У Баранавічах за бязвінны флэшмоб дзецям «шыюць» палітыку

Арцём Гарбацэвіч, Intex-press

Два тыдні таму «ІР» пісала аб падлетках, якія зладзілі ў Баранавічах флэшмоб, кладучыся на жывот у розных месцах горада. Поза «тварам у падлогу» стала рэпетыцыяй далейшага развіцця падзей – акцыяй сур’ёзна зацікавіліся ў міліцыі. Пры гэтым, са словаў школьнікаў, у іх дзеяннях праваахоўцы настойліва шукаюць палітычны падтэкст.

Планкінг – флэшмоб, удзельнікі якога павінны ляжаць на зямлі ці нейкіх прадметах. Сусветнавядомым стаў у 2009 годзе, калі некалькі англійскіх медыкаў атрымалі штрафы за занятак планкінгам на працоўным месцы.

Планкінг – флэшмоб, удзельнікі якога павінны ляжаць на зямлі ці нейкіх прадметах. Сусветнавядомым стаў у 2009 годзе, калі некалькі англійскіх медыкаў атрымалі штрафы за занятак планкінгам на працоўным месцы. Фото: Сацсетка Вконтакте.

Фотаздымкі з сацыяльных сетак, на якіх кампанія школьнікаў па чарзе ляжыць то ў кінатэатры, то ў краме, то на дарозе, то на прыступках гарвыканкама, хутка сталі вядомымі на ўсю краіну — іх перадрукавалі амаль усе буйныя айчынныя інтэрнэт-выданні.

Баранавіцкія дзеці займаліся так званым «планкінгам» – флэшмобам, які быў досыць папулярны ў Еўропе і Амерыцы некалькі гадоў таму. Як патлумачыў «ІР» адзін з удзельнікаў акцыі, такім чынам ён і яго сябры хацелі ўразіць гараджан.
– Цяпер модныя рознага кшталту флэшмобы – абліванне вадою, яшчэ штосьці. Таму людзі прызвычаіліся і здзівіць іх нечым вельмі складана. Аднак мы паспрабавалі і ў нас атрымалася, – сказаў падлетак.

Але разам са «славаю» ў сетцы ў герояў фота нечакана з’явіліся праблемы з міліцыяй — дзяцей пачалі дапытваць інспектары ІДН.

Сярод усіх фотаздымкаў, са словаў школьнікаў, асноўную ўвагу міліцыянты чамусьці звярталі на той кадр, дзе некалькі чалавек ляжаць тварамі ўніз на прыступках гарвыканкама. Падчас допыту інспектар нават прарэкламаваў дзецям інтэрнэт-рэсурсы, аб якіх раней яны нічога не чулі
.
– Нам паказвалі раздрукоўку з сайта, здаецца, Хартыі-07. Першы раз яго бачылі. Але нас пыталі, якім чынам мы на яго патрапілі, што маем супраць дзяржаўнай палітыкі і супраць чаго мы выступалі, калі фоткаліся на прыступках гарвыканкама. Мы нават не разумелі, аб чым ідзе гаворка. Раней увогуле думалі, што нашыя ўлады насупраць ЗАГСа сядзяць, а не насупраць Леніна, – расказаў «ІР» 14-гадовы хлопец.

Па словах падлеткаў, міліцыянер нават «абяцаў даказаць», што “ўсё гэта яны рабілі пад спайсамі”. І можна было б падумаць, што запалоханыя школьнікі ад страху нешта наблыталі, але амаль такія ж словы школьнай настаўніцы працытавала «ІР» маці аднаго з «падазроных».

– Выкладчыца майго дзіцяці (гаворка аб школе №10. – Рэд.) выказала здагадку, што кампанію падлеткаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў падкупіла ледзь не Амерыка і пад спайсам прымусіла легчы на прыступкі гарвыканкама. Маразм нейкі! – расказала жанчына.

Таксама маці абуралася, што ціск, які адчулі школьнікі з боку міліцыі, працягнуўся ў школе сярод людзей, якія павінны ведаць дзяцей, разумець іх псіхалогію і тое, што ў такім узросце ім наўрад ці выпадае думаць аб выбарах.

– Дзецям па чатырнаццаць гадоў, ім «да ліхтара» ўсялякая палітыка. Ну падумаеш, паляжалі яны там у розных месцах для «прыкольнай» фоткі... Уборшчыкам толькі жыццё спрасцілі, павыціраўшы курткамі падлогі. Ці ў нас гарвыканкам ужо святыняй лічыцца? Ці ляжаць на зямлі забаронена? Хай тады забіраюць усіх, хто такія флэшмобы кожны дзень пад віннымі аддзеламі ладзіць. Ці хіба ў Баранавічах ужо ўсе злачынцы перавяліся, каб ганяць па нейкай бязглуздзіцы школьнікаў? – абуралася маці «парушальніка».

Наўрад ці хто разлічваў на такі рэзананс падлеткавай дурасці, але ў міліцыі да гэтай «справы» аднесліся надзвычай сур’ёзна – у ГАУС запэўніваюць, што яшчэ належыць устанавіць усіх удзельнікаў флэшмобу і даць іх дзеянням прававую адзнаку.

– Вы павінны ведаць, што міліцыя па-за палітыкай, – запэўніваў журналіста «ІР» начальнік Баранавіцкага ГАУС Вячаслаў Герасімовіч, – на адным з фотаздымкаў падлеткі ляжаць на дарозе. А гэта – парушэнне дарожнага руху.

Але зусім нечакана кіраўнік баранавіцкіх міліцыянтаў павярнуў гаворку ў іншы бок і нібыта знайшоў «вінаватых»:

– Гэта інтэрнэт ва ўсім вінаваты. Вось адправяцца яны разам з бацькамі на камісію, а там ім патлумачаць, што такое палітыка і што такое інтэрнэт.

Планкінг на мосце. Цяпер праваахоўнікі спрабуюць зразумець, што хацелі сказаць падлеткі, калі ляжалі там, дзе іншыя звычайна ходзяць.

Планкінг на мосце. Цяпер праваахоўнікі спрабуюць зразумець, што хацелі сказаць падлеткі, калі ляжалі там, дзе іншыя звычайна ходзяць.

Каментарый эксперта

Аляксандр Класкоўскі, палітолаг:

– Мне даводзілася бываць у Еўропе і бачыць розныя флэшмобы моладзі ў непасрэднай блізкасці ад урадавых будынкаў. І ведаеце, мясцовая паліцыя ставіцца да гэтага вельмі талерантна пры ўмовах, што няма гвалту і ніхто не кідае кактэйлі Молатава. Але ўяўленне айчынных праваахоўнікаў аб дзіцячых забавах, на жаль, вельмі своеасаблівае.

Гэта як паказчык дэмакратызацыі краіны: дзеці не могуць займацца лухтою, уласцівай іх узросту, бо гэта можа пацягнуць за сабою праблемы з міліцыяй. Таксама дзецюкам не пашчасціла ў тым плане, што навіну аб іх флэшмобе размясціла Хартыя-97. Гэта інтэрнэт-рэсурс, які знаходзіцца ў чорным спісе беларускіх уладаў і яго наведванне абмяжоўваецца ва ўстановах адукацыі.

Любая інфармацыя на гэтым сайце падаецца ўладам як трывожны званочак, хай яна нават і не мае ніякіх палітычных падтэкстаў. Таксама не выключаю, што ўся гэта сітуацыя – «перагібы» на месцах.