Спроба перавярнуць урок

Перавернуты ўрок… Сучаснага настаўніка, які цікавіцца навінкамі і хоча пастаянна самаўдасканальвацца, такая незвычайная форма правядзення заняткаў павінна абавязкова зацікавіць. Упершыню з гэтым феноменам я пазнаёмілася ў артыкуле М.І. Запрудскага “Перавернуты ўрок” (НГ 14.05.2015). Адразу прыйшла думка: я нешта падобнае спрабавала рабіць, але не ведала, як гэта назваць.

Справа ў тым, што гімназія, у якой я працую,  рэалізуе абласны педагагічны  праект  “Задавальненне адукацыйных запытаў вучняў, пашырэнне магчымасцей дадатковай адукацыі сродкамі дыстанцыйнага навучання”. Ужо трэці год я з’яўляюся членам творчай групы настаўнікаў па ўкараненні дыстанцыйнага навучання ў гімназіі.

Што ж гэта такое? Дыстанцыйнае навучанне – гэта ўзаемадзеянне настаўніка і вучня паміж сабой на адлегласці, якое адлюстроўвае ўсе неабходныя для навучальнага працэсу кампаненты (мэты, змест, метады, арганізацыйныя формы і сродкі навучання) і ажыццяўляецца спецыфічнымі сродкамі інтэрнэт-тэхналогій ці іншымі сродкамі, якія прадугледжваюць інтэрактыўнасць. Дыстанцыйнае навучанне, па сутнасці, гэта новая эфектыўная форма навучання з выкарыстаннем камп’ютара і сеткі Інтэрнэт. Важная перавага дыстанцыйнага навучання – інтэрактыўнасць. На форуме гімназісты паміж сабой абмяркоўваюць цяжкія пытанні і тыповыя памылкі, заўсёды ўзаемадзейнічаюць з настаўнікам у рэжыме анлайн.

Характэрнай асаблівасцю дыстанцыйнага навучання з'яўляецца тое, што вучні працуюць не на занятках у навучальнай установе, а могуць выбіраць для працы зручныя для сябе час, месца і тэмп.

Для правядзення перакуленага ўрока я выбрала тэму “Абагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Назоўнік”. Адразу трэба сказаць, што гімназісты – высокаматываваныя дзеці, таму такая форма правядзення заняткаў ім прыйшлася даспадобы.  Вучні атрымалі дамашняе заданне:

1. Пазнаёміцца з тэарэтычным матэрыялам па тэме на сайце http://gimn1.of.by/moodle/ у раздзеле "Беларуская мова 6 клас"
2. Праглядзець прэзентацыю па тэме
3. Сфармуляваць пытанні, якія ўзніклі па тэме
4. Намаляваць схему, у якой адлюстраваць асноўныя катэгорыі назоўніка
5. Выканаць трэніровачны тэст "Назоўнік"

На сайце быў размешчаны тэарэтычны матэрыял па гэтай тэме ў фармаце дакумента Word і прэзентацыя PowerPoint па гэтай жа тэме. Адначасова вучні маглі пазнаёміцца з рознымі табліцамі і схемамі. Адразу трэба адзначыць, што гэтыя матэрыялы дапаўняюць, а не капіруюць змест падручніка. З розных крыніц я сама збіраю і кампаную тэарэтычную частку, якая б паглыбіла веды вучняў па тэме.

Мною былі распрацаваны трэніровачныя тэставыя заданні па вывучанай тэме (17 пытанняў з варыянтамі адказаў). У час выканання трэніровачнага тэста вучань адразу бачыў, дзе памыліўся. Адразу ж ён мог звярнуцца да тэарэтычнага блока і прачытаць патрэбны матэрыял, а мог анлайн па электроннай пошце звярнуцца з пытаннем да настаўніка і ліквідаваць прабел у ведах.

Вынікі ўсяго класа я бачу ў выглядзе дыяграмы, дзе адзнакі размешчаны ад 1 да 10. Выкананне заданняў кожным вучнем паказваецца ў выглядзе табліцы, дзе я бачу, колькі хвілін вучань выконваў дадзены тэст, колькі балаў ён атрымаў. Таксама я бачу і вынікі выканання тэста кожным вучнем па кожным пытанні. Гэта дазваляе настаўніку прадумаць план карэкцыі ведаў для асобнага дзіцяці.

А самае галоўнае – ёсць зваротная сувязь з кожным вучнем. Калі ён недзе памыліўся, я па электроннай пошце дасылаю яму пісьмо з парадамі, дзе і што пачытаць ці падвучыць. Калі вучань справіўся паспяхова, дзякую яму і хвалю за працу. Кожны вучань чакае майго пісьма. Яму цікава, а што ж скажа настаўнік мне?

Пасля таго, як вучні зрабілі  дамашняе заданне, далей ідзе праца на ўроку. Вучні, якія атрымалі станоўчыя адзнакі  па трэніровачным тэсце, у парах узаемадзейнічалі  са слабымі вучнямі, дапамагалі ім, разам шукалі адказы на пытанні, якія ўзніклі дома, разглядалі схемы, у якіх былі адлюстраваны асноўныя катэгорыі назоўніка. Работу ўсяго класа, зразумела, кантралюе сам настаўнік. Перш за ўсё ў вучняў развіваюцца навыкі камунікацыі, уменне працаваць, узаемадзейнічаць, супрацоўнічаць. На ўроку мы анлайн можам зноў праглядзець тэст ці тэарэтычны блок, што вельмі зручна як для вучняў, так і для мяне (мой кабінет абсталяваны інтэрактыўнай дошкай і выхадам у Інтэрнэт).

Для кожнай школы актуальнай з'яўляецца праблема пропуску заняткаў вучнямі ў выніку хваробы. Такі вучань на нейкі час выпадае з адукацыйнага працэсу. У гэтым выпадку зноў жа актуальным з’яўляецца перавернуты ўрок: на дыстанцыйнай платформе для такіх вучняў я размяшчаю тэарэтычны матэрыял па прапушчаных тэмах і распрацоўваю індывідуальныя тэставыя заданні. Вучань самастойна вывучае тэорыю, дасылае мне зробленыя заданні, а я па электроннай пошце дасылаю яму свае каментары і заўвагі.

Вучні гавораць, што вельмі зручна, што ў адным месцы на сайце размешчана і тэорыя, і практыка. У любы час яны нават каб паўтарыць папярэднюю тэму, падрыхтавацца да алімпіяды ці навярстаць упушчаны матэрыял, могуць зайсці на сайт, пачытаць, падвучыць і проста пратэсціравацца па любой з пройдзеных тэм.

Курсы ў Альхоўцы, на якіх мне пашчасціла апынуцца ў гэтым годзе, дапамаглі мне сістэматызаваць мае веды пра перакулены ўрок і перавярнулі мой погляд на методыку яго правядзення. Адразу М.І. Запрудскі азадачыў нас дамашнім заданнем, якое мы павінны былі зрабіць да прыезда ў Альхоўку.  Для яго выканання прапаноўваўся вялікі спіс сайтаў, ролікаў, артыкулаў,якія трэба праглядзець, прачытаць і выканаць затым заданні па тэме. Як потым аказалася, курсы і былі запланаваны па прынцыпах “перакуленага ўрока”.

На занятках было даволі цікава паслухаць пытанні і адказы калег па дадзенай тэме. Змястоўнай была і дыскусія наконт таго, што рабіць, калі вучань не падрыхтаваў дамашняе заданне да такога ўрока.  Групамі мы праектавалі і прадстаўлялі мадэль перакуленага ўрока, улічваючы і ўзрост, і здольнасці вучняў, для якіх планаваўся ўрок. Вялікай падтрымкай стала арыенціровачная карта для праектавання перавернутага ўрока, прадстаўленая М.І. Запрудскім. Дапамогу ў мадэліраванні ўрокаў аказала і эксперт нашай групы – настаўнік метадыст з Віцебска Г.М. Сухава.

Я зразумела, што правядзенне такога ўрока прадугледжвае, па-першае, змену пазіцый вучня і настаўніка ў адукацыйным працэсе, па-другое, патрабуе вялікай падрыхтоўкі настаўніка і па-трэцяе, сам вучань становіцца адказным за сваё навучанне (нагадвае прынцыпы АА).

Сёння настаўнікам прапануецца самім рабіць выбар па выкарыстанні ў сваёй прафесійнай дзейнасці розных метадаў і прыёмаў, прымянення той або іншай тэхналогіі. Галоўнае – жаданне і ўменне самога настаўніка. Пошук новага і эфектыўнага для навучання, укараненне новага і эфектыўнага ў практычную дзейнасць – маё крэда як настаўніка.

Юлія Паўлава,
настаўнік  беларускай  мовы і  літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 г. Барысава”