Электронны падручнік па фізіцы і якасць РТ і ЦТ вачыма настаўніка з Магілёва

Адзін з самых вядомых настаўнікаў фізікі ў Беларусі, настаўнік-метадыст Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аляксандр Саковіч у чарговым выпуску праграмы "Работа над памылкамі" апавядае пра тое, як больш за 10 гадоў таму стварыў сайт па фізіцы, як выклаў у вольны доступ аўтарскі электронны падручнік, сабраў шмат напрацовак калегаў у адным месцы, а таксама расказвае пра недахоп прафесійнай дыскусіі з чыноўнікамі ад адукацыі ў Беларусі, якую даводзіцца кампенсаваць на адным з яго форумаў.

"Давайце паглядзім у Саковіча", – гэтую фразу прамаўляе ці не кожны настаўнік фізікі ў Беларусі, лічыць вядучы Яўген Лівянт. І, як паказвае статыстыка, і многія за яе межамі. Унікальную па сваім змесце і эфектыўнасці для настаўнікаў пляцоўку ў інтэрнэце за свае грошы і з дапамогай нешматлікіх валанцёраў зрабіў магілёўскі настаўнік.

За выкладзеныя ў сеціве заданні рэпетыцыйнага тэсціравання ў 2012 годзе суд прыцягнуў Саковіча да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля чаго выкладчык фізікі стаў яшчэ больш знакамітым. Ён працягвае не толькі распрацоўваць аўтарскія методыкі выкладання аднаго з самых складаных для школьнікаў прадметаў, але і складае прапановы па ўдасканаленні сістэмы кантролю ведаў выпускнікоў сярэдніх школ. Аднак РІКВ, адказны за працэдуру, далучацца да прафесійнай дыскусіі пакуль адмаўляецца. Але педагог не губляе надзеі.

Глядзець на TUT.BY

- Навошта настаўнік фізікі зрабіў сайт у інтэрнэце?
- Колькі часу патрабуецца на падтрымку сайта аб фізіцы
- У колькі абыходзіцца ўтрыманне сайта
- Пра памочнікаў-валанцёраў
- Статыстыка наведванняў сайта аб фізіцы і геаграфія карыстальнікаў
- Змест сайтаў, электронны падручнік па фізіцы і аўтарскія напрацоўкі
- Пра канфлікт з РІКВ: чаму Саковіч не стаў змагацца
- Гісторыя настаўніцы англійскай з Гомеля Таццяны Глушаковай, якую таксама прыцягнулі да адказнасці з ініцыятывы РІКВ
- Гісторыя супрацьстаяння з РІКВ рэпетытара Аляксея Васілеўскага
- Аб неадбытай прафесійнай дыскусіі ў РІКВ наконт правядзенні ЦТ і РТ
- Навошта з вучнем пасля РТ трэба разбіраць задачы і памылкі
- Што змянілася ў РТ пасля прапаноў настаўнікаў
- Карэктнасць складання задач на ЦТ па фізіцы
- Як палепшыць механізм РТ і ЦТ
- Чаму немагчыма скласці сотню арыгінальных задач па фізіцы за год
- Як развіваць сайты па фізіцы

Даведка:

Аляксандр Леанідавіч Саковіч  настаўнік-метадыст Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. У класах фізіка-матэматычнага профілю выкладае з 1996 года, працэнт паступлення ў тэхнічныя вышэйшыя навучальныя ўстановы ў сярэднім 95%. Аўтар і стваральнік трох сайтаў па фізіцы:

Школьная фізіка ад Саковіча - сайт для настаўнікаў.
Электронны падручнік фізікі.
Фізіка on-line - дыстанцыйныя курсы, база задач, форум.