Чыноўнікам усё роўна, што школа пазбаўляецца прафесіяналаў?

Марыя ЭЙСМАНТ, nv-online.info

У Дзень настаўніка, які адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, павіншаваць са святам звольненую з працы настаўніцу гісторыі СШ №10 горада Светлагорска Алену Аляксандраўну Маслюкову прыйшлі яе былыя вучні, словы падтрымкі выказалі былыя калегі, настаўнікі з іншых школ. І толькі раённы аддзел адукацыі маўчыць. Быццам бы нічога не здарылася, хаця відавочна — сітуацыя вакол гэтага звальнення неардынарная, гэта надзвычайнае здарэнне. Са школы вымушаны быў сысці лепшы настаўнік Светлагорска 2013/2014 навучальнага года: з Аленай Маслюковай не працягнула працоўны кантракт дырэктар Людміла Драпеза. На рашэнне дырэктара не паўплывалі ні просьбы вучняў, ні звароты бацькоў.

Як так атрымалася: учора была прызнаным прафесіяналам, а сёння не патрэбна школе? Чаму раённыя чыноўнікі ад адукацыі не ўмяшаліся ў гэтую спрэчную сітуацыю, чаму яны, нібы страусы, схавалі галаву ў пясок, быццам бы не ў іх раёне сістэма адукацыі губляе лепшыя кадры? Няўжо чыноўнікам усё роўна?

Мы вырашылі задаць гэтыя пытанні, як кажуць, у лоб, напрамую.

«У мяне нарада»

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама Людміла Вялічка адразу пасля звальнення Алены Маслюковай камусьці з журналістаў у сваім каментарыі заявіла, што, маўляў, РАА на працу Маслюкову не прымаў, гэта прэрагатыва адміністрацыі школы, раённы аддзел адукацыі прымае на працу толькі кіраўнікоў школ. А значыць, трэба было разумець са слоў начальніцы, умешвацца ў канфлікт яна не будзе.  Заява, прама скажам, несур’ёзная. Усе ведаюць: чыноўнікі ў нас на тое і пастаўлены, каб сачыць за ўсім, што адбываецца ў даручаным ім накірунку, “разрульваць”, “гасіць” любую скандальную сітуацыю, не даваць ёй прасачыцца за межы раёна... А тут нейкая падкрэсленая недасведчанасць, нейкі несур’ёзны падыход чыноўніка да справы.

З другога боку, такі каментарый Людмілы Вялічка можна было палічыць спантанным, чыноўніца не была падрыхтавана да размовы, журналіст заспеў яе знянацку, таму і каментарый атрымаўся дзяжурны. Але мінуў месяц, у Людмілы Піліпаўны, думаю, быў час разабрацца ў гэтай сітуацыі, сфарміраваць і сфармуляваць сваю пазіцыю. Тэлефаную ёй, каб задаць некалькі пытанняў.

...Датэлефанавацца да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама вельмі лёгка: ніякіх там сакратарак, Людміла Вялічка сама зняла слухаўку. Задаць пытанне — складана. Пачуўшы, што я з газеты “Народная Воля” дый яшчэ па пытанні працаўладкавання Алены Маслюковай, спадарыня Вялічка адразу ж выпаліла:

— Прабачце, у мяне нарада, я нічога не змагу пракаменціраваць.

— Колькі яна будзе доўжыцца? Калі я магу ператэлефанаваць, каб атрымаць ваш каментарый?

— Пасля абеду.

І адразу загучалі кароткія гудкі.

Адзначу, што званіла я ў 10 гадзін раніцы. Цікава, якія глабальныя пытанні вырашала чыноўніца на той нарадзе, калі меркавала быць занятая на ёй тры гадзіны? Можа, прафесійны ўзровень педагагічнага складу раёна?

“Пасля абеду” тэлефон Людмілы Вялічка (які, дарэчы, мае вызначальнік нумара) не адказваў. Магчыма, так супала: калі я тэлефанавала, Людміла Піліпаўна была занята важнымі справамі па-за кабінетам. Але цяжка пазбавіцца ад думкі, што адказная асоба ўхілілася ад размовы са мной.

«Будзе зварот — будзе разгляд»

Зразумела, што не адна Людміла Піліпаўна Вялічка адказвае за адукацыю ў Светлагорскім раёне. Тэлефаную намесніку старшыні Светлагорскага райвыканкама па ідэалогіі Сяргею Мяркулаву. Ён курыруе ў раёне пытанні адукацыі, культуры, спорту і г.д.

— Сяргей Вячаслававіч, я думаю, вы ведаеце, што напярэдадні новага навучальнага года дырактар сярэдняй школы №10 Людміла Драпеза не працягнула працоўны кантракт з лепшым настаўнікам вашага раёна Аленай Маслюковай. Кіраўніцтва раёна нейкім чынам адрэагавала на гэта? Ці разглядалася магчымасць уладкаваць Алену Маслюкову на новае месца працы?

— Яна, наколькі мне вядома, не звярталася ў раённы аддзел адукацыі з такой просьбай. Калі б звярнулася, ёй варыянты прапанавалі б, я так думаю. Мы ніколі нікога не адпрэчвалі. Будзе зварот — будзе разгляд.

— А чыноўнікі ад адукацыі самі не хацелі ініцыяваць працаўладкаванне Маслюковай? Пагадзіцеся, сітуацыя абсурдная — лепшы настаўнік раёна застаўся без працы.

— Мяркую, што першы крок павінен зрабіць той, каму гэта патрэбна. Калі чалавек мае патрэбу ў працы, ён павінен прыйсці і сказаць пра гэта. Можа, у яе іншыя планы. І я чуў, што нейкія грандыёзныя планы ў яе ёсць. Калі ёсць, як гаворыцца, вецер у ветразі. А калі яна хоча звязаць свой лёс з адукацыяй, то трэба прыйсці пагутарыць з начальнікам аддзела адукацыі, яго намеснікамі...

— Згодна з вамі, што першы крок павінен рабіць той, каму гэта патрэбна. Але, Сяргей Вячаслававіч, няўжо сістэме адукацыі Светлагорскага раёна не патрэбны такі педагог, як Алена Аляксандраўна Маслюкова?

— Педагог адукаваны, наколькі я ведаю. Я сам бачыў конкурс на званне лепшага настаўніка раёна... Але там пэўнае непаразуменне склалася ў адносінах з дырэктарам, не проста так усё адбылося. Ні аддзел адукацыі, ні я ніяк не ўдзельнічалі ў гэтым. Дырэктар яе прымала на працу, дамаўлялася аб вызначаным стылі адносін. Узніклі праблемы, для іх вырашэння яны знайшлі такое выйсце... Прыблізна я ведаю, чаму так атрымалася, але не ўмешваюся.

— І чаму так атрымалася?

— Гэта доўгая размова, не тэлефонная. Ведаю, што праблемы ў іх былі сур’ёзныя, проста так дырэктар такое рашэнне не прымае.

— Безумоўна, мог узнікнуць і міжасобасны канфлікт. Але чаму аддзел адукацыі заняў пазіцыю “мая хата з краю”, застаўся ўбаку?

— Яшчэ раз паўтараю: будзе зварот, будзе заява — будзе разгляд.

«Нічога грамадскасць у нашай краіне не вырашае»

Алена Маслюкова — сябра Партыі БНФ. Яна не сцвярджае, але ў інтэрв’ю нашай газеце казала, што, магчыма, гэты факт таксама мог стаць нагодай для звальнення яе са школы, хтосьці палічыў гэта недапушчальным для настаўніка.

А што робіць партыя, якія прадпрымае крокі, каб аднавіць Алену Аляксандраўну на працы? Калі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года з Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна звольнілі настаўніцу гісторыі (таксама аднаго з лепшых педагогаў раёна, сапраўднага прафесіянала), сябру Партыі БНФ Наталлю Ільініч, ніякіх акцый з боку партыі не назіралася. Ва ўсялікім разе мы, журналісты, пра іх не чулі. І зараз ніхто не б’е ў званы, не абівае парогі чыноўнікоў ад адукацыі самых розных узроўняў, не ладзіць, у рэшце рэшт, акцый пратэсту, не прыцягвае ўвагі грамадскасці да гэтага абуральнага выпадку ў беларускай школе. Ці, можа, я памыляюся?

Я набрала нумар тэлефона старшыні суполкі Партыі БНФ у Светлагорскім раёне Вадзіма Болбаса, каб пачуць яго адказы на гэтыя пытанні.

— А якім чынам мы можам абараняць Алену Аляксандраўну? — пытаннем на пытанне адказаў Вадзім Іванавіч. — Мы далі інфармацыю ва ўсе незалежныя СМІ, іншых пляцовак у нас няма, на радыё і тэлебачанне нас не пускаюць.

— А вы не спрабавалі з мясцовымі чыноўнікамі размаўляць?

— Мы ведаем нашых чыноўнікаў, ведаем іх настрой, ведаем, што яны за людзі. Размаўляць бяссэнсава. Ёсць загад — яны яго выконваюць.

— А хто загадаў? Можна пытанне рубам ставіць перад чыноўнікамі абласнога аддзела адукацыі, можна звяртацца да міністра Маскевіча. А так усе маўчаць і усім добра...

— У мяне ўзнікла версія, якую можна лічыць канспіралагічнай. Але... Памятаеце, як на чэмпіянат свету па хакеі не пусцілі ў Беларусь польскага парламентарыя па прадстаўленні Расіі. Так і Алену Аляксандраўну маглі звольніць са школы, бо яна адкрыта казала сваім калегам, што робіцца ва Украіне, што Расія вінаватая ва ўкраінскім канфлікце. Ці не з Расіі паступіла такая просьба да нашых кіраўнікоў: прыціскаць усіх, хто не па-расійску інтэрпрэтуе падзеі ва Украіне?!

— А можа, усё прасцей: мясцовыя чыноўнікі падстрахаваліся?.. Вы ім задавалі гэтае пытанне? Лідары вашай партыі ў Мінску звязваліся з чыноўнікамі з Міністэрства адукацыі?

— У суботу чарговы з’езд Партыі БНФ. Там я буду на гэты конт выступаць. Дзякуй, што вы падказалі, я прапаную нашаму кіраўніцтву звярнуцца з адмысловым лістом у міністэрства.

На жаль, у нас ёсць такі вопыт, і вопыт абсалютна безвыніковы. Гэта гісторыя нашага актывіста, сябра Сойма БНФ, урача са Слоніма Івана Шэгі. З ім таксама адміністрацыя бальніцы не працягнула працоўны кантракт, хаця ўрачоў на раёне страшэнна не хапае, а ён сапраўдны прафесіянал, вопытны доктар. Куды мы толькі не звярталіся, каму толькі не пісалі — і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і у Міністэрства, а чалавека звольнілі — і кропка.

— Але пісаць — гэта адна справа, чыноўнікі паперкі падпішуць, вам адашлюць і, як кажуць, забудуць, як вас завуць. Зусім іншае — глядець чалавеку ў вочы, задаваць пытанні напрамую. Можа, ёсць сэнс трапіць на прыём да міністра адукацыі ці ягоных намеснікаў?

— Можа, вы і маеце рацыю. Але я ўпэўнены, што калі прыйду ў раённы аддзел адукацыі, то там адразу ўсе чыноўнікі зробяцца страшэнна занятымі...

На жаль, трэба прызнаць: нічога грамадскасць у нашай краіне не вырашае. Калі звольнілі з Талькаўскай школы Наталлю Ільініч, лісты пісаліся, нават школьны прафсаюз паспрабаваў яе абараніць. І што? Тыя начальнікі, якія непасрэдна мелі дачыненне да яе звальнення, атрымалі новыя пасады. Былая кіраўніца Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а былая загадчыца Пухавіцкага раённага аддзела адукацыі Таццяна Чарнышова атрымала пасаду ў абласным упраўленні адукацыі.

Ці такі прыклад. Вы, напэўна, чулі пра будаўніцтва ў Светлагорску кітайцамі цэлюлознага завода. Мы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў гараджан супраць гэтага праекта, бо ў нас у горадзе і так экалогія дрэнная. Накіравалі звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і кітайскую амбасаду. Сказаць, які вынік? Завод ужо будуецца.

Пакуль у краіне будзе кіраваць адна асоба, а ўсе чыноўнікі стаяць навыцяжку з рукой у лба, тыя, хто не ў гэтай сістэме, будуць выціскацца з дзяржаўнай працы, дзяржаўных прадпрыемстваў. Алена Аляксандраўна Маслюкова — лепшы настаўнік гісторыі ў горадзе, яе вучні — пераможцы гарадскіх, абласных алімпіяд. Але і такімі кадрамі ў нас могуць раскідвацца. Вучні Алены — дзеці ўплывовых у горадзе людзей, якія прымалі пэўныя захады, каб пакінуць Маслюкову ў школе. І ўсё роўна яе звольнілі.

Алена Аляксандраўна без заробку, без працы не застанецца. Вось тут, вось у гэтым мы ёй дапаможам.