Пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе праведзены ў Беларусі. Такое рашэнне прыняў урад, каб удасканаліць механізмы бюджэтнага фінансавання ў сістэме адукацыі.
Як патлумачылі ў прэс-службе галоўнага адукацыйнага ведамства, у рамках эксперыменту аб’ёмы фінансавання, што накіроўваюцца на навучанне і выхаванне, будуць «прывязаны» да колькасці навучэнцаў. Навучальныя ўстановы будуць атрымліваць бюджэтныя сродкі ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў (па ўстаноўленым нарматыве). Гэта значыць, што чым больш навучэнцаў абярэ канкрэтную ўстанову, тым большым будзе і аб’ём яе фінансавання. Такім чынам будуць створаны ўмовы для здаровай канкурэнцыі паміж установамі адукацыі за кожнага вучня, што павінна адбіцца і на якасці навучання.
Новая сістэма фінансавання пройдзе «абкатку» на дзвюх мадэлях: на прыкладзе адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі (у горадзе Баранавічы) і на прыкладзе асобных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадах. Мяркуецца, што сродкі будуць накіроўвацца на рэалізацыю пілотнага праекта, зыходзячы са сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на выдаткі па агульнай сярэдняй адукацыі, і гарантаванага і адраснага забеспячэння мер па сацыяльнай абароне навучэнцаў у адпаведнасці з заканадаўствам.
Кіраўнікам устаноў адукацыі будзе дадзена права самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдзеленых сродкаў і аптымізаваць штатную колькасць, а сродкі, што вызваляцца, накіроўваць на стымуляванне работнікаў і ўстанаўленне павышальных каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў. Мяркуецца, што нарматыўнае фінансаванне дазволіць забяспечыць празрысты і справядлівы механізм фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў і адаб’ецца ў лепшы бок на заробках работнікаў.
Што немалаважна, на рэалізацыю праекта не патрабуецца выдзялення дадатковых сродкаў з рэспубліканскага і (ці) мясцовага бюджэтаў.
Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда