На працягу амаль усяго міжваеннага двадцацігоддзя ў грамадскiм жыццi жыхароў Заходняй Беларусі вялікую ролю адыгрывала культурна-асветнiцкая, а затым i рэвалюцыйна-дэмакратычныя арганiзацыя - Таварыства беларускай школы (ТБШ).
Датай стварэння ТБШ лiчыцца 22 лютага 1921 года, калi на адным з паседжанняў Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вiльні была прынята пастанова стварыць спецыяльнае Таварыства, якому ЦБШР перадасць свае паўнамоцтвы і маёмасць.
Праз некаторы час быў зацверджаны статут гэтай арганізацыі. Галоўны напрамак дзейнасцi арганiзацыi вызначаўся як «развiццё беларускiх школ i беларускай асветы наогул». Згодна з палажэннем статута, ТБШ мела права адкрываць i ўтрымлiваць народныя школы, праводзiць курсы для непiсьменных дарослых, утрымлiваць настаўнiцкiя семiнарыi, бiблiятэкi, аказваць вучэбна-метадычную i грашовую дапамогу.
Наогул ля вытокаў ТБШ cтаялi Б. Тарашкевiч, А. Луцкевiч, А. Трэпка i iнш. Стварэнне Таварыства на Вiленшчыне стала магчымым з-за таго, што тут была сканцэнтравана пакуль яшчэ нешматлiкая беларуская iнтэлігенцыя.
Пасля далучэння Вiленскага края да Польшчы як лагiчны вынiк пачаўся наступ на беларускую асвету. Але нават у такiх цяжкiх умовах была наладжана кнiгавыдавецкая дзейнасць. Акрамя таго, 11-14 красавiка 1923 года адбыўся з’езд педагогаў беларускіх гімназій. У адной з прынятых на ім рэзалюцый адзначалася, што мэта беларускай школы ёсць выхаванне iнтэлігента. Але з-за ўцiску з боку ўлад такiя з’езды не ўдавалася ладзіць рэгулярна.
Па выніках выбараў у польскі сейм у лістападзе 1922 года беларускія дэпутаты стварылі фракцыю пад назвай Беларускі пасольскі клуб. Сярод яе членаў былі і сябры ТБШ: Б. Тарашкевiч, П. Мятла i iншыя. Такім чынам, пачынаючы з гэтага часу, адстойванне iнтарэсаў беларускай асветы пачалося з трыбуны парламента.
Першым гуртком ТБШ у Беларусі быў гурток, заснаваны Браніславам Тарашкевічам у Радашковічах 7 снежня 1921 года.
Асветніцкая дзейнасць Таварыства беларускай школы паступова распаўсюджвалася на заходнебеларускiя землі. Адбывалася тое ў першую чаргу дзякуючы паслам i cенатарам, якiя заклiкалi насельніцтва падаваць дэкларацыi аб адкрыццi беларускiх школ.
Менавiта яны iмкнулiся пераканаць народ у тым, што толькi школа на роднай мове зможа забяспечыць неўмiручасць народа. Іхняя праца мела свой уплыў. Як сведчыць справаздача кiраўнiка Палескага ваяводства за кастрычнiк 1923 года: «у большасцi паветаў беларускае насельнiцтва ставiцца непрыхiльна да польскiх школаў».
Разам з тым грамадзяне актыўна падавалі заявы на адкрыццё беларускiх школ. Напрыклад, на сакавiк 1925 года ЦШР зарэгicтравала 6524 дэкларацыі аб навучаннi больш за 9,5 тысяч дзяцей. З кожным годам гэтая лічба ўзрастала.
Паступова праходзiў працэс станаўлення ТБШ. Пад уплывам і кіраўніцтвам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), беларускага пасольскага клуба «Змаганне», а таксама Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, ТБШ ператварылася ў масавую арганізацыю. 3 1926 года яна атрымала магчымасць легальнай працы ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяводствах. Грамадаўскі ўздым са-дзейнічаў складванню прынцыпаў арганізацыйнай пабудовы, асноўных форм і метадаў работы ТБШ.
У верасні 1926 года адбыліся выбары галоўнай управы і кантрольнай рады ТБШ. Усклад галоўнай управы ўвайшлі Б. Тарашкевіч, П. Мятла і іншыя. Старшынёй быў назначаны Р. Астроўскі.
Да канца 1926 года паўстала каля 250 гурткоў, у арганізацыю уступілі амаль 3,5 тысячы чалавек.
Сябры ТБШ вялі плённую працу. Яны арганізоўвалі курсы для настаўнікаў, аказвалі матэрыяльную і навучальна-метадычную дапамогу Віленскай, Радашковіцкай, Навагрудскай, Клецкай і іншым беларускім гімназіям, пачатковым школам, нелегальна накіроўвалі моладзь на вучобу за мяжу, у т. л. у БССР.
ТБШ адкрывала народныя дамы, бібліятэкі, наладжвала працу гурткоў творчай самадзейнасцi, удзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць (з 1921 года ў Вільні працавала Выдавецтва Таварыства беларускай школы). Многія выдадзеныя кнігі не страцілі сваёй актуальнасці нават у наш час.
Сярод іх «Хрэстаматыя беларускай лiтаратуры XI в. — 1905 год» І. Дварчаніна, «Геаграфiя Беларусi» А. Смолiча, кнiга А. Луцкевiча «Як вучыць у новай школе», якая можа з’явіцца карыснай для сучаснага настаўнiка.
Прыклад дзейнасцi аднаго з гурткоў Таварыства беларускай школы прасочваецца ва ўспамінах яго ўдзельніка — жыхара вёскі Блудзень Пружанскага павета: «Мы организовали библиотеку ТБШ в деревне Блудень, а также кружок самодеятельности, ставили спектакли в деревне Блудень, выезжали ставить спектакли в деревню Осовцы и в деревню Бармуты, разыгрывали пьесы «Батраки», «Збянтэжаны Саўка» и др. пьесы, разыгрывали пьесы на белорусском языке».
А вось яшчэ ўспаміны актыўнага арганізатара гурткоў ТБШ на Слонімшчыне — А. К. Лябецкай: “У Слоніме мы паставілі ў памяшканні, дзе пасля вайны знаходзіўся народны дом, «Паўлінку» Янкі Купалы. Першая беларуская п’еса ў народным доме! І ставілі яе вясковыя дзяўчаты і хлопцы, «хамы», як называлі нас польскія паны. Усё гэта было незвычайным у тыя часы. Нашы спектаклі і песні па-рэвалюцыйнаму дзейнічалі на гледачоў».
У сваю чаргу, польская ўлада не была зацікаўлена ў развіцці беларускай асветы і культуры. Ёй чынiлiся ўсялякiя перашкоды на шляху дзейнасці ТБШ. Так, была створана апазiцыйная да Беларускага пасольскага клуба палiтычнае аб’яднанне “Беларуская часовая рада”, якая iмкнулася ўзяць у свае рукi пытанне беларускай асветы. Разам з тым фактычна фікцыяй стаў прыняты 31 лiпеня 1924 года польскiм урадам закон аб мове i арганiзацыi школьнай справы.
Ён быццам бы павiнен быў змянiць у лепшы бок становiшча нацыянальных меншасцей у Польшчы. Але, як казаў Б. Тарашкевiч, прымаўся закон «дзеля саспакаення Еўрапейскай грамадскасцi» i пад нажымам Лiгi Нацый.
Такім чынам, на сваiм першым этапе iснавання Таварыства беларускай школы ўяўляла сабой арганiзацыю з культурна-асветнiцкай накіраванасцю. Наконт гэтага ў адной са справаздач Вiленскага аддзела бяспекi адзначалася: «У першыя гады icнавання ТБШ не назiралася выпадкаў антыдзяржаўнай дзейнасцi, акрамя той, якую яна праводзiла ў галiне асветы».
З 1927 года ў дзейнасці ТБШ пачынаецца новы этап. З гэтага часу арганізацыя перастае iснаваць як выключна асветнiцкая, бо ў выніку разгрому БСРГ рэжымам «санацыi» ў студзенi-лютым 1927 года шмат уцалелых ад ганенняў членаў Грамады пачало пераходзіць у гурткi ТБШ. БСРГ загадзя паклапацiлiся аб пераўтварэннi яе ў «другую лiнію акопаў».
У Навагрудскiм, Косаўскiм, Гродзенскiм, Слонiмскiм паветах, дзе iснавалi шматлiкiя i актыўныя арганiзацыi Грамады, адбылося найбольш значнае пашырэнне сеткi гурткоў. Праз іх вялі агітацыю леварадыкальная палітычныя сілы — КПЗБ і непасрэдна клуб «Змаганне», які фактычна стаў неафіцыйнай парламенцкай фракцыяй заходнебеларускіх камуністаў.
Такім чынам многiя аддзелы ТБШ пачалі стварацца найперш з палiтычных мэтаў. Але разам з тым не сціхала і пашыралася культурна-асветніцкая праца. З таго часу тэрыторыя Заходняй Беларусi пачала пакрывацца сеткай бiблiятэк, чытальняў, народных дамоў. Гэты працэс не абышоў і Слонімшчыну. У грамадскiх бiблiятэках сяляне маглi азнаёмiцца з беларускiмi газетамi i часопiсамi, якія нярэдка «раскрывалі сялянам вочы». У значнай ступенi дзякуючы газетам, да нацыянальнага руху i культурна-асветнiцкай працы пачалі далучацца многiя прадстаўнiкi iнтэлігенцыi.
Найвышэйшага ўздыму культурна-асветнiцкая праца ў вёсках Гарадзеншчыны дасягнула ў 1927 годзе. Актыўную працу ў тыя часы вяла Гарадзенская акруговая ўправа ТБШ. У маi 1927 года яна прыняла пастановы аб патрэбе правядзення кампанii па барацьбе з п’янствам, утварэнні лекцыйнай секцыi, стварэнні ў кожным вясковым гуртку драматычнай секцыі і г. д.
У апошняй пастанове быў такі выраз: «Спектаклi для нашай малапiсьменнай вёскi з’яўляюцца найлепшым пашырэннем мастацкай красы, якая ўведамляе чалавека i дае зразуменне жыцця».
28-29 снежня 1927 года ў Вільні адбыўся першы з’езд ТБШ. На ім была вызначана асноўная мэта дзейнасці арганізацыі — выхоўваць свядомых грамадзян з дапамогай розных форм культурна-асветніцкай работы. З’езд вырашыў дамагацца радыкальнай змены школьнага заканадаўства, адкрыцця сеткі дзяржаўных беларускіх школ і прызначэння туды беларусаў. Былі вылучаны патрабаванні аб адкрыцці дзяржаўных беларускіх гімназій у Гродне, Слоніме і іншых гарадах.
У канцы 1927 — першай палове 1928 года ў шэрагу мясцовасцей Беларусі адбыліся павятовыя з’езды ТБШ, на якіх былі створаны 12 акруговых упраў: у Баранавічах, Гродне, Лідзе, Навагрудку, Слоніме і іншых гарадах. А. К. Лябецкая апісвае гэту падзею, якая адбылася ў лістападзе ў Слоніме: «Дэлегатаў з’ехалася вельмі шмат, таму мы ўзялі самае вялікае памяшканне ў горадзе — прыватны кінатэатр Ульянчыка. Паліцыя прыклала шмат намаганняў, каб сарваць з’езд, але гэта ім не ўдалося».
Старшынёй з’езда быў выбраны Павел Крынчык, жыхар вескі Вострава. Сакратаром – аўтар гэтых радкоў.
На з’ездзе выступілі дзясяткі дэлегатаў. Яны расказвалі аб рабоце, скардзіліся на цяжкасці і перашкоды, якія чыніла паліцыя. З’езд выбраў пастаянны камітэт – акруговую ўправу ў колькасці пяці чалавек. Старшынёй камітэта быў выбраны Сямён Жыткевіч з вёскі Кракотка, намеснікам старшыні – Павел Крынчык, сакратаром выбралі мяне».
Мы выязджалі ў аддаленыя вёскі для арганізацыі гурткоў, дзе іх яшчэ не было. Часта сяляне самі прыязджалі па нас на сваіх фурманках».
Як успамінае А. Лябецкая, у вёсцы Чамяры членамі ўправы была арганізавана вялікая беларуская бібліятэка, а сяляне той вёскі «прадалі сена з агульнай сенажаці, купілі лесу і, працуючы па нядзелях, пабудавалі сваімі сіламі народны дом».
Мемуарыстка прыгадвае, што «бібліятэка ў в. Вялікая Кракотка, якая вядома ў Беларусі па сваёй масава-палітычнай рабоце і колькасці чытачоў, бярэ свой пачатак таксама з часоў дзейнасці Таварыства беларускай школы». Знакамітай у той перыяд на Слонімшчыне была бiблiятэка-чытальня iмя Алеся Гаруна ў мястэчку Казлоўшчына. У ёй налiчвалася 149 кнiг, з якiх 89 было на беларускай мове. Сярод выданняў пераважала драматычная тэматыка.
Да канца 1927 года склаўся мясцовы актыў ТБШ.
З цягам часу аўтарытэт таварыства ўзрастаў. У сярэдзіне 1928 года дзейнічала ўжо каля 430 гурткоў, у якіх мелася больш за 14 тысяч удзельнікаў.
Своеасаблівымі пляцоўкамі культурна-асветніцкага жыцця Беларусі сталі гімназіі. Напрыклад, аўтарытэтам карысталася Віленская гімназія, там працаваў згуртаваны кваліфікаваны педагагічны калектыў. У 20–30-я гады гімназісты выдавалі часопісы «Покліч», «Зорка», «Рунь», «Наперад» і іншыя.
У навучальнай установе былі характэрны паважлівыя адносіны да вучняў і клопат аб рэпутацыі.
Аднак пашырэнне нацыянальнай iдэi сярод прыхільнікаў ТБШ і ў першую чаргу пачатак моцнай палітызацыі гэтай арганiзацыi былі, зразумела, не даспадобы польскім уладам. Палiцыя вяла няспынны наступ на яе сяброў: забараняла акруговыя і павятовыя з’езды, управы, гурткі, клубы, бібліятэкі, арыштоўвала і судзі ла актывістаў і кіраўнікоў.
У жніўні 1928 года на адзін год была забаронена дзейнасць галоўнай управы таварыства. Гэта ўзмацніла ідэйна-палітычную раз’яднанасць у кіраўніцтве арганізацыі, яе ідэалагічны раскол – з восені 1928 года Таварыства беларускай школы пачало падзяляцца на прыхільнікаў культурнаасветніцкай дзейнасці і на тых, хто асноўную ўвагу надаваў палітычнай барацьбе.
Падобная лiнiя рэпрэсiўных паводзiн польскiх улад была не даспадобы беларусам. Напрыклад, гэта бачна з паведамлення сялян в. Вострава Слонiмскага павета: «У 1929 годзе ўладай была закрыта адзiная наша культурна-асветная ўстанова – гурток ТБШ, а таксама бiблiятэка-чытальня. Рашуча пратэстуем супраць зачынення нашых культурнаасветных устаноў».
Нягледзячы на рэпрэсіі, шмат прыхільнікаў таварыства працягвала весці самаадданую працу. У 1930 годзе ў дзейнасці ТБШ назіраўся ўздым – у чэрвені працавалі 483 гурткі, якія аб’ядноўвалі каля 15 тысяч чалавек. У той час у Слонімскім павеце дзейнічаў 61 гурток. Але ў адказ на гэты ўздым ужо са жніўня польскія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс. чалавек). Арышты i суд над галоўнай управай ТБШ у лютым 1933 годзе нанеслi моцны ўдар па нацыянальным руху. Сярод актывiстаў запанавалi прыгнечанасць i жах.
Польскія ўлады працягвалі весці наступ на навучальныя ўстановы. Яны закрылі беларускія гімназіі ў Радашковічах (1929), Клецку (1931), Навагрудку (1934), шэраг беларускіх пачатковых школ.
Але нават у такiх абставiнах не спынялася актыўная дзейнасць сапраўдных сяброў ТБШ.
Канчатковым ударам па пазіцыях арганізацыі стала яе забарона 2 снежня 1936 года.
Напрыканцы хочацца прывесцi эмацыянальнае выступленне Б. Тарашкевiча ў польскiм сейме ад 17 лiстапада 1926 года: «Усiм народам, цэлай масай вядзем барацьбу за нацыянальную культуру i школу. Мы ўсё ж будзем даказваць свае правы i, ведучы барацьбу арганiзаванай масай, пакажам сваю сiлу, загартуем яе ў барацьбе. Няхай Вам сняцца горкiя слёзы нашых дзяцей, бiтых у польскай школе за тое, што гавораць па-беларуску!».
У свой час сапраўдныя сябры Таварыства беларускай школы ад шчырай душы паклікалі беларусаў разам палюбіць родную мову і культуру. Іх намаганні знайшлі свой шчыры водгук у сэрцах народа.
Вячаслаў Зайцаў, Гістарычная праўда