Артыкул Сафіі Рыжыкавай, дасланы на конкурс НАРОДНЫ ЖУРНАЛІСТ – 2014
Апошні тэрмін – 25 кастрычніка (Тэкст, Мультымэдыя); 17 лістапада (Малады народны журналіст, Баронім сваё)
Па дадзеных Міністэрства інфармацыі на 1 чэрвеня 2010 года ў Беларусі выдаецца 1301 друкаваных выданняў, семдзесят працэнтаў з якіх з'яўляюцца недзяржаўнымі. Самым тыражным выданнем з'яўляецца газета «Савецкая Беларусь», якая выходзіць пяць разоў на тыдзень. Агульны разавы тыраж дзяржаўнага мясцовага друку складае 141, 1 тысяч экзэмпляраў (для параўнання ў Мінску – 160). Усе гэтыя лічбы павінны ўсяляць глыбокія аптымізм і веру ў папулярнасць беларускіх СМІ, каб не адна акалічнасць, імя якой «прымусовая падпіска», што і да сённяшняга дня мае месца ва ўсіх дзяржаўных і недзяржаўных установах нашай рэспублікі.
Прымусовая падпіска як з'ява нарадзілася ў СССР і была часткова апраўданая. Усе сродкі масавай інфармацыі з'яўляліся дзяржаўнымі, таму такую дапамогу прэсе нельга было лічыць парушэннем свабоднай канкурэнцыі друкаваных СМІ, нават такой, якая магла быць даступнай ў СССР. Да таго ж, газета і тэлебачанне заставаліся адзінай крыніцай інфармацыі, таму прымусовую падпіску лічылі не злом, а сродкам асветніцтва сярод рабочых і не вельмі мас. Час змяніўся. Няма ўжо СССР, з'явіліся недзяржаўныя газеты, а за імі і выбар, што і ЯК чытаць. Аднак прымусовая падпіска жыве і працвітае. Асаблівай знявагай з'яўляецца навязванне ўсіх вядомых газет настаўнікам, якія, на думку чыноўнікаў, з'яўляюцца рупарамі ідэалогіі і павінны быць азнаёмлены з усімі справамі Гомельшчыны. Не для каго не сакрэт, што на школы і каледжы прыходзіць разнарадка на падпіску газет, якія не маюць ніякага прамога дачынення да адукацыі. Настаўнікі, а часам і навучэнцы сваім кашальком падтрымоўваюць «Гомельскія ведамасці» і «Савецкую Беларусь», з'яўляючыся адным са споснсараў дадзеных выданняў. Шкада, але такая спонсарская падтрымка ніяк не кампенсіруецца, а выпісаныя газеты адразу аўтаматычна трапляюць ў зборы макулатуры. Асабіста сама не раз з рук бібліятэкараў аддавала свежыя нумары ў мясцовы склад непатрэбнай паперы. Увесь гэты кругаварот лёгкай папернай прамысловасці выклікае шмат пытанняў, а менавіта:
Для чаго выпісваць газеты, якія ніхто не чытае?
Рэкамендацыйныя дакументы, якія, як правіла, прыходзяць на адрас установы, паведамляюць толькі пра тэрміны, у якія трэба арганізаваць падпіску, і спіс газет, часам нават з колькасцю, якія трэба выпісаць. Звычайна ў такіх пісьмах няма ніводнага тлумачэння, чаму ўстанова павінна выконваць такую параду. Працэс гэты настолькі фармалізаваны і афарбаваны ў негатыўныя адценні, што і сама адміністрацыя школ, на якія лёг цяжар падпіскі, не спрабуе прапанаваць такія тлумачэнні. Маўляй, вам і так усё зразумела. Звычайна, самі настаўнікі шукаюць у гэтым сэнс самастойна. Афіцыйныя газеты з'яўляюцца рупарам дзяржаўнай ідэалогіі, а настаўнік – яе носьбітам. У месіве «дзяржаўнай» і «недзяржаўнай» інфармацыі ў інтэрнэце настаўнік можа заблытацца і стаць на няправільны ідэалагічны шлях. Але, канешне, гэтага не здарыцца, бо яго выратуе «Савецкая Беларусь»: чытай і не думай, тут усё напісана як трэба. Чыста гіпатэтычна такая версія магла бы быць абаснаваннем прымусовай выпіскі. Было бы страшна за будучае пакаленне, калі б яго вучылі настаўнікі, якія чэрпаюць інфармацыю толькі з рэкамендаваных крыніц інфармацыі. У рэальнасці прымусовая падпіска загадзя яшчэ да чытання вышэй згаданых газет выклікае негатыў, фарміруючы выданням з дзяржаўным лобі не самы зайздросны імідж. Да і асноўная фішка сучасных адукацыйных тэхналогіі – пачытай там, пачытай тут і зрабі правільны вывад - ніяк не стасуецца з савдэпаўскімі поглядамі на стратэгію ідэалагічнага выхавання настаўніка. А гэта значыць, версія пра высокія выхаваўчыя матывы падпіскі правальная, бо любое выхаванне за ўласныя грошы ўжо выклікае нядобрыя падазрэнні. Дарэчы, тыя самыя планы па падпісцы якраз улічваюць і зарплату настаўніка, разлічваюцца з яе прапорцый. Аказваецца, за нас паклапаціліся ўжо два разы, узяўшы з нас падатак на ідэалогію. Ніякая версія не можа схаваць бясспрэчны факт: прымусовая падпіска - толькі сродак падтрымання дзяржаўных СМІ, якім лягчэй арганізаваць усеагульны падатак у свой гонар, чым канкурыраваць з недзяржаўнымі газетамі. Гэта абсалютна супярэчыць законам свабоднай канкурэнцыі і робіць бесперспектыўным развіццё журналістыкі ў нашай дзяржаве. Усё гэта відавочна ад пачатку да канца, але ж чаму, з'яўляючыся такім масштабным працэсам, прымусовая падпіска застаецца існаваць без усялякіх тлумачэнняў прычын свайго існавання. Самая сапраўдная незаконнасць у законе.
Ці ёсць хоць нейкае юрыдычнае абаснаванне прымусовай падпіскі?
Паказальны адказ на гэтае пытанне юрыста прававога сайта “Прававед.by”: “Юрыдычнага абаснавання прымусовай падпіскі няма і быць не можа, паколькі гэта не звязана з прымусовымі адносінамі. Але ж вы самі ўсё разумееце, што ў наймальніка заўсёды ёсць “рычагі” ціску. Але за саму “непадпіску” звольніць вас не могуць”. Што ж перашкаджае нам адмовіцца ад прымусовай падпіскі? Многія настаўнікі разумеюць, што, пашкадаваўшы грошы на падпіску, можаш застацца без прэмій і ўвогуле прасядзець на адной стаўцы ўвесь наступны год. Не самая лепшая перспектыва. Аднак смельчакі ёсць, і ў іх ёсць свае сакрэты барацьбы з прымусовай падпіскай. Настаўніца адной з гомельскіх школ Сцепанян Марына Міхайлаўна адмовілася ад перспектывы чытаць толькі афіцыйную прэсу: “Кожны год здавала грошы на падпіску. Аднойчы вырашыла не здаваць. Што было далей? Засталася без некалькіх прэмій, мяне ўзгадвалі на ўсіх педсаветах. Прычым часта напаміналі, што тыя грошы, якія не здала я, цяжарам ляглі на плечы маіх калег. Пры тым, што мае калегі былі ў захапленні ад маіх дзеянняў і расчараваныя ўласным бяздзеяннем. Не ўсе ведаюць, што ёсць закон, які рэгламентуе нашы правы ў гэтым сэнсе. Знайдзіце яго ў інтэрэце і кожны раз паказвайце свайму кіраўніцтву, калі ў яго з’яўляецца патрэба расказаць вам, як гэта сорамна, не падпісацца на збор макулатуры. Так, ёсць надбаўкі, якія кампенсуюць падпіску. Але гэтую самую надбаўку можна даць і за сапраўдныя дасягненні, а не за падпіску”. Сапраўды, закон на нашым баку. У правілах прыёма падпіскі на друкаваныя СМІ і іх дастаўкі, зацверджаныя пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ, чорным па беламу напісана: “Прымус да заключэння дагавора не дапушчаецца. Грамадзяне і юрыдычныя асобы свабодныя ад заключэння догавара”. Аднак не кожнаму хочацца станавіцца дысідэнтам ва ўласным калектыве. У Казахстане і Расіі зараз запускаецца акцыя супраць прымусовай падпіскі. Яе ўдзельнікам гарантуецца абсалютная ананімнасць. Але ўсё гэта можа быць рэальным, толькі калі ўлада прызнае, што прымусовая падпіска – гэта вынік некампэтэнтнасці мясцовых органаў улады. Пакуль няма нават такога прыкрыцця.
Чаму мы працягваем удзельнічаць у атракцыёне нябачнай шчодрасці?
Рытарычнае пытанне. Сама праблема не з'яўляецца крытыкай існуючага ладу ці прэтэнзіяй да яго, аднак успрымаецца як нейкая крамола. Размова ідзе проста пра незаконны ціск на настаўнікаў, якія шчодра ахвяруюць на карысць беларускіх СМІ. Можна абысціся без ныцця пра маленькія зарплаты настаўнікаў. Але сваю маленькую зарплату я хачу аддаваць на сапраўдныя важныя рэчы. Магу ахвяраваць на развіццё беларускай літапатуры, нават самай афіцыйнай. Магу ахвяраваць на падтрыманне новых інавацыйных тэхналогій у адукацыі. Магу ахвяраваць бедным, хворым і пакрыўджаным. Але не хачу ахвяраваць тым, хто проста сядзіць і піша зараз чарговы артыкул пра тое, як усё добра, і таму, хто плаціць таму, хто піша чарговы артыкул пра тое, як усё добра.