Нэлі ЗІГУЛЯ, zviazda.by
…Ён чалавек рознабаковых інтарэсаў. Займаецца перакладамі, перамагае ў спаборніцтвах па більярдзе, захапляецца гісторыяй, а матэматыку наогул лічыць не проста навукай, а сапраўднай філасофіяй. Знаёмцеся — настаўнік з Магілёва Міхась Булавацкі.
У свой час, калі Міхась Булавацкі выкладаў у інстытуце, а потым у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова (МДУ), ён прапанаваў цікавы праект «Беларускае пяціборства». Сутнасць у тым, што старшакласнікам, а таксама навучэнцам ліцэяў і каледжаў прапануецца не проста парашаць задачкі па матэматыцы, а яшчэ і прадэманстраваць свае веды па беларускай мове, літаратуры, гісторыі Беларусі і прыродазнаўстве. І цікавасць ёсць. Сёлета адбылося ўжо 14-е спаборніцтва, у якім бралі ўдзел 45 юнакоў і дзяўчат.
— А ведаеце, як усё пачыналася? — загадкава ўсміхаецца аўтар праекта. — Аднойчы знаёмы хлопец, які прыехаў на абласную алімпіяду па матэматыцы, паскардзіўся, што ён, вучань беларускамоўнай школы, павінен рашаць задачкі на рускай мове. Я вырашыў пацікавіцца ва ўпраўленні адукацыі, чаму адсутнічае беларускі варыянт заданняў. Адказалі, што попыту няма. І тады я вырашыў неяк выправіць гэта. Дзякуй, наш былы рэктар універсітэта Аляксандр Радзькоў ідэю падтрымаў. З таго часу спаборніцтвы праводзяцца на базе МДУ.
…Калі ўпершыню запрашалі школьнікаў, нават не чакалі, што прыйдзе 27 чалавек. На другі год іх было ўжо больш за 40. Дарэчы, спачатку праводзілі звычайныя матэматычныя алімпіяды, але беларускамоўныя. Мы прапаноўвалі школьнікам, схільным да матэматыкі, праверыць адначасова і сваё веданне беларускай мовы.
Вядома, што ў школах «матэматыкаў» і «фізікаў» паважаюць, таму і па гуманітарных прадметах ім ставяць вышэйшыя адзнакі, хаця і не заўсёды заслужана. І яны думаюць, што добра ведаюць гэтыя прадметы. А калі паспрабавалі рашаць задачкі на беларускай мове, хутка зразумелі, што ведаў ім не хапае. Некаторыя пасля гэтага пачынаюць больш старанна займацца мовай, кніжкі купляюць. Ведаю дзвюх вучаніц, якія пасля ўдзелу ў алімпіядзе набылі руска-беларускі матэматычны даведнік.
— А чаму потым змянілі традыцыю, уключылі астатнія прадметы?
— Пасля дзвюх такіх алімпіяд я задумаўся: вось мы праз матэматыку ўзгадваем мову, а чаму б не ўключыць сюды і гісторыю Беларусі? Іншыя прадметы таксама неабходны адукаванаму чалавеку… І вось з трэцяга разу, а гэта быў 2001 год, пачалі праводзіць не проста матэматычную беларускамоўную алімпіяду, а пяціборства. Мы ўключаем пытанні, якія кожны павінен ведаць абавязкова. Напрыклад, пра гісторыю магілёўскай ратушы, гарадскога герба і гэтак далей. Дапамагаем засвоіць нейкія моўныя правілы. Напрыклад, прапаноўваем патлумачыць розніцу паміж словамі «абоім» і «абодвум». Я раней таксама няправільна выкарыстоўваў гэтыя словы, але мяне навучылі. Хай навучыцца яшчэ хто-небудзь.
Пытанні мне дапамагаюць складаць школьныя настаўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта. Яны дасылаюць свае варыянты, а я раблю адбор. І, акрамя мяне, гэтыя пытанні не ведае ніхто. Інакш у выніках спаборніцтва могуць быць сумненні.
— Што дае вучням удзел у пяціборстве? Можа, ёсць нейкія перавагі пры паступленні ва ўніверсітэт?
— Нідзе гэта не ўлічваецца, ільгот і пераваг не дае, але карысць — у самім працэсе. Па-першае, маладыя людзі, якія думалі, што ведаюць мову, раптам пераконваюцца ў адваротным. Вось вучань піша па-беларуску рашэнне геаметрычнай задачы. Ён разумее, што слова «касательная» не беларускае, і пачынае прыдумляць свой варыянт: «датыкальная», «дакранацельная», «кранацельная», «чапальная», «зачэпная» і г.д. Я назбіраў 11 варыянтаў перакладаў гэтага слова. Адны пачынаюць займацца словатворчасцю, а некаторыя проста ўгадваюць — «датычная». Аднойчы мы вось што зразумелі: навошта нашым удзельнікам чакаць, пакуль мы падсумуем і паведамім ім вынікі пяціборства? І сталі даваць на выхадзе аркушы з правільнымі адказамі. Бачылі б вы, з якой цікавасцю яны іх вывучаюць. Каб так чыталі падручнікі! І мы зразумелі, што гэта не проста спаборніцтва, гэта такая форма адукацыі.
— Людзі часта саромеюцца дэманстраваць сваё валоданне мовай: маўляў, не хачу размаўляць на трасянцы…
— У любым выпадку праз трасянку давядзецца прайсці, адразу ж чыста не загаворыш. У канцы 1980-х гадоў, калі ў інстытуце дазволілі чытаць лекцыі па-беларуску, я спачатку ўзрадаваўся, а потым засмуціўся: мову я ўжо прызабыў. Таму напачатку прасіў прабачэння ў студэнтаў за недасканалае яе веданне і запрашаў мяне папраўляць, калі я нешта не так скажу. А яшчэ, каб засвоіць мову, заняўся перакладамі. Аднойчы слухаў Высоцкага і два радкі яго песні добра ляглі на беларускую мову. Я паспрабаваў перакласці ўвесь твор і так захапіўся, што ўзяўся за наступны, а потым яшчэ за адзін. Так, дзякуючы аўтару, чыя творчасць мне падабаецца, удасканальваў сваю мову. І ўсім, хто збіраецца аднавіць сваё веданне мовы, раю заняцца перакладамі. Не Высоцкага, дык каго-небудзь іншага. Пакуль што ў Беларусі я адзіны яго перакладчык. Барадулін паспеў перакласці тры творы, а ў мяне іх каля 30. Збіраюся ў хуткім часе нават перавыдаць зборнік.
Нядаўна чытаў лекцыі настаўнікам на курсах павышэння кваліфікацыі і мяне папрасілі перайсці на рускую мову: маўляў, у групе дзве настаўніцы са Смаленскай вобласці, і яны не зразумеюць. Дамовіліся, што я буду чытаць усё ж такі па-беларуску, а калі нешта будзе незразумелым, перакладу, патлумачу. Але ніхто мяне ні разу не спыніў. У канцы лекцыі пацікавіўся ў тых жанчын, чаму яны маўчалі. «А нам усё было зразумела», — адказалі яны. Наша мова для жыхароў Смаленскай вобласці не чужая. Нездарма ж Смаленск некалі быў сталіцай савецкай Беларусі.
— Цяпер карыстаецца попытам рэпетытарства. Вы таксама прапаноўваеце свае паслугі. І многа ахвотных вывучаць матэматыку на беларускай мове?
— Калі бацькі вучняў цікавяцца, колькі каштуюць заняткі, я называю два варыянты: на рускай мове — даражэй, на беларускай — танней. І некаторыя выбіраюць беларускую. А ў каго грошы лішнія, хай плацяць. Большасць усё ж аддае перавагу рускай мове, але цікавасць да роднай таксама ёсць. Нават на прыкладзе нашага пяціборства гэта відаць. Колькасць удзельнікаў з года ў год расце. Дагэтуль маглі спаборнічаць усе, хто хацеў, але ў наступным годзе збіраемся зрабіць конкурсны адбор. Так што за гэта права яшчэ трэба будзе пазмагацца.
— А ў іншых абласцях ёсць нешта накшталт «Беларускага пяціборства»?
— Такога праекта дакладна няма ва ўсёй краіне. Мы імкнёмся зацікавіць удзельнікаў, заахвочваем вывучаць мову рознымі прызамі. Вось толькі, на жаль, праблема са сродкамі. На кніжную латарэю, якую мы праводзім перад алімпіядай, я са сваёй асабістай бібліятэкі, напэўна, ужо каля тысячы кніг перадаў. А яшчэ на памяць вучням застаюцца прыгожыя дыпломы з фотаздымкамі пераможцаў. Ведаю, што імі ганарацца і берагуць. Апошнім часам мы сталі праводзіць беларускае пяціборства і для дарослых. У іх прымаюць удзел нават выкладчыкі ўніверсітэтаў. Гэта ж не зусім звычайная алімпіяда, пяціборства дапамагае пашырыць свой кругагляд. А заадно праверыць веды. Нешта накшталт «Што? Дзе? Калі?». Так што, калі ёсць жаданне паўдзельнічаць, далучайцеся.
Праверце сябе
Заданні з апошняга «беларускага пяціборства»:
Прыродазнаўства:
Навошта шчыток для задняга кола веласіпеда? Няўжо кроплі вады ці бруду, якія зрываюцца з кола, рухаюцца хутчэй за ездака і могуць трапіць на яго вопратку? І калі так, то навошта шчыток на пярэднім коле?
У якой вадзе лягчэй утапіцца? У цёплай ці халоднай? У рачной ці марской? Разгледзьце толькі фізічныя аспекты пытанняў, а не медыцынскія.
Літаратура:
Па рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» зняты кінафільм, які больш за 20 гадоў не паказвалі публічна. Пра якога Хрыста там апавядаецца? Назавіце аўтара рамана. Якія іншыя творы гэтага аўтара вы ведаеце? У адной з яго аповесцяў-легенд (у якой?) апісваюцца падзеі, што адбываліся на Магілёўшчыне?
Што такое «Абырвалг»? Дзе вы чулі гэтае дзіўнае слова? З якога яно літаратурнага твора. Хто аўтар твора? Якія іншыя творы гэтага аўтара вы ведаеце?