Нэлі ЗІГУЛЯ, Звязда
Ахвотных пайсці ў юрысты або эканамісты сёння хоць каўшом бяры. Зусім іншая справа — педагогіка… Але настаўнік беларускай мовы і літаратуры Юрась Каласоўскі лічыць сваю прафесію самай лепшай. І запэўнівае, што ні дня не пратрымаўся б на гэтай працы, калі б яна была яму не цікавая. Тое, што ён мог бы з поспехам рэалізаваць сябе ў іншых сферах дзейнасці, можна не сумнявацца: Юрась добра ведае польскую мову, нават займаецца перакладамі з яе, свабодна чытае па-ўкраінску, нядрэнна валодае англійскай. За дзесяць гадоў ён аб’ездзіў 116 з 118 раёнаў Беларусі. Назіранняў і занатовак назбіралася столькі, што хопіць на кнігу. Прызнаецца, што ёсць мара калі-небудзь яе напісаць. Але ж на першым месцы заўсёды стаіць работа ў школе. Астатняе — толькі спосаб зрабіць яе больш цікавай і разнастайнай. Напэўна, таму яго ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў магілёўскай гімназіі №1 лічацца сярод вучняў самымі цікавымі. Не выходзячы з аўдыторыі, яны падарожнічаюць разам са сваім настаўнікам па розных краінах і знаёмяцца з мовай іншых народаў. А заадно пачынаюць разумець, за што трэба любіць сваю.
— Вы ўпэўнены, што не памыліліся, выбраўшы прафесію настаўніка?
— У мяне быў цікавы шлях у настаўніцтва. Пасля заканчэння школы я паступіў у Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум і, адвучыўшыся там чатыры гады, атрымаў дыплом з адзнакай па спецыяльнасці «Тэхнік-электрык». Але на працягу вучобы ўдзельнічаў у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. На гэта мяне натхняла мая настаўніца Святлана Аляксандраўна Лаўшэнка. На 4-м курсе я нарэшце дасягнуў мэты і стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды сярод навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У мяне з’явілася магчымасць паступаць без экзаменаў на адпаведную спецыяльнасць у любую вышэйшую навучальную ўстанову. І я выбраў Віцебскі дзяржуніверсітэт імя Пятра Машэрава, спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура і літаратурная работа ў газетах і часопісах». Калі скончыў універсітэт, мая былая школьная настаўніца параіла ісці працаваць у гімназію №1. Там мяне чакалі пасля ўніверсітэта яшчэ год, пакуль я служыў у войску. Напэўна, тады я і не думаў, што затрымаюся ў гімназіі на такі працяглы час. Але навошта штосьці мяняць, калі я адчуваю сябе на сваім месцы?
—Настаўнікі часта скардзяцца на невялікі заробак, недахоп часу і вялікія нагрузкі…
—Наконт заробку скажу адно: мне хапае. Канешне, я не лічу сябе багатым чалавекам, але грошай насамрэч дастаткова. Тым больш, што я маю магчымасць праводзіць семінары, майстар-класы, ездзіць па розных гарадах Беларусі, супрацоўнічаць з Магілёўскім інстытутам развіцця адукацыі, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, і гэта таксама прыносіць мне пэўны даход. Самае галоўнае, што мяне ўсё ў гэтай прафесіі задавальняе. Многія здзіўляюцца, як гэта мужчына — і настаўнік беларускай мовы? Не фізікі ці матэматыкі, а менавіта мовы. Але дзеля работы ў школе я адмовіўся нават ад аспірантуры.
—Аб вашых майстар-класах ходзяць легенды…
—Паколькі я працую па тэхналогіі актыўнай ацэнкі і з’яўляюся ментарам на курсе дыстанцыйнага навучання, мае майстар-класы прысвечаны менавіта выкарыстанню элементаў актыўнай ацэнкі на ўроках беларускай мовы. Праз гэтую тэхналогію імкнуся прадэманстраваць студэнтам і настаўнікам, як можна выкладаць беларускую мову так, каб зацікавіць дзяцей і ўцягнуць іх у працэс навучання. Каб вучні бачылі свае поспехі, няўдачы і ведалі, на якім этапе развіцця яны зараз знаходзяцца. Акрамя таго, я імкнуся паказаць асобу настаўніка, звязаць гэты метад са сваёй педагагічнай сістэмай, якая заключаецца ў шырокім выкарыстанні краязнаўчых матэрыялаў, звестак з гісторыі, геаграфіі, выкарыстоўваю прыём падарожжа ў прасторы і часе.
—У мінулым навучальным годзе вы сталі лепшым настаўнікам мовы ў Магілёўскай вобласці. Чаму наогул вырашылі ўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагогаў? Хацелі нешта даказаць сабе ці іншым?
—Я чалавек са здаровымі амбіцыямі. Удзел у конкурсе — своеасаблівы экзамен, праверка маёй прафесійнай прыдатнасці. Хацелася параўнаць сябе з іншымі і пабачыць гарызонты для свайго развіцця. Лічу, што навучанне беларускай мове праз актыўнае выкарыстанне краязнаўчага, этнаграфічнага матэрыялу з’яўляецца перспектыўным. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ездзіў па розных гарадах, гуляў там па вуліцах, заходзіў у музеі, глядзеў, што ёсць цікавага. Потым з цягам часу, рыхтуючыся да вандроўкі, я больш падрабязна збіраў розны матэрыял, шукаў, якія ёсць храмы, помнікі архітэктуры, цікавыя мясціны. І ехаў ужо мэтанакіравана.
Летась наведаў 5 суседніх краін — Літву, Латвію, Польшчу, Расію і Украіну. Дарэчы, апошнія два гады я актыўна займаюся марафонскім бегам, таму цяпер мяне больш цікавяць спартыўныя вандроўкі. Удзельнічаў у марафонах у Рызе, Варшаве, Лодзі. На апошнім марафоне дружбы «Друскінінкай — Гродна», які праходзіў у ліпені, заняў трэцяе месца ў сваёй ўзроставай катэгорыі сярод мужчын ад 18 да 39 гадоў.
—А што трэба рабіць, каб адрадзіць любоў да беларускай мовы? З чаго пачынаць?
—Пачынаць трэба з сябе. Сваім вучням я імкнуся паказаць, што для мяне мова — родная. Я карыстаюся ёю ўсюды — не толькі на ўроках. У сацыяльных сетках у мяне таксама ўсё па-беларуску. Не трэба ставіць перад сабой нейкіх глабальных задач. Дастаткова не саромецца размаўляць на мове. Калі я прыйшоў выкладаць у новым навучальным годзе ў пятыя класы, было прыемна пачуць, што многія бацькі маіх вучняў гэтаму факту ўзрадаваліся. Аднойчы я праводзіў апытанне сярод вучняў на прадмет, якую мову яны лічаць роднай. І яны ўсе называлі беларускую. Нават не размаўляючы на ёй, дзеці ўяўляюць мову як нейкую культурную каштоўнасць, як нашу духоўную спадчыну.
—Ці атрымліваецца знайсці агульную мову з бацькамі дзяцей, у якіх вы выкладаеце?
—Нядаўна быў бацькоўскі сход, і я сустракаўся не толькі з бацькамі майго 5 класа, дзе з’яўляюся класным кіраўніком, але і трох астатніх, дзе выкладаю беларускую мову. Расказваў пра свае патрабаванні, падыходы ў выкладанні мовы і літаратуры. Вельмі прыемна адчуваць падтрымку і прыхільнае стаўленне бацькоў, многія з якіх імкнуцца размаўляць па-беларуску.
—Ці шмат у вас у гімназіі мужчын-настаўнікаў? І ці ёсць у мужчын перавагі ў настаўніцкай прафесіі перад сваімі каляжанкамі?
—У параўнанні з іншымі, не так і мала — 15, бо ёсць школы, дзе наогул працуе толькі адзін мужчына. Мне здаецца, што галоўная перавага мужчын у тым, што іх у школе мала і яны ўсе навідавоку. Дзеці цягнуцца да іх таму, што ім не хапае мужчынскай цвёрдасці, упэўненасці, мужчынскай размовы.
—Можа, нехта з былых вучняў таксама вырашыў стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры?
—Сёлета ў мяне быў першы выпуск адзінаццацікласнікаў. Клас быў фізіка-матэматычны, таму хлопцы і дзяўчаты выбралі ўсё ж такі не філалагічны кірунак. Хоць ёсць некалькі вучняў, якія збіраюцца звязаць жыццё з літаратурнай і журналісцкай дзейнасцю. З адной дзяўчынкай мы актыўна працуем над стварэннем гімназічнай газеты «Статус-кво». Мяркую, яна будзе маёй паслядоўніцай.
—Як даўно існуе ваша школьная газета і наколькі цікава вам займацца рэдакцыйнай працай?
—Стварэннем газеты займаюся ўжо чацвёрты год. Ёсць каманда вучняў, якія працуюць карэспандэнтамі і атрымліваюць рэдакцыйныя заданні: зрабіць інтэрв’ю, правесці апытанне, напісаць рэпартаж. Было прыемна, калі літаратурны дадатак да нашай газеты — «Літара» — заняў першае месца на гарадскім конкурсе школьных электронных газет. Яго таксама можна пачытаць на сайце гімназіі ў раздзеле «Гімназічны друк».
А летась дзеці адны, без мяне, ездзілі на рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячых СМІ «Свежы вецер» і прывезлі адтуль галоўную ўзнагароду — хрустальнае зубраня. Яшчэ дзве мае вучаніцы сталі пераможцамі гарадскога этапу конкурсу «Залатое пяро Белай Русі».
Нядаўна я ездзіў у Кіеў на семінар, які быў прысвечаны школьным СМІ. З калегамі вырашылі зрабіць газету на трох мовах — рускай, украінскай і беларускай. Свой артыкул пра нядаўні марафон напісаў на ўкраінскай і беларускай мовах. Прыемна было пачуць ад украінскіх калег, што я валодаю іх моваю лепш, чым некаторыя ўкраінцы.
—Юрась, а як, на вашу думку, можна павысіць прэстыж працы настаўніка?
—Сёлета я прысутнічаў на экзаменах у нашым Магілёўскім дзяржаўным універсітэце і бачыў, з якімі цяжкасцямі запаўняюцца бюджэтныя месцы на тую ж беларускую філалогію, куды проста прымаюць усіх. Гаворка не ідзе пра тое, каб адабраць лепшых. І выпускнікі ідуць на філфак не па прызванні, а таму, што туды прасцей паступіць. На маю думку, павышэнню прэстыжу нашай прафесіі магло б паспрыяць змяншэнне аб’ёмаў «папяровай працы», паступовае павышэнне заробку настаўнікаў да ўзроўню сярэдняга па краіне і перспектыва далейшага кар’ернага росту, над чым зараз і працуе Міністэрства адукацыі.
—Ці не прыгадаеце напярэдадні Дня настаўніка які-небудзь цікавы выпадак са школьнага жыцця?
—Апошнія тры — чатыры гады я «працую» Дзедам Марозам на школьных ранішніках. І калі настаўнікі малодшых класаў, якія мне сёлета перадавалі сваіх вучняў, спыталі ў дзяцей «Вы ж ведаеце, хто ў вас зараз будзе класным кіраўніком», яны дружна адказалі: «Дзед Мароз!»