Палярнае ззянне

Палярнае ззянне было такім моцным, што яго можна было назіраць нават з Мінска.

Віктар Малышчыц

Мінулай ноччу Зямлю напаткала надзвычай моцная магнітная бура, самая магутная за апошнія 12 гадоў. Як вядома, магнітныя буры часта суправаджаюцца палярнымі ззяннямі, а падчас асабліва інтэнсіўных штормаў гэтая незвычайная з’ява можа назірацца нават у Беларусі і ў больш паўднёвых краінах.

Апошні раз убачыць каляровыя сполахі ў межах вялікага горада можна было толькі ў 2003 годзе. Аднак учора, калі яшчэ неба не паспела да канца сцямнець, жыхары Мінска маглі на кароткі час убачыць на небе светлавыя слупы і чырвонае свячэнне. Далей інтэнсіўнасць ззяння крыху знізілася і, каб убачыць гэтую звышрэдкую для нас з’яву, давялося выязджаць за горад.

Гэты невялікі фотарэпартаж быў зроблены ў Раўбічах, на беразе Дуброўскага вадасховішча. На працягу ночы свячэнне шмат разоў змяняла форму і колер, пачаўшы з фіялетавых слупоў, пераходзячы ў зялёную паласу, і ў рэшцэ рэшт квітнеючы амаль усімі фарбамі. Магнітная бура працягвалася да самай раніцы

Як яно працуе?

Калі з боку Сонца абываюцца актыўныя выкіды зараджаных часцінак у бок Зямлі (такое адбываецца пры сонечных успышках ці пры наяўнасці каранальных дзірак), то магнітнае поле Зямлі адхіляе гэтыя часцінкі ў бок магнітных палюсоў. Там яны сутыкаюцца з верхнімі слаямі нашай атмасферы, узбуджаючы атамы розных газаў і прымушаючы іх свяціцца. Колер гэтага свячэння будзе абумоўлены хімічным складам атмасферы. Так, напрыклад, кісларод выпраменьвае зялёны і чырвоны колер (прычым чырвонае кіслароднае свячэнне ўзнікае нашмат вышэй зялёнага), а азот дае зялёныя і фіялетавыя адценні. У той жа час ззянні на Юпітэры і Сатурне, якія збольшага складаюцца з вадароду, адбываюцца ў ультрафіялетавым дыяпазоне. Але колер кожнага ззяння ўсё роўна будзе індывідуальным з-за неаднароднасцяў хімічнага складу атмасферы і іншых прыродных фактараў.

Дарэчы, дзякуючы падзелу на колеры ў залежнасці ад вышыні, беларусы могуць бачыць палярныя ззянні такімі, якімі іх ніколі не ўбачаць жыхары Поўначы. У высокіх шыротах колер свячэння пераважна зялёны, мы ж часцей бачым чырвоныя і фіялетавыя сполахі, якія знаходзяцца вышэй (зялёнае ззянне проста хаваецца за гарызонтам).

Палярнае ззянне звычайна акружае полюс у выглядзе кальцавой структуры, якую часта называюць аўраральным авалам. Пры гэтым, чым большая магнітная бура напаткала Зямлю, тым паўднёвей гэты авал будзе размяшчацца. Адпаведна, падчас асабліва моцных узбурэнняў адгалоскі ззяння могуць дакаціцца і да нас.

Як прадказаць?

Прадказваць з'яўленне палярных ззянняў за доўгі прамежак часу амаль немагчыма. Больш канкрэтныя прадказанні можна рабіць толькі за час ад дзясятка гадзін да 2—3 сутак: менавіта столькі часу трэба, каб сонечны вецер пасля ўспышкі дасягнуў Зямлі. І нават гэтыя прадказанні таксама могуць быць памылковымі. Таму ў нашых паўднёвых беларускіх умовах часцей галоўную ролю адыгрывае тое, наколькі хутка вы можаце дабрацца да цёмнага месца ў выпадку раптоўнага ўзмацнення геамагнітнай актыўнасці.

Для апісання варыяцый магнітнага поля выкарыстоўваецца шэраг індэксаў геамагнітнай актыўнасці. Адзін з самых папулярных з іх - гэта індэкс Кр, які звычайна прымае значэнні ад 0 да 9. Варта адзначыць, што гэты індэкс - лагарыфмічны, ён павялічваецца на адзінку пры ўзмацненні ўзбуранасці магнітнага поля прыблізна ў 2 разы. Па ацэнках беларускіх назіральнікаў, спрабаваць фатаграфаваць можна, калі Кр перавышае 5. Няўзброеным вокам жа гэтую з’яву можна ўбачыць пры індэксе Кр ад 8. Гэтай ноччу індэкс Кр паставіў сапраўдны рэкорд – увечары ён дасягаў значэння 9.4!

Дзе гэты індэкс шукаць? Калі ласка – стараннямі беларускага аматара астраноміі Івана Пракапюка створаны сайт www.aurora.belastro.net, дзе на галоўнай старонцы можна бачыць графік Кр, які абнаўляецца кожныя 15 хвілін. Спасылку на гэтую карцінку можна асобна захаваць у браўзеры мабільнага тэлефона, каб эканоміць трафік там, дзе мабільны інтэрнэт працуе павольна.

Карысным будзе і досвед расійскіх аматараў астраноміі. На іхнім форуме (http://www.astronomy.ru/forum/index.php/topic,3198.0.html) дзясяткі аматараў зорак дзеляцца магчымымі прагнозамі і вынікамі назіранняў палярных ззянняў. Для нас досвед расійскіх астраномаў яшчэ карысны і тым, што ноч у іх наступае раней, і ёсць магчымасць ацаніць, ці будзе бачна штосьці ў Беларусі.

Як здымаць?

Методыка здымкі палярных ззянняў такая ж, як і для любых іншых відаў начной пейзажнай здымкі. Патрэбна добрая лічбавая камера і штатыў. Рабіце доўгія вытрымкі, дастатковыя для таго, каб слабыя сігналы патэнцыйнага палярнага ззяння змаглі пакінуць свой адбітак на матрыцы фотаапарата. Але варта памятаць, што вельмі часта палярнае ззянне бывае вельмі дынамічным, таму пажадана займець максімальна светлаадчувальную камеру з максімальна светласільнай оптыкай – гэта дасць вам магчымасць скараціць час экспазіцыі. Цікавыя вынікі дасць і прымянне тэхнікі таймлапса. Але з-за хуткасці працэсаў выдатнае відэа атрымаецца толькі пры кароткіх экспазіцыях – на Поўначы палярныя ззянні часам здымаюць увогуле ў рэжыме рэальнага часу.

Самае магутнае ззянне

Гістарычныя хронікі і летапісы апісваюць багата выпадкаў асабліва яркіх палярных ззянняў, якія назіраліся нашмат паўднёвей звыклых шырот ці былі надзвычай яркімі. Але самыя яскравыя апісанні рэкорднага ззяння датуюцца 1—2 верасня 1859 года — гэта дата так званай падзеі Кэрынгтана.

1 верасня знакаміты даследчык Сонца Рычард Кэрынгтан у тэлескоп заўважыў інтэнсіўнае белае свячэнне ў вобласці магутнай групы сонечных плям. Досыць доўгае свячэнне здзівіла вучонага – сонечныя ўспышкі назіраюцца і ў бачным дыяпазоне толькі пры надзвычайнай іх магутнасці. А праз 17 гадзін Зямлю накрыла самая моцная магнітная бура з усіх калі-небудзь зарэгістраваных. Стрэлкі компасаў ехалі з глузду, тэлеграфныя сістэмы білі токам аператараў ці проста выходзілі з ладу. Паўтор гэтай падзеі ў наш час паўсюднай электрыфікацыі прывёў бы да нашмат больш катастрафічных наступстваў.

Палярныя ззянні ў тую ноч дайшлі да экватарыяльных рэгіёнаў Зямлі. Захаваліся сведчанні, што пажарныя службы некаторых гарадоў выязджалі ў бок яркага чырвонага свячэння, прымаючы яго за сполахі пажара. А ў Скалістых гарах золаташукальнікі прачнуліся сярод ночы і пачалі гатаваць ежу, думаючы, што ўжо прыйшоў світанак і ўзыходзіць чырвонае сонца.

Даследаванні слаёў ледавікоў паказалі, што такія магнітныя буры здараюцца ў сярэднім раз на 500 год. Але атрымаць фота палярнага ззяння ў Беларусі можна нашмат часцей – спрыяльныя ўмовы для гэтага бываюць нават некалькі разоў на год. Таму узбройвайцеся графікамі геамагнітнай актыўнасці, камерамі і штатывамі – і дакранайцеся да гэтай грандыёзнай з’явы, не пакідаючы роднай Беларусі!