Шлях да мовы аднаго настаўніка

Яўген Пархоменка

Калі спытаць любога чалавека, што адрознівае чалавека як носьбіта культуры, большасць адразу адкажа, што гэта мова. Калі спытаць любога з рускамоўных беларусаў, чаму яны не выкарыстоўваюць тое, што іх адрознівае ад астатніх народаў, можна пачуць шмат дзіўных рэчаў. Але самы распаўсюджаны адказ: «Все говорят по-русски». Цяжка ўявіць паляка, які размаўляе па-руску, альбо немца з англійскай мовай. Узнікае пытанне, чаму ж беларусы маюць тое, што маюць?

Сорамна прызнацца, але ж да нядаўняга часу моўнае пытанне мяне ніяк не кранала. Як і большасць, я рамаўляў па-руску і не разумеў, як можа быць інакш. Першы званочак у мяне прагучаў, калі мая вучаніца з Арменіі ў прыватнай размове выказала здзіўленне, што беларусы не шануюць родную мову. Яна распавядала, як з Арменіі яна з бацькамі пераехала ў Беларусь, калі была яшчэ зусім маленькай, але мову сваю ведае дасканала, хоць і не ўмее на ей пісаць, і заўседы на ёй размаўляе дома.

Мне дагэтуль неяк няўтульна ад выпадку, калі я не вельмі адказнага хлопчыка папрасіў прачытаць абавязкі вучня, надрукаваныя ў дзённіку, а пасля папрасіў яго пераказаць іх. Вучань сказаў, што не разумее напісанага і запытаў, ці не знайду я для яго гэтыя абавязкі на рускай мове. Чым больш дзён я працаваў у школе, тым відавочней было, што дзеці не ведаюць мовы. У мяне нават узнікла уражанне, што ў іх больш трывалыя веды па немецкай мове, чым па роднай. Але ж і гэта не вымусіла мяне змяніць свае стаўленне да статусу роднай мовы, і я, як і раней, працягваў выкарыстоўваць рускую.

Першы раз, калі я афіцыйна паспрабаваў выкарыстоўваць мову, быў святочны «Дзень роднай мовы». Задавальненне, якое я атрымаў ад гэтага, цяжка апісаць словамі. Мабыць у той дзень я і пасеяў зерне, якое далей пачало расці. Крок за крокам мова пранікала ў маю душу. Скончылася гэта тым, што я пачаў адказваць па-беларуску людзям, якія на гэтай мове да мяне звяртаюцца.

Прайшоў пэўны час, і здарылася тое, што дазволіла мне амаль канчаткова вызначыцца як носьбіту беларускай культуры. Мне давялося трапіць у дзівоснае месца, пабыўшы у якім адзін тыдзень, я атрымаў штуршок, на які раней не мог і спадзявацца. Гэтае месца завецца Альхоўкай. Акрамя метадычнай падтрымкі, новых ідэй і знаёмстваў, я атрымаў там нешта большае – жаданне размаўляць па-беларуску. Дзякуй вам за гэта, сябры!