Напісаў на «сцяне» – прачыталі ўсе…

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда
Мінск—Кальмар—Мінск

Хлопчык пакідае ў сацыяльнай сетцы паведамленне адной дзяўчынцы: «Ты такая дурніца, таму лепш ідзі і застрэлься!» Ці вось яшчэ адзін пост 17-гадовай дзяўчыны: «Сёння я засталася дома, і заўтра я буду дома, бо няма жадання і сіл ісці ў школу. Я лепш пасяджу на сонейку…»

Ёран Андэрсан, настаўнік грамадазнаўства, гісторыі і геаграфіі, медыяпедагог з 20-гадовым стажам, расказвае:

— Я часта цікаўлюся ў школьнікаў: «Калі ты выходзіш у сеціва, то павінен усё цярпець?» І 15-гадовыя падлеткі даюць, як правіла, станоўчы адказ: «Так, трэба цярпець». Яны лічаць, што існуе вялікая розніца паміж тым, што можна сказаць чалавеку ў рэальным жыцці і што можна сказаць яму ў сеціве. А я тлумачу, што насамрэч няма ніякай розніцы — нельга нікога абражаць ні ў жыцці, ні ў сацыяльных медыя».

Сацыяльныя сеткі ўжо сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Facebook — трэцяя па колькасці «жыхароў» «краіна» на планеце. Сацыяльныя медыя ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, хоць асцярогі наконт эфектыўнасці такога метаду застаюцца. У Францыі, напрыклад, з дапамогай Twіtter некаторыя настаўнікі вучаць дзяцей чытаць і пісаць. У Паўднёвай Карэі «балбатаць» ў сацыяльных сетках падчас урока — абсалютна нармальна. Ёсць нават спецыяльны клас, дзе гэта адбываецца. Школьнікі звязваюцца са сваімі равеснікамі ў іншай краіне і расказваюць ім пра школьнае жыццё. Высокія тэхналогіі дапамагаюць вывучаць замежную мову. У класе дазваляецца выкарыстоўваць Skype, абменьвацца фатаграфіямі ў Facebook, але пад строгім кантролем педагогаў.

Нядаўна ААН абвясціла права на ананімнасць у інтэрнэце. Але ёсць розныя пункты погляду на гэты конт.

— Я прапаную дзецям абмеркаваць, наколькі важная ананімнасць, калі мы выходзім у інтэрнэт. Гэта станоўчы або адмоўны момант? — кажа Ёран. — Менавіта ў магчымасці застацца ананімным і хаваецца адрозненне паведамленняў у сацыяльных медыя ад сапраўднай журналістыкі. Пад кожным журналісцкім артыкулам стаіць сапраўднае імя і прозвішча аўтара, яго электронны адрас ці тэлефон. Журналісты вымушаны пісаць праўдзіва, бо на наступны дзень іх атакуюць званкамі і паведамленнямі ўважлівыя чытачы, не згодныя з аўтарам. А ў сетцы можаш напісаць ўсё, што заўгодна, і не несці за гэта адказнасць.

Педагогі канстатуюць, што цкаванне школьнікаў цяпер перамясцілася з двара ў сацыяльныя сеткі. Ліза Б’юрваль, журналіст, вядомы ў Швецыі эксперт і аўтар кнігі па мове нянавісці ў інтэрнэце, кажа: «Мы, дарослыя, павінны зрабіць усё, каб абараніць дзяцей ад пагроз, абразлівых паведамленняў, гвалту, уцягвання ў розныя небяспечныя арганізацыі і групоўкі. У інтэрнэце вельмі лёгка сустрэцца з дэструктыўнай прапагандай па распальванні сацыяльнай і нацыянальнай варожасці. Ёй займаюцца прафесіяналы, якія па-майстэрску маніпулююць свядомасцю і пачуццямі людзей».

— На жаль, але часы, калі свае думкі падлеткі давяралі дзённікам, што ляжалі ў сталах, прайшлі, — дзеліцца сваімі думкамі журналіст газеты «Барометр» Эмілі Лунд. — Цяпер
16-гадовая дзяўчына, якая перажывае з прычыны магчымай цяжарнасці, дзеліцца сваёй бояззю не з сяброўкамі, а ў сацыяльнай сетцы. Таму я заўсёды кажу моладзі: «Нічога не пішыце, калі вы чымсьці засмучаны ці раззлаваліся, бо ёсць людзі, якія не жадаюць вам дабра і могуць выкарыстаць гэтую інфармацыю супраць вас. Падальюць масла ў агонь, і вам зробіцца яшчэ горш. Раю не пісаць нічога, што не павінен прачытаць настаўнік, што не павінны прачытаць вашы бацькі і сваякі ці ваш будучы працадаўца. Калі той прачытае пост дзяўчыны, якая лянуецца хадзіць у школу, то наўрад ці ён возьме яе на працу нават на час летніх канікул. Інфармацыю на патэнцыяльных работнікаў кампаніі збіраюць у тым ліку і ў сацыяльных сетках».

Дарэчы, педагагічная грамадскасць у Швецыі абмяркоўвала нядаўна пытанне, ці могуць настаўнікі знаходзіцца ў адной сацыяльнай сетцы са сваімі вучнямі. І пастанавіла — з вучнямі ў сеціве «не сябраваць»!

Сацыяльная сетка Facebook стала найбольш папулярным інструментам для пераходу на сайты навін, чым пошукавая сістэма Google. Пра гэта паведаміла амерыканскае выданне Fortune, грунтуючыся на звестках аналітычнай кампаніі Parse.ly. «На долю сацыяльных сетак прыпадае 43% усяго трафіку для анлайн-медыя, у той час як на пошукавыя сістэмы — 38%», — адзначае выданне. Апошні раз Facebook абышоў Google па гэтым паказчыку ў кастрычніку 2014 года.