Падрыхтавала Надзея Нікалаева, zviazda.by
«Звязда» пачынае публікацыю меркаванняў з нагоды аб’яўленай у краіне грамадскай дыскусіі па праблемах у сістэме адукацыі
Дашкольная ўстанова № 115 горада Мінска размешчана ў новым мікрараёне сталіцы – Брылевічах. Доўгі час яна была адзінай на тэрыторыі, забудова якой жылымі дамамі намнога апярэджвала ўзвядзенне аб’ектаў сацкультбыту. Натуральна, што ў такіх умовах склаўся ажыятажны попыт на адукацыйныя паслугі згаданай дашкольнай установы.
Гэтая акалічнасць ускладняецца яшчэ і сітуацыяй, якая паўтараецца з года ў год. Некаторыя з бацькоў дзяцей, што дасягнулі школьнага ўзросту, адмаўляюцца аддаваць іх у школу, пакідаючы ў дзіцячым садку. А многія з матуль карыстаюцца правам накіравання дзіцяці ў дашкольную ўстанову, знаходзячыся дома ў водпуску па доглядзе дзіцяці, – аддаюць іх у ясельныя групы. Як правіла, гэтая праблема вырашаецца штогод за кошт карэкціроўкі набору дзяцей у малодшыя групы, а таксама за кошт павелічэння колькасці выхаванцаў у старэйшых групах.
Яшчэ вясной праводзілася апытанне сярод бацькоў выхаванцаў «выпускных» груп наконт таго, пойдуць іх дзеці восенню ў школу або застануцца ў садку. Сёлета, відаць па ўсім, такая работа ў садку была праведзена няякасна. Пры гэтым была набрана дадатковая, так званая «камерцыйная» група, якая, па некаторых звестках, сфарміравана ўвогуле без уліку чарговасці і патрэбы. У выніку да сітуацыі, калі 26 дзяцей, замест таго, каб ісці ў школу, засталіся ў дзіцячым садку, установа аказалася не падрыхтавана. Таму старшыя групы сфарміравалі такім чынам, што колькасць дзяцей у кожнай з іх перавышае 40 чалавек – пры нарматыве ў 20. Адпаведна, парушаны санітарныя, супрацьпажарныя і іншыя нормы.
У такіх умовах не толькі не можа праводзіцца належным чынам падрыхтоўка да школы, а ўвогуле трэба весці размову як пра псіхалагічна-эмацыянальную і фізічную бяспеку дзяцей, так і пра невыносныя ўмовы працы выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў, якія працуюць з падвоенай (і нават патроенай) нагрузкай.
Павышаная стамляльнасць з-за скучанасці, адсутнасці асабістай прасторы становіцца прычынай агрэсіўных паводзін дзяцей. Канфлікты, якія ўзнікаюць, не заўсёды могуць быць своечасова папярэджаны выхавальнікамі – зноў жа з-за вялікай колькасці дзяцей, за паводзінамі якіх трэба сачыць. Звароты бацькоў да кіраўніцтва ўстановы ніякага выніку не прынеслі. Прапанаваныя бацькам варыянты вырашэння праблемы зводзяцца пераважна да магчымага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Фактычна не прыстасаваныя для такой колькасці дзяцей памяшканні плануецца дадаткова загрузіць мэбляй (ложкамі, крэсламі і г.д.), што зробіць іх яшчэ больш траўманебяспечнымі для выхаванцаў.
Праблемы, якія ўзнікаюць з-за пралікаў у арганізацыі работы ДДУ № 115, яго кіраўніцтва перакладвае на бацькоў, ставячы іх фактычна перад выбарам – пакідаць дзяцей у перапоўненай групе або сыходзіць з яе за год да паступлення ў школу. І гэта пры тым, што ўжо склалася ўзаемаразуменне і добразычлівыя адносіны з выхавальнікамі, а таксама выдаткаваны пэўныя сродкі на матэрыяльную базу групы.
Безумоўна, няправільна было б з нашага боку асуджаць усіх бацькоў, якія вырашылі шасцігадовых дзяцей «пакінуць на другі год» у садку або накіраваць малога ў яслі, знаходзячыся пры гэтым дома, – у кожнага могуць быць свае аб’ектыўныя прычыны. У той жа час з улікам вялікай колькасці такіх дзяцей можна дапусціць, што ў асобных выпадках магло мець месца і злоўжыванне правам, неабдуманасць дзеянняў бацькоў пры адсутнасці належнай арганізацыі работы ў самім садку. Пэўную ролю ў канфлікце, не выключана, адыграла і наяўнасць прабелаў у заканадаўстве.
Настаўнік – не «кантралёр»
Мае прапановы:
1. Павышэнне рэальнай заработнай платы работнікам адукацыі, каб заробак нават маладога спецыяліста быў не ніжэйшы за сярэдні па краіне.
2. Пазбаўленне педагогаў, асабліва школьных настаўнікаў, ад функцыі «кантралёра» за жыццём навучэнцаў. Школа адказная за жыццё і здароўе дзіцяці толькі падчас знаходжання навучэнца на яе тэрыторыі. У астатні час – адказнасць павінна ляжаць выключна на бацьках або афіцыйных апекунах.
3. Прадастаўленне нават сярэдняй школе права выключаць навучэнцаў за парушэнні правілаў навучальнай установы, за здзяйсненне злачынстваў, непаспяховасць і г.д.
4. Павышэнне мінімальных патрабаванняў да тых, хто паступае ў ВНУ: веданне праграмы ўступных іспытаў не менш чым на 60%.
5. Перавод усіх «прэстыжных» спецыяльнасцяў толькі на платную форму навучання.
6. Фарміраваць дзяржзаказ толькі на сацыяльна значныя прафесіі – гэта настаўнік, урач, міліцыя. Падрыхтоўку па астатніх няхай аплачвае працадаўца. А студэнт павінен на кантрактнай аснове з такім прадпрыемствам вырашаць: або ён кампенсуе выдаткі на сваё навучанне, або адпрацоўвае на прадпрыемстве пэўны час. Такія кантракты неабходна падпісваць яшчэ пры залічэнні ў студэнты. Прадпрыемства, якое запрасіла на практыку навучэнца, павінна выплачваць яму заработную плату, а таксама забяспечваць месцам для пражывання.
У абарону мовы
Я – бацька другакласніка. Сын ходзіць у самую звычайную школу. На бацькоўскім сходзе настаўнік сказаў, што сітуацыя з беларускай мовай проста катастрафічная. Яна паўтарыла гэта некалькі разоў. Дзеці не тое што элементарных слоў не ведаюць – яны нават гукі па-беларуску вымавіць не могуць. Я не ўваходжу ў палітычныя партыі і рухі, але вельмі хачу, каб мове і нашай літаратуры надавалася больш увагі. Дзве гадзіны мовы і гадзіна літаратуры на тыдзень – гэтага відавочна недастаткова. Не хацелася б казаць напышлівых слоў пра важнасць мовы для нашай культуры – гэта вы ведаеце лепш за мяне. Калі ласка, прыслухайцеся.
Недзіцячы груз
Хачу ўзняць пытанне «цяжкасці» школьных партфеляў. Дачка вучыцца толькі ў пятым класе, а рукзак у яе – непад’ёмны. На мой погляд, гэта няправільна. Асабіста я гатовы аплаціць 100% кошту другога камплекта падручнікаў, якія можна было б пакідаць у школе, але адміністрацыя школы насустрач не ідзе.
Прапановы па пытаннях развіцця і ўдасканалення адукацыі можна накіроўваць на спецыяльны паштовы адрас урада Рэспублікі Беларусь оbrаzоvаnіе@gоvеrnmеnt.bу (адрас трэба абавязкова набіраць уручную, паколькі ўстаноўлена абарона ад «спаму») або на Нацыянальны адукацыйны партал www.аdu.bу (раздзел «Інфалінія»).