Ты пад знакам «Альхоўка» нарадзіўся

Святлана КІРСАНАВА, nastgaz.by

Сенсацыя! Беларускія астраномы з педагагічнай абсерваторыі адкрылі новае сузор’е, якое з’яўляецца самым блізкім да нашай краіны. Яно размешчана ў двухгадзіннай адлегласці ад Мінска. Галактычнае ўтварэнне сфарміравана зоркамі, узрост якіх налічвае ад 23 да 70 зямных гадоў. Міжнародны астранамічны саюз ужо афіцыйна прызнаў яго 89-м сузор’ем і зацвердзіў назву “Альхоўка”.

Гэтая інфармацыя выклікае ў вас сумненне, паважаныя нашы чытачы? І правільна. Гэта фэйк, у дадзеным выпадку фальшывая навіна. Што такое фэйк і тролінг, а таксама перавернутае навучанне, даведаліся 54 педагогі — удзельнікі метадычнага летніка “Альхоўка”, які вось ужо 26-ы раз прайшоў у маляўнічым месцы на беразе ракі Страча побач з вёскай Альхоўка Астравецкага раёна. Першы метадычны летнік “Альхоўка” адбыўся 25 гадоў назад з 1 па 6 ліпеня 1990 года.

Але як у кожным жарце ёсць доля праўды, так і ў кожным фэйку можна знайсці рацыянальнае зерне. Вядома, міжнародны астранамічны саюз ні аб якім сузор’і “Альхоўка” нават і не чуў, але ж педагагічнай супольнасці Беларусі яно вельмі добра знаёма. За чвэрць стагоддзя ў “Альхоўцы” пабывала вялікая колькасць настаўнікаў, большасць з якіх фізікі, але з цягам часу да іх сталі далучацца і філолагі з матэматыкамі, і інфарматыкі з хімікамі і біёлагамі. Многія альхоўцы — вядомыя настаўнікі краіны, прафесіяналы, настаўнікі-метадысты, магістры, аўтары кніг, якія карыстаюцца павагай у калег і любоўю у сваіх вучняў.

Мікалай Альхоўкатворац

Не згодна я з Маякоўскім наконт адзінкі. Адзінка — не нуль. Адзін чалавек можа многае, калі ў яго ёсць ідэяі, жаданне яе ажыццявіць. “Альхоўка” стала брэндам нашай беларускай адукацыі дзякуючы намаганням аднаго педагога, менавіта таму па праву ўжо шмат гадоў лічыцца яго аўтарскімі курсамі. Вядома, у яго цяпер ужо шмат памочнікаў, але ўсё ж “Альхоўка” ў першую чаргу звязана з адным імем — Мікалая Іванавіча Запрудскага, прафесара кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Дарэчы, пасля заканчэння летніка педагогі атрымліваюць пасведчанне аб заканчэнні курсаў пры АПА. 

Гісторыя стварэння метадычнага летніка для настаўнікаў “Альхоўка” такая.

У 80-я гады мінулага стагоддзя Мікалай Іванавіч працаваў у Рэспубліканскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Ён сабраў самых таленавітых фізікаў рэспублікі ў творчую групу, якая ездзіла па рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі (тады — інстытутах удасканалення настаўнікаў), даючы ў актавых залах гэтых устаноў для вялікай колькасці настаўнікаў урокі і майстар-класы. Для гэтых мэт у інстытуты спецыяльна запрашаліся вучні з суседніх школ. (Дарэчы, падобныя акцыі зараз здзяйсняюць члены клуба “Крыштальны журавель”.) Гэтыя педагагічныя “гастролі” пачаліся ў 1988 годзе, а ўжо праз год, падчас наведвання Гродзенскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў, Мікалаю Іванавічу і настаўніку фізікі з Астраўца Анатолю Бацюлеву прыйшла ідэя зрабіць летні метадычны лагер для педагогаў. Анатоль расказаў, што на яго роднай Астравеччыне можна знайсці прыгожы куточак для гэтай мэты. Вясной Мікалай Іванавіч прыехаў у Астравец і разам з загадчыкам аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Леанідам Батурам накіраваўся ў Альхоўку да дырэктара тамтэйшай школы Яўгена Чабатарова. Ён і прывёў гасцей на адасобленую прыгожую палянку за кіламетр ад Альхоўкі на беразе Страчы, якая і стала домам пад адкрытым небам і зялёным класам для ўдзельнікаў першага летніка фізікаў. Выбар месца быў абумоўлены і тым, што, будучы студэнтам, Мікалай Іванавіч сплаўляўся на байдарках са сваімі сябрамі па Віліі і Страчы, і менавіта тут яны рабілі днёўку. Гэтае месца яшчэ тады запала яму ў душу.

Мікалай Іванавіч прызнаецца, што ў яго нічога б не атрымалася, калі б у яго не было столькі памочнікаў, як сярод калег-фізікаў, так і кіраўніцтва Альхоўскай сярэдняй школы — Яўген Чабатароў хоць ужо не працуе дырэктарам, але штогод у летніку бывае, як і сённяшні дырэктар школы Сяргей Гаўрыловіч.

Прырода табе ў дапамогу

Фізікі — дакладна рамантыкі. Абмежаваныя замкнёныя метры вучэбных аўдыторый не для іх. Ім добра пад адкрытым небам. Тут яны могуць праверыць законы прыроды, правесці эксперыменты. Прырода ім дапамагае. Жыць сучаснаму чалавеку, распешчанаму ўсімі выгодамі цывілізацыі, у палатцы няпроста. Але суседства з вадой, лесам, птушкамі, рыбамі, ягадамі, грыбамі дабратворна ўплывае на мозг і цела настаўнікаў, якія стаміліся за навучальны год.

Такая форма павышэння кваліфікацыі, як метадычны летнік “Альхоўка”, за чвэрць стагоддзя пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Ужо нават з’явіліся паслядоўнікі. Па падобным прынцыпе пабудавана навучанне членаў клуба “Крыштальны журавель” у метадычным летніку “Азёры”, які таксама праходзіць у Гродзенскай вобласці; свае летнікі праводзілі на возеры Свіцязь настаўнікі фізікі Ляхавіцкага раёна; на Лепельшчыне — выпускнікі перападрыхтоўкі ў АПА па менеджменце.

Адсылаючы запрашэнні педагогам, якія ўпершыню адпраўляюцца ў летнік, Мікалай Іванавіч папярэджвае загадзя пра незвычайныя ўмовы пражывання і работы і просіць яшчэ раз узважыць сваё рашэнне аб удзеле ў летніку “Альхоўка”. Не ведаю, ці былі тыя, хто ўсё ж адмовіўся ад унікальнай магчымасці асабіста раскрыць сакрэт “Альхоўкі”, але тыя, хто ўсё ж паехаў у Астравецкі раён, дадому вярталіся іншымі людзьмі, з вялікім багажом ведаў, ідэй і новых сяброў.

Перавернутая свядомасць

Да “Альхоўкі” настаўнікі рыхтаваліся не толькі тым, што закуплялі палаткі, заплечнікі, сукенкі (пра гэта крыху ніжэй падрабязней), але і насычалі свой мозг новай інфармацыяй. Мікалай Іванавіч падрыхтаваў будучым удзельнікам курсаў два дамашнія заданні, якія павінен быў зрабіць кожны! Для іх выканання прапаноўваўся спіс сайтаў, ролікаў на YouTube, артыкулаў. Спіс быў вялікім. Я, калі яго чытала, нават трохі пашкадавала педагогаў: столькі трэба праштудзіраваць да саміх курсаў, якая ж муштра будзе ўжо ў самім летніку? Але ўсё аказалася не так страшна, як маё ўяўленне малявала.

Курсы былі спецыяльна запланаваны па прынцыпе “перавернутага ўрока”, гэта калі тэарэтычная і лекцыйная праграма вывучаецца дома, а ў класе з настаўнікам падрабязна разбіраюцца заданні і практыкаванні па тэме. Пры такім навучанні ўсё адбываецца наадварот: лекцыі — дома, а “дамашка” — у класе. Дарэчы, у Адкрытым універсітэце Вялікабрытаніі кожны год рыхтуюць даклад па інавацыі ў педагогіцы. Сёлета брытанскія эксперты вылучылі 10 існуючых новаўвядзенняў, якія ў бліжэйшыя гады акажуць значны ўплыў на адукацыю ў свеце, і адно з іх — перавернутае навучанне (клас, урок).

Яшчэ дома педагогі маглі пазнаёміцца з урокамі сусветна вядомага “пераварочвальніка”— Салмана Хана. Яго відэаадукацыйным рэсурсам скарысталіся ўжо мільёны людзей па ўсім свеце. Часопіс “Форбс” назваў сайт Хана самай вялікай школай у свеце. Мэта акадэміі Хана — прадаставіць бясплатную адукацыю сусветнага ўзроўню ўсім і ўсюды. Салман Хан разам са сваімі памочнікамі абяцае ператварыць навучанне ў займальны вопыт.

Мікалай Іванавіч прапанаваў спасылкі як на акадэмію Хана, так і на іншых адукацыйных “пераварочвальнікаў” — эстонскіх педагогаў Марыну і Юрыя Курвітсаў і расійскі рэсурс пад назвай “Перавернутае” навучанне = актыўнае навучанне”, а таксама на свой артыкул, надрукаваны ў нашай газеце 14 мая. Пазнаёміўшыся з гэтымі матэрыяламі і выканаўшы дамашняе заданне, удзельнікі летніка былі гатовы адказаць на тры важныя пытанні: навошта пераварочваць навучанне; якія перавагі ў такога навучання; як гэта зрабіць. І нават склалі табліцу-параўнанне “перавернутага” ўрока з традыцыйным, убачылі, на якіх факультатыўных і іншых занятках яны могуць выкарыстаць “перавернутае” навучанне. Калі слухачы курсаў у групах, а потым у франтальнай рабоце разабраліся з тэорыяй, яны выканалі практычную работу па праектаванні “перавернутага” ўрока.

Тролі і фэйкі

Гэта зусім не цудоўныя стварэнні з сасновага альхоўскага лесу, а нядобрыя істоты з інфармацыйнай прасторы. Тролем называюць чалавека, якія змяшчае грубыя ці правакацыйныя паведамленні ў інтэрнэце, напрыклад, у дыскусійных форумах, і тым самым перашкаджае абмеркаванню або абражае яго ўдзельнікаў. Фэйк — слэнгавы тэрмін, які абазначае падробку, копію або фальсіфікацыю. У дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробка навіны. Сучасны чалавек павінен ведаць, за якімі паведамленнямі хаваюцца тролі і дзе фэйк.

Мы жывём у свеце, дзе якасць атрыманай намі інфармацыі ў значнай ступені вызначае наш выбар і наступныя дзеянні, уключаючы здольнасць карыстацца фундаментальнымі свабодамі і правам на самавызначэнне і развіццё. Стваральнікі медыяпрадукцыі часта навязваюць свой пункт гледжання, інтэрпрэтуюць падзеі так, як выгадна тым, хто “заказвае музыку”. Для дасягнення сваёй мэты яны выкарыстоўваюць спецыяльныя сродкі — ліслівасць, страх, паўторы і г.д. Сёння медыйная прастора, асабліва інтэрнэт, надзвычай моцна засмечана тэкстамі, якія знешне прывабнымі формамі схіляюць маладых людзей да сектанцтва, радыкалізму, гвалту, фашызму. Медыя-граматнасць — гэта сукупнасць навыкаў і ўменняў, якія дазваляюць людзям аналізаваць, ацэньваць і ствараць паведамленні ў розных відах медыя, жанрах і формах.

Падчас знаёмства з тымі матэрыяламі па медыяадукацыі, якія прапанаваў Мікалай Іванавіч у якасці дамашняга задання і якія ён выклаў падчас лекцыі, удзельнікі летніка зразумелі, што медыяадукацыя шырэй за навучанне карыстанню ІКТ; медыяадукацыя шырэй за навучанне бяспецы ў інтэрнэце, аналізу рэкламы або абароне ад шкоднага ўздзеяння відэагульняў; медыяадукацыя павінна быць інтэгравана ў вучэбныя прадметы. І настаўнікі ўжо нават вырашылі, на якіх занятках і па якіх тэмах яны могуць уводзіць медыяадукацыю ў адукацыйны працэс.

Дарэчы, наша газета ўжо шмат разоў звярталася да тэмы медыяадукацыі (артыкулы М.Запрудскага, А.Радзевіч, Г.Сухавай), пісала пра работу рэспубліканскіх адукацыйных пляцовак па гэтай тэме, якіх у нас 13, а 23 ліпеня выйдзе спецыяльны дадатак.

Мне як журналісту таксама было цікава паўдзельнічаць на занятках па медыяадукацыі, дзе я агучыла сваю думку, што педагог, які не піша ў сваё прафесійнае выданне, не ўмее ствараць медыяпасланні, не можа да канца патлумачыць дзецям, што такое медыяграматнасць.

Таму чакаем артыкулаў ад альхоўцаў — будучых медыяпедагогаў!

Гэта падзарадка нашых батарэй

Што здараецца з педагогамі ў “Альхоўцы”, чаму на развітанне яны льюць слёзы (і нават сівавалосыя мужчыны!), абдымаюць адно аднаго, абменьваюцца нумарамі тэлефонаў, імэйлаў? Гэтаму ёсць некалькі тлумачэнняў. Іх я пачула падчас завяршальнага рэфлексіўнага кола, іншых мерапрыемстваў летніка.

— Калі б не “Альхоўка”, то я ўжо сышоў бы са школы, — прызнаўся малады фізік з Перарастоўскага дзіцячага сада — базавай школы Добрушскага раёна Яўген Пархоменка. Пакантактаваўшы тыдзень з альхоўцамі, ён адкрыў для сябе новую прафесійную мэту, у яго з’явілася жаданне быць падобным да іх. Яны адкрылі яму вочы, што цяжкая і няўдзячная, здавалася б, настаўніцкая прафесія дорыць такія эмоцыі і такое шчасце, што ўсе цяжкасці сыходзяць на другі план. А на першы выходзяць пытанні самарэалізацыі. У “Альхоўцы” настаўнік сам сябе пачынае цаніць, што, вядома, уплывае на яго статус, і калегі пачынаюць яго больш паважаць. Ужо сам факт, што Запрудскі (ого!) запрасіў на свае аўтарскія курсы ў “Альхоўку”, павышае статус педагога ў калектыве. І пра гэта з радасцю казалі першагодкі — так называюць у “Альхоўцы” тых, хто прыехаў у летнік упершыню. А падчас падвядзення вынікаў і развітання першагодкі не маглі стрымаць сваіх слёз, дзякавалі аўтару праекта і адзначалі, як многа ён для іх зрабіў, запрасіўшы ў летнік. Мікалай Іванавіч і іншыя альхоўцы адкрылі ў іх таленты, здольнасці, паказалі магчымасці, перспектывы, матывавалі на працу, пошук.

Сяргей Гаўрыловіч, дырэктар Альхоўскай школы, прызнаўся, што для ўстановы, якую ён узначальвае, вельмі карысным аказалася знаёмства найперш з Мікалаем Запрудскім, а таксама вядомымі педагогамі рэспублікі, якія штолета збіраюцца ў метадычным летніку “Альхоўка”. Дзякуючы намаганням Мікалая Іванавіча і пад яго кіраўніцтвам калектыў Альхоўскай школы ўключыўся ў рэспубліканскі інавацыйны праект па мультыпрофільным навучанні. Дарэчы, у Гродзенскай вобласці яны былі адзінымі ў гэтым праекце. Выпускнікі Альхоўскай школы, якія ўдзельнічалі ў праекце, здалі цэнтралізаванае тэсціраванне лепей за іншых выпускнікоў раёна, а двое нават сталі лепшымі ў вобласці. Такога ў сельскіх школах Астравецкага раёна раней не было. Ды і ў алімпіядах сталі з’яўляцца пераможцы. Выдатнага выніку альхоўскія настаўнікі дамагліся таксама дзякуючы таму, што на базе іх установы праходзіць рэспубліканскі метадычны летнік.

— Такая форма павышэння кваліфікацыі, як летнік, вельмі ўдалая, — адзначае Сяргей Анатольевіч, які ўжо на сабе адчуў уздзеянне такога навучання. — Звычайныя курсы павышэння кваліфікацыі многія ўспрымаюць як не вельмі прыемны абавязак. Час прыйшоў, і трэба ехаць, таму падрамалі на занятках і раз’ехаліся. Сюды ж едуць матываваныя людзі, бо ім гэта цікава. Такія курсы паўтарыць немагчыма.

Мой сын, які быў тры дні ў летніку разам са мной, сказаў пасля вяртання дадому: “Мама, хутчэй пішы заяўку на ўдзел у наступным летніку”. А яшчэ ў першы ж дзень у Альхоўцы адзначыў, што нейкія не такія тут педагогі. “Не такія” ў разуменні майго дзіцяці, вучня ўжо 7 класа, гэта жывыя, эмацыянальныя, зацікаўленыя, добразычлівыя.

Адметна, што ў “Альхоўцы” вучні выдатна адчуваюць сябе побач з настаўнікамі. Вось ужо сем гадоў запар Яраслаў — сын фізікаў Элы і Аляксандра Якубоўскіх з Жодзіна — праводзіць у “Альхоўцы”. Да гэтага іх старэйшы сын Захар прайшоў альхоўскую школу жыцця. Яраслаў прыстунічае на ўсіх вучэбных занятках для педагогаў, калі можа купацца ў рацэ, збіраць у лесе ягады, але ён ідзе ў клас, таму што яму (увага!) цікава. І я веру хлопцу, бо назірала за ім падчас заняткаў. Па прызнанні Яраслава, кожная новая “Альхоўка” не падобная да папярэдніх. Тут ён робіць шмат адкрыццяў, тут яго сябры. Так, гэта настаўнікі!

У метадыста Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Яўгеніі Лазарэнка, якая сёлета была ганарова прынята ў склад альхоўскіх акадэмікаў, уся сям’я пабывала ў летніку: тата, мама, сыночак і нават сабака.

“Альхоўкай” захворваюць на ўсё жыццё. І нават тыя, хто не мае прамога дачынення да школы. Гэта, напрыклад, супрацоўнік Інстытута генетыкі НАН Беларусі Анатоль Шуба. Яго сяброўства з альхоўцамі пачалося ў далёкія 90-я, калі ён яшчэ ўзначальваў адну з праграм Фонду Сораса ў Беларусі. Аднойчы да яго звярнуўся Мікалай Запрудскі з просьбай, каб Фонд Сораса стаў спонсарам летніка “Альхоўка”. Ідэя летніка для педагогаў зацікавіла Анатоля Аляксандравіча, і ён вырашыў на свае вочы паглядзець, што гэта такое. Прыехаўшы ў летнік, ён убачыў такую карціну: сядзяць людзі на палянцы і нешта актыўна абмяркоўваюць, пішуць, а надвор’е было так бы мовіць зусім нялетняе, але іх не пужаў холад і дождж. Гэта здзівіла Анатоля Аляксандравіча, але ён правёў некалькі дзён з імі побач — і зараз лета без “Альхоўкі” сабе не ўяўляе.

“Мечтами их и песнями мы каждый вздох наполним…”

Гэтая песня Алега Міцяева стала своеасаблівым гімнам “Альхоўкі”. Яе выконваюць падчас узняцця і спуску сцяга летніка, а таксама сабраўшыся ў круг пры падвядзенні вынікаў летніка і падчас развітання, абняўшы адно аднаго. Праўда, на развітанне яна спяваецца вельмі ціха, бо слёзны камяк у горле перашкаджае. Зразумела, цяжка расставацца, але радасна ад разумення, што цяпер твае справы і думкі напоўніліся новым вопытам і ведамі, атрыманымі ў “Альхоўцы”, што з’явілася шмат новых калег-аднадумцаў.
Яднанне людзей адбыва ецца не толькі падчас заняткаў. Педагогі вучобай займаюцца толькі палову дня — з 9 раніцы да 16 вечара, пасля чаго ладзяцца конкурсы, спаборніцтвы, святы, якія раскрываюць розныя таленты. Гэта традыцыйныя мерапрыемствы летніка — фізічна-спартыўная паласа перашкод (на гэты раз яна была медыяспартыўнай), лазня, катыльён, акадэмія, “Кніга рэкордаў”, канцэрт першагодак, экскурсія. Педагогі самі вызначаюць, калі яны будуць дзяжурыць па летніку, чым яны будуць займацца. Кожны пры справе ў летніку і згодна са сваім талентам. “Альхоўка” — месца, дзе можна быць самім сабой, адзначаюць педагогі.

Я прыехала ў летнік у чацвер, калі мужчыны якраз рыхтавалі паходную лазню. Усе традыцыі ў “Альхоўцы” маю ць пэўную мэту і парадак. Напрыклад, пасля лазні ладзіцца катыльён, такі баль пры свечках. У настаўнікаў з’яўляецца магчымасць прывесці сябе ў парадак і апрануць прыгожыя ўборы, якія дапамагаюць ім адчуць сябе адразу галантнымі кавалерамі і высакароднымі дамамі. Лясная “зала” ўпрыгожваецца кветкамі, робяцца кандэлябры і запальваюцца свечкі. Гучыць музыка і пары кружацца ў вальсе. Жанчыны прызнаюцца, што цэлы год шукаюць убор спецыяльна для катыльёна.

Важная падзея пятага дня летніка — акадэмія. Гэта таксама вельмі ганаровае мерапрыемства. Сталыя альхоўцы са стажам 6 гадоў — члены-карэспандэнты і больш за 10 гадоў — акадэмікі, прыходзяць у спецыяльных шапках акадэмікаў, якія вырабляе настаўніца з Клічаўскага раёна Раіса Кунцэвіч. Розніца паміж галаўнымі ўборамі членаў-карэспандэнтаў і акадэмікаў у тым, што ў апошніх на нітачцы павешана шышачка. Легенда пра з’яўленне акадэмікаў у “Альхоўцы” гаворыць наступнае: калі фізікі шосты раз прыехалі ў “Альхоўку”, то зразумелі, што летнік стаў традыцыйным, а значыць, трэба неяк адзначыць альхоўцаў са стажам. Так з’явілася ідэя стварэння элітарнага клуба — альхоўскай акадэміі. Рытуал прыёму з тых часоў амаль не змяніўся. Жадаючыя ўступіць у акадэмію пішуць заяву, нехта з акадэмікаў за іх паручаецца, пасля чаго акадэмікі раяцца. Цікава, што ўсе разумеюць, што гэта гульня і ўсіх прымуць у акадэмікі, але ж хвалююцца. І моладзь хвалюецца і пралічвае свае гады да атрымання права насіць шапку акадэміка і шышачку на ёй.

Падчас прыняцця ў альхоўскую акадэмію Тамара Мацкевіч выдатна падкрэсліла: “Альхоўка” аб’яднана агульнымі каштоўнасцямі — свабоды, творчасці, супрацоўніцтва і сапраўднага патрыятызму. Вось ужо 25 год “Альхоўка” працуе на адну мэту — зрабіць нашу школу сучаснай, канкурэнтаздольнай і беларускай. Мы разам.

Некалі лічылі, што сінергетычныя эфекты ўласцівы толькі нежывой прыродзе. Затым заўважылі, што яны маюць месца і ў соцыуме. Калі разам сабраць творчых, разумных, таленавітых людзей, то іх уласцівасці і добрыя якасці памнажаюцца не ў арыфметычнай, а ў геаметрычнай прагрэсіі. “Альхоўка” моцная сваёй сінергіяй, і ў нас 2+2=10. Час адзіночак прайшоў, за апошнія 100 гадоў ніводзін Нобелеўскі лаўрэат, навуковец не зрабіў адкрыцця ў адзіночку. Я ганаруся, што з’яўляюся чалавекам каманды. Я вельмі сур’ёзна стаўлюся да гэтай шышачкі. Гэта сімвал “Альхоўкі”. І ў ёй шмат зярнятак. У маёй шышачцы ёсць зярняткі розуму Мікалая Іванавіча Запрудскага, Элы Якубоўскай, Галіны Сухавай, Алены Ананчыкавай, Вольгі Званцовай, высакароднасці Анатоля Шубы, Яўгеніі Лазарэнка, гаспадарлівасці Анатоля Аўсейчыка, гумару Аляксандра Плятнёва, Міхаіла Макаеда, надзеі на будучыню Жэні Пархоменка, а сёння яшчэ дадалося бліскучае зерне пасля выступу Дзмітрыя Бондара. У маёй шышачцы ёсць нешта ад кожнага з вас, альхоўцы! Буду сеяць, і некалі прарасце. Я буду рабіць так, каб нашы традыцыі захоўваліся, нашы каштоўнасці ўзмацняліся, нашы мэты набліжаліся. Жыве Альхоўка!”

Першагодкі параўноўваюць “Альхоўку” з сектай. Калі лічыць, што секта — гэта ідэалагічнае аб’яднанне людзей пад кіраўніцтвам харызматычнага лідара, то яны маюць рацыю. Ідэалогія альхоўцаў простая — аддана служыць школе, дзецям, педагагічнай навуцы. А лідар — асоба вядомая і выдатна зарэкамендаваўшая сябе ў сістэме айчыннай адукацыі.

Фота аўтара і з архіва альхоўцаў.