Медыяадукацыя: мода ці неабходнасць?

Гэта высвятлялі педагогі, якія летам добраахвотна… селі за парты.

«Шаноўны калега, віншую вас з поспехам: вы перамаглі ў конкурсе на права стаць удзельнікам летніка», — менавіта такімі словамі распачынаўся ліст, што атрымалі ад прафесара Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалая Запрудскага настаўнікі, якім пашчасціла сёлета трапіць у Альхоўку. Штогод на цэлы тыдзень бераг Страчы пад вёскай Альхоўка, што ў Астравецкім раёне, пераўтвараецца ў «зялёны клас». Але трапіць сюды можа далёка не кожны ахвотны. Прычына простая: летнік у палатках разлічаны на 50-55 удзельнікаў, а заяў ад педагогаў сёлета было амаль 100.

6_2

Сіла прыцягнення Альхоўкі надзвычай вялікая. Першы метадычны летнік для настаўнікаў адкрыўся 25 гадоў таму. Яго арганізатарамі сталі Мікалай Запрудскі і настаўнік фізікі з Астраўца Анатоль Бацюлеў. За чвэрць стагоддзя іх ідэя павышэння кваліфікацыі на ўлонні прыроды знайшла шмат прыхільнікаў і абрасла мноствам цікавых традыцый. Ёсць альхоўцы са «стажам» 10 гадоў і болей. Гэта педагогі, якія «захварэлі на Альхоўку».

І хаця я трапіў сюды толькі ў другі раз, паспеў па-добраму пазайздросціць «першагодкам»: яны яшчэ не здагадваліся, колькі прыемных адкрыццяў і сюрпрызаў іх тут чакае! Гэта і юбілейны канцэрт, і кацільён (баль пры свечках), і медыяспартыўная паласа перашкод, і начное арыентаванне, і «Акадэмія» (пасвячэнне ў «акадэмікі» Альхоўкі тых настаўнікаў, якія прыязджаюць у летнік на працягу шасці гадоў).

Але, нягледзячы на адпачынак, педагогі не забываюцца і пра вучобу: тэарэтычныя і практычныя заняткі праходзяць у Альхоўскай школе з 9 да 16 гадзін. Кожны год у цэнтры ўвагі педагогаў аказваецца актуальная для адукацыі тэма. Тэмай сёлетняга летніка сталі медыяадукацыя і так званы «перавернуты ўрок».

Адрозніць праўду ад хлусні

Праца над прапанаванай тэмай распачалася для настаўнікаў яшчэ дома, паколькі кожны ў інфармацыйным лісце атрымаў абавязковае дамашняе заданне!

Напрыклад, па тэме «Медыяасвета і медыяадукаванасць» трэба было выбраць правільныя, на погляд настаўніка, сцвярджэнні, сфармуляваць не менш за чатыры пытанні да прапанаваных тэкстаў і артыкулаў па медыяадукацыі, а таксама пабудаваць карту па тэарэтычных паняццях, звязаных з ёй (напрыклад, суаднесці такія паняцці, як медыя, медыяпасланне і медыяадукацыя).

Акрэсленае праблемнае поле аказалася надзвычай шырокім. Як навучыць дзяцей арыентавацца ў глабальнай інфармацыйнай прасторы? Як навучыць іх фарміраваць уласнае меркаванне на аснове інфармацыі, узятай з некалькіх крыніц? Як, у рэшце рэшт, навучыцца адрозніваць праўду ад маны, ці, як цяпер кажуць, ад «фэйкаў»?

Паколькі заняткі ў летніку былі арганізаваны па прынцыпе «перавернутага ўрока» (калі тэарэтычная і лекцыйная праграма вывучаецца дома, а ў класе разам з настаўнікам падрабязна разбіраюцца заданні і практыкаванні па тэме), то праца пачалася з абмеркавання выкананага дамашняга задання ў групах і прэзентацыі вынікаў работы з ім.

Гэта дазволіла настаўнікам абмяняцца поглядамі і сысціся на думцы, што якасная адукацыя немагчыма без медыяасветы, а фарміраванне медыяадукаванасці — задача не толькі настаўнікаў гуманітарных прадметаў.

Акрамя таго, педагогі пераканаліся ў тым, што медыяадукаванасць, у адрозненне ад інфармацыйнай граматнасці або інфармаванасці, вельмі карысная і яна дапамагае ўсвядоміць, якіх думак або дзеянняў чакаў ад вас аўтар медыяпаведамлення, распазнаць перадузятасць, дэзынфармацыю і хлусню, заўважыць, што месцамі гісторыя наўмысна не дасказана.

Ці кожны можа стаць медыяпедагогам?

Мікалай Запрудскі прачытаў педагогам лекцыю па медыяасвеце, а ў якасці практычнага задання настаўнікі параўналі два артыкулы пра адну і тую ж падзею з розных інфармацыйных агенцтваў, пераканаўшыся, што пры жаданні адну і тую ж сітуацыю можна інтэрпрэтаваць абсалютна па-рознаму.

Даволі ажыўленай атрымался гутарка-дыспут пра тое, як у школе можна фарміраваць у дзяцей медыяадукаванасць і ці кожны настаўнік зможа стаць медыяпедагогам. Як рэдактар школьнай газеты «Статус-КВО», я лічу, што вялікую ролю ў яе фарміраванні адыгрываюць удзел вучняў у стварэнні школьнай газеты, пастаянная праца з тэкстам і выкананне творчых заданняў, правядзенне журналісцкіх расследаванняў, апытанняў, падрыхтоўка рэпартажаў. Таму сапраўдным падарункам для ўсіх удзельнікаў летніка стаў метадычны дапаможнік «Як стварыць сучасную школьную газету?», напісаны майстрам сваёй справы, украінскім журналістам Сяргеем Чарняўскім, які выдатна разбіраецца ў пытаннях медыяасветы.

А намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў летняй медыяшколе ў Швецыі. У гэтай краіне медыяадукаванасць інтэгравана ў вучэбны план і рэалізуецца на самых розных уроках: ад гісторыі і замежнай мовы да біялогіі і фізікі. Створаны сайт «Медыякомпас», на ім сістэматычна з’яўляецца падборка актуальных падзей і навін з масмедыя, якія могуць выкарыстоўваць педагогі ў сваёй працы з дзецьмі. Штотыдзень такую падборку добраахвотна атрымліваюць больш за 10 тысяч шведскіх настаўнікаў.

Цікава, што падобны праект па медыяасвеце ўжо рэалізуецца ў Беларусі намаганнямі групы настаўнікаў і да яго можа далучыцца кожны ахвотны!

А планы ў беларускіх настаўнікаў надзвычай смелыя. Гэта і стварэнне дыстанцыйных курсаў па медыяасвеце, і напісанне метадычнага дапаможніка па фарміраванні медыяадукаванасці, і далучэнне школ і гімназій да медыяасветы ў якасці інавацыйных пляцовак. Наперадзе — шмат працы, але гэта той выпадак, калі ўсё залежыць ад кожнага з нас.

А разам мы можам многае. І гэта даказалі альхоўцы, бліскуча выканаўшы практычнае заданне, у якім розным групам трэба было напісаць невялікі артыкул пра летнік, падаўшы інфармацыю або ў пазітыўным, або ў негатыўным ключы. Таму — за працу, шаноўныя калегі!

Юрась КАЛАСОЎСКІ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназіі №1, рэдактар школьнай газеты «Статус-КВО»

zviazda.by