Дэйман Браўн. Як знайсці праўду ў навінах

Як знайсці ў навінах праўду ці нешта блізкае да яе? Анімацыйны ролік, які вучыць крытычнаму мысленню, уменню арыентавацца ў медыйнай прасторы.  

Дэйман Браўн. Як знайсці праўду ў навінах

Як вы дазнаяцеся пра падзеі ў свеце?

Колькасць даступнай інфармацыі можа быць бязмежнай. Але час і энергія для яе атрымання і ацэнкі заўсёды абмежаваныя. Уся інфармацыя будзе бессэнсоўнай, пакуль вы не навучыцеся чытаць навіны.

Бабулям, дзядулям, бацькам і нават старэйшым братам і сёстрам гэта ідэя можа паказацца дзіўнай. Усяго некалькі дзясяткаў год таму навіны былі адны. Выбар быў абмежаваны некалькімі часопісамі, цэнтральнымі газетамі і трыма-чатырма тэлеканаламі, дзе дыктары, якія заслугоўвалі даверу, распавядалі пра падзеі дня ў адзін і той жа час кожны вечар. Але праблемы такой сістэмы сталі відавочнымі, калі з’явіліся новыя медыя.

Калісьці было вядома, што аўтарытарныя краіны кантралююць і цэнзуруюць інфармацыю. Серыя скандалаў паказала, што і дэмакратычныя ўрады ўводзілі людзей у зман, часта пры дапамозе сродкаў масавай інфармацыі. Выкрыццё скрытых войнаў, патаемныя палітычныя забойствы, палітычная карупцыя падарвалі веру публікі ў аб’ектыўнасць інфармацыі, якую распаўсюджваюць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

Падзенне даверу да прадстаўнікоў афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі прывяло да таго, што розныя іншыя газеты, радыё і тэлеканалы сталі змагацца з афіцыйнымі СМІ і апісваць падзеі з розных бакоў. Са з’яўленнем інтэрнэту вырасла колькасць інфармацыі і меркаванняў. А сацыяльныя сеткі, блогі і анлайн-відэа зрабілі кожнага чалавека патэнцыйным журналістам.

Але калі журналісты – усе, гэта значыць – ніхто! Розныя крыніцы могуць супярэчыць не толькі ў меркаваннях, але і ў фактах. Такім чынам, як знайсці праўду ці нешта блізкае да яе?

Адзін з найлепшых спосабаў – знайсці першакрыніцу інфармацыі, якую не паспелі змяніць. Замест артыкулаў з тлумачэннем навуковых фактаў ці палітычнай прамовы – адшукаць самі факты ці прамову і самастойна зрабіць высновы.

Каб быць у курсе падзеяў, сачыце за рэпацёрамі сацыяльных СМІ. Падчас важных падзеяў, як то арабская вясна ці супрацьстаянні ва Украіне, рэпарцёры і блогеры публікуюць паведамленні з гушчы падзеяў.

І хаця шмат з гэтага з’явіцца потым у артыкулах ці перадачах, памятайце, што гэта будуць апрацаваныя версіі: спалучэнне інфармацыі ад сведак падзеяў з меркаваннем рэдактара, які сведкам не з’яўляецца. Да таго ж, калі падзеі заблытаныя, няварта ўвесь час сачыць за навінамі.

Падчас тэрарыстычных атак ці стыхійных бедстваў СМІ стараюцца забяспечыць непарыўны паток навінаў з месца падзеяў нават пры адсутнасці даставернай інфармацыі, скажаючы падзеі, часам абвінавачваючы невінаватых людзей. У такіх выпадках складана стрымацца, але старайцеся правяраць абнаўленні толькі некалькі разоў на дзень, а не кожныя 5 хвілін, даючы час на абвяржэнне падманных падзеяў і праверку фактаў.

Хаця сапраўдная журналістыка імкнецца да аб’ектыўнасці, перадузятасць СМІ непазбежна. Калі вы не можаце знайсці першакрыніцу інфармацыі, пачытайце некалькі версій падзеі ад розных рэпацёраў і СМІ, атрымаўшы інфармацыю з розных крыніц, вылучыце адрозненні і складзіце сваё меркаванне.

Вельмі важна адрозніваць факты ад меркаванняў. Такія фразы, як “думаю”, “хутчэй за ўсё”, “магчыма”, азначаюць, што аўтар асцярожнічае, ці наогул здагадваецца.

Засцерагайцеся навінаў, якія зыходзяць ад ананімных крыніц. За імі могуць стаяць людзі, якія не валодаюць інфармацыяй ці маюць свае інтарэсы. Ананімнасць пазбаўляе ад адказнасці за пададзеную інфармацыю.

І нарэшце, самае галоўнае. Правярайце навіну перад тым, як яе распаўсюдзіць. У той час, як сацыяльныя СМІ дазваляюць даведацца праўду хутчэй, яны таксама спрыяюць распаўсюду чутак і могуць перадаваць падманную інфармацыю яшчэ доўгі час пасля яе абвяржэння. Перад тым, як падзяліцца неверагоднай ці шакуючай навіной, пашукайце дадатковую інфармацыю ці нюансы, якія вы маглі прапусціць, а таксама даведайцеся, што пра гэта кажуць іншыя.

На сённяшні дзень мы як ніколі незалежныя ад афіцыйных СМІ, якія кантралявалі паток інфармацыі, можам фармаваць уласнае бачанне і сачыць за тым, каб паток не стаў патопам, пакінуўшы нас менш інфармаванымі, чым мы былі раней.

Пераклад і агучванне Nastaunik.info. 

Арыгінал роліка знаходзіцца на сайце ED.ТЕD.COM у раздзеле «Урокі, вартыя распаўсюду»: http://ed.ted.com/lessons/how-to-choose-your-news-damon-brown