Медыяканцэрн у дапамогу настаўнікам (прыклад заняткаў)

Надзея Нікалаева, zviazda.by

У Швецыі на дапамогу школьным педагогам прыходзіць медыяканцэрн

Тэлебачанне ў Швецыі, як, напэўна, і ва ўсіх іншых краінах свету, паступова страчвае ў маладзёжным асяродку сваю папулярнасць. Маладыя шведы аддаюць перавагу відэахостынгу YouTube або глядзяць тэлевізійны прадукт на іншых інтэрнэт-платформах. Тым не менш у Швецыі даволі паспяхова дзейнічае вучэбнае радыё (UR), якое ўваходзіць у карпарацыю грамадскага тэлерадыёвяшчання. Насамрэч функцыі вучэбнага радыё куды больш шырокія: ад стварэння навучальных тэле- і радыёперадач, пазнавальных фільмаў па фізіцы, гісторыі, геаграфіі і іншых школьных дысцыплінах, падрыхтоўкі выпускаў навін для падлеткаў — да здымак сур’ёзнага дакументальнага кіно і асветніцкіх праграм для дарослай аўдыторыі.

Сур’ёзныя тэмы — на даступнай мове

— Апошнім часам падыходы да навучання ў шведскіх школах сур’ёзна змяніліся, — расказвае кіраўнік праектаў па стварэнні навучальных праграм Габрыэла ЦІНЦ. — Калі раней у навучальных установах практыкаваўся традыцыйны падыход да выкладання матэрыялу, то сёння галоўны ўпор робіцца на большую самастойнасць навучэнцаў. Напрыклад, настаўнік можа выкладаць вучням нейкую новую тэму, суправаджаючы яе праглядам нашай тэлеперадачы або аўдыя-
запісам.

Між іншым, у Швецыі ўсе ўладальнікі тэлепрыёмнікаў, а цяпер яшчэ і камп’ютараў і планшэтаў з ТБ-цюнарам і доступам у інтэрнэт плацяць ліцэнзійны збор у памеры прыкладна 22 еўра ў месяц, які ідзе ў фонд грамадскага тэлерадыёвяшчання. У карпарацыю ўваходзяць тры медыяканцэрны: шведскае радыё (SR), шведскае тэлебачанне (SVT) і вучэбнае радыё (UR). Палітычна і эканамічна гэта незалежная структура. Закон забараняе трансляцыю рэкламы на грамадскім тэлебачанні і радыё. Дзейнічае спецыяльная камісія, якая адсочвае, каб грамадскае тэлерадыёвяшчанне сапраўды заставалася незалежным ад розных палітычных і эканамічных сіл у грамадстве…

Кожны дзень дзве гадзіны (праўда, не ў прайм-тайм), адводзяцца ў сетцы тэлеэфіру прадуктам, якія ствараюцца супрацоўнікамі вучэбнага радыё.

— Гэта могуць быць навукова-папулярныя фільмы, анімацыйная або звычайная перадача, якую педагогі выкарыстоўваюць на ўроку для навучання школьнікаў. Мая 15-гадовая дачка, як і яе равеснікі, рэдка глядзіць тэлевізар, але ў навучальных мэтах нашы перадачы яна ўсё ж зрэдку прагледжвае, — усміхаецца Габрыэла. — У вучэбнага радыё вельмі добра наладжаны кантакты з ведамствам школьнай адукацыі, мы вывучаем вучэбныя планы і ствараем свае прадукты, абапіраючыся на іх. У нас ёсць цэлы аддзел, супрацоўнікі якога кантактуюць з педагогамі і падказваюць нам актуальныя тэмы. Да таго ж на сайце вучэбнага радыё і тэлебачання ёсць раздзел, куды выкладчыкі могуць заходзіць і загружаць заданні, якія суправаджаюць той ці іншы фільм і перадачу, і пытанні для абмеркавання ў класе. Нашы перадачы даступныя ўсім: у архіве можна знайсці любы прадукт, створаны на працягу апошніх пяці гадоў…

Расказвае прадзюсар праграмы навін для дзяцей і падлеткаў Густаў РАНШЭ:

— Кожны дзень мы рыхтуем выпускі навін, разлічаныя на падлеткавую аўдыторыю. Іх працягласць — ад 5 да 15 хвілін. А раз на тыдзень выходзіць выпуск навін з сурдаперакладам. Крытэрыі адбору навін у нас асаблівыя: акрамя важнасці інфармацыйнай падставы, глядзім, як тая ці іншая тэма, якую мы ўздымаем, можа быць выкарыстана для дыскусіі на ўроку, для работы ў групе. Няхай гэта будзе нават сур’ёзная навіна сусветнага маштабу, але калі яе нельга будзе прывязаць да нейкай тэмы ў школьным навучанні, мы яе, хутчэй за ўсё, праігнаруем. Даволі часта ўзгадваем у сваіх навінах падзеі ва Украіне і Сірыі. Тэма можа быць «дарослай», але мы падаём яе дзецям у даступнай форме на зразумелай ім мове. Ахоп тэм у нас, як той казаў, ад самых нябёсаў да самай зямлі.

YouTube — на службе ў школы

У Швецыі самы высокі ўзровень выкарыстання інтэрнэту ў Еўрапейскім саюзе. Як сведчаць даследаванні, у інтэрнэце 12-16-гадовыя шведы праводзяць сама меней тры гадзіны на дзень. Палова дзяцей ва ўзросце чатырох гадоў ужо маюць уласны досвед пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. Анлайн-тэлебачанне і YouTube — адны з самых папулярных рэсурсаў. Але тое, чым дзеці займаюцца анлайн, залежыць ад іх полу і ўзросту. Падлеткі шукаюць інфармацыю для хатніх заданняў, вядуць блогі, бавяць час у сацыяльных сетках, забаўляюцца з праграмамі для смартфонаў. А дзеці малодшага ўзросту больш за ўсё цікавяцца гульнямі.

Зараз вучэбнае радыё запусціла новы праект — з удзелам вельмі папулярнага сярод моладзі блогера. Стаўку вырашылі зрабіць на цяперашняга куміра падлеткаў, якому дазволена ўзнімаць самыя розныя тэмы, якія насамрэч цікавяць школьнікаў: ад палітыкі і экалогіі да энергетычных напояў, поп-«зорак», сужыцельства і сексу. Яго перадачы транслююцца на YouTube.

— Для нас гэта зусім новы спосаб дастукацца да моладзі, але мы спрабуем уцягнуць у сферу нашага ўплыву і тых падлеткаў, якія літаральна жывуць у інтэрнэт-прасторы, — тлумачыць Густаў.

Седзячы ў інтэрнэце, дзеці і падлеткі пастаянна падвяргаюць сябе рызыцы: яны могуць пацярпець ад кібергвалту (псіхалагічнага ціску, абраз, пагроз, што паступаюць праз інтэрнэт), выказванняў, якія распальваюць варожасць паміж рознымі сацыяльнымі групамі, а таксама дзеянняў сексуальнага характару. Існуюць і іншыя пагрозы: азартныя гульні, развіццё залежнасці ад сусветнай павуціны, незаконная загрузка даных з інтэрнэту. Многія дзяўчаты адчуваюць ціск з боку стэрэатыпаў і недасяжных ідэалаў прыгажосці, што прыводзіць да зніжэння самаацэнкі маладых людзей і росту іх незадаволенасці ўласным целам. Усё гэта сведчыць пра неабходнасць павышэння ўзроўню медыяасветы сярод падлеткаў. Таму і вучэбнае радыё не можа заставацца ўбаку ад гэтай праблемы…

Медыяасвета — ключ да поспеху ў вучобе

— У нас ёсць праграмы, прысвечаныя медыя, — расказвае Габрыэла. — Напрыклад, праграма для школьнікаў 10-12-гадовага ўзросту, якая называецца «Гэта праўда?». Дзецям распавядаюць пра пагрозы ў інтэрнэце, пра гендарны аспект у медыя, пра махлярствы са здымкамі, пра тое, як маніпулююць свядомасцю стваральнікі рэкламы. Серыя перадач для школьнікаў ад 13 да 15 гадоў прысвечана правілам і абавязкам чалавека ў інтэрнэце. Мы тлумачым, што нават калі яны проста ставяць «лайкі», яны становяцца часткай агульнай медыяпрасторы.

Ёсць перадача, галоўная задача якой вельмі даступна расказваць падлеткам, як функцыянуюць медыя. Ёсць і больш складаныя перадачы для больш дарослага ўзросту. Напрыклад, мы распавядаем старэйшым школьнікам пра ўладу фотаздымкаў: як з дапамогай мастацтва фатаграфіі можна эмацыянальна ўздзейнічаць на аўдыторыю.

— Аднойчы мы ўзнімалі тэму, наколькі небяспечная журналісцкая прафесія. Безумоўна, пра яе можна разважаць абстрактна. Але мы вырашылі расказаць пра лёс канкрэтнага журналіста, які знаходзіцца зараз у зняволенні, — распавядае Густаў.

У вучэбным плане шведскай школы зафіксавана, што вучні павінны крытычна ставіцца да інфармацыі і ўмець аналізаваць яе, пачынаючы ўжо з першага года навучання.

У Швецыі дзейнічае Савет па справах медыя, які ўсе свае намаганні накіроўвае на тое, каб працаваць над медыя-
асветай і медыяадукацыяй. І абарона непаўналетніх спажыўцоў ад шкоднага ўплыву медыя — галоўны напрамак іх работы.

Даказана, што медыяасвета дазваляе навучэнцам набываць навыкі, якія дапамагаюць дасягаць ім поспехаў і ў вывучэнні любых іншых прадметаў — такія, як назіральнасць, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, зацікаўленасць і цэласнае бачанне.

— На сайце вучэбнага радыё ёсць падказкі, дапамога педагогам і бібліятэкарам, як трэба працаваць і асвятляць у класе тую ці іншую тэму, — дапаўняе калегу Габрыэла. — Да кожнай тэмы ёсць спасылкі на нашы перадачы. Галоўная наша задача — дапамагчы змадэляваць дыскусію ў класе.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота аўтара.

Мінск — Стакгольм — Кальмар — Мінск.

Прыклад заняткаў у класе на тэму «Музыка: мінулае і сённяшні дзень»

Паглядзіце на фотаздымкі прадстаўнікоў шоу-бізнесу, папулярных сёння і раней ва ўсім свеце. Напрыклад, у 2000-х гадах — гэта Robyn і Emіnem, у 90-х — Nіrvana і Backstreet Boys, у 80-х — група Europe і Майкл Джэксан, у 70-х — Боб Марлі, групы АBBA і Deep Purple. Гэтыя «зоркі» былі іконамі стылю: мільёны падлеткаў хацелі быць падобнымі да іх, капіравалі іх прычоскі.

Пытанні для абмеркавання

Гэтыя артысты ўсё яшчэ лічацца моднымі і папулярнымі?

На каго падобны вы?

Як на вашу думку: праз 10 гадоў яны ўсё яшчэ будуць для вас эталонам для пераймання?

Чаму ўяўленне аб прыгажосці і стылі змяняецца з часам?

Хто вызначае, што выглядае добра, а што — дрэнна? Вы ці хтосьці іншы?