Нагадваем, што з сайта Nastaunik.info можна ўзяць беларускамоўныя атласы для 5 класа па прадметах «Чалавек і свет» і «Гісторыя Старажытнага свету»!
Знайсці для свайго дзіцяці месца ў беларускамоўным класе — складаная задача. Не ва ўсіх гарадах і не ва ўсіх мікрараёнах Мінска яны ёсць. Але на гэтым бацькоўскія нягоды не заканчваюцца. Няма падручнікаў і дапаможнікаў на мове.
«У дадатак да школьнага набору падручнікаў патрэбныя працоўныя сшыткі, атласы, карты, — кажа Крысціна Вітушка, маці Мірона, які ходзіць у мінскую гімназію №23. — Дык вось, па прадмеце «Гісторыя» ў 5 класе ні сёлета, ні летась не рабілася дзяржаўная замова і не выпускаліся карты і атласы па-беларуску. У бібліятэцы гімназіі ёсць атласы мінулых гадоў выдання, але контурныя карты — прадукт аднаразовага выкарыстання, і іх няма».
За выпуск контурных карт у Беларусі адказвае «Белкартаграфія». Пералік прадукцыі на сайце прадпрыемства пацвярджае скаргі бацькоў: па-беларуску выпускаюцца толькі контурныя карты па гісторыі Беларусі і прадмеце «Чалавек і свет» для 4 класа. Дапаможнікі па сусветнай гісторыі, геаграфіі — толькі па-руску. Вось табе і хвалёнае раўнапраўе.
Апошні наклад беларускамоўных атласаў па гісторыі старажытных часоў «Белкартаграфія» выдала ў 2012 годзе невялікім накладам — 7365 асобнікаў. Зразумела, усім не хопіць. Па-беларуску ў краіне вучацца 16% школьнікаў. Пакуль яшчэ 16.
За падручнікі адказвае Нацыянальны інстытут адукацыі. Там жа пралічваюць і неабходныя наклады расійскамоўных і беларускамоўных выданняў.
«Атлас уваходзіць у камплект падручнікаў, які выдаецца ў школе, — патлумачыў начальнік аддзела па забеспячэнні сродкамі адукацыі Андрэй Халімановіч. — Па заканчэнні навучальнага года яны вяртаюцца ў бібліятэку. Цяжкасці могуць узнікаць, калі дапаможнік даўно не перавыдавалі і ён знасіўся. Ці калі вучань ходзіць у рускамоўную школу, а бацькі хочуць яму купляць беларускамоўныя дапаможнікі. Тады, можа, давядзецца пабегаць, пашукаць. Але беларускамоўныя атласы і карты мусяць быць. Я іх асабіста рыхтаваў».
Аднак у продажы іх няма! Ва ўпраўленні навучальнага кнігавыдавецтва НІА патлумачылі, што выданне атласаў фінансуецца з бюджэту і адбываецца па дзяржзамове.
А вось контурныя карты выдаюцца за сродкі самой «Белкартаграфіі» — галоўную ролю адыгрывае попыт і заяўкі ад гандлёвых сетак. На жаль, церпіць ад гэтага беларускамоўны спажывец: прадаваць рускамоўныя дапаможнікі выгадней. А тыя беларускамоўныя… Абыдуцца!
Базавыя беларускамоўныя падручнікі вучням выдаюць. Але за межамі школьнай бібліятэкі пра гарантаваную роўнасць моваў казаць не даводзіцца.
Са свечкай не знойдзеш не толькі беларускамоўных контурных карт, але і веераў з беларускімі літарамі для першакласнікаў, простых сшыткаў з табліцай множання, падручнікаў і сшыткаў па англійскай Magic Box для малодшых класаў, дапаможнікаў па рэдкіх замежных мовах, якія вывучаюцца ў гімназіі, дапаможнікаў з дадатковымі заданнямі, без якіх цяпер не ўявіць навучальны працэс…
Недахоп беларускамоўнай метадычнай літаратуры педагогі кампенсуюць рускамоўнай. Маўляў, дзеці і так зразумеюць.
Так, напрыклад, пракаментавала адсутнасць беларускамоўных контурных картаў дырэктарка беларускамоўнай 28-й гімназіі Мінска Ніна Лазоўская: «Дык а што, на рускай мове нельга прачытаць? Яны адрозніваюцца? Там Заслаўе, тут Заслаўе. Якая розніца?»
Так, розніца толькі ў тым, што такім чынам беларусаў русіфікуюць. Паслядоўна, са школы, у вялікім і малым. Паглядзелі б вы на рэакцыю, калі б рускім выдавалі контурныя карты па-беларуску. Вось такая «розніца».