Мікалай ЗАПРУДСКІ, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА.
Настаўніцкая газета, 02.12.2014
Чаму наспела неабходнасць медыйнай адукацыі, якія ў школах і ў настаўнікаў ёсць магчымасці для фарміравання медыяграматнасці навучэнцаў,
як іх узмацніць?
Медыя — сродкі масавай камунікацыі, да якіх традыцыйна адносяць друк, прэсу, тэлебачанне, кінематограф, радыё, гуказапісы і інтэрнэт.
Медыяадукацыя, па меркаванні А.В.Фёдарава, «…ў сучасным свеце разглядаецца як працэс развіцця асобы з дапамогай і на матэрыяле сродкаў масавай камунікацыі (медыя) з мэтай фарміравання культуры зносін з медыя, творчых, камунікатыўных здольнасцей, крытычнага мыслення, уменняў паўнавартаснага ўспрымання, інтэрпрэтацыі, аналізу і ацэнкі медыятэкстаў, навучання розным формам самавыяўлення пры дапамозе медыятэхнікі».
У гэтым азначэнні можна вылучыць два аспекты:
• першы звязаны з уменнямі ўспрымання і выкарыстання інфармацыі, якая паступае з розных крыніц. Гэтыя ўменні спрыяюць развіццю асобы і дапамагаюць чалавеку ў прыняцці адпаведных стратэгій паводзін і дзейнасці;
• другі — прадугледжвае наяўнасць у індывіда ўменняў быць паспяховым і адказным аўтарам звычайных, аўдыяі відэатэкстаў, якія размяшчаюцца ім на сайтах, у блогах, на YouTube, на форумах, прад’яўляюцца падчас інтэрнэт-канферэнцый, вэбінараў і г.д.
Медыяграматнасць — сукупнасць навыкаў і ўменняў, якія дазваляюць людзям аналізаваць, ацэньваць і ствараць паведамленні ў розных відах медыя, жанрах і формах. Такім чынам, медыяадукацыя і медыяграматнасць суадносяцца як працэс і вынік адпаведнай адукацыйнай практыкі.
Чым выклікана з’яўленне медыяадукацыі?
Найперш велізарным уплывам медыя на грамадства, культуру. Медыяпаведамленні (рэклама, навіны, фільмы, музыка і г.д.) фарміруюць нашы ўяўленні аб рэальнасці, моцна ўплываюць на нашы думкі, жыццёвыя ўстаноўкі і дзеянні. Мы жывём у свеце, у якім якасць атрыманай намі інфармацыі ў значнай ступені вызначае наш выбар і наступныя дзеянні, уключаючы здольнасць карыстацца фундаментальнымі свабодамі і правам на самавызначэнне і развіццё.
Па-другое, невычарпальнымі магчымасцямі медыясродкаў для адукацыі чалавека. Існуе паняцце «паралельная школа», якое азначае, што сучасны чалавек можа многаму навучыцца праз сродкі масавай інфармацыі, асабліва праз інтэрнэт.
Медыяадукацыя мае шырокае распаўсюджанне ў свеце, што выклікана развіццём сродкаў масавай інфармацыі, іх імкненнем уплываць на чалавека.
Па-трэцяе, стваральнікі медыяпрадукцыі часта навязваюць свой пункт гледжання, інтэрпрэтуюць падзеі так, як выгадна тым, хто «заказвае музыку». Медыяпаведамленні скіраваны на тое, каб пераканаць нас паверыць у нешта ці зрабіць так, як жадаюць іх аўтары. Для дасягнення сваёй мэты яны выкарыстоўваюць спецыяльныя сродкі — ліслівасць, страх, паўторы і г.д.
Сёння лёгка аказацца падманутым.
Па-чацвёртае, медыйная прастора, асабліва інтэрнэт, надзвычай моцна засмечана тэкстамі, якія знешне прывабнымі формамі схіляюць маладых людзей да сектанцтва, радыкалізму, гвалту, нават фашызму. Мноства інфармацыі ў сетцы прадстаўлена ў гіпертрафіраванай форме.
Па-пятае, карыстальнікі інтэрнэту, асабліва моладзь, становяцца па сутнасці журналістамі, бо павялічваецца ступень іх удзелу ў медыяпрасторы ў якасці аўтараў медыяпасланняў: у асабістых блогах, сацыяльных сетках, на сайтах, у чатах і г.д. Мы часта бачым у тэкстах неправераныя звесткі, адсутнасць логікі і аргументацыі, правакацыйныя выказванні, нецярпімасць, што сведчыць і аб нізкім узроўні выхаванасці многіх людзей, і аб нізкім узроўні медыяграматнасці.
У адказ на гэтыя выклікі часу ў педагогіцы з’явілася медыяадукацыя (media education) як спецыфічны кірунак адукацыі. У вядучых краінах свету ён пачаў фарміравацца ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. У 90-х гадах медыяадукацыя стала абавязковым кампанентам навучання ва ўсіх сярэдніх школах Канады, Аўстраліі і іншых краінах. У ЮНЕСКА створана праграма навучання педагогаў «Медыйная і інфармацыйная граматнасць» (http://iite.unesco.org/pics/publications/ ru/files/3214706.pdf), якая актыўна выкарыстоўваецца ў свеце. Яна задае пэўныя стандарты медыяадукаванасці.
Паспяхова медыяадукацыя развіваецца і ў нашых суседзяў. У Расіі створаны адпаведны стандарт, які рэгламентуе патрабаванні да мінімальна неабходнага ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў. Ва Украіне з мінулага года ў школах выкладаецца курс «Асновы медыяграматнасці». Шведскія педагогі распрацавалі камплект матэрыялаў для настаўнікаў і вучняў пад агульнай назвай «Медыякод» (або інструкцыя па выжыванні ў медыйна насычаным асяроддзі). На нядаўнім семінары для настаўнікаў гэтыя матэрыялы прадставіў Ёран Андэрсен — настаўнік і аўтар 15 падручнікаў па геаграфіі і грамадазнаўстве. Матэрыялы ўключаюць шмат цікавых заданняў, выконваючы якія вучні развіваюць сваю медыйную культуру.
Вось прыклад аднаго з іх. Вучням прапануецца прачытаць (праслухаць, праглядзець) медыяпаведамленне. Потым яны яго расшыфроўваюць, карыстаючыся наступным планам.
Спытай сябе:
• Хто з’яўляецца стваральнікам паведамлення і навошта яно было створана?
• Якія прыёмы выкарыстаны для пераканання?
• Як стваральнік медыя імкнуўся ўплываць на нас?
• Якія часткі гісторыі нам не расказалі?
• Як можна атрымаць больш інфармацыі па вызначанай тэме?
Такім чынам, медыяадукацыя мае шырокае распаўсюджанне ў свеце, што выклікана развіццём сродкаў масавай інфармацыі, іх імкненнем уплываць на чалавека. Фарміраванне медыяграматнасці вучняў і выпускнікоў беларускіх школ — таксама актуальная праблема. Пэўныя крокі зроблены і ў нашай краіне. У вучэбных праграмах, асабліва гуманітарных прадметаў, ёсць патэнцыял для развіцця крытычнага мыслення вучняў як асноўнага складніка медыйнай адукаванасці. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праводзяцца семінары па гэтай тэме, у 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі рэалізоўваецца адпаведны інавацыйны праект, кансультантамі якога з’яўляюцца супрацоўнікі АПА; працуе пастаянна дзеючы семінар на базе Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ; група настаўнікаў летам мінулага года прайшла стажыроўку ў школах Швецыі і Украіны. Алена Палейка — навуковы супрацоўнік НІА — выконвае дысертацыйнае даследаванне па медыяадукацыі.
Якія пажадана зрабіць крокі для далейшага развіцця медыяадукацыі ў нашах школах, гімназіях і ліцэях?
1. Пажадана стварыць стандарт медыйнай адукаванасці, які б вызначыў спіс абавязковых для засваення вучнямі кампетэнцый. Наяўнасць такога дакумента дазволіць удакладніць змест кампетэнтнаснай мадэлі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што стане асновай для планавання іх работы і абнаўлення праграм развіцця. Стандарт таксама дапаможа ўнесці адпаведныя змены ў вучэбныя праграмы, стане арыенцірам пры распрацоўцы настаўнікамі вучэбных і пазакласных заняткаў.
2. Актуальным з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў, настаўнікаў, метадыстаў, выкладчыкаў ВНУ і ІРА па праблеме медыяадукацыі. Магчымы як спецыяльныя курсы, так і ўключэнне тэмы ў іншыя праграмы павышэння кваліфікацыі. (Дарэчы, аўтар гэтага артыкула на пачатку ліпеня 2015 года плануе правядзенне ў АПА тыднёвага павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і метадыстаў па тэме «Фарміраванне медыяграматнасці настаўнікаў і вучняў».)
3. Наспела патрэба ў стварэнні спецыяльнага адукацыйнага сайта, падобнага на той, што працуе ў Швецыі (mediekompass.se), на якім змяшчаюцца сотні гатовых урокаў, навіны і рэкамендацыі настаўнікам, як з гэтымі навінамі працаваць у класе. Ёсць старонка пра журналісцкую этыку. Там жа кожны тыдзень прапануецца тэст у форме крыжаванкі для вучняў па веданні навін і крытычнай іх ацэнцы. Вынікі тэста потым абмяркоўваюцца ў класах. З сайта робяцца рассылкі настаўнікам, у якіх прапануюцца практыкаванні, звязаныя з навінамі. Так «сервіруецца стол» для настаўніка — ажыццяўляецца дапамога ў падрыхтоўцы да ўрокаў.
4. Настаўнікам пажадана быць у трэндзе: актуальныя навіны ўводзіць ва ўрок і на гэтым матэрыяле фарміраваць крытычнае мысленне. Сёння ніводны падручнік не можа абысціся без дапамогі медыясродкаў. Яны дадаюць самую актуальную інфармацыю па любым прадмеце, дазваляюць звязаць прадметныя веды з тым, што адбываецца, што цікавіць свет менавіта зараз. Але ў патоку інфармацыі трэба ўмець арыентавацца. Таму медыяадукацыі ўдзяляецца ўсё больш і больш увагі.
5. Пажадана звяртацца да публікацый вучняў сваёй і іншых школ у інтэрнэце і на гэтай аснове фарміраваць аўтарскія здольнасці, маральныя якасці вучняў. Тут магчымы розныя падыходы: або пратэкцыянісцкі, які дапамагае абараніць школьнікаў ад негатыўнай інфармацыі ў інтэрнэце ці тэлевізары і прапаноўвае ім лепшыя сучасныя творы (гэты падыход не дастаткова эфектыўны); або аналітычны, які развівае крытычнае мысленне і дапамагае арыентавацца ў патоках інфармацыі, выпрацоўваць імунітэт супраць амаральнасці, антыгуманнасці і іншых негатыўных праяў у медыясродках. Карысна было б на занятках далучаць вучняў да выпрацоўкі імі разам з настаўнікам правіл карыстання сацыяльнымі сеткамі, адказных паводзін у інтэрнэце.
Такім чынам:
1. Існуе феномен медыяадукацыі як актуальны складнік педагогікі і педагагічнай практыкі.
2. З’яўленне медыяадукацыі выклікана развіццём медыясродкаў, адпаведнымі пазітыўнымі і негатыўнымі наступствамі.
3. Пэўныя захады ў бок фарміравання медыяграматнасці вучняў робяцца і ў нашай краіне.
4. Патрэбны прыняцце і рэалізацыя практычных мер па развіцці медыяадукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Калегі, далучайцеся да абмеркавання тэмы!