Гэта можа адбыцца ўжо ў 2018 годзе, паведаміла намесніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка на брыфінгу ў Мінску 23 студзеня.
Паводле яе слоў, сёлета плануецца падаць заяўку і пералічыць грашовы ўнёсак, а ў 2018-м – далучыцца да PISA, паведамляе БелаПАН.
Удзел у PISA будзе каштаваць Беларусі каля 40 тыс. долараў. Фінансаванне будзе здзейснена са сродкаў, дадзеных Сусветным банкам на рэфармаванне сістэмы беларускай адукацыі. Таксама гэтыя грошы пойдуць на прыцягненне кансультантаў па выніках правядзення тэставання і «далейшую працу, скіраваную на паляпшэнне зместу адукацыі Беларусі», паведаміла Сідарэнка.
Спецыяліст зазначыла, што Беларусь застаецца адной з нешматлікіх еўрапейскіх краін, якія не ўдзельнічаюць ні ў воднай з незалежных сістэм ацэнкі якасці адукацыі. Якасць адукацыі правярае Інстытут кантролю ведаў, які знаходзіцца ў ведамстве Міністэрства адукацыі.
Як паведаміла Сідарэнка, удзел у PISA дазволіць Беларусі ацаніць сваю сістэму адукацыі «на фоне больш развітых краін». Пры гэтым чыноўніца адзначыла, што, як правіла, краіны, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у даследаванні, трапляюць у канец спісу, гэта значыць паказваюць горшыя вынікі.
Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA) – тэст, які ацэньвае пісьменнасць 15-гадовых школьнікаў у розных краінах свету і ўменне выкарыстоўваць веды на практыцы. Праходзіць раз на тры гады. Быў распрацаваны ў 1997 годзе, упершыню адбыўся ў 2000-м. Даследаванне PISA з'яўляецца маніторынгавым, яно дазваляе выявіць і параўнаць змены, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі ў розных краінах, і ацаніць эфектыўнасць стратэгічных рашэнняў у галіне адукацыі.