«Дыя@блог. Пра мову»: Ганна Уласень выкладае школьную фізіку па-беларуску ўжо другі год і кажа, што праблемаў з беларускай тэрміналогіяй у яе няма.
На другім годзе выкладання па-беларуску мова ўжо ў галаве, расказвае настаўніца мінскай гімназіі №23 Ганна Уласень.
Яна прыйшла ў гімназію яшчэ студэнткай, на апошнім курсе ўніверсітэта. У БДУ на беларускай мове вывучалі матэматычны аналіз і некаторыя раздзелы фізікі, але пераважна вучыліся па-руску. Таму праца ў беларускамоўнай гімназіі сталася цікавым выклікам і каштоўным досведам.
Слоўнік у лабаранцкай, размовы дзяцей на перапынках, гутаркі з калегамі і сустрэчы з бацькамі – усё гэта падтрымлівала маладую настаўніцу на шляху вывучэння роднай мовы. Сёння Ганна кажа, што пачаць размаўляць па-беларуску проста: трэба проста ўзяць – і пачаць. Прыйсці і сказаць дзецям не «Здравствуйте», а – «Добры дзень, рада вас вітаць, сядайце».