Наталля Тур, Рэгіянальная газета
Віктар Жук, 27-гадовы настаўнік гісторыі сярэдняй школы №11, стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Беларусі – 2014».
Віктар Жук са сваімі вучнямі. На здымку злева направа Раман Шайко, Карына Жукавец, Дар'я Монід, Дзмітры Сарока, Мікіта Мякшыла, Ганна Івашкевіч, Лізавета Жаўток, Кацярына Грынкевіч, Настасся Юркоўская . Фота Наталлі Тур.
Дамовіцца аб сустрэчы з Віктарам было няпроста не таму, што Віктар не хацеў сустракацца, а таму што ў яго ўрокі.
– Я не магу пакінуць 8 «Г», давайце дачакаемся перапынка!
Дзеці для Віктара Эдуардавіча перад усім. У гэтым, кажа ён, і ёсць сэнс настаўніцтва.
– Хай вас не здзіўляе, што я так стаўлюся да ўсяго, што адрывае мяне ад урокаў. Перамога ў конкурсе зусім не значыць, што я стаў лепшым настаўнікам краіны, мне толькі пашчасціла перамагчы ў адным конкурсе.
– «Крыштальны журавель», прыз конкурса, гэта як «Оскар» для акцёраў. Вы яго атрымалі да чаго цяпер будзеце імкнуцца?
– Насамрэч, мой «Оскар» – гэта прыз дзіцячых сімпатый, які я атрымаў у фінале конкурса.
А што далей застаецца? Толькі рухацца наперад. Дзеці цяпер сучасныя, яны некаторыя рэчы разумеюць хутчэй, чым дарослыя, таму трэба працаваць, трэба ўдасканальвацца самаму.
Гісторыкам Віктар Жук марыў быць з дзяцінства. На канчатковы выбар прафесіі паўплывала сястра Віктара Вольга Барташ. Яна кандыдат гістарычных навук. Да таго, як прыйсці працаваць у школу, Віктар папрацаваў на будаўніцтве, але зразумеў, што з дзецьмі яму працаваць цікава, у яго гэта атрымоўваецца. А да таго, што настаўнік – не мужчынская справа, ставіцца скептычна.
– Настаўнік – не грашовая праца, гэта праўда. Можа таму, сярод настаўнікаў мала мужчын. Але гэтае пытанне ўжо не да мяне.
Ганаровае званне «Настаўнік года» для пераможцы конкурсу Віктара Жука не мяняе тое, што вучні – на першым месцы. Прыемным бонусам сталі падарункі. Тэлевізар, які ён атрымаў у прыз, аддаў маладзечанскаму прытулку
– Ці змянілася ваша жыццё пасля конкурса?
– Канешне! Я не магу нармальна весці заняткі. Але спадзяюся, што яшчэ тыдзень, і гэта скончыцца.
– У адной з размоў вы казалі, што калі трэба распавесці пра мануфактуру, на ўроку разыгрываеце мануфактуру…
– Ну гэта таксама задача настаўніка проста расказваць пра незразумелыя рэчы.
– А калі тэма прыгоннае права?
– Можам і адмяніць, з лёгкасцю!