Арганізацыя экзаменаў і цэнтралізаванага тэставання ў Эстоніі

Трэці артыкул эстонскага цыклу Наталлі Ільініч, якая была ў складзе беларускай дэлегацыі падчас адукацыйнага візіту ў Талін і Тарту. 

Справу гэтую ажыццяўляе Эстонскі дзяржаўны экзаменацыйны і кваліфікацыйны цэнтр, што быў створаны ў 1997 годзе. ДЭКЦ – дзяржаўная ўстанова, якая падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі і навукі, – складае навучальныя праграмы і арганізуе экзамены для сярэдніх школ, сярэдніх прафесійных установаў, праводзіць экзамены на атрыманне грамадзянства (па эстонскай мове і на веданне Канстытуцыі краіны), навучае настаўнікаў, ажыццяўляе еўрапейскія праекты ў адукацыі.


У Эстонскім нацыянальным экзаменацыйным і кваліфікацыйным цэнтры 

Эстонскія дзеці вучацца ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе 12 год – гэта гімназія, асноўная школа (1 – 9 класы) з’яўляецца абавязковай. Пасля 9 класа здаюць 3 экзамены ў школе – так званыя ўнутраныя: эстонская мова, матэматыка і адзін на выбар. Пасля гімназіі здаюць 5 экзаменаў, прынамсі 3 з іх павінны быць знешнімі (ці нацыянальнымі – так у Эстоніі называецца цэнтралізаванае тэставанне). Можна здаваць ўсе як знешнія, некаторыя здаюць болей, нават 8 ці 10, калі жадаюць. Можна здаваць нацыянальныя экзамены і раней – у 10 ці 11 класах. Удзел у эстонскім ЦТ бясплатны, пераздача на наступны год для тых, хто жадае павысіць свае вынікі, таксама бясплатная.


Школьныя падручнікі эстонскія вучні атрымліваюць бясплатна 

Цяпер у 12 класе абавязковым з’яўляецца толькі адзін экзамен – эстонская мова, астатнія можна выбраць са спіса прадметаў: гісторыя, грамадазнаўства, біялогія, фізіка, геаграфія, матэматыка, хімія, англійская, руская, нямецкая, французкая. Экзамен па эстонскай мове здаецца ў форме эсэ і тэсту, вучні рускіх школ таксама для атрымання атэстата павінны здаць эстонскую, толькі форма экзамену для іх іншая. З гэтымі экзаменамі можна ісці ў замежныя ўніверсітэты, хоць у Оксфард, бо Эстонія далучана да Балонскай сістэмы. Існуе спецыяльная шкала пераводу экзаменацыйных балаў на ECTS (European Credit Transfer System) – Еўрапейскую сістэму пераводу і накаплення крэдытаў.

«Мы не выкарыстоўваем яе самі, але яна дапамагае замежным універсітэтам зразумець, што азначаюць нашы балы», – тлумачыць наш суразмоўца Эйнар Рул, саветнік Цэнтра.


Тартускі універсітэт – найстарэйшы ва Усходняй Еўропе пасля Віленскага 

Экзаменацыйныя задачы складае калектыў спецыялістаў, сфармаваны на конкурснай аснове. Эксперт паказаў нам некалькі тэставых заданняў па розных прадметах. Усе яны з малюнкамі, фота, картамі ці графікамі. «Экзаменацыйныя задачы – добры матэрыял для навучання настаўнікаў і трэніровак вучняў. Выкарыстоўваем мы і вопыт PISA пры складанні экзаменацыйных задач і тэстаў», – гаворыць эксперт.

Як у Эстоніі вырашаецца праблема з аўтарскім правам пры выкарыстанні экзаменацыйных заданняў настаўнікамі і вучнямі? 

Расказвае спецыяліст ЭЦ Ірына Логвіна:

«Да 2008 года мы публікавалі ўсе дзяржаўныя экзаменацыйныя работы. Пасля гэтага было прынятае рашэнне адмовіцца ад публікацыі, бо выпрацоўка заданняў для нас нятанная працэдура.

У 2011 годзе адзін настаўнік фізікі аспрэчыў наша рашэнне ў судзе і выйграў працэс: мы павінны былі выслаць яму ўсе экзаменацыйныя заданні па фізіцы за апошнія гады.

Раней выходзілі зборнікі экзаменацыйных заданняў па ўсіх прадметах. Гэта было прыбытковай справай для прадаўцоў.

Цяпер у нас па кожным прадмеце выпрацаваны ўзоры экзаменацыйных заданняў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе. Узоры заданняў дапаўняюцца штогод за кошт найлепшых экзаменацыйных заданняў.

Настаўнікі могуць выкарыстоўваць гэтыя заданні на ўроках з мэтай трэніроўкі, абмяркоўваць у адукацыйных блогах, выкарыстоўваць іх у іншых публікацыях, але пры гэтым спасылка на крыніцу абавязковая. Праблема можа ўзнікнуць толькі ў тым выпадку, калі матэрыялы будуць выкарыстаны для несанкцыянаванага атрымання прыбытку.» 

Усе нацыянальныя экзамены пісьмовыя, толькі па англійскай мове ёсць вусная частка, яе здаюць у школах.

Правяраюць экзаменацыйныя працы часткова аўтаматычна, часткова ўручную – напрыклад, эсэ, якое ёсць часткай экзамену па эстонскай мове, па грамадазнаўству, па гісторыі.

Экзамен лічыцца здадзеным, калі атрыманы вынік больш за 20 балаў са 100 магчымых. Калі вучань набраў менш за 20 балаў па прадмеце на цэнтралізаваным тэставанні, то экзамен лічыцца няздадзеным, можна пераздаць толькі на наступны год. Вынікі цэнтралізаванага тэставання вучні знаходзяць на нацыянальным інтэрнет-партале, акрамя таго, чалавек можа заказаць і атрымаць яго ў выглядзе SMS на свой мабільны тэлефон. Вучань можа напісаць апеляцыю і ініцыяваць перагляд яго экзаменацыйнай працы. Пры гэтым сваю працу можна паглядзець, якія там ёсць памылкі. Эйна Рул гаворыць, калі працэс падачы апеляцыі спрасцілі, жадаючых гэта рабіць чамусьці зменшылася.


Лютэранскі храм. Большасць эстонцаў пратэстанты-лютэране 

Эстонскі экзаменацыйны цэнтр не толькі праводзіць цэнтралізаванае тэставанне, але і аналізуе тэндэнцыі, які назіраюцца ў выніку. Напрыклад, ёсць такая з’ява, што дзяўчаты маюць лепшыя, чым хлопцы, паказчыкі па матэматыцы і эстонскай мове. Выпускнікі рускіх школ горш здаюць геаграфію і грамадазнаўства. Наш суразмоўца тлумачыць гэта тым, што рускамоўныя дзеці глядзяць больш расійскае тэлебачанне, а там – у асноўным толькі пра Расію, у эстонскім жа ТБ – увесь свет. Горшае веданне грамадазнаўства ён тлумачыць тым, што ў Расіі зараз словы «дэмакратыя», «правы чалавека» – амаль што лаянка, а зстонскае тэлебачанне даводзіць, што дэмакратыя, лібералізм, правы чалавека – гэта каштоўнасці, якія дапамаглі народам дасягнуць лепшага жыцця. Па матэматыцы, фізіцы, хіміі ў гэтым годзе лепшыя паказчыкі былі ў рускіх школ. Увогуле рускія не вельмі хочуць вучыць і здаваць абавязковы экзамен па эстонскай мове. «Думаюць, што вывучаць англійскую і з’едуць у Лондан,» – кажа спадар Рул.

Эксперт паказаў нам графік, на якім відаць, што вынікі экзаменаў год ад году ў Эстоніі паляпшаюцца.

У чым сакрэты поспеху эстонскай школы?

Эксперт лічыць, што самы галоўны сакрэт – навучанне і перападрыхтоўка настаўнікаў. У Эстоніі надаецца гэтаму шмат увагі, пра гэта расказвалася ў папярэднім артыкуле.

Надзвычай істотнымі эксперт таксама лічыць такія моманты, як добра наладжанае ацэньванне і кантроль – унутраны (экзамены ў сценах школы), знешнія экзамены (цэнтралізаванае тэставанне), міжнародныя даследаванні (PISA, TIMSS), у якіх удзельнічае Эстонія, а таксама e-learning and e-assessment – электроннае навучанне і электроннае ацэньванне. Уся адукацыйная палітыка накіравана на ажыццяўленне гэтых аспектаў.

Даследаванні PISA ў Эстоніі 

PISA (Programme for International Student Assessment) – міжнароднае даследаванне вынікаў вучобы школьнікаў, якое праводзіцца па ініцыятыве АЭСР (OECD) – Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Гэта – найбуйнейшае і найаўтарытэтнейшае даследаванне, у якім удзельнічаюць каля 100 краін свету.

Удзел прымаюць маладыя людзі прыкладна 15 год, ад 5 тысяч да 10 тысяч асобаў з краіны, з розных школ.

Заданні складаюць сумесна спецыялісты з розных краін і складзены яны так, што правяраюць не веды па прадметах, а стан ведаў і ўменняў, неабходных у дарослым жыцці; кампетэнцыі вучняў – гэта значыць, як яны выкрыстоўваюць свае веды і ўменні для вырашэння жыццёвых задач. У Эстоніі даследаванне фінансуецца Міністэрствам адукацыі і навукі.

Першае даследаванне PISA было праведзена ў 2000 г., а праводзіцца яно раз у 3 гады. Эстонія ўдзельнічала у даследаваннях PISA у 2006 і 2009 г., наступнае праходзіць у 2012 г., бо ажыццяўляецца 1 раз на 3 гады.

Даследаванні праводзяцца па трох прадметах: функцыянальнае чытанне, матэматыка і прыродазнаўства.

Месца Эстоніі сярод даследаваных PISA краін 

2006 г.
чытанне 
– 13 месца
матэматыка 
– 14 месца
прыродазнаўства 
– 5 месца

2009 г.
чытанне – 13 месца
матэматыка 
– 17 месца
прыродазнаўства 
– 9 месца 

Гэта самыя высокія паказчыкі з усіх постсавецкіх і постсацыялістычных краін«Урокі PISA, – гаворыць Эйнар Рул, – заключаюцца ў тым, што краіны, дзе наладжана стандартызаванае знешняе ацэньванне, паказваюць лепшыя вучэбныя дасягненні, у іх меншы разрыў у дасягненнях «моцных» і «слабых» вучняў, у іх менш развіты дадатковыя адукацыйныя паслугі – рэпетытарства, заняткі пасля ўрокаў». 

Дарэчы, такую з’яву як рэпетытарства я спецыяльна шукала (прафесійная зацікаўленасць!), але не знайшла ў Эстоніі. Усе, каго мы пыталі пра гэта, нават слова такога не ведалі. А калі мы пачыналі тлумачыць, то казалі, што так, дадатковыя заняткі ў іх бываюць, але праводзяцца ў школах (як нашы факультатывы, стымулюючыя ці падтрымліваючыя). Рэпетытарства ў Эстоніі няма, бо школа добра вучыць, спраўляецца са сваёй функцыяй.

«Другі ўрок PISA палягае ў тым, што вынікі функцыянальнага чытання лепш суадносяцца з поспехамі ў далейшым жыцці, чым гады школьнага навучання,» – яшчэ адна цікавая выснова эстонскага вучонага.

Па ўсіх трох прадметах паказчыкі эстонскіх вучняў вышэйшыя, чым у сярэднім па іншых даследаваных краінах. Але PISA паказала і праблему – на самым высокім узроўні па матэматыцы і чытанні паказчыкі эстонскіх вучняў ніжэй за іншыя краіны. «Мы ўспрымаем гэта як выклік сённяшняга дня. Такая з’ява небяспечная для інавацый, незадаволены універсітэты. Гэта значыць, што мы добра вучым усіх, а выбітных вучняў недзе губляем, » – кажа эксперт.

Чаму краіны ўдзельнічаюць у гэтых даследаваннях? Бо гэта дае цудоўную магчымасць параўнаць дасягненні сваіх вучняў з іншымі, ацаніць эфектыўнасць работы канкрэтнай школы і школьнай сістэмы краіны ў цэлым на фоне амаль 100 краін свету.


Старажытнасць і сучаснасць у Эстоніі гарманічна спалучаюцца