За родную мову ў баранавіцкіх школах змагаюцца праз Генеральную пракуратуру

Алена Зелянко, intex-press.by

Бацькі вучаніц былога беларускамоўнага класа рыхтуюць паўторны зварот Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.

Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык.

Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык. Фото: Віктар СЫРЫЦА

Таццяна і Алег Малашчанкі, Антаніна і Васіль Філіпчыкі, чые дзеці чатыры гады навучаліся ў беларускамоўным класе, не задаволены тым, што папярэдні іх зварот у Генеральную пракуратуру быў перанакіраваны ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У бліжэйшы час яны плануюць звярнуцца да Генеральнага пракурора паўторна. Бацькі спадзяюцца, што калі-небудзь іх дзеці ўсё ж будуць вучыцца на роднай мове.

На думку Таццяны Малашчанкі, Генеральная пракуратура папярэдні зварот разгледзела павярхоўна. У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь бацькам прапанавалі перавесці дзяцей у Жамчужненскую СШ, дзе ёсць беларускамоўны клас.

– Я не супраць Жамчужненскай школы, – адзначыла Intex-press Таццяна Малашчанка. – Там цудоỹны калектыỹ, але ж мы жывем у горадзе, дзе ёсць мастацкая і музычная школы. Чаму мы павінны вазіць дзяцей у вёску?

Таццяна лічыць, што яны ідуць інтэлігентным шляхам змагання, які, на жаль, пакуль не дае ніякіх вынікаỹ.

– Цяпер нашы дзеці проста ўцягнуты ў рускамоўнае навучанне, – скардзіцца Таццяна. – На жаль, стаўленне да роднай мовы ў нас дрэннае.

Таццяна Малашчанка лічыць, што вельмі складана дамагацца беларускамоўнага навучання ў меншасці, «у ізаляцыі». Яна ўпэўнена, што калі б да іх з Філіпчыкамі далучыліся больш людзей, вынік быў бы лепшым.

– Загадалі б зверху – і ўсё было б зусім па-іншаму. Калі б беларуса прымусілі быць беларусам, то атрымаўся б цудоўны беларус, – лічыць Таццяна.