Лідчына: Беларуская мова на ЦТ

Станіслаў Суднік, Наша слова

У Лідзе сёлета на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 1070 чалавек, на ЦТ па рускай мове - 1220 чалавек. Такім чынам у Лідскім рэгіёне беларускую мову выбралі для ЦТ 46,72%, што без малога ў два разы больш чым па краіне, але значна горш, чым летась.

У 2013 г. у Лідзе на беларускую мову зарэгістраваліся 1268 чалавек, а на рускую - 1100 чалавек. Гэта значыць, што на беларускую мову зарэгістравалася 53,55%. Пазалетась на тэставанне па беларускай мове ў Лідзе прыйшло 59% удзельнікаў. Тэндэнцыя відавочная. Падзенне на 5-7% штогод.

У Лідзе тэставанне праходзяць дзеці з Лідскага і прылеглых раёнаў (Воранаўскага, Івейскага, часткова Дзятлаўскага і Шчучынскага). Найбольш слабое звяно ў плане беларускасці - безумоўна 100-тысячная Ліда, дзе ўсе 16 школ рускамоўныя ды плюс горад Бярозаўка. Выдзеліць з дадзеных тэставання Лідскі раён праблематычна, але ёсць звесткі пра здачу выпускных экзаменаў.

Усяго выпускнікоў у Лідскім раёне сёлета 831 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 256 чалавек, што склала 30,80%. Рускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 554 чалавекі. Аднак яшчэ 273 чалавекі выбралі беларускую мову ў якасці экзамену па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 529 чалавек, што складае 63,66% ад колькасці выпускнікоў. Да слова ў якасці экзамену па выбары рускую мову абраў толькі 61 чалавек. Усяго рускую мову на Лідчыне здавала на 86 чалавек больш, чым беларускую.

Летась выпускнікоў у Лідскім раёне было 838 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 395 чалавек, што склала 47,14%. Яшчэ 195 чалавек выбралі беларускую мову ў якасці экзамена па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 590 чалавек, што склала 70,41%. Да слова ў якасці экзамена па выбары рускую мову абралі толькі 98 чалавек. Усяго летась рускую мову на Лідчыне здавала на 49 чалавек менш, чым беларускую.

Відавочна, што сітуацыя і на экзаменах, як і на ЦТ, пагоршылася на тыя ж 7%.

Тым не менш, беларускую мову на выпускных школьных экзаменах у Лідскім раёне сёлета здавалі яшчэ 63,66% дзяцей. Гэта амаль 2/3 ад агульнай колькасці. 32,85% лідскіх выпускнікоў здавалі беларускую мову па ўласным выбары.

Але ў наступным годзе гэтых 63% ужо не будзе. У выніку абвешчаных новаўвядзенняў Міністэрства адукацыі пасля завяршэння навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі абавязковыя выпускныя экзамены ў школах будуць праводзіцца па навучальных прадметах "Матэматыка", "Замежная мова", "Гісторыя Беларусі", а таксама па навучальных прадметах "Беларуская мова" або "Руская мова" - на выбар вучня ў пісьмовай форме.

Такім чынам з наступнага года выпускнікі не змогуць больш здаваць і рускую, і беларускую мовы, а павінны будуць выбіраць толькі адну. Сёлета гэта адсекла б ад беларускай мовы ў Лідзе 273 чалавекі - 32,85% усіх выпускнікоў.

Нажаль, лічбы наступнага года прадбачацца несуцяшальнымі. Працэнт тых, хто будзе здаваць беларускую мову можа ўпасці ў два разы.