Экалагічныя заняткі

Анэля Камбалава, Наша слова

Баранавіцкія сябры "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" правялі занятак у сярэдняй школе в. Русіны. Урок быў прысвечаны экалогіі і меў на мэце, па-першае, патлумачыць важкасць экалагічных праблем і неабходнасць іх вырашэння; па-другое - вызначыць магчымы ўнёсак кожнага грамадзяніна ў дзяржаўную справу па вырашэнні экалагічных пытанняў.

Разам з дзеткамі мы прыпомнілі, што такое вада ў жыцці прыроды і чалавека, чаму так неабходна чысціня вады. Узгадалі, што ўсе жывыя істоты ўтрымліваюць ваду, чалавек таксама ў сярэднім утрымлівае 60% вады ў сваім арганізме. Без вады чалавек можа пражыць 3-5 сутак. Гэтыя факты гавораць самі за сябе. Брудная вада найперш адбіваецца на забяспячэнні арганізма кіслародам, у маленькіх дзетак гэта можа прывесці да кіслароднага голаду і больш цяжкіх наступстваў, адкладанне брудных рэчываў на сценках крывяносных сасудаў прыводзіць да атэрасклерозу, цукрозы і ракавых пухлінаў.

Сябар Таварыства Анэля Камбалава распавяла пра вынікі невялічкага даследавання вады з вёскі Русіны ў Цэнтральнай лабараторыі навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі г. Менска. Вынікі несуцяшальныя. Наяўнасць побач з вёскай могілак, птушкафабрыкі і пасяўных плошчаў, дзе выкарыстоўваюцца фасфатныя і азотныя ўгнаенні, робіць сваю справу. У вадзе прысутнічае амаль уся табліца Мендзялеева, падвышаны ўзровень фасфатаў, у тры раза ад нормы падвышана колькасць нітратаў, пры тым, што тут пажаданы нулявы паказальнік для небяспечнага карыстання вадой. Такая вада не мае адметнага паху і непрыемнага смаку, таму нельга заўважыць небяспеку без дадатковых даследаванняў. Дзеля відавочнасці эксперыменту спадарыня Камбалава правяла экспрэсс-тэст на нітраты вады са школьнай сталовай: яскравы фіялетавы колер тэст-палоскі сведчыць пра падвышэнне ў тры разы ад нормы. Нажаль ваду такой якасці піць нельга. Небяспечнасць нітратаў палягае на тым, што іх практычна немагчыма вывесці з арганізма. На сённяшні дзень забруджванне нітратамі - праблема нумар адзін у краінах басейна Балтыйскага мора. Тут Беларусь не самотная, міжнародная навуковая супольнасць заклікае вырашаць гэтую праблему ўсімі даступнымі спосабамі.

Патрэбна далейшая ачыстка. Неабходна абараняць калодзеж ад забруджвання пры дапамозе сістэмы глінянага замка. Простая тэхналогія дапаможа забяспечыць чысціню калодзежнай вады. Таксама трэба сачыць за дабраўпарадкаваннем тэрыторыі гаспадаркі, санітарнымі нормамі ўтрымання жывёлаў, гаспадарчых пабудоваў, яшчэ лепш адмовіцца ад пестыцыдаў і ад пасыпання дарогі соллю ўзімку. Такія меры па сілах кожнаму.

Дзеці расказалі як яны разумеюць свой удзел ў экалагічным дабрабыце краіны, пра спаборніцтва пры зборы макулатуры і пластыкавых бутэлек. З той пары як усталявалі кантэйнеры для раздзельнага збору смецця гэта стала вясёлым і адначасова адказным абавязкам. Такім чынам, кожны пры жаданні можа паўдзельнічаць у захаванні чысціні нашай прыроды.

Разам правялі гульню "каляровы капялюш". Гэтая гульня дае падказку, як вырашаць якую-небудзь праблему. Сутнасць гульні ў тым, што кожнаму колеру адпавядае асобная задача: белы - збіраем факты; жоўты - знаходзім пазітыўныя моманты; чорны - знаходзім негатыў; чырвоны - дзелімся ўражаннямі; зялёны - выбіраем крэатыўнае вырашэнне праблемы. І экалагічныя праблемы сталі больш простымі і зразумелымі. Тут няма малых і вялікіх спраў. Добра, што ёсць разуменне неабходнасці ўдзелу кожнага ў захаванні чысціні нашай краіны, патрэба берагчы скарбы прыроды, рабіць наш свет утульным для раслін, жывёлаў і чалавека. На заканчэнні гутаркі ўсе пераканаліся, што Беларусь застанецца сінявокай краінай чыстых рэк і азёраў, калі не толькі дзяржава, але і кожны чалавек будзе берагчы і захоўваць прыроду.