Школьны курс па моўных правах – ірландскі прыклад

Дзяніс Тушынскі

Ці будуць беларусы ў будучыні паважаць моўныя правы суграмадзян? Станоўчы адказ на гэта пытанне залежыць ад адукаванасці цяперашняй моладзі ў галінах моўных правоў і шматмоўнасці. Падаецца важным распрацаваць навучальныя курсы па гэтых тэмах для розных узроўняў адукацыі. Такія курсы будуць мець шэраг мэтаў. У прыватнасці, яны могуць:

- растлумачыць вучням іх моўныя правы і навучыць іх абараняць;
- паспрыяць фарміраванню стаўлення да мовы як да каштоўнасці;
- сфарміраваць культуру маўленчых паводзін ва ўмовах білінгвізму;
- зацікавіць вучняў моўнай і прававой праблематыкай;
- паспрыяць фарміраванню грамадзянскай пазіцыі;
- развіць шэраг уменняў (разумовых, камунікатыўных, арганізацыйных, даследчых), неабходных для дзейнасці, звязанай з абаронай моўных правоў.

Для распрацоўкі такіх курсаў карысна будзе даследаваць міжнародны досвед. Гэты артыкул прысвечаны школьнаму курсу па моўных правах, распрацаванаму ў Рэспубліцы Ірландыя. У артыкуле таксама прапануюцца ідэі для адпаведнага беларускага курса.

Ірландскі курс “Моўныя правы” распрацаваны Офісам моўнага камісара сумесна з “An Chomhairle um Oideachas Gaeltachta agus Gaelscolaíochta”, арганізацыяй, што займаецца пытаннямі гэламоўнай адукацыі як у Гэлтахтах, так і на ўсёй тэрыторыі краіны. Моўны камісар забяспечвае адпаведнасць дзейнасці аганізацый палажэнням ірландскага Акта аб афіцыйных мовах. Гэтлахты – тэрыторыі краіны, дзе ірландская мова найбольш распаўсюджана. Гэты курс зроблены як блок школьнага прадмета “Грамадзянская, сацыяльная і палітычная адукацыя”. Гэта адзін з абавязковых прадметаў, што вывучаюцца на першай ступені сярэдняй адукацыі. Па прадмеце прадугледжаны экзамен, для здачы якога вучню павінна быць не менш за 12 год.

Ужо ў прадмове да курса звяртае на сябе ўвагу сумленны падыход да праблем ірландскай мовы. Аўтары адзначаюць, што ірландская, нягледзячы на яе канстытуцыйны статус першай нацыянальнай мовы, з’яўляецца мовай меншасці і зазнае цяжкасці, як і іншыя меншасныя мовы па ўсім свеце.

Паводле перапісу 2011 года:

- насельніцтва Рэспублікі Ірландыя складае амаль 4,6 мільёна чалавек;
- амаль 1,8 мільёнаў чалавек (ва ўзросце ад трох год) могуць размаўляць па-ірландску;
- на ірландскай штодзённа, па-за межамі адукацыйнай сістэмы, размаўляе крыху больш за 77 тысяч чалавек;

Далей у прадмове адзначана, што будучыня мовы ў руках грамадзян, якія павінны стварыць для яе месца ў жыцці краіны, а не маргіналізаваць. У межах курса вучні павінны ўсвядоміць, што такое моўныя правы, а таксама зразумець важнасць абароны і развіцця нацыянальнай мовы.

Набор матэрыялаў для курса ўключае дапаможнік для настаўніка (які змяшчае ў т.л. аркушы для раздрукавання і раздачы вучням), постэры, частку раздатачных матэрыялаў, DVD з відэаматэрыяламі. Матэрыялы даступныя на інтэрнэт-сайце моўнага камісара.

Хаця курс называецца “Моўныя правы”, вялікая ўвага ў ім надаецца і пытанням шматмоўнасці. У курсе 8 урокаў. Курс пачынаецца з разгляду правоў чалавека, ідэнтычнасці і культуры, затым пераходзіць да праблем шматмоўнасці, ад іх – да моўных правоў грамадзян Ірландыі.

Першы ўрок дае вучням уяўленне аб Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Асаблівая ўвага надаецца артыкулам 2, 15 і 19. У іх адзначана, что чалавек мае права не дыскрымінавацца, у прыватнасці, па моўнай прыкмеце; чалавек мае права на нацыянальнасць; чалавек мае права на свабоду поглядаў. На ўроку дзеці, у прыватнасці, дапасуюць артыкулы Дэкларацыі да малюнкаў, што іх ілюструюць, а потым самі малююць ілюстрацыі да азначаных трох артыкулаў.

Мэта другога ўрока – давесці вучням важнасць ідэнтычнасці, нацыянальнасці і культуры. Урок пачынаецца з паўтарэння матэрыялу папярэдняга занятку. Затым дзеці дапасуюць да назваў шэрагу краін карткі з выявамі іх культурных сімвалаў (напрыклад, Эйфелева вежа – да Францыі). Настаўнік тлумачыць, што сімвалы важныя, бо яны дапамагаюць людзям усвядоміць сваю ідэнтычнасць, а культурная і нацыянальная ідэнтычнасць настолькі важныя, што бароняцца ў Дэкларацыі правоў чалавека. Затым дзеці глядзяць відэа аб ірландскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Апасля вучняў просяць уявіць, што яны марсіяне, якія прызямліліся ў Ірландыі з задачай сабраць і перадаць на родную планету інфармацыю аб ідэнтычнасці ірландцаў: культуры, гісторыі, ежы, спорце, занятках у вольны час. Дзеці складаюць адпаведныя справаздачы.

Трэці ўрок даказвае вучням важнасць ведання моваў. Гэта робіцца праз тлумачэнне дзецям перавагаў валодання мовамі і праблем, якія выкліканы невяданнем мовы краіны, куды сям’я пераязджае ці дзе яна адпачывае.

Урок пачынаецца з гульні ў “сапсаваны тэлефон”. Настаўнік дае аднаму з вучняў сказ, які той пераказвае суседу так, каб іншыя дзеці не чулі і гэтак па ланцугу. Урэшце апошні вучань кажа сказ уголас. Затым настаўнік абмяркоўвае з дзецьмі праблемы, што ўзнікаюць у працэсе камунікацыі: неразуменне, складанасці з канцэнтрацыяй увагі і г.д. Настаўнік просіць уявіць, што дзеці не зразумелі паведамленне з-за моўнага бар’еру.

На гэтым уроку закранаюцца і праблемы меншасных моў. Дзеці глядзяць фільм пра кітайскага хлопца, які вырашыў паглядзець свет. Ткнуўшы пальцам у глобус, ён трапляе ў Ірландыю. У даведніку ён чытае, што афіцыйная мова гэтай краіны – ірландская гэльская і пачынае яе вывучаць. Прыехаўшы ў Ірландыю, хлопец разгублены, бо яго гэльскую мову ніхто не разумее. Урэшце ён сустракае гэламоўнага чалавека і скардзіцца яму, маўляў, ён так кепска вучыў мову, што ніхто яго не разумее. Але чалавек тлумачыць, што ў Ірландыі ўсе размаўляюць па-англійску. У канцы фільма хлопец знаходзіць працу ў адным з ірландамоўных Гэлтахтаў.

Дзеці абмяркоўваюць, чаму важна паважаць права чалавека размаўляць на сваёй мове, а таксама важнасць захавання ірландскай мовы ў Гэлтахтах. У якасці хатняга задання прапануецца апісаць сітуацыю, калі ў дзяцей былі праблемы з-за няведаня нейкай мовы, напрыклад, за мяжой.

Чацвёрты ўрок прысвечаны перавагам шматмоўнасці і праблемам, з ёй звязанымі. Мэта – прадэманстраваць перавагі валодання некалькімі мовамі.

Дзеці глядзяць відэа з прамовамі некалькіх дзяцей і падлеткаў. Першыя два сутыкнуліся з праблемамі за мяжой з-за няведання мовы краіны. Трэцяя, бразіліянка, расказвае пра цяжкасці, якія яна мела ў Ірландыі, пакуль не вывучыла мову. Але яна вельмі рада і таму, што яе сям’я захавала і родную партугальскую. Апошні прамоўца, хлопец з Гэлтахта, расказвае пра праблемы, з якімі дагэтуль сутыкаюцца гэламоўныя. Фільмы абмяркоўваюццца дзецьмі. У рабочых аркушах яны павінны пазначыць перавагі, якія мелі б ці мелі выступоўцы ад шматмоўнасці. Настаўнік расказвае дзецям пра колькасць моў у свеце, пра тое, што ёсць аднамоўныя і шматмоўныя краіны, а таксама пра моўную сітуацыю ў Ірландыі.

Пяты ўрок прысвечаны моўным правам. Дзеці павінны зразумець, што такое моўныя правы, і даведацца пра Хартыю моўных правоў, складзеную офісам моўнага камісара на падставе моўнага заканадаўства краіны.

Кожнага вучня просяць напісаць па чатыры моўных права. Затым дзеці аб’ядноўваюцца ў пары, кожная з якіх павінна выбраць пяць найбольш важных правоў. Затым вучні аб’ядноўваюцца ў шасцёркі, кожная з якіх стварае сваю хартыю з 5 – 7 правоў. Хартыі вывешваюцца для азнаямлення іншых груп. Урэшце настаўнік выбірае і ўпісвае ў спецыяльны постэр правы для хартыі ўсяго класа. Побач з ёй настаўнік вывешвае Хартыю моўных правоў, распрацаваную офісам моўнага камісара.

У выніку шостага ўрока дзеці павінны зразумець сутнасць працы офіса моўнага камісара, а таксама тое, як заканадаўства бароніць ірландскую мову.

На ўроку дэманструецца відэа, у пачатку якога вучняў вітае моўны камісар. У фільме дзяўчына, прыйшоўшы ў дзяржустанову, сутыкаецца з праблемай: тэкст на ідэнтыфікацыйнай картцы, якую яна замаўляе, можа быць надрукаваны толькі на англійскай мове. Няма там і бланкаў заяў, і шыльдаў на ірландскай, а імя дзяўчыны не можа быць правільна ўнесена ў камп’ютарную базу дадзеных, бо тая не падтрымлівае выкарыстання спецыфічных ірландскіх дыякрытычных знакаў. У выніку дзяўчына звяртаецца са  скаргай у офіс моўнага камісара.

Затым паказваецца размова спецыяліста камісарыята са службоўцам, адказным за выкарыстанне ірландскай мовы ў той дзяржустанове. Спецыяліст тлумачыць, што дзейнасць установы не адпавядае моўнай схеме. Моўная схема – гэта план па выкарыстанні і пашырэнні ўжывання ірландскай мовы, распрацоўку і выкананне якіх Акт аб афіцыных мовах 2003 года ўскладае на дзяржустановы. Службоўца абяцае разабрацца, і ў канцы фільма дзяўчына расказвае, што ёй выдалі картку, правільна аформленую па-ірландску.

Настаўнік расказвае пра ўсе функцыі камісара. Затым дзеці запаўняюць апытальнік па фільме.

Напрыканцы ўрока вучні дзеляцца на групы, якія павінны падрыхтаваць: буклет з апісаннем функцый камісара; постэр з апісаннем крокаў, якія прадпрымае камісар па расследаванні скаргі; слоган для офіса камісара; сцэнар фільма пра працу офіса і г.д.

Сёмы ўрок называецца “Ірландская мова вакол нас”. Адна з мэтаў урока – навучыць дзяцей разбірацца ў Акце аб афіцыных мовах 2003 года.

Настаўнік знаёміць дзяцей з асобнымі палажэннямі акта і пастаноў, што яго канкрэтызуюць, у прыватнасці, з патрабаваннямі да выкарыстання ірландскай мовы на шыльдах, канцылярскіх прыладах і дакументах дзяржаўных устаноў. У дапамогу настаўніку сярод матэрыялаў курса ёсць адмысловыя постэры (гл. малюнак 1: постэр з правіламі афармлення шыльдаў і малюнак 2: постэр з правіламі афармлення канцылярскіх прылад і дакументаў дзяржустаноў).

Малюнак 1 Малюнак 2

Затым дзецям раздаецца аркуш з узорамі правільна і няправільна аформленых шыльдаў – трэба знайсці і выправіць памылкі (гл. мал. 3 і 4).

Малюнак 3 Малюнак 4

Малюнак 3. Частка аркуша з заданнем па знаходжанні неадпаведнасцяў  заканадаўству ў тэкстах шыльдаў. Хаця назва па-ірландску размешчана вышэй, не менш чытэльная за англійскую і перадае тую ж інфармацыю, але адно са словаў у ёй скарочана, тады як англійскі адпаведнік – не. Гэта супярэчыць патрабаванням заканадаўства.

Малюнак 4. Хаця тэкст па-ірландску ідзе першым, ён менш заўважны за англійскі адпаведнік, што супярэчыць патрабаванням заканадаўства.

Потым вучні разбіваюцца на групы, кожная з якіх атрымлівае картку з апісаннем пэўнай дзяржаўнай арганізацыі. Трэба распрацаваць дызайн канцылярскіх прыладаў і “шапак” дакументаў для яе, прытрымліваючыся правілаў, пазначаных у акце. Па завяршэнні працы праводзіцца выстава.

Мэта восьмага, апошняга урока – пазнаёміць дзяцей з пытаннямі, аналагі якіх могуць сустрэцца на экзамене. Сярод пытанняў ёсць і творчыя. Напрыклад, патрабуецца напісаць кароткую прамову для школьнай асамблеі, якая б даказала важнасць моўных правоў пры дапамозе як мінімум трох аргументаў. Або трэба прыдумаць тры спосабы, якімі школьны клас можа пазнаёміць людзей з моўнымі правамі. Таксама дзеці знаёмяцца з інфармацыйнай прадукцыяй офіса моўнага камісара.

Настаўніцкі буклет змяшчае таксама парады па арганізацыі вучнёўскіх праектаў у межах гэтага курса. Іх можна рэалізаваць як у канцы, так і па ходзе курса. Прапануюцца наступныя варыянты:

- складанне хартыі моўных правоў класа;
- начычэнне школьнага асяроддзя ірландскай мовай;
- святкаванне Еўрапейскага дня моваў (26 верасня);
- складанне ірландамоўнага буклета для школьнай бібліятэкі;
- арганізацыя наведвання школы прадстаўніком офіса моўнага камісара.

Для ўсіх праектаў клас дзеліцца на некалькі камітэтаў.

Напрыклад, мэта праекта па насычэнні школьнага асяроддзя ірландскай мовай – пашырыць яе выкарыстане сярод вучняў. Камітэт па дазволе атрымлівае ад адміністрацыі дазвол на ажыццяўленне праекту. Яшчэ адзін камітэт вывешвае ў розных месцах школы шыльды з фразамі на ірландскай, якія дарэчна будзе выкарыстоўваць у гэтых месцах. Гэтыя фразы рыхтуюцца камітэтам па перакладзе. PR камітэт асвятляе праект у школьнай газеце, а фотакаміся фатаграфуе для яе ўсе шыльды.

Для праекта па буклеце адпаведныя камітэты вывучаюць, якія фразы вучні найчасцей ужываюць у бібліятэцы, перакладаюць іх на ірландскую і складаюць буклет з імі, падбіраюць для яго ілюстрацыі, друкуюць яго, праводзяць кампанію па заахвочванні вучняў школы карыстацца буклетам і ладзяць яго прэзентацыю.

У выпадку доўгачаканых зменаў айчыннага моўнага заканадаўства, у прыватнасці, заснавання структуры тыпа моўнага дэпартаменту, школьны курс моўных правоў будзе мець і такую функцыю: ён можа рыхтаваць школьнікаў да паступлення на ўніверсітэцкую спецыяльнасць кшталту “спецыяліст па моўнай палітыцы”. Дарэчы, пытанне вышэйшай адукацыі ў гэтай галіне ставіцца зараз, напрыклад, у Вялікабрытаніі. У Шатландыі і Уэльсе адзначаецца невялікая колькасць курсаў па моўнай палітыцы і планаванні.

Актуальнасць падобнага курса ў нашай краіне падмацоўваецца тым, што, нягледзячы на афіцыйны білінгвізм і цяжкі стан беларускай мовы, адукацыйныя стандарты, канцэпцыі ці праграмы і г.д. ні па гамадазнаўчых прадметах, ні па дзяржаўных мовах і літаратурах ніяк не згадваюць моўныя правы, сацыяльныя і псіхалагічныя аспекты білінгвізму ці што-небудзь падобнае, не кажучы ўжо пра праблемы беларускай мовы. Грамадазнаўчыя прадметы не разглядаюць тэму этыкі маўленчых паводзін у сітуацыі білінгвізму. Магчыма, стваральнікі школьных праграм абыякавыя да праблемы ці нават свядома ігнаруюць гэта балючае пытанне. Пры гэтым такі курс, навучальны блок ці яго асобныя тэмы маглі б арганічна ўпісацца ў шэраг прадметаў школьнай праграмы.

Адзін з гэтых прадметаў – Чалавек і свет, што вывучаецца з першага па пяты класы. Паводле праграмы і тлумачальнай нататкі, у яго межах у 2 класе разглядаюцца правы дзіцяці, у 4-ым вывучаецца блок “Мая Радзіма – Беларусь”, дзе закранаюцца гісторыя краіны, яе кніжнасць, тапаніміка, старажытнае заканадаўства. У 5 класе разглядаюць Канстытуцыю і паняцце грамадзянскай пазіцыі. Хіба адзінае, што ёсць у нататцы на тэму шматмоўнасці – гэта вядомы запавет Ф. Багушэвіча.

Няма згадкі моўных правоў і моўнага пытання ўвогуле і ў адукацыйным стандарце прадмета Грамадазнаўства, што вывучаецца ў старэйшых класах. Хаця моўна-прававая праблематыка арганічна дапасуецца і да яго, бо праграма прадугледжвае вывучэнне аспектаў сацыялогіі, права (у т.л. правы чалавека і асноўныя міжнародныя дакументы, датычныя іх, і асновы беларускага права), палітыкі, культуры і маралі; фарміраванне вопыту канструктыўных зносін, адказнай грамадзянскай пазіцыі, развіццё прававой культуры і г.д.

Магчыма, элементы курса па моўных правах і шматмоўнасці можна было б разгледзець і ў межах вывучэння дзяржаўных моў і літаратуры, а таксама замежных моў і моў нацыянальных меншасцяў. Дарэчы, у Канцэпцыі прадмета Беларуская мова для 1 ступені агульнай сярэдняй адукацыі пазначаны веды аб моўнай этыцы.

Можна прапанаваць шэраг тэмаў, што адсутнічаюць у ірландскім курсе, але якія ў прынцыпе можна ўключыць у айчынны ў якасці тэм ці, прынамсі, пунктаў. Пры гэтым будзем прытрымлівацца прынцыпу аб’яднання ў адным курсе пытанняў моўных правоў і шматмоўнасці.

- Моўная сітуацыя, моўная палітыка і моўныя правы ў краінах свету. Параўнанне з замежжам дазволіць вучням глыбей зразумець айчынную сітуацыю.
- “Усеагульная дэкларацыя моўных правоў”, якую можна параўнаць з айчынным заканадаўствам, вылучыць іх плюсы і мінусы.
- Гісторыя моўнай сітуацыі і моўнай палітыкі ў Беларусі. Цалкам зразумець цяперашні стан можна толькі прасачыўшы яго перадгісторыю.
- Беларуская мова і яе афіцыйны статус за межамі Беларусі. “Еўрапейская Хартыя рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў”. Акрамя дасягнення светапогляднай мэты, гэта тэма зноў жа дазволіць параўнаць падыходы да моўных правоў з замежнымі.
- Мовы нацыянальных меншасцяў у Беларусі.
- Заканадаўства, якое мае дачыненне да моўнага пытання. У ірландскім курсе разглядаецца толькі адзін, галоўны моўны закон краіны і падпарадкаваныя яму пастановы, хаця моўная палітыка ў асобных сферах рэгулюецца і пунктамі шэрагу іншых актаў. У нашым курсе трэба аналізаваць не толькі Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, але і “моўныя” артыкулы іншых актаў заканадаўства, асабліва тыя, што ахопліваюць сферы, з якімі непасрэдна сутыкаюцца вучні. Напрыклад, “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”, “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” (паводле якога мова і яе дыялекты абвяшчаюцца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю), Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ды іншыя.
- Праблемы ў сферы моўных правоў, выкарыстання беларускай мовы і моў меншасцяў. Натуральна, такую тэму было б найбольш праблематычна ўключыць у афіцыйна зацверджаную праграму курса. Але калі справа да гэтага дойдзе, то можна абаперціся на рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2003 года, ззгодна якому “пры фармальна-юрыдычным раўнапраў’і беларускай і рускай моў на практыцы баланс іх выкарыстання не заўсёды захоўваецца”. Дзеля забеспячэння фактычнай роўнасці дзяржаўных моў Суд прапанаваў разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон аб мовах і іншыя акты змяненняў і дапаўненняў. Можна грунтавацца і на публікацыях у навуковай літаратуры і дзяржаўнай прэсе. Гэтыя публікацыі і рашэнне Канстытуцыйнага Суда можна абмяркоўваць у межах гэтай тэмы.
- Шляхі выпраўлення сітуацыі ў сферы моўных правоў і выкарыстання беларускай мовы. У гэтай тэме можна, у прыватнасці, разгледзець вопыт паспяховых айчынных і замежных праектаў.

Акрамя апісаных вышэй форм вучнёўскай працы, у межах айчыннага курса можна прапанаваць і іншыя, напрыклад, наступныя.

- Дэманстрацыя дакументальных фільмаў з серыі “Права на мову”, падрыхтаваных ТБМ. Кожны фільм расказвае пра моўную сітуацыю ў пэўнай сферы грамадскага жыцця.
- Ралявыя гульні, напрыклад, у судовае пасяджэнне па справе аб парушэнні моўных правоў.
- Калі заняткі праводзяцца ў школе з рускай мовай навучання, можна арганізаваць экскурсіі ў арганізацыі (школы), дзе шырока выкарыстоўваецца беларуская мова. Потым можна зладзіць дыскусію на тэму таго, чаму такіх арганізацый няшмат, ці пажадана было б, каб іх было больш, і што можна для гэтага зрабіць.
- Конкурс праектаў на тэму “Пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў нашай школе”. Натуральна, праекты можна рэалізаваць.
- Мазгавы штурм на азначаную вышэй тэму.
- Сачыненне “Якім я бачу беларускае моўнае заканадаўства ў будучыні”.
- Вучэбнае даследаванне стаўленняў грамадства да сітуацыі з моўнымі правамі ў краіне і да беларускай мовы.
- Дэбаты як адзін са спосабаў абмеркавання праблем, узнятых у курсе.

Метад даследавання рэальных выпадкаў, выкарыстаны ў ірландскім курсе, трэба будзе дапасаваць да нашай рэчаіснасці. Вучні могуць вызначаць адпаведнасць заканадаўству ці ўласным уяўленням аб моўных правах рэальных прыкладў дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і асобных грамадзян.

Таварыства беларускай мовы звернецца ў Міністэрства адукацыі з прапановамі па распрацоўцы і ўключэнні курса па моўных правах ці хаця б адпаведных тэм у праграму агульнаадукацыйнай школы.

Асноўныя крыніцы

1. Language rights. A Resource for Teachers. – [Electronic resource]. – http://www.coimisineir.ie/index.php?page=schools&lang=english&tid=43.

2. Концепции, стандарты, нормы оценки по учебным предметам. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.edu.gov.by/ru/main.aspx?guid=15121.

3. Чалавек і свет. Тлумачальная запіска. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://p1.minedu.unibel.by/be/main.aspx?guid=1131.

Гэта тэкст выступу, які быў прэзентаваны на міжнароднай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона" (Мінск, 28.04.2015)