«У першы клас» ці «в первый класс»?

У 2013/2014 навучальным годзе ў Менску ў беларускамоўных класах займаліся 1,6% школьнікаў. Аргументы супраць таго, каб аддаваць дзіця ў беларускамоўны клас, звычайна гучаць так: «Как же он математику по-беларуски учить будет?», «Зачем 9 лет учить беларуский — чтобы паспорт свой прочитать? Больше на нем ничего не пишут», «Как он после школы в ВУЗ поступать будет? Экзамены ведь по-русски сдавать».

Аргументы, чаму, навучаючыся па-беларуску, дзіця атрымае перавагу перад аднагодкамі.

АРГУМЕНТ ПСІХОЛАГА

Псіхолаг Аксана Бланк з Цэнтру паспяховых адносінаў, заўважае, што ў яе практыцы не было выпадкаў, калі б у вучня ўзніклі праблемы праз беларускамоўнае навучанне :

«Нават у вучняў, у якіх і бацька, і маці размаўляюць па-руску, праблемаў і дыскамфорту пры паступленні ў беларускамоўныя класы не ўзнікае, бо мовы, у сілу ўзросту, дзеці засвойваюць лёгка. Праблемай можа стаць засвойванне 6–7 моваў адначасова, але 3 мовы вучань апануе без праблемаў. Дзіцячая псіхіка — гнуткая, адаптуюцца дзеці хутка, і ў выніку яны размаўляюць на той мове, на якой ім зручна. Пытанняў не ўзнікае, нават калі дзіця ў школе гаворыць на адной мове, з мамай на другой, а з татай — на трэцяй. Гэта відаць у сітуацыях, калі рускамоўныя сем’і выязджаюць за мяжу і дзіця ходзіць, дапусцім, у англамоўную школу, і пераносіць гэтую мову дамоў, пачынае на ёй размаўляць з бацькамі».

АРГУМЕНТ БЕЛАРУСАЎ ЗАМЕЖЖА

Беларускія мамы, якія жывуць за мяжой, на ўласным досведзе пераканаліся, што нават з трыма ці чатырма мовамі іх дзеці даюць рады, ды яшчэ застаюцца ў плюсе.

Марыя Дзялендзік, жыве ў Іспаніі, выхоўвае 7-гадовага Яна:

«Ян нарадзіўся ў Іспаніі, бацька — іспанец, але я з ім па-іспанску ніколі не размаўляла, заўсёды на родных мовах. Цяпер іспанская мова, на якой ён вучыцца ў школе і размаўляе з татам, для яго самая родная. Але і рускай, і беларускай мовамі ён валодае вельмі добра. Вядома, здараюцца памылкі: па-іспанску гукі «б» і «в» перадаюцца адной літарай, таму ён можа напісаць «савака» ці «вавуля». Але, скажам, калі Ян прачынаецца ўначы, прыбягае да мяне і гамоніць па-нашаму. Апроч таго, у засваенні чацвёртай для яго, англійскай мовы, Ян нават апярэджвае аднакласнікаў: настаўніцы англійскай мовы заўсёды адзначалі ягонае выдатнае вымаўленне. Думаю, ад часткі гэта заслуга больш развітага, чым у іншых, артыкуляцыйнага апарату».

Наталля Ягорава, жыве ў Польшчы, маці 10-гадовага Цімоха:

«Дома мы з Цімохам размаўляем па-беларуску. Калі яму было тры, адправілі яго ў звычайны польскі садзік. Быў стрэс, ён не разумеў, што ад яго хочуць. Але адаптацыя, не без дапамогі псіхолага, заняла 3 ці 4 месяцы. Цяпер Цімох амаль штодзень карыстаецца трыма мовамі: з бабуляй і дзядуляй у Беларусі ён размаўляе па-руску і мульцікі глядзіць па-руску. Дома мы размаўляем па-беларуску. У школе Цімох вучыцца па-польску, апроч таго, у школе вучыць англійскую (пераважна на «добра»). Часам Цімох робіць памылкі — напрыклад, выкарыстоўвае польскія моўныя канструкцыі, размаўляючы па-беларуску («Мама, ці я буду мог пайсці на вуліцу?»), але агулам моўных праблемаў ні дома, ні ў школе не мае».

АРГУМЕНТ САЦЫЯЛЬНЫ

Уявіце сітуацыю: вы ўваходзіце ў пакой, і ўсе заціхаюць, бо ведаюць, што вы не валодаеце мовай, на якой вялася гаворка. Псіхолаг Брэнда Гормэн з Універсітэту Маркет, якая спецыялізуецца на вывучэнні моўных пытанняў, распавядае пра досвед сем’яў, у якіх бацькі вырашылі не перагружаць дзіця дадатковай мовай, кіруючыся папулярнай думкай, што шматмоўныя дзеці менш кемлівыя. Вынікі былі не такія, як таго чакалі бацькі. Пэўныя дзеці трацілі кантакт з бабулямі і дзядулямі, калі тыя размаўлялі на мове, ад якой бацькі вырашылі «адмовіцца». Псіхолаг падкрэслівае: важна, каб дзіця валодала мовамі, якія ўжываюць іншыя чальцы сям’і: гэта мае ўплыў на сямейныя адносіны. Але нават калі ўсе вашыя сваякі размаўляюць па-руску — падумайце пра нарастаючую хвалю беларускасці ў грамадстве.

АРГУМЕНТ ПСІХАЛАГІЧНЫ

Усе тая ж псіхолаг Брэнда Гормэн, развенчваючы міфы вакол білінгвізму, адзначае, што нават двухмоўныя навукоўцы і двухмоўныя бацькі бываюць перакананыя, што білінгвізм блытае і мыліць дзіцяці.
Сапраўды, білінгвы могуць выкарыстаць слова з адной мовы, размаўляючы на іншай. Але ж і дзеці, што размаўляюць на адной мове, робяць моўныя памылкі! І гэта не знак таго, што дзіця блытаецца ці пачуваецца не камфортна. Гэта нармальная частка працэсу навучання. Брэнда Гормэн адзначае, што больш за палову людзей у свеце — двухмоўныя. І гэта ім зусім не перашкаджае!

Калі вы яшчэ не пераканаліся, каб аддаць дзіця ў беларускамоўны клас, падумайце што гэтым вы зробіце яго больш цікаўным да лінгвістыкі. Псіхолагі заўважылі, што двухмоўныя дзеці часцей цікавяцца семантыкай словаў ды моўнымі з’явамі, бо маюць, як параўнаць словы з розных моваў.

Навукоўцы ж, што аналізавалі жыццё пажылых людзей, адзначаюць, што і тут білінгвы маюць перавагу: іхныя моўныя здольнасці застаюцца лепшымі да старасці, ды і сама старасць у іх даўжэйшая, бо білінгвізм прадаўжае жыццё.

Марына Вашкевіч