыгожваюць сяброўскія віншаванні. Адначасова з гэтай падзеяй уручаюцца юбілейныя сертыфікаты з падзякай за плённую працу ў альхоўскім летніку на працягу 5, 10, 15 ці 20 гадоў.
Шмат эмоцый выклікае начное арыентаванне: перад камандамі стаіць задача знайсці 5 пікетаў, схаваных у лесе і на возеры, выкарыстоўваючы толькі карту, компас, ліхтарык і сваю інтуіцыю. Праводзяцца і начныя астранамічныя назіранні, святкуецца найпрыгажэйшае народнае свята Купалле. Нават ёсць свая паходная лазня з купаннем у Страчы. Апошнім часам добрай традыцыяй летніка стала правядзенне экскурсій па роднай беларускай зямлі.
Ланцуговая рэакцыя
Праект «Альхоўка» існуе ўжо 25 гадоў. Ён стаў рэальнасцю і падтрымліваецца дзякуючы многім неабыякавым асобам.
Кожны педагог вяртаецца з Альхоўкі з новымі ведамі, матэрыяламі, агульнымі творчымі напрацоўкамі, выдатнымі ідэямі і незабыўнымі ўражаннямі. Усё гэта знаходзіць творчае выйсце ў апублікаваных артыкулах, дапаможніках для настаўнікаў, распрацоўках урокаў. Распаўсюджванне ведаў, атрыманых у Альхоўцы, звычайна нагадвае працэс, які фізікі называюць «ланцуговай рэакцыяй». Спачатку ідэі аўтара і натхняльніка летніка Мікалая Запрудскага рэалізуюцца праз аўтарскія заняткі і майстар-класы спецыялістаў. Затым удзельнікі распавядаюць пра напрацоўкі сваім калегам у школах, праводзяць выязныя трэнінгі, заняткі на фестывалях і курсах, ствараюць майстар-класы для зацікаўленых настаўнікаў. За 25 гадоў альхоўцы напісалі кандыдацкія і магістарскія дысертацыі, выдалі шмат кніг, выгадавалі вялікую колькасць пераможцаў алімпіяд і конкурсаў даследчых работ, здабылі перамогі ў прафесійных конкурсах.
Напэўна, у кожнага чалавека ёсць месца на зямлі, дзе табе заўсёды рады, дзе цябе паважаюць і чакаюць, дзе ёсць аднадумцы, якія вераць у твае здольнасці і захапляюцца тваімі поспехамі. Беларускім настаўнікам фізікі пашанцавала — у іх ёсць Альхоўка!
Эла ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўніца фізікі,
гімназія №1 г. Жодзіна.
(У Альхоўцы была 8 разоў).
Фота аўтара
Паводле zviazda.by