ВЫПУСКНЫ ВЕЧАР: ПРАПАНОВА ДЛЯ АДЗЕНЬНЕВАГА І АКСЭСУАРНАГА БІЗНЭСУ
Вінцук Вячорка
Укараненьне традыцыйнай эстэтыкі ў сучасны побыт пойдзе прасьцей пры ўмове вызначэньня для яе пераважных сытуацыйна-функцыянальных нішаў. У такіх нішах, у апоры на існыя рытуалы, а таксама праз стварэньне новых, магчыма ўтвараць цэлыя лініі адпаведнай прадукцыі рознага кшталту.
Штогод некалькі дзясяткаў тысячаў вучняў заканчваюць сярэднія школы, гімназіі, ліцэі. Сёлета ў Беларусі іх будзе каля 55 тыс.
Існуюць разнастайныя выпускныя рытуалы: апошні званок, апошні ўрок, выпускны баль/вечар, начныя гуляньні выпускнікоў. Рытуалы аздабляюцца: удзельнікі надзяюць гарнітуры і балёвыя сукенкі, стужкі цераз плячо, падобныя ці то да сватавых, ці то да апаясак перадавікоў вытворчасьці.
Ня ўсе гэтыя рытуалы традыцыйнага паходжаньня. Скажам, выпускныя рытуалы з часоў калегіяў ВКЛ або беларускіх гімназіяў у Заходняй Беларусі ня вывучаныя, і пакуль жывуць апошнія выпускнікі беларускіх гімназіяў, трэба сабраць іхныя ўспаміны. Некаторыя цяперашнія рытуалы яўна расейскага ці савецкага паходжаньня.
Але падзея нагэтулькі значная, што зь неабходнасьцю асаблівага рытуалу і яго асаблівай эстэтызацыі пагаджаюцца ўсе ейныя ўдзельнікі: пэдагогі, бацькі дый самі выпускнікі.
Цяпер (я пішу гэта ў канцы студзеня) праходзяць бацькоўскія – сумесна з вучнямі – сходы выпускных клясаў, дзе абмяркоўваюць і ўхваляюць канцэпцыі выпускных урачыстасьцяў. І па выпускных клясах школаў у Менску і ўсёй краіне ўжо пайшлі камэрцыйныя агенты сотняў фірмаў ды ІП, якія займаюцца продажам, шыцьцём і/ці пазычэньнем выпускных сукенак і (у меншай ступені) гарнітураў, вырабам чырвоных стужак з залатым надпісам “Выпускник” і г.д.
Частка вучняў 11-й клясы менскай беларускамоўнай гімназіі № 23 выказала ідэю прыйсьці на выпускныя ўрачыстасьці ў вышыванках. Гэта было яшчэ ў верасьні, г. зн. да пачатку новага вышыванкавага буму. Тады ня ўсе бацькі ўхвалілі гэтую ідэю.
Вось жа менавіта цяпер сама час прапанаваць шматлікім выпускнікам новае эстэтычнае напаўненьне эпахальнай для іх падзеі. Дзяўчаты ў вышытых (аздобленых) густоўных урачыстых сукенках, хлопцы ў вышываных кашулях – гэта сьвежы і нешаблённы вобраз сьвята. Да гэтых асноўных атрыбутаў патрэбная канцэпцыя іншых аксэсуараў – скажам, не перадавіцкіх стужак, а акадэмічных шапак, банцікаў са стужак нацыянальных колераў ці арнамэнтаваных, да якіх дачэплены званочак (або канцэнтрычных разэтак адпаведных колераў); вяночкаў для дзяўчат; разьвітальных ручнікоў для цырымоніі, значкоў, нашывак ды інш.
Падлетак у кашулі брэнду HONAR. Фота са старонкі вытворцы ў Facebook
Відавочна, што патрэбная дапамога школам / бацькоўскім камітэтам / вучнёўскім супольнасьцям у выпрацаваньні цікавых і пры гэтым нефармалізаваных выпускных рытуалаў, часткамі якіх былі б гэтыя атрыбуты і аксэсуары.
З каго пачаць? Толькі ў Менску дзейнічаюць цалкам беларускамоўныя (паводле статутаў) гімназіі №№ 4, 9, 14, 23, 28, школа № 60.
Фармальна двумоўныя – школы №№ 21, 37, 71, 72, 110, 180, гімназіі №№ 7, 32, 38, Рэспубліканская гімназія-каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка, Менская гімназія-каледж мастацтваў, гімназія-каледж пры Акадэміі музыкі, Ліцэй БДУ, а нават прафэсійны ліцэй № 2 лёгкай прамысловасьці, каледж кулінарыі, прафэсійны ліцэй № 1 машынабудаваньня.
Туды (напрыклад, у творчыя школы) тэрмінова трэба ісьці з ідэямі, каталёгамі выяваў, сцэнарамі. (Бо канкурэнты ўжо там!) Для гэтага вывучыць (даручыць гісторыкам культуры і адукацыі дасьледаваць) аўтэнтычныя беларускія і рэгіянальныя (Літва, Украіна, Польшча) традыцыі.
Можна пачаць, напрыклад, з гімназіі № 23, дзе ўжо ёсьць група матываваных дзяцей і бацькоў, аднак ім трэба пераканаць рэшту клясы. Для гэта зацікаўленым у стварэньні вялікага і гарантаванага рынку збыту структурам варта прапанаваць гэтым сем’ям прамацыйныя ўмовы: зьніжкі, пазычэньне, урэшце, бясплатныя пастаўкі пры ўмове рэклямы брэнду. Так можа быць створаная падзея, мода і нішавы попыт на пэрспэктыву.
Дадатак
Журналістка Валянціна Трыгубовіч адказала на пытаньне, ці існавалі адметныя выпускныя традыцыі ў беларускіх школах Заходняй Беларусі.
У Наваградзкай беларускай гімназіі былі ўніформавыя шапкі і адмысловыя значкі на каўнярах, розныя для розных клясаў. Уніформавае адзеньне як бы пачыналася, але ня ўсе вучні (зь беднасьці) маглі б сабе такое дазволіць, дык яно масава не прыжылося.
У Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, што дзейнічала на эміграцыі, натуральна, было не да экспэрымэнтаў з адзеньнем – абы што было адзець!
Аднак ужо студэнты Лювэнскага ўнівэрсытэту (Я. Запруднік, В. Кіпель ды інш.) таксама вырабілі фірмовыя галаўныя ўборы. Мода была тады такая.
Як праходзілі ўрачыстасьці, выпускныя ў тым ліку?
Малебен, сьцягі, прамовы, канцэрт вучнёўскай самадзейнасьці, уручэньне падарункаў ці ўзнагародаў. На сцэне – суцэльныя вышыванкі (але хіба не ў клясычным балеце ды "пірамідах").
Здавалася б, нічога такога, што можна запазычыць напрасткі, няма. Скаўтынг я не закранаю. Там свае правілы гульні. Але! У гімназіі дзеці пачыналі КОЖНЫ дзень з сьпяваньня: "Беларусь, наша маці-краіна...".
На выпускным была абавязковая прамова (падзяка) ад імя школьнікаў, якую прамаўляў найлепшы вучань.
Увогуле ў тыя часы мастацкая самадзейнасьць мела такую ролю, якую сёньня цяжка з чымсьці параўнаць. Усе мусілі сьпяваць у хоры, ставіліся спэктаклі, настаўнікі змушалі вучыць бясконцыя вершы, моднымі былі літаратурныя мантажы, дзе брала ўдзел "куча народу": у пэўным парадку чыталі вершы, сьпявалі або танчылі. Патас і патрыятызм тэкстаў зашкальваў. А выступы зь "пірамідамі" – увогуле былі "нэктарам душы". Але ня думаю, што сёньняшнія дзеці вытрымаюць такі канцэрт. Па-мойму, сёньня ніхто ня хоча мець доўгія цырымоніі.
"Кліпавую сьвядомасьць" трэба ўлічваць.
На сучасных выпускных цырымоніях у ЗША – той самы набор: прамовы, падзякі, падарункі... У дзіцячым садзе – два прыклады: 1) усе дзеці апранутыя хто ў што хоча, толькі на галовах аднолькавыя шапачкі (квадратовы верх і кутасік на шнурку), 2) усе ў мантыях белага колеру, але з шапачкамі таксама. У часе цырымоніі гэны кутасік перакладаецца з аднаго боку на другі – сымбаль пераходу з аднаго стану чалавека ў іншы. Часам кутасік аддаецца на памяць як сувэнір (і дакумэнт!). Да шапачкі на другі год дачэпяць новы. Бо адзеньне набывае не сям'я.
І такое самае на іншых узроўнях: каледж, унівэрсытэт... Розьняцца толькі колеры мантыяў ды шапачак. А фотасэсія - ці не галоўны складнік цырымоніі...
Выпускнікі літоўскай школы ў Нью-Ёрку