Навучальны дыск для школьнікаў старэйшых класаў

“Беларусь падзеленая і аб’яднаная: 1939 год у вусных успамінах” – унікальны навучальны прадукт, прысвечаны беларускай гісторыі міжваеннага часу (1921-1939 гг.) і падзеям 17 верасня 1939 года, калі Заходняя Беларусь была далучана да  БССР і адбылося аб'яднанне Беларусі ў сучасных межах. Аснову дыска складаюць больш за 80 урыўкаў з аўтэнтычных відэа- і аўдыёінтэрв'ю са сведкамі часу (больш за 30 асоб, старэйшых за 80 гадоў), экспертамі і заданні да іх. Выключны па сваёй цікавасці матэрыял адлюстроўвае жывую гісторыю – дэталёвыя апісанні бытавых сітуацый, трапныя ацэнкі сведкамі тагачасных падзей, шчырыя эмоцыі, жывыя вобразы, непаўторную мову. Меркаванні відавочцаў будуць карысным дадаткам да факталагічнай інфармацыі па тэме на ўроку па гісторыі Беларусі. Яны дапамогуць зразумець стаўленне простых жыхароў беларускіх тэрыторый  да лёсавызначальных гістарычных перамен.

Навучальная праграма, змешчаная на дыску, складаецца з чатырох частак. Першы блок "Падзеленая Беларусь" раскрывае тыя працэсы, якія адбываліся ў дзвюх частках нашай краіны ў міжваенны час. Другая частка прысвечана аналізу таго, як ахоўвалася Рыжская мяжа і што ўяўляла сабой штодзённае жыццё на савецка-польскім паграніччы. Трэці раздзел прысвечаны так званаму вызваленню Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. і тым падзеям, якія суправаджалі гэты "вызваленчы" паход. З апошняй частка можна даведацца пра тое, як дваццацігадовае існаванне савецка-польская мяжы паўплывала на ўзнікненне сярод беларускага насельніцтва ідэнтыфікуючай прыкметы "заходнік" і "ўсходнік".

Дыск змяшчае таксама шматлікія дадатковыя навуковыя і метадычныя матэрыялы – фотаздымкі, копіі дакументаў, карты, транскрыпты да ўспамінаў і біяграфіі сведак часу, а таксама матэрыялы па вуснай гісторыі, гласарый, храналагічную шкалу, карту паходжання сведак часу ды інш. У камплект уваходзіць брашура для настаўнікаў з метадычнымі парадамі і адказамі да заданняў.

Дыск прызначаны для выкарыстання настаўнікамі на ўроках па гісторыі Беларусі і ў пазакласнай працы, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Навучальная інтэрактыўная праграма распрацавана ў межах інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” МГА Гісторыка (http://www.nashapamiac.org/).

З мэтай павялічэння колькасці карыстальнікаў інавацыйнай навучальнай праграмы і  пашырэння сеткі распаўсюду сваіх адукацыйных ініцыятыў, Беларускі архіў вуснай гісторыі праводзіць бясплатную рассылку навучальнага дыска ўсім жадаючым. Каб атрымаць дыск дасылайце свае лісты з пазначэннем зваротнага паштовага адраса на нашу эл. скрыню: info@nashapamiac.org .