Прыклад удалай самаарганізацыі ў нефармальную структуру, якая не мае канкурэнцыі з боку дзяржаўных інстытутаў і СМІ, прадэманстравалі найбольш актыўныя беларускія настаўнікі.
Рэдактары сайта nastaunik.eu Вольга Мазурава і Тамара Мацкевіч
Гэта аўтары і чытачы інфармацыйнага парталу nastaunik.eu, людзі, якія разумеюць, што ім даручана выхоўваць наступную генерацыю беларусаў, — перакананая галоўная рэдактарка вэб-рэсурсу Тамара Мацкевіч.
На сёлетняй цырымоніі ўганаравання «Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці-2014» у намінацыі «Найлепшы сайт НДА» перамог інфармацыйны партал для беларускіх настаўнікаў nastaunik. info.
Сайт робіцца настаўнікамі і для настаўнікаў
Сайт nastaunik. info быў створаны ў 2005 годзе. Напачатку — як бібліятэка з матэрыяламі, якія назапасілі выкладчыкі па праграмах «Настаўнік. Школа. Грамадзтва» і «Грамадзянская адукацыя настаўнікаў». Але, як кажа Тамара Мацкевіч, праз вельмі хуткі час стваральнікі сайту зразумелі, што ён можа выконваць шэраг іншых важных функцыяў: інфармацыйную, камунікатыўную, навучальную.
«Сайт робіцца настаўнікамі і для настаўнікаў. У нас няма рэдакцыі і аўтарскага калектыву. Штодня мы маем пад 1000 унікальных актыўных чытачоў, якія карыстаюцца матэрыяламі сайту, а таксама прысылаюць свае артыкулы і распрацоўкі. Такім чынам, сайт робіцца настаўніцкай супольнасцю. І прызнанне нашага сайту „чэмпіёнам грамадзянскай супольнасці“ цалкам заслужанае, бо nastaunik. info — сімвал таго, што грамадзянская супольнасць у настаўніцкім асяроддзі актыўна будуецца», — кажа галоўны рэдактар nastaunik.eu Тамара Мацкевіч.
Сайт nastaunik.eu
Цікава, што сярод актыўных чытачоў і аўтараў сайту для выкладчыкаў найменш прадстаўнікоў Мінску і вялікіх гарадоў.
«Нашы чытачы — гэта актыўныя настаўнікі. А актыўнасць не залежыць ні ад прадмету, які яны выкладаюць, ні ад узросту настаўніка. Магу сказаць, што чым далей ад Менску, тым больш актыўныя і адкрытыя настаўнікі. Не ведаю, чаму, але ў Мінску і вялікіх гарадах настаўнікі стомленыя, перагружаныя. Для ўдзелу ў некаторых праграмах мы абвяшчаем конкурсы, часам там даволі сур’ёзная канкурэнцыя — 3–4 чалавекі на месца. Дык вось калі заяўку падае настаўнік зь Менску, мы бярэм яго па-за конкурсам», — распавядае Тамара Мацкевіч.
Дзяржаўныя СМІ — нам не канкурэнты
Тамара Мацкевіч кажа, што сайт працуе фактычна без канкурэнцыі. Прадметныя часопісы для настаўнікаў, якія выходзяць у дзяржаўным выдавецтве «Адукацыя і выхаваньне», і «Настаўніцкая газета» адрозніваюцца і зместам, і ідэалагічнай скіраванасцю.
«З прадметнымі часопісамі нас не варта параўноўваць, бо яны арыентаваныя на настаўніка канкрэтнага прадмета — фізікі, хіміі, беларускай мовы. Артыкулы з нашага сайту, а таксама матэрыялы, падрыхтаваныя Таварыствам беларускай школы, друкуюцца ў часопісах выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», тут праблемаў няма. Калі казаць пра «Настаўніцкую газету», то хоць мы і выконваем падобныя функцыі, усё роўна адрозненняў шмат. Напрыклад, яны праз наяўнасць цэнзуры і дакладнай дзяржаўнай лініі не могуць друкаваць інфармацыю пра міжнародныя і недзяржаўныя конкурсы і праграмы. У нас больш свабоды, і мы даем настаўнікам тое, што сапраўды для іх карысна і патрэбна.
Гадаваць найперш грамадзян сваёй краіны
Самая істотная асаблівасць сайту nastaunik. info — тое, што яго стваральнікі аддаюць вялікую ўвагу раздзелам, якія нельга сустрэць у дзяржаўных выданнях для настаўнікаў — пра грамадзянскую і нацыянальную адукацыю.
«Гэта тое, што нас адрознівае і ад афіцыйных часопісаў, і ад „Настаўніцкай газеты“, і ад палітыкі дзяржавы ў сферы адукацыі. У гэты аспект мы ўкладаем еўрапейскі сэнс. Грамадзянскай адукацыяй мы лічым выхаванне грамадзян сваёй краіны, фармаванне беларусаў як незалежнай нацыі. Мы аддаём вялікую ўвагу гэтаму раздзелу, маем усе магчымыя матэрыялы, якія можна здабыць ці стварыць самастойна. Настаўнікі любога прадмета павінны працаваць на тое, каб вучні атаясамілі свой дабрабыт з дабрабытам сваёй краіны, каб яны ведалі, дзеля чаго яны вучацца. А гэта магчыма толькі ў выпадку развіцця адказнасці — за сваю вучобу, за выбар прафесіі, за сям’ю, і ўрэшце за краіну», — кажа Тамара Мацкевіч.
Без нацыянальнага і грамадзянскага аспекту адукацыя ўвогуле не мае сэнсу, лічыць Тамара Мацкевіч:
«У Беларусі праблема ў тым, што вучні не разумеюць, дзеля чаго яны вучацца. Ім хочацца пазбавіцца прымусу, ідэалогіі, якія навязвае школа, і з'ехаць за мяжу. Шматлікія настаўнікі так і скіроўваюць вучняў: маўляў, вучыцеся, атрымлівайце адукацыю і з'язджайце за мяжу. Як быццам бы гэта добра, калі выдатнік будзе развозіць піцу дзесьці за мяжой, адбіраючы працоўнае месца ў мясцовага чалавека. На жаль, настаўнікі не разумеюць, што без грамадзянскай адукацыі любое навучанне ў гэтай краіне не мае аніякага сэнсу, адукацыя ператвараецца ў падрыхтоўку кадраў для багацейшых краінаў. Наш сайт скіраваны на інтарэсы нашай краіны, каб дзеці рэалізоўваліся на радзіме. Для гэтага найперш важная беларуская мова. І тут наш сайт прапануе і мульцікі, і песні, і караоке, і гульні — усё па-беларуску, каб дзецям было цікава вучыць родную мову. На жаль, у гэтым плане ў нас няма канкурэнтаў, ніхто больш нацыянальным і грамадзянскім выхаваннем вучняў праз адукацыю выкладчыкаў не займаецца».
Тамара Мацкевіч перакананая, што настаўнікі, якія прыходзяць да іх на сайт у якасці аўтараў і чытачоў, — найлепшыя прафесіяналы Беларусі.
«Калі працуеш з імі, то бачыш: насуперак агульнаму ўяўленню пра пасіўнасць і прыгнечанасць настаўніка, сярод іх надзвычай шмат разумных, смелых, рашучых асобаў, якімі нельга бяздумна кіраваць. Гэта настаўнікі-місіянеры, якія разумеюць, што ім даручана выхоўваць наступную генерацыю. Настаўнікі, нават калі яны знявераныя і прыніжаныя бюракратычнай сістэмай, далучыўшыся да супольнасці на сайце, моцна мяняюцца і нават менш увагі звяртаюць на адвечныя праблемы гэтай прафесіі — такія, як малы заробак, нявыхаваныя дзеці, пачынаюць больш думаць пра самарэалізацыю і прафесійнае самаўдасканаленне. Ну, а калі настаўнік ужо бачыць вынік у ведах дзяцей і стаўленні да сябе, то ён трапляе ў асяроддзе, дзе яму добра. Чым болей нас, тым меней іх. Мы цяпер нарошчваем крытычную масу творчых, свабодных настаўнікаў, якія калісьці зробяць змены ў сістэме адукацыі».