Як жывецца маладому настаўніку

Андрэй (імя зменена на просьбу аўтара)

У гэтай нататцы я выкажу сваё меркаванне аб працы ў школе. Звяртаю ўвагу, што дадзенае меркаванне з'яўляецца суб'ектыўным і можа не супадаць з меркаваннем астатніх маладых настаўнікаў.

Аб прафесіі настаўніка я марыў з маленства. Мабыць ужо ў 13 гадоў, гледзячы на бацькоў, якія працавалі ў школе, у мяне не ўзнікала пытання, кім я буду працаваць. Так яно і адбылося. У 2012 годзе я скончыў фізічны факультэт адной са шматлікіх ВНУ краіны і трапіў працаваць у вёску, як і большасць маладых настаўнікаў.

15 жніўня 2012 г. Перад гэтым днём у галаве круцілася шмат думак пра тое, што мяне чакае па прыходзе ў школу. На гэты конт было шмат перажыванняў, якія, на шчасце, не пацвердзіліся. Мяне ветліва сустрэлі, азнаёмілі з асноўнымі момантамі, якія датычацца  кантракту, і распавялі пра традыцыі школы. У цэлым мяне ўсё задаволіла і ўзмацніла жаданне добра працаваць.

1 верасня 2012 г. Урачыстая лінейка, дзеці, якія з цікавасцю глядзяць на мяне ў якасці маладога настаўніка, і ў цэлым, вельмі прыемная атмасфера, ад якой прыемна на душы.  Гэты дзень напоўнены думкамі аб тым,  што мары дзяцінства збыліся і я зноў у школе. Аднак, ужо ў новай якасці.

2012 - 2014 г. З першых дзён я зразумеў, што педагогіка, якую мы вывучалі ў ВНУ, і педагогіка якой патрэбна валодаць у школе, каардынальна не супадаюць. Дастаткова згадаць “Образование  – это двусторонний целенаправленный процесс ...”. Аб двубаковасці таго навучання казаць цяжка. І не таму, што дзеці нейкія не такія. Дзеці звычайныя, але тэорыя гэта тэорыя, а практыка… Яе якраз і не хапала. Акрамя гэтага, не хапала ведаў аб запаўненні класнага журнала, падрыхтокі да ўрокаў, выстаўлення адзнак, прафесійных узаемаадносін з бацькамі вучняў… Спіс можна працягваць. Але ж гэта ўсе неяк пры дапамозе калег і адміністрацыі ўдалося вырашыць. I казаць  аб  гэтым, як аб невырашальных цяжкасцях, не прыходзіцца. Гэта толькі ў нейкім сэнсе адлюстроўвае пэўныя недахопы падрыхтоўкі ў ВНУ (якую ў цэлым я ня крытыкую, бо разумею, што пры атрыманні адукацыі стаяць другія прыярытэты ).  Куды больш незадальнення выклікалі іншыя рэчы.

Першая з іх, як не дзіўна, гэта не заробкі, якія я атрымліваў за сваю працу. Па-першае, я добра разумеў, куды я іду працаваць, па-другое, ёсць іншыя мэты ў жыцці. Але ж казаць, што заробленага хапала, не даводзіцца, і гэта адна з тых прычын, чаму маладыя настаўнікі не жадаюць працаваць у школе. Незадавальненне і здіўленне выклікала тое, што ад настаўнікаў патрабуюць падпісвацца на газеты і часопісы, пры гэтым у маёй школе зацвярджаўся спіс, якога кожны настаўнік абавязаны прытрымлівацца. І нікога не кранае тое, што ў мяне ёсць свае цікавасці і патрэбы, якія датычацца газет і часопісаў. Да і ў вогуле, мне звычней чытаць навіны і цікавыя для мяне падзеі ў сеціве.

Прайшоў пэўны час, з газетамі неяк звыкся, хаця не магу сказаць што не ўзнікала сутычак з завучам на гэты конт. Падышоў час алімпіяд. Маё стаўденне да гэтага добрае, але, я лічу што ўдзел у іх павінны прымаць тыя, каму гэта цікава, і тыя, хто мае здольнасці па прадмеце. Але ў дырэктара  і яго намесніка на гэты конт іншыя меркаванні. Ім патрэбна даць інфармацыю ў адзел адукацыі – а якім чынам гэта будзе праводзіцца, іх не датычыцца. Дарэчы, класы ў нас невялікія (6 – 10 чалавек). І ўсе больш-менш зацікаўленныя дзеці (3 чалавекі ) прымалі ўдзел у алімпіядзе па матэматыцы. Калі я паведаміў што займацца “филькиной грамотой” не маю намеру, я адчуў у поўнай меры на сабе, што такое сістэма адкуцыі як механізм ўздзеяння на настаўніка… Гэта ж дачыцыцца ўсіх конкурсаў, якія даводзяцца да школ “зверху”.

Яшчэ для мяне, як для настаўніка, незразумела наступнае. Кожны з адміністрацыі, прыходячы на ўрок, пачынае мяне вучыць, як мне весці іх. Пры гэтым дырэктар і яго намеснік у розны час на розных уроках даюць узаемавыключныя “парады” на гэты конт, і пры гэтым іх не цікавіць маё меркаванне. Спачатку спрабаваў працаваць, як лічу патрэбным, але потым пачаў раздзяляць урокі на тры групы: 1) урок, на які пойдзе дырэктар; 2) урок, на які пойдзе намеснік дырэктара; 3) урок, які я вяду, як лічу патрэбным, у адпаведнасці з праграмай.

Можна шмат чаго напісаць яшчэ, але насамрэч, каб апісаць тое, што не зразумела і выклікае негадаванне, не хопіць часу… Таму напішу яшчэ пра тое, што лічу “апагеям маразму”. Гэтая рэч называецца суботнікам. Можа, у гэтым няма і нічога дрэннага, каб не метады, якімі збіраюцца настаўнікі на гэтае мерапрыемства. Усіх нязгодных запужваюць, абяцаюць пакінуць без прэмій, не заключыць кантракт на наступны год, а грошы на суботнік утрымаць праз бухгалтэрыю…

Зразумела, гэта толькі вяршына айсберга. Калі капнуць глыбей, то можна сустрэць і не такія дзіўнасці. Гэта многіх настаўнікаў  не задавальняе, і яны вымушаны шукаць сабе іншую працу. Саме дрэннае, што кідаюць адукацыю даволі здольня людзі. Час пакажа, што будзе далей, але пакуль мы самі сябе будзем зняважаць, з намі будуць паступаць, я паступаюць зараз… А можа так і трэба?

А я тым часам запасаюся сіламі на наступны вучэбны год. На пачатку года мяне чакае атрыманне другой катэгорыі. Акрамя працы ў гэтым напрамку, я паціху знаёмлюся з нашым заканадаўствам, каб у кожным незразумелым моманце аргументаваць, чаму я не зрабіў тое ці іншае мовай юрыдычных зносінаў.