Тамара Мацкевіч
Міністэрства адукацыі лічыць, што тэма “Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне” будзе спрыяць “фарміраванню грамадзянскасці і патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці падрастаючага пакалення і стаць магутным імпульсам для арганізацыі выхаваўчай работы”.
Чаму зноў вайна? Да чаго нас рыхтуюць? Нацыянальную свядомасць якой нацыі фармуюць, калі Беларусь наогул у тэме не згадваецца?
Ва Украіне сёлета тэма першага ўрока -- “Украіна – адзіная краіна!” Бо менавіта кансервацыя савецкіх міфаў на Данбасе прывяла да трагедыі і вайны там. І хай са спазненнем, але школа Ўкраіны імкнецца прышчапіць дзецям каштоўнасці сапраўднага патрыятызму – гонару за свой свабодны народ.
Арэол рамантызму, які міністэрства стварае вакол вайны, вакол вялікай перамогі неіснуючага САВЕЦКАГА народа, вялікасці неіснуючай краіны СССР з дапамогай такіх заняткаў можа быць небяспечным. Вельмі зручны фантастычны свет: тут свае – савецкія, там ворагі – яны фашысты. Не тое што сапраўдны свет, дзе шмат адценняў і паўтаноў, у якіх трэба разбірацца, каб існаваць, працаваць, жыць паўнавартасным жыццём. Гэта нялёгка. Прасцей – мы пакажам табе, хто сёння вораг і фашыст; бі ворагаў, і ты герой! Так хочацца ў СССР!
Кажучы адкрыта, міністэрства нам рэкамендуе прамываць савецкім міфамі мазгі нашым дзецям, заразіць іх маладую несфармаваную свядомасць ідэалагічным вірусам вайны, называючы гэта патрыятычным выхаваннем.
Нагадаю, што ў большасці краінаў свету, дзе школа рыхтуе дзяцей да мірнага і заможнага жыцця, гэтыя дзеці потым так і жывуць – мірна і заможна. Прыкладам, у Швецыі вы не знойдзеце дзіцячай кніжкі пра вайну – іх не друкуюць з часоў Астрыд Ліндгрэн. Чаму ж у мірнай Беларусі раптам вайна? Каму і навошта спатрэбілася выцягнуць з нафталіну паняцце “савецкі народ”?
Павел Шарамет, беларускі журналіст, які доўга пражыў у Расіі і працаваў на ОРТ, прасачыў, як развівалася сітупацыя з ідэалагічнай апрацоўкай моладзі ў Расіі і да чаго гэта прывяло. Ён больш кажа пра ўплыў медыяў, але ці не тое самае рабілі настаўнікі?
Працытую на мове арыгіналу:
“Кто-то использовал советскую эстетику ради хохмы, кто-то эксплуатировал советские мифы, потому что новых мифов не было, а это приносило деньги… Кто-то спекулировал на советском прошлом чисто политически, чтобы скрыть свою импотенцию и неспособность управлять страной. А молодежь это все принимала за чистую монету… Такой выверт сознания привел к тому, что люди с удовольствием делают свое грязное дело. Ну а молодежь… Я поражен, что молодежь ностальгирует по советской империи, готова подтирать зад газетой, потому что пропадет туалетная бумага. Я думаю, что это во многом наша вина, потому что мы не рассказывали своим детям об ужасах советского времени, мы играючи выпустили джинна из бутылки, расписывая о том, какая была великая страна, что весь мир нас боялся. Мы забыли, что бояться и уважать – это все-таки разные вещи”.
Сапраўды, у Расіі падрыхтавалі глебу для рэакцыі, а потым моладзь, наглядзеўшыся тэлеканалаў, дзе прафесійныя прапагандысты стварылі антыўкраінскія страшылкі пра міжнацыянальную трагедыю, гатовая ісці на святы бой за адраджэнне імперыі і савецкага народу. Яны думаюць, што, уварваўшыся на тэрыторыю чужой краіны, яны не агрэсары, а “защитники Русского мира”, яны думаюць, што бароняць мірных людзей ад “фашыстаў-бандэраўцаў”. Рацыянальныя аргументы на іх не дзейнічаюць. Няважна, што Сцяпан Бандэра сядзеў амаль 4 гады ў фашысцкай турме, бо выступаў за самастойнасць Украіны, ён – фашыст, бо так прасцей. Няважна, што ніхто ані ў Крыме, ані на Данбасе не ўціскаў рускую мову. Усе, хто не за савецкі народ і рускі мір – фашысты.
Я баюся думаць, што нашае міністэрства рэкамендуе гэтую тэму не па сваёй недалёкасці, а па загадзе зверху. Бо пасля ідэалагічнай вайны заўсёды ідзе сапраўдная. Ці не да яе нас рыхтуюць?
Я аптымістка і ведаю, што не бывае кепскіх тэмаў, калі ёсць добрыя настаўнікі. Ведаю, што знойдуцца тыя, хто здагадаецца прачытаць на першым уроку дзецям несмяротны тэкст Уладзіміра Арлова Незалежнасць – гэта… І няхай дзеці самі працягнуць размову – што для нас незалежнасць сёння…